Ці сапраўды моладзь перастае чытаць кнігі або выбірае масавую літаратуру? Маладыя людзі распавялі НЧ пра пяць самых вартых твораў, што прачыталі сёлета.
Вераніка, музыка:
Адам Глобус, «Толькі не гавары маёй маме». Кніга пра стасункі, знаёмствы, унутраныя пачуцці і знешнія гісторыі, якія былі ў галоўнага героя раней. Зборнік з некалькіх гісторый-успамінаў.
Стывен Кінг, «Краіна радасці». Невялічкая кніга пра чалавечыя ўспаміны. Яна выйшла з кавалачкамі містыкі і дэтэктыва, характэрнымі рысамі для стылю пісьменніка.
Джодзі Пікалт «Анёл для сястры». Цікавы сучасны твор, які распавядае пра адносіны паміж трынаццацігадовай дзяўчынкай і яе бацькамі. Асвятляецца праблема непаразуменняў, чалавечай закрытасці, «падлеткавых» і «дарослых» жаданняў і каштоўнасцяў, а таксама апісваецца цяжар сямейнага становішча, дзе ёсць моцна хворыя.
Іван Шамякін, «Слаўся, Марыя». Аўтабіяграфічная аповесць пісьменніка, якую ён прысвяціў сваёй жонцы. Вельмі кранальна — цікава чытаць пра тое, як ад мужчынскай асобы апісваюцца пачуцці да жанчыны, іх развіццё і трансфармацыя.
Віктор Гюго, «Чалавек, які смяецца». Класіка, што яшчэ сказаць. Вельмі спадабалася, падштурхоўвае чытаць далей і далей.
Арамаіс, акцёр Беларускага Свабоднага тэатру:
Ганна Севярынец, «Дзень святога Патрыка». Дэбютны раман аўтаркі — выдатнае чытво і для тых, каму падабаецца захапляльны сюжэт і фантастычныя прыгоды герояў, так і для тых, хто не можа ўявіць свайго жыцця без беларускай літаратуры. Як гэта можа спалучацца ў адной кнізе?
Ісмаіл Кадарэ, «Хроніка ў камяні». Выданне кнігі Кадарэ — надзвычай рэдкі выпадак, калі па-беларуску выходзяць кнігі, якіх яшчэ няма па-руску. Класік албанскай літаратуры вучыўся разам з Караткевічам у Маскве ў 1960-х, практычна невядомы беларускаму чытачу. Аднак, дзякуючы намаганням перакладчыка Максіма Мудрова аўтар «загаварыў» па-беларуску. «Хроніка ў камяні» — самы аўтабіяграфічны раман пісьменніка. Складанае, шматграннае, лірычнае апавяданне пра дзяцінства ў акупаванай італьянскімі фашыстамі Гіракастры.
Кен Кізі, «Палет над гняздом зязюлі» — выпадак супрацьлеглы. Дзякуючы паэтцы і перакладчыцы Марыі Мартысевіч, якая каардынавала краўндфандынгавы праект «Амерыканка», гэты знакаміты раман выйшаў па-беларуску ў перакладзе Аляксея Знаткевіча. Кніга, якая змяняла светапогляд амерыканскай моладзі, цяпер можа паўплываць і на светапогляд беларускай.
Анка Упала, «На заснежаны востраў». Кніга, якая зусім нядаўна з’явілася ў сеціве — дзённік беларускай пісьменніцы і перакладчыцы Алены Казловай. Яна з’ехала на пэўны час вучыцца ў Швецыю. Вельмі інтымны, шчыры і смелы раман, які распавядае пра тое, з чым сутыкаешся, калі вырашаеш змяніць лад жыцця. А таксама пра тое, чым жыве і якія праблемы мае такое «прасунутае» шведскае грамадства. Кніга здзіўляе, захапляе і ўражвае, ставіць складаныя пытанні, якія пэўны час не ідуць з галавы.
Яніна Пінчук, «Горад мрой». Дэбютны зборнік апавяданняў таленавітай маладой аўтаркі, якая ў сваёй прозе, напэўна, першай з беларусаў, ідзе па шляху Маркеса, Борхеса і Картасара — магічнага рэалізму. Як па мне, зборнік атрымаўся вельмі вартым.
Наста, журналістка:
У адным пункце з’яднаю дзве кнігі: паэтычныя зборнікі Аляксея Арцёмава «Скрозь кіламетры» і Міхала Бараноўскага «Volumen.1». Арцёмаў трымаецца класікі, Бараноўскі — рокавы аўтар. Арцёмаў назірае за светам увогуле, Бараноўскі раз’ятрана піша пра нацыянальнае. Гэта ўсё знешняе, а яднае іх сутнасць паэзіі: тое вартае, што ўсё ж ёсць у жыцці і ў чалавеку. Хлопцы вельмі разумныя, мудрыя нават, і калі чытаеш іх, заўважаеш не рыфму ці нейкі там тропавы выбрык, але думку. Іх думкі мне сугучныя. Іх светабачанне — чалавечнае.
Георгій Барташ, «Сарабанда». Сімпатычны погляд на свет: іранічны без азлобленасці, уважлівы да дэталяў, пры гэтым не губляецца агульны малюнак. Барташ мог бы быць старажытнагрэцкім філосафам: сядзець пад векавой алівай з амфарай паўсухога і з усмешкай назіраць за мітуслівай сучаснасцю.
Аляксей Талстоў, «Апоўначы на сіалімскім мосце». Добрая гісторыя, напісаная беларускай мовай, але не пра Беларусь. Якраз такіх кніг мне не хапае: дзе мова — інструмент, а не сцяг і подзвіг.
