Усяго адна беларуская рыса, якая дадае пазітыву

24.02.2025
На тле ўсяго змроку, які адбываецца навокал, нібы ўжо і не застаецца падставаў для аптымізму. Але. Ёсць адна наша важная рыса, шматкроць засведчаная ў гісторыі, якая дапаможа паверыць у добры фінал.

Alieś Kirkievič
Алесь Кіркевіч, фота з асабістага архіву

Выжываць насуперак абставінам — беларускае хобі. Воля да жыцця — наш нацыянальны стыль. Мы самі пра яго найчасцей не ведаем, бо велізарная доля культурнага бэкграўнду скіраваная на негатыў: ад Багушэвіча да Быкава. Гэта катастрафічнае мысленне, а значыць — праграмаванне катастрофы. Народжаныя пад «знакам бяды», таму — «кепска будзе»... 

Неўратычныя хістанні часта ўспрымаюцца як «знакі». Вось і выдумалі — самі сабе. Але чароўным чынам, вербальна прагаворваючы бяду, беларусы ўсё адно ідуць наперад. Цяжка патлумачыць, навошта. Інстынктыўна. «Вочы баяцца, а рукі робяць», — як казала мая бабуля. 

Выпадковы Каліноўскі і БНР насуперак усім 

Ну, глядзіце. Як нацыя беларусы прачнуліся на тле Паўстання 1863 года. У тым паўстанні беларусаў наогул не павінна было быць, роўна як і ўкраінцаў. Паўстанне — польскае. Але Каліноўскі чамусьці задумаў друкаваць сваю «Мужыцкую праўду», дзе сфармуляваў кароткі беларускі маніфест: мы — ёсць, і нам патрэбная справядлівасць.

«Mužyckaja praŭda», № 3
«Мужыцкая праўда», № 3. Фота з Вікіпедыі

Тая газетка павінна была б застацца незаўважанай і згубіцца недзе ў архівах. Падобных адозваў і лісткоў было нямала. Але Каліноўскі кладзе сябе на ахвярнік і — прапісвае ўвесь гэты мэсыдж крывёй. Плаціць сваім жыццём, а значыць — ажыўляе. Цынічная думка, але каб ён памёр недзе ў Парыжы ў 1890-х, то, верагодна, ніхто пра тую газетку і не даведаўся б. 

Ніякай БНР па логіцы таксама не павінна было быць. У беларусаў не было ані капіталу, ані знешняй падтрымкі, ані нават сваёй літаратурнай мовы. Паміж Смаленскам і Беластокам не нацыя, а толькі «драфт» — мастацкі накід на будучыню.

Miežy Bielaruskaj Narodnaj Respubliki
Межы Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), аб’яўленыя 25 сакавіка 1918 г., і этнічная тэрыторыя беларусаў на падставе прац М. Доўнар-Запольскага і Я. Карскага. Ілюстрацыя з Вікіпедыі

Аніводная знешняя сіла ў Беларусі тады не была зацікаўленая. Немцы, французы, брытанцы... усе займаліся сваімі справамі. Ёсць мапы таго часу, дзе фігуруюць Польшча, Літва, Украіна, Расія — а Беларусі няма. Такая опцыя была цалкам лагічнай і рэалістычнай. 

А наш праект стрэліў. І застаўся на мапе да сённяшняга дня.

Нас не павінна было застацца. Але — усё пайшло не па плане

Бальшавікам беларусы былі патрэбныя вельмі кароткі час — інструментальна. Каб дражніць Польшчу ды хістаць Заходнюю Беларусь. Нават такая патрэба знікла ўжо на пачатку 1930-х. Мы не ўпісваліся ў палітыку па абодва бакі рыжскай мяжы. Але і там, і тут — засталіся, хай і вялікім коштам ахвяраў. 

Калі пра катаклізмы ХХ ст., то беларусаў наогул не павінна было быць. Чыста фізічна: рэпрэсіі, калектывізацыя, вайна ўсіх супраць усіх, жахі Другой сусветнай, Чарнобыль... Неўзараныя палі павінны былі зарасці баршчэўнікам, а падмуркі кінутых хат — апусціцца пад зямлю. 

Беларусы перажылі ўсё. Без аніякай знешняй падтрымкі і прадстаўніцтва ў свабодным свеце, каб распавесці сваю «праўду». Хоць тая праўда нікому не была цікавая.

Нехта скажа, што «лафа» для беларусаў была ў пасляваеннай БССР — там, уласна, наш народ і вырасцілі, нібы з прабіркі. Але ўсе гэтыя 100-тысячныя тыражы Коласа і Купалы — усяго толькі «перадпродажная падрыхтоўка». Каб з беларусаў першымі зрабіць «рускіх» ды ўпіхнуць у камунізм. Паказаць іншым, што «так можна». Бо за шырмай — шалёная русіфікацыя і пераплаўка ў гарадах на «рускіх са знакам якасці». Усё ішло па плане... 

Быццам ты адышоў ад люстэрка, а адбітак — застаўся

Але — стаўся чарговы цуд. Кароткае і яскравае адраджэнне 1980-х — 1990-х. Як гэта магчыма, што ў спрэс русіфікаваным краі, дзе на п’едэстал пастаўлены «партызанскі міф», лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, выдаюць Арсенневу і Геніюш?.. Народ, якому забівалі ў галаву «трактары з каласкамі», паверыў, што ён — нашчадак Вітаўта і Гедыміна. Пагоня, замкі, рыцары — яно ўсё нашае. Беларусы паверылі ў сябе. 

Далей, канешне, пытанне на мільён даляраў. Дык а каго ж беларусы сабе выбралі на кіраўніка?.. Але і тут няма нічога дзіўнага. Бо кожны лідар — гэта адбітак свайго народа на нейкім этапе яго гісторыі. У нашым выпадку народ змяняўся, а адбітак — не. Быццам ты адышоў ад люстэрка, а адбітак — застаўся. Вусцішна, праўда?

Але нават тут ёсць свае бонусы: мы бачым чорны адбітак сваёй душы. І разумеем, што мы — не ён. Прычым бачым яго так даўно, што ніколі ні з чым не пераблытаем. Такімі назіраннямі можа падзяліцца не кожны народ. Гэтая балючая прышчэпка дарагога вартая.

Мы заўжды «блыталі карты» ды выжывалі — насуперак

Сёння мы маем неверагодныя выклікі: забраны край, рэпрэсіі, выгнанне, будучыня ў тумане... А калі было па-іншаму? Яшчэ Касцюшка 200 гадоў таму пісаў, што будучыню ягонага краю пакрывае імгла. Ёсць добрае правіла: ступень даросласці чалавека вызначае ступень нявызначанасці, якую той можа вытрымаць. Чытай — ступень стрэсу.

Мараль простая: не было такога моманту ў гісторыі, каб беларусы і Беларусь былі камусьці выгодныя ў доўгатэрміновай перспектыве. Каб мы былі праектам: немцаў, амерыканцаў, палякаў ці расійцаў. Мы заўжды «блыталі карты» ў вялікай гульні ