Адкрыццё зімовага сезону фальклорна-інструментальна-танцавальнага “Дударскага клуба” ў клубе “Сфера” пачалося 15 снежня з дабраславенчых словаў легенды дударскага руху – Тодара Кашкурэвіча. Пасля гэтага канферанс і не менш легендарны музыка Зміцер Сасноўскі з жартамі і падбадзёрваннямі саступіў сцэну гурту “Cornucopia”.
гурт “Cornucopia”
Хоць сціплая і крыху азяблая публіка напачатку неахвотна ішла ў танцавальныя колы, шчыльнае гучанне гурта, узмоцненае добрай клубнай апаратурай, і адмыслова запрошаныя дасведчаныя танцоры зрабілі сваю справу: неўзабаве на танцполе зрабілася вельмі людна.
Зміцер Сасноўскі
Пасля гадзіннага вуступу гурта “Cornucopia” пачалася “вольная сцэна”. Зміцер Сасноўскі разам з Надзеяй з гурта “Irdorath” сыграў некалькі мелодый проста на клубным узвышэнні, прызначаным для працы стрыптызёрак, чым пашырыў значэнне самога панятку “вольная сцэна” для падобных імпрэзаў.
Надзея, гурт “Irdorath”
Скончыўся вечар за адзінаццатую традыцыйнымі для “Карча” танцамі пад музыку у выкананні ўдзельнікаў гуртоў “Стары Ольса”, “Тэстаментум Тэррэ”, “Келіх кола” ды іншых.
Яўген Барышнікаў
Аляксей Лесавік
на першым фота – гурт “Cornu Copia”