Пісьменнік і журналіст Алесь Кіркевіч палемізуе на budzma.by з Віктарам Марціновічам пра цяперашнюю хвалю эміграцыі і яе магчымыя перспектывы ў замежжы.
Віктар Марціновіч напісаў цікавы артыкул пра масавы выезд беларусаў за мяжу: Belarus is going global.
Сэнс такі: новая хваля эмігрантаў мае стварыць нечуваны дагэтуль феномен беларускай дыяспары. Накшталт армянскай, ірландскай ці італьянскай. Тыя пакідалі дом не ад добрага жыцця, але ў выніку адкрылі сябе свету, сталі гульцамі на глабальным культурным полі: ірландскія бары ці піцу «Маргарыта» ведаюць па ўсім свеце.
Стары ірландскі паб у Нью-Ёрку
Беларускі «выхад» стаў масавай з’явай, з’язджаюць пасіянарыі. Таму, маўляў, і ў нашым выпадку мае адбыцца нешта падобнае. Беларусы стануць «глабальнай нацыяй», не прывязанай да тэрыторыі: няўлоўнымі, паўсюднымі, незнішчальнымі. Draniki ўсім і кожнаму!
Мэсідж я прачытаў менавіта так (даруйце, калі не адгадаў). Дазвольце не пагадзіцца.
Навошта ствараць мафію, калі можна зарабляць легальна?
Гадоў 100-120 таму, у эпоху пікавай міграцыі са Старога свету ў Штаты, новапрыбылых чакалі няхітрыя тэсты адразу пасля спуску з парахода. Сабраць драўляную цацку накшталт дзіцячай пірамідкі: так правяралі элементарныя інтэлектуальныя здольнасці. Зрок: сляпых не бралі. Ну і... здаецца ўсё. Мова, адукацыя, навыкі — няважна.
Трэба было пастарацца, каб не ўпісацца ў Новы свет. Як казаў адзін мой знаёмы, «калі не можаш знайсці працу ў мільённым горадзе — вешайся. Значыць, ты ў прынцыпе нікому не патрэбны». Таму і ехалі. Усе. Адусюль. Пытанне ў іншым: чаму адны дыяспары засталіся «глабальнымі фактарамі» нават у стракатай штатаўскай мультыкультуры, а іншыя — не?
Армянская сям'я з Бостана, 1908 год
Возьмем немцаў. У Штатах больш за іх растварыліся хіба брытанцы. Што засталося ад немцаў нямецкага? Хіба прозвішчы. Вы чулі пра нямецкую мафію, асобны салідарызаваны нямецкі бізнес, групоўкі, субкультуры ў ЗША? Культурныя таварыствы і фэсты — так. Але гэта не тое, што мы маем на ўвазе, калі кажам пра Брайтан-Біч ці італьянскую мафію.
У чым сакрэт? Немцы былі ўзорнымі працаўнікамі, камерсантамі, здольнымі вучыцца і перавучвацца. А галоўнае — здольнымі гуляць па чужых правілах. Асімілявацца. Навошта ствараць мафію, калі можна гандляваць легальна? Навошта свае кварталы, калі ведаеш мову? Навошта сувязі з дзясяткамі землякоў, калі і сам даеш рады?
«Брат за брата»
Зусім іншая рэч з дыяспарамі, якія пералічваў сп. Марціновіч. У ірландцаў, італьянцаў, армянаў і іншых на момант выезду быў спецыфічны набор рысаў і каштоўнасцяў, якія нават у мадэрнае паняцце «нацыі» не ўпісваліся. Гэта чыстая архаіка, родаплемянныя стасункі. Не гарадское-кніжнае, але спрадвечнае.
Мова, вера, звычаі, царква, але асноўнае — салідарнасць. Тое самае «брат за брата», якое найбольш раскрываецца ў агрэсіўным варожым асяроддзі (успомніце кіно Балабанава). А як яшчэ выжывеш сярод дзікай канкурэнцыі, калі не ведаеш ангельскай, не маеш адукацыі і працы? Калі не гатовы набываць усе гэтыя скілы, а ўрэшце разумееш, што можна і без іх?
Італьянская мафія
Архаічная свядомасць і пякучае разуменне сваёй іншасці штурхалі гэтыя дыяспары на стварэнне этнічных бізнес-структураў, крымінальных праектаў. Навошта гуляць па чужых правілах, калі можна ўмацоўваць і пашыраць свае? Навошта вучыць мову, калі ўсе людзі, патрэбныя табе для жыццёвага цыклу, — свае-землякі-родзічы? Навошта есці чужое, калі можна сваё ў сваіх (танней, смачней і усіх наведнікаў паба ведаеш)?
У гэтай сітуацыі знешнія адзнакі, ад царквы да нацыянальнай кухні і вопраткі, — зусім не асноўнае. Гэта маркеры, сцягі на полі бою. Тэрытарыяльныя пазнакі, калі мова пра раянаванне мегаполісу. Сэнс умоўнай «вышыванкі» не ў вышыванцы, а ў тым, хто яе носіць. У тым, ці ён «упішацца» за цябе ў канфліктнай сітуацыі, ці дасць грошы, аўто, схованку і г. д.
Заўважым, што тыя ж немцы ў Лацінскай Амерыцы або даіндустрыяльнай Расійскай імперыі — зусім іншая песня, чым у ЗША. Бо там акурат архаіка была навокал, а значыць, трэба трымацца сваіх. Адсюль — праз варожае асяроддзе — кампактныя пасяленні ў стылі «калоніі Дыгнідат»: з аўчаркамі і высокім плотам. У Пецярбургу часоў Гогаля ты яшчэ можаш «абрусець», а на Паволжы ці ў Казахстане — цяжка. Прынамсі, не ў першым пакаленні.
P. S.
Працягваючы, можна зайсці вельмі далёка. Напрыклад, паразважаць наконт перспектываў «нацыянальнага» як такога ў ХХІ стагоддзі. Ці можа яно трывала захоўвацца пры адсутнасці варожага атачэння? Ці можа нацыянальнае існаваць у прынцыпе, калі аграрныя ды родаплемянныя рэлікты робяцца адно «фішачкамі для турыстаў»?..
Але вернемся да беларускай дыяспары. У гэтым сэнсе беларусы — дакладна «ўсходнееўрапейскія немцы». У плане любові да працы, правілаў і рэгламенту. Колькі вышыванку ні надзявай, але хадзіць будзеш па пешаходных пераходах. Колькі Караткевіча ні чытай, а ў Польшчы ўсё адно дзяцей у польскую школу аддасі. У другім ці трэцім пакаленні яны не ўспомняць, адкуль іх продкі. Гэта не добра, не дрэнна, так ёсць. Дадзенасць.
Ірландцы ў ЗША
Галоўнае ж пытанне: «Навошта?» Матывацыя захоўваць этнічнае ядро на эміграцыі ў ірландцаў-італьянцаў-армянаў была чыста прагматычная — выжыць. Сантымент што да радзімы дзеля самога сантыменту — з’ява не масавая. Штучная. Інтэлігенцкая. У другім пакаленні ўжо не заўважная.
Draniki як глабальны фастфуд — вядома, крута! Але ці ў гэтым сэнс?
Алесь Кіркевіч, budzma.by