Джэральд Дарэл, «Натураліст на мушцы». Насамрэч, тут не столькі мае значэнне кніга, колькі аўтар. Я звяртаюся да Дарэла, калі стамляюся ад пакутаў беларускай нацыі і змагарства. Чым ён прыўкрасны? Звяры ў Дарэла заўжды выглядаюць больш адэкватна за людзей. Тут я з аўтарам згодная.
Сяргей Плескач, «Шоу працягваецца!». Твор сярэдні па мастацкім узроўні, аднак вельмі карысны як сведчанне часу. Калі ты вырас у Мінску і стасаваўся з колам больш-менш разумных, сучасных людзей, аповесць Плескача ўспрымеш як гратэскны твор. А вось і не! Сведчу, што кніга гэтая — суворы рэалізм. Апісаныя ў ёй маразмы жывуць тут і цяпер. Пра гэта варта ведаць.
Сяржук, супрацоўнік кнігарні «Логвінаў»
Вальжына Морт, «Эпідэмія ружаў». Я не ведаю, што тут казаць. Калі вам не падабаюцца тэксты Морт, ці ёсць ў вас нешта чалавечае наогул? Пасля першай кнігі аўтаркі «Я тоненькая, як твае вецкі», другая — быццам выбух. Старыя тэксты, змешваючыся з новымі, адкрываюца з новых бакоў, і ўжо класічнае: «Ехаць у машыне з адчыненым верхам побач з мужчынам у сталым веку», — цяпер гучыць не як голас дзяўчынкі, а жанчыны, змяняючы сэнс і падыход. Рамантыка на жыццё. Цудоўна.
Таня Скарынкіна, «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі». Адна з кніг, якую, як я мяркую, можна і трэба чытаць у дарозе. Тэксты вабяць сваёй непасрэднасцю, абмежаванай і стрыманай абсурднасцю (што рэдка), дзіўнай, нейкай зусім асабістай мовай; персанажамі, якіх ты ведаеш, хоць ніколі і не бачыў, і, урэшце, той Смаргонню, у якой можна ніколі і не быць, але пазнаць, бо такая Смаргонь у кожнага свая.
Саша Філіпенка, «Красный крест». Самая лепшая кніга 2017 года. Кропка. Зусім невялічкі тэкст у 220 старонак памерам з далонь — раман. І не паспрачацца. Тэкст, які пераварочвае твой унутраны свет за чатыры гадзіны, надае іншы погляд часу — як сучаснаму, так і мінуламу. Сталін, рэпрэсіі, Мінск, Масква, Курапаты — усё тут і нішто не перашкаджае адзін аднаму, усё не «пошла», што важна, бо пісаць пра гэтыя тэмы, што хадзіць па тонкім лёдзе — лёгка праваліцца.
Томас М. Бон, «Мінскі феномен». Хто яшчэ напіша так грунтоўна і, нягледзячы на навуковасць кнігі, цікава пра сталіцу, як не замежнік? Той момант, калі ад табліцаў і лічбаў не засынаеш, а пасярод старонак знаходзіш вуліцу, на якой жывеш. Пачытаў — і Мінск болей не «сталінскі ампір у цэнтры», а месца архітэктурных баталій, інтрыг і сапраўднай, амаль не бачнай гісторыі.
Альгерд Бахарэвіч, «Бэзавы і чорны». Эсэ, па каторым я сумаваў, той Бахарэвіч, які можа пісаць пра што заўгодна і ўсё адно выйдзе пра нас, і крута. Не ведаю, ці варта казаць пра кнігу, пра якую не напісаў толькі лянотны. Ды ў мяне б і не выйшла так. Чытайце. Там хораша, плюс здымкі Юлі Цімафеевай – цуд.
Настасся, вучаніца гімназіі:
Ніл Гейман, «Скандынаўскія богі». Раю ўсім, хто цікавіцца міфалогіяй і старажытнай гісторыяй, ці тым, хто хоча да яе дакрануцца. Чытаецца даволі цікава і лёгка, нягледзячы на няпростую тэматыку, кніга даступная кожнаму. Займальна будзе нават маленькім, бо усе міфы распавядаюцца ў форме казак.
Васіль Быкаў, «Знак бяды». Абрала гэтую аповесць яшчэ на занятках па літаратуры, і не памылілася. Чытаецца на адным ўздыху, а дух галоўных герояў проста зачароўвае! На прыкладзе іх аўтар паказвае, як просты люд змагаўся супраць акупантаў.
Джэк Лондан, «Мартын Ідэн». У кнізе немагчыма быць абыякавым да галоўнага героя. Тое, які жыццёвы шлях ён прайшоў, варта павагі. Раман пра тое, як можа з нічога стаць асобай, прычым, асобай з вялікай літары. Чытанне кнігі вельмі мяне зматывавала, у мяне з’явіўся імпэт дамагчыся ўсіх сваіх мэтаў.
Людзміла Дучыц і Ірына Клімковіч, «Язычніцтва старажытных беларусаў». Кніга даволі своеасаблівая, не зусім мастацкая, больш навукова-папулярная. Чытаць непадкаваным у беларускім фальклоры не раю, але аматарам этналогіі і культуралогіі дакладна «зойдзе». Асабіста я даведалася пра мноства абрадаў нашых продкаў і гісторыю іх узнікнення.
Джэром К. Джэром, «Трое ў лодцы, не лічачы сабакі». Твор мае своеасаблівы англійскі гумар, які працягваецца ва ўсёй кнізе, пакуль тры сябры з сабакам вандруюць па Тэмзе. У кнізе цудоўна апісваюцца прыгоды герояў, іх эмоцыі, пачуцці ды клопаты. Пасля чытання можна з лёгкасцю самому захацець выправіцца ў імправізаванае падарожжа.