Рэзананс ад “Паэзіі ў метро” ўпэўніў магілёўскіх актывістаў у сваёй думцы: ініцыятыўнасць гараджан – дакладны шлях да культурніцкай атмасферы горада. І акрэслілі для сябе наступную мэту – праект “Мастацтва на колах”, які, як і папярэдні, стаў пераможцам конкурсу культурніцкіх ідэй ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Як удалося наладзіць “масткі” з гарадскімі ўладнымі структурамі і пазнаёміць магілёўцаў з таленавітым мясцовым мастаком, распавядае каардынатар праекта, гісторык і дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова Аляксандр Агееў.
Аўтар і каардынатар ідэі: Аляксандр Агееў.
Месца рэалізацыі: Магілёў.
Перыяд рэалізацыі: красавік – ліпень 2014 г.
– Што Вас натхніла на стварэнне праекта?
– Рэалізаваўшы праект “Паэзія ў метро”, мы з Юрыем Стукалавым, рэгіянальным прадстаўніком “Будзьмы!” ў Магілёве, прыйшлі да высновы, што сама ідэя размяшчэння ў транспарце інфармацыі, якая тычыцца мастацтва, мае права на існаванне, аднак неабходна ўнесці некаторыя карэктывы. Мы вырашылі дзейнічаць па прынцыпе “лепш менш, ды лепш” і задзейнічаць у наступным праекце адну транспартную адзінку, але зрабіць яе максімальна кідкай, каб прыцягнуць увагу як мага большай колькасці людзей. У гэты час мой сябар і выдатны мастак Васіль Камароў павінен быў адсвяткаваць свой шасцідзесяцігадовы юбілей, і было прынята рашэнне зрабіць яму падарунак – нанесці на тралейбус плёнку з рэпрадукцыямі яго палотнаў, даўшы нашым грамадзянам магчымасць пазнаёміцца з творчасцю гэтага выдатнага магілёўскага мастака. Так і з’явіўся праект “Мастацтва на колах”, у якім адзін з тралейбусаў ператварыўся ў перасоўную выставу. З вонкавага боку транспартнага сродку былі налепленыя фотарэпрадукцыі гістарычных палотнаў Васіля Камарова, а ўнутры – яго працы іншага фармату, больш філасофскія. Рыхтуецца да запуску другі тралейбус, на гэты раз – з выявамі прац вядомага магілёўскага скульптара Андрэя Вараб’ёва.
– З якімі цяжкасцямі Вам давялося сутыкнуцца ў ходзе рэалізацыі праекта?
– З аднаго боку, гэты праект нам даўся параўнальна лёгка. У нас ужо быў досвед арганізацыі праекта з вершамі, мы дакладна ўяўлялі, да каго і па якім пытанні трэба звяртацца, былі наладжаныя кантакты з тралейбусным паркам. Заставалася толькі зрабіць дызайн і знайсці спонсараў, з чым мы справіліся досыць хутка. Нам аказалі вялікую падтрымку рэкламнае агенцтва “Точная версия”, “Цэнтр гарадскіх ініцыятыў”, “Музей гісторыі Магілёва” і “Будзьма беларусамі!”.
Аднак у працэсе рэалізацыі задуманага мы сутыкнуліся і з цяжкасцямі. Напрыклад, Васіль Камароў дастаткова доўга думаў над тым, якія палотны выбраць для праекта, і якім чынам іх размясціць. Як мастак ён не мог усё рабіць механічна, яму быў патрэбны час, каб усё творча абыграць. Да ўсіх неабходных узгадненняў дадаліся яшчэ і патрабаванні ДАІ, якія мы павінны былі выканаць. Як выявілася, у кожным рэгіёне існуе свая спецыфіка правядзення падобных акцый. Напрыклад, у Мінску абляпіць увесь тралейбус – няма праблем, а ў нас гэта немагчыма. Трэба было размясціць плёнку з фотаздымкамі так, каб быў бачны асноўны колер тралейбуса, таму нам давялося старанна прадумваць дызайн.
– Якія задачы Вы планавалі рэалізаваць у ходзе праекта і ці ўсё атрымалася?
– Першая частка праекта, якая ўжо цалкам рэалізаваная, мела адну з асноўных задач – пазнаёміць жыхароў Магілёва з гісторыяй нашага горада праз творчасць Васіля Камарова. Ды і расказаць пра самога мастака і пра яго карціны з’яўлялася важнай задачай, бо многія дзякуючы нашаму праекту пачулі пра яго ўпершыню. І нягледзячы на тое, што першапачаткова жывапісец быў настроены крыху скептычна, рэакцыя грамадзян на тралейбус-галерэю была ў цэлым станоўчая.
