Сёння ўсё тое, што па-за Мінскай колавай, многія называюць правінцыяй. І часта сэнс гэтага слова мае адмоўнае адценне. Але ж у кожнага правінцыйнага горада і мястэчка Міншчыны ёсць патэнцыял, ёсць цікавае і адметнае, чаго няма ў сталіцы і дзеля чаго там варта жыць, наведваць і ганарыцца!
Маеце ідэі, як стварыць пазітыўны вобраз свайго роднага горада і пераўтварыць яго з правінцыі ў не менш як культурную сталіцу? Мы вам дапаможам!
Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA абвяшчаюць збор крэатыўных культурніцкіх і сацыяльных ідэй для “Кірмаша праектаў” для Мінскага рэгіёна.
Кірмаш праектаў – гэта спосаб прадэманстраваць публічна сваю старую ці свежапрыдуманую ідэю, каб зрабіць горад больш разнастайным, утульным, насычаным цікавымі сустрэчамі і падзеямі; горад, з якога не хацелася б з’язджаць ніколі. Вы зможаце падзяліцца сваёй ідэяй з неабыякавымі людзьмі, знайсці аднадумцаў, якія дапамогуць вам карыснымі парадамі, важнымі сувязямі, непасрэдным удзелам у вашым праекце, а часам і фінансава.
“Будзьма беларусамі!” аб’ехала з “Кірмашамі” Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Ліду і іншыя гарады і мястэчкі Беларусі. Дзякуючы гэтаму фармату многія цікавыя гарадскія ініцыятывы здзейсніліся, іх ініцыятары знайшлі аднадумцаў для рэалізацыі цікавых праектаў. Да прыкладу, у гэтым годзе “Кірмаш праектаў” у Віцебску дапамог узбагаціць Дзень горада і Дзень моладзі мноствам адметных падзей. Сярод іх – Летні маркет “Барадулінкі”, фестываль актыўнага адпачынку “Свята ветру”, турнір па футбольным фрыстайле “Вежа”, першая агульнагарадская фотасушка, “Спеўны сход” і нават вулічныя майстар-класы па танцах. А ў Магілёве з’явілася “Палатно гісторыі ў стылі графіці”, якое расказвала пра найбольш значныя гістарычныя даты, а яшчэ ініцыятыўныя жыхары горада здзейснілі літаратурны праект “Паэзія ў метро”, чым па атмасферы наблізілі свой горад да Лондана.
Як адбываецца Кірмаш?
Удзельнічаць у конкурсе можа любы ахвочы жыхар Міншчыны незалежна ад статусу і ўзросту. Дастаткова падаць заяўку і апісаць ідэю, якая ідзе на карысць вашаму гораду і яго жыхарам.
Ідэю трэба прадставіць у фармаце прэзентацыі PowerPoint і аналагічных з указаннем наступных звестак:
– інфармацыю пра аўтараў (прозвішча, імя, арганізацыя, назва праекта, кантактны нумар тэлефона);
– назву ідэі/праекта;
– мэту і сутнасць ідэі;
– чаму і каму гэта неабходна;
– калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;
– якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце? (каманда, партнёры, бюджэт).
Даслаць ідэю трэба да 22 лістапада ўключна на kirmash.praektau@gmail.com з пазнакай “Кірмаш праектаў-Міншчына”.
– распавесці пра сваю ідэю шырокай і невыпадковай аўдыторыі (афіцыйныя асобы, грамадскія актывісты, прадстаўнікі бізнесу, турызму і іншыя зацікаўленыя);
– атрымаць парады экспертаў і народную ацэнку свайго праекта;
– знайсці партнёраў, валанцёраў, пляцоўкі і рэсурсы для рэалізацыі вашай ідэі;
– пазнаёміцца з іншымі цікавымі і ініцыятыўнымі людзьмі свайго горада;
– натхніць сваім прыкладам тых, хто таксама мае файныя ідэі, але пакуль не асмеліўся выйсці з імі на публіку.
Фармат мерапрыемства – так званая “маланкавая размова”, што фактычна выглядае як аповед пра сваю задуму з прэзентацыяй, зробленай у PowerPoint, Keynote, Prezi.com ці іншых сэрвісах, цягам 5 хвілін.
Пасля выніковай імпрэзы экспертная рада конкурсу адбярэ найбольш цікавыя праекты з канкрэтнымі крокамі па рэалізацыі, новымі падыходамі да вырашэння праблем і культурна-сацыяльным кірункам. А таксама акажуць усю магчымую дапамогу: ад кансультацый да рэалізацыі.
Ёсць пытанні?
Мы адкажам: kirmash.praektau@gmail.com, (29) 7121803, Святлана Чакушка (Вконтакте і Facebook), каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» па Мінскаму рэгіёну
Чакаем вашых ідэй!
Разам да справы!
Кірмашы ў Віцебску, Маладзечна, Бабруйску