Адкрыты рэгіянальны фестываль “Паланэз-2015” адбудзецца 23 траўня ў Слоніме. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.
“Паланэз-2012”. Фота: news.21.by
Да ўдзелу ў форуме запрошаны як дзіцячыя, так і дарослыя аматарскія і прафесійныя харэаграфічныя, аркестравыя і вакальна-харавыя калектывы. Як патлумачыла загадчыца сектарам культуры і па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама Галіна Данільчык, удзел у танцавальным форуме прымуць каля 30 калектываў з розных абласцей Беларусі, а таксама Польшчы і Літвы. Сёння заяўкі ад удзельнікаў яшчэ паступаюць, арганізатары чакаюць, што ў Слонім з’едуцца каля 500 гасцей.
Калектывы прадставяць на суд прафесійнага журы свае варыянты знакамітага танца. Ацэньваць нумары будуць зыходзячы з якасці выканаўчага майстэрства, а таксама відовішчнасці касцюмаў і арыгінальнасці сцэнічнай пастаноўкі.
Па словах Галіны Данільчык, фестываль з кожным годам прырастае новымі калектывамі, творчы ўзровень выканаўцаў значна вырас. “Фестываль паланэза – гэта сапраўднае свята для нашага горада, яго асабліва любяць прадстаўнікі польскай дыяспары. У гэтым годзе мы хочам адрадзіць старую Слонімскую традыцыю, звязаную з паланэзам. Раней, 70-80 гадоў таму, з гарадской пажарнай каланчы кожны дзень апоўдні гучаў паланэз , яго іграў трубач на трубе і гукі разносіліся далёка па горадзе. У гэтым годзе мы паспрабуем зрабіць гэтаксама, няхай не ўжывую, але ў запісе паланэз загучыць з каланчы зноў “, – сказала спецыяліст.
У дзень фестывалю адбудуцца традыцыйнае касцюміраванае шэсце танцавальных калектываў ад каланчы да раённага цэнтру культуры і адпачынку, конкурсная праграма, а таксама канцэрт на летняй эстрадзе гарадскога парку. У райцэнтры будзе арганізавана выстава-продаж вырабаў народных майстроў, выязны гандаль.
Фестываль “Паланэз” праводзіцца з мэтай папулярызацыі гэтага танца, узаемаабагачэння рэпертуарам і ўдасканалення прафесійнага майстэрства калектываў, пашырэння і ўмацавання творчых сувязей, узаемадзеяння нацыянальных культур. Арганізатарамі выступаюць ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, Гродзенскі абласны і Слонімскі раённы выканаўчыя камітэты.
Форум праходзіць у Слоніме невыпадкова. Тут прайшла большая частка дзяцінства і юнацтва аўтара знакамітага паланеза “Развітанне з Радзімай” Міхаіла Клеафаса Агінскага. У Слоніме жыў і яго дзядзька Міхаіл Казімір Агінскі, вялікі гетман літоўскі, мецэнат, кампазітар, паэт. З яго імем звязаны росквіт Слоніма ў другой палове XVIII стагоддзя. У гэты час тут дзейнічаў тэатр оперы і балета, а Слонімская капэла была адным з самых вялікіх прыдворных аркестраў Еўропы.
Цікава, што “Паланэз Агінскага” ў 1991 годзе разглядаўся як варыянт дзяржаўнага гімну Беларусі, аднак быў адхілены як занадта складаны для выканання. Вакальны ансамбль “Песняры” выконваў паланэз на некалькіх мовах.
Таццяна Вішнеўская, БелТА