«Сказаць, што я ў роспачы, гэта нічога не сказаць. Быццам бы жыццё абарвалося» Маргарыта Ляўчук мае праблемы з голасам

22.03.2023 Культура

Канцэрты Маргарыты Ляўчук у Варшаве і Гданьску, прымеркаваныя да Дня Волі, адмяняюцца, але гэтым разам не праз пагрозу тэракту, а праз праблемы з галасавымі звязкамі спявачкі. Пра гэта Маргарыта Ляўчук паведаміла на сваёй старонцы ў facebook.


337247979_930400164952117_2317260195039732726_n.jpg

— Сябры, мне вельмі шкада, але мы з вамі не сустрэнемся на канцэртах у Варшаве і Гданьску. Спачатку нейкая пагроза тэракту, а цяпер вось мой голас. Фаніатарка мне забараніла нават размаўляць, не тое што спяваць. У мяне дыягнаставалі паліп на галасавых звязках, — распавяла Маргарыта Ляўчук.

— Тыдзень таму я ледзь даспявала свой другі оперны спектакль. Думала, што проста шмат наспявалася і голас вернецца праз пару дзён, а станавілася ўсё толькі горш. Да доктаркі трапіла толькі ўчора, бо чарга і ўсё такое. Яна сказала, што калі я буду маўчаць і рабіць усё тое, што яна гаворыць, можна будзе пазьбегнуць аперацыі, але яна нічога не абяцае, — патлумачыла спявачка.

Сказаць, што я ў роспачы, гэта нічога не сказаць. Быццам бы жыццё абарвалося, пасля словаў доктаркі што ўсё сур’ёзна. Голас — маё жыццё. Гэта траўма, па першае псіхалагічная. Але ж я ў адэкваце, таму ўсё разумею і трымаюся як магу. Я ўжо наплакалася і насьмяялася, бо ў мяне самыя крутыя сябры і блізкія, якія ўжо другі дзень побач, за гэта ім вялікі дзякуй, — дадала яна.

На канцэрце ў Гданьску 26 сакавіка замест Маргарыты па яе просьбе выступіць Лявон Вольскі. Канцэрт у Варшаве цалкам адменены, тым, хто набыў квіток, вернуць грошы.