Людзі цікавіліся як самімі карцінамі, так і іх аўтарам, пыталіся, дзе гэтыя палотны можна ўбачыць у жывую, фатаграфаваліся на фоне рэпрадукцый. Мы пастараліся зрабіць транспартны сродак максімальна яркім, і нам гэта ўдалося. Ён прыцягваў увагу як пасажыраў, так і мінакоў, сярод кіроўцаў сустрэчных аўтамабіляў тралейбус таксама не застаўся незаўважаным.
– Ініцыятыва правядзення падобных праектаў узнікае, як правіла, ад народа, а не ад дзяржавы. Як Вы лічыце, з чым гэта звязана?
– Я ўпэўнены, што ўсё залежыць ад канкрэтнага чалавека, які знаходзіцца на чале горада, рэгіёна або асобнай установы. Прыкладам таму з’яўляецца наш цяперашні кіраўнік горада. Гэта вельмі актыўны чалавек, ён сыпле ініцыятывы ў масы, як з рога багацця. Я ўпэўнены, што цяпер нікому сумаваць не даводзіцца: ні адміністрацыі горада, ні прыватным структурам, – усе пачынаюць варушыцца і нешта рабіць.
Акрамя таго, у нас у грамадстве ёсць пэўны стэрэатып, што дзяржава павінна нам нешта прапаноўваць, каб зрабіць наша жыццё лепшым. Але мне здаецца абсалютна лагічным і натуральным працэс, калі ініцыятыва па паляпшэнні жыцця грамадзян ідзе ад іх саміх. Нядаўна мы былі з габрэйскай суполкай Магілёва ў горадзе-пабраціме Бардзяёве ў Славакіі. Там мы ўбачылі незвычайны мемарыял памяці ахвяр Халакосту і пацікавіліся, на чые грошы ён быў пабудаваны. Нам сказалі, што даў зямлю горад, а гэта якраз сама дорага каштуе. Астатняе ўзялі на сябе грамадзяне: была створаная ініцыятыўная група, якая знайшла спонсараў, звяртаючыся ў прыватныя і дзяржаўныя арганізацыі, частку грошай сабралі самі жыхары. Я цалкам згодны з такім станам рэчаў – людзі павінны самі варушыцца, праяўляць актыўнасць, а не спадзявацца на дзяржаву. Асноўная ж задача чыноўнікаў – не перашкаджаць, не тармазiць ініцыятыву грамадзян, а дакладна і своечасова выконваць сваю працу.
– А якую ролю, на Ваш погляд, мае культура ў развіцці грамадзянскай супольнасці?
– Зараз у нашай краіне такая сітуацыя, што ў многіх чыноўнікаў, на жаль, усё новае і нязвыклае выклікае вельмі насцярожаную рэакцыю. Яны пачынаюць доўга думаць, перакідваць праекты іншым выканаўцам, пазбаўляючыся такім чынам ад неабходнасці прымаць рашэнні. А без новага развіццё немагчыма. Культурныя праекты з’яўляюцца самымі “бяспечнымі” з пункту гледжання ўзгаднення ў дзяржаўных інстанцыях, іх рэалізацыя сустракае меншы супраціў чыноўнікаў, чым, да прыкладу, палітычныя акцыі. Вось і выходзіць, што менавіта культурны кантэкст дапамагае людзям самавыяўляцца, выкрышталізоўваць і рэалізоўваць свае ідэі пра тое, як зрабіць жыццё ў нашай краіне больш камфортным, цікавым і прагрэсіўным.
– Чым Вы займаецеся, і ці быў у Вас досвед рэалізацыі грамадска значных праектаў раней?
– Я дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у свой час двойчы быў дэпутатам гарадскога савета Магілёва. І гэты досвед мне вельмі прыдаўся пры рэалізацыі праектаў “Паэзія ў метро” і “Мастацтва на колах”.
– Вашы пажаданні тым, хто хоча рэалізаваць свой праект, але пакуль не адважваецца?
– Усім жадаю смеласці, і не толькі ўжо ў рэалізацыі, але перш за ўсё ў ідэях! Бо людзі, чые мары знаходзяцца па-за межамі магчымага, рухаюць наш свет наперад. Трэба верыць у сябе, у свае праекты і стукацца ва ўсе дзверы.
Гутарыла Ганна Трубачова