Гродна лічыцца неафіцыйна культурнай сталіцай нашай краіны, каралеўскім горадам, а яшчэ тут ёсць свая невялічкая «Зыбіцкая»! Склалі гайд для «турыста выхаднога дня».
Зрабіць гэта было няпроста, бо ў Гродне столькі славутасцяў, што паглядзець усё за выходныя немагчыма. У нашым гайдзе распавядаем не толькі пра самыя вядомыя гродзенскія славутасці, але і пра невідавочныя месцы, якія дапамогуць адчуць атмасферу каралеўскага горада.
Афіцыйна лічыцца, што ўпершыню Гродна згадваецца 1128 годам, аднак ёсць версіі, што горад быў згаданы раней, у 1116 годзе і ў 1127 годзе. Хоць археалагічныя знаходкі сведчаць пра іншае — людзі з’явіліся тут значна раней.
Старажытныя «іерогліфы», знак Грунвальда і неверагодны пейзаж
Сярод архітэктурных каштоўнасцей горада над Нёманам галоўнай перлінай з’яўляецца, безумоўна, старажытная царква Барыса і Глеба, яе яшчэ называюць Каложскай. Чаму трэба наведаць гэтае месца?
Па-першае, з узвышша, дзе пабудаваны храм, адкрываецца жывапісная панарама левай набярэжнай Нёмана.
Па-другое, на агляднай пляцоўцы на пачатку 1990-х быў усталяваны памятны знак Грунвальдскай бітвы. Існуе версія, што менавіта з гэтага месца гродзенская харугва выпраўлялася спыняць крыжацкую навалу.
Па-трэцяе, убачыць саму Каложскую царкву. Дакрануцца рукамі да вялізных гладкіх валуноў у сценах храма, якія амаль тысячу гадоў таму былі адпаліраваныя ўручную. Пашукаць на плінфе так званыя «старажытныя іерогліфы», унутры ўбачыць на ўласныя вочы, як выглядала падлога царквы ў тыя далёкія часы, паслухаць рэха з галаснікоў, што былі ўмураваныя ў сцены храма напрыканцы ХІІ стагоддзя.
Глядзіце па тэме:
Алігархічны замак Баторыя і маўклівы падзел Рэчы Паспалітай
Не варта абмінаць увагай Стары і Новы замкі. Хоць абодва будынкі даўно страцілі свой першапачатковы воблік, а некаторыя пакоі перабудаванага на манер часоў караля Баторыя Старога замка нагадваюць дом алігарха, яны усё ж маюць пэўны каралеўскі шарм. Рэканструяваны замак, дзе жыў і памёр выбітны кароль Стэфан Баторый, мае багатую экспазіцыю, якая распавядае гісторыю старажытнага Гродна да часоў праўлення першага абранага караля і вялікага князя.
Калі вы мінімальна ведаеце гісторыю аб’екта ды ўключыце фантазію, Новы замак сваімі калідорамі і заламі перанясе вас да часоў, калі менавіта ў гэтым месцы вырашаўся лёс адной з калісьці самых вялікіх і магутных дзяржаў Еўропы. Менавіта тут, у 1793 годзе, пад штыкамі жаўнераў Расійскай імперыі, адбыўся маўклівы сейм Рэчы Паспалітай, які ўзаконіў другі падзел тагачаснай дзяржавы трох народаў.
Між іншым, тут і нарадзілася цытата «Маўчанне — знак згоды», калі прадстаўнікі сейма Рэчы Паспалітай спрабавалі адмаўчацца і не выказвацца за другі падзел.
І касцёл, і кляштар, і турма, і аптэка
Нельга абмінаць галоўны каталіцкі храм горада — касцёл імя Святога Францішка Ксаверыя. Захапляе ў ім не толькі гісторыя, звязаная з іезуітамі, але і сам выгляд храма, як знешні, так і ўнутранае ўбранства.
Калі ўваходзіце ў храм, адразу звярніце увагу пад ногі, падлога храма выканана з мармуру, дзе можна разгледзець істотаў дагістарычнага перыяду. Не абмінайце ўвагай абразы, многія з якіх аздобленыя срэбнымі і залатымі вырабамі ў выглядзе рук, ног, сэрцаў.
Лічыцца, што гэта падзяка ад вернікаў, што памаліліся ля іконы і змаглі збавіцца ад той ці іншай хваробы. Такімі вырабамі людзі дзякуюць святым за дапамогу.
А яшчэ ў будынку былога кляштара з часоў Расійскай імперыі месціцца турма. Так-так, турма строгага рыжэма ў самым цэнтры горада. Збіць кепскія думкі можна ў тым жа будынку былога кляштара — музеі-аптэцы, дзе можна даведацца, як Эліза Ажэшка збірала гербарый, гісторыю першага ўскрыцця таго ж Баторыя ды шмат іншых цікавостак.
Могілкі як звязка эпох
Калі вас цікавіць некрапалістыка, то абавязкова наведайце старыя камунальныя могілкі ў Гродне па вул. Антонава, створаныя напрыканцы XVIII стагоддзя. Па гістарычнай і культурнай каштоўнасці яны не саступаюць Росам у Вільні і Лычакоўскім у Львове. Архітэктурнае выкананне помнікаў ХІХ стагоддзя не пакіне нікога абыякавым.
Музей, дзе да ўсяго можна дакранацца
Па вуліцы Лермантава знаходзіцца прыватны музей гісторыі гарадскога побыту. Яго стварыў і ўтрымлівае за ўласныя сродкі карэнны гродзенец з грэцкімі каранямі, краязнавец і калекцыянер Януш Паруліс. У яго калекцыі тысячы экспанатаў на розную тэматыку, звязаную з гісторыяй гарадскога побыту.
У Музеі гарадскога побыту і гісторыі горада Гродна Януша Паруліса. Фота traveling.by
Музейныя пакоі знаходзяцца ў камяніцы ХІХ стагоддзя, што дадае ўнікальнасці музею. Стваральнік музея пастаянна мяняе экспазіцыі.
У калекцыі пана Януша ёсць экспанаты, звязаныя з жыццём Э. Ажэшкі, А. Карпюка, С. Ліўны і іншых вядомых жыхароў Гродна.
Экскурсію можна замовіць у любы час па патрабаванню.
Для тых, хто любіць музыку
Калі любіце жывую музыку, то можна наведаць бар «5’no» па вуліцы Вялікая Траецкая, там часта ладзяцца рок-канцэрты.
Фота poshyk.info
Больш па класіцы? Тады вам у Лютэранскую кірху. Там кожную суботу і нядзелю ладзяць канцэрты арганнай музыкі.
А што пасля культурнай праграмы?
Нагуляліся? Стаміліся? Самы час наведаць вуліцу Маставую! Узровень пляцовак там не горшы за мінскую Зыбіцкую. Дзясятак кавярняў і бараў на любы густ, дзе можна замовіць напоі і пад’есці. Некаторыя пляцоўкі маюць творчы накірунак, і нават выставачную залу!
Бар «Урбанист» часам ладзіць выставы як мясцовых мастакоў, так і творцаў з іншых гарадоў. Выпіць кавы, з’есці англійскі сытны сняданак ці падсілкавацца ў абед супам можна ў кавярні «Справа».
Хочаце адпачыць за куфлем піва і пазнаёміцца з гродзенцамі, значыць вам у самы стары панк-бар горада — зараз ён мае назву «Бухта» на Віленскай. Менавіта ў гэтым сутарэнні нараджаліся гродзенскія рок-гурты цягам апошніх трох дзесяцігоддзяў.
Дзе можна спыніцца?
У самім гістарычным цэнтры ёсць некалькі хостэлаў: «Сарматыя», «Hello Grodno», «Hostel Center», «Kip town» і «Гостим». Там можна спыніцца за адносна невялікія грошы. Хочаце больш камфорту — у цэнтры таксама ёсць «Нёман», «Апарт атэль», у «спальных раёнах» ёсць дзве дзяржаўныя гасцёўні — «Турыст» і «Беларусь».
Калі не падабаюцца папярэднія варыянты, з дапамогай анлайн-прыкладанняў можна знайсці кватэру на начлег. Ёсць чуткі, што па вуліцы Савецкай можна пераночыць у кватэры, дзе некаторы час жыў сам Каліноўскі!
Спазнавайце Радзіму разам з «Будзьма!».
Чытайце яшчэ: У Нясвіжы як у Парыжы? Горад Радзівілаў вачыма «турыста выходнага дня»
АМ, budzma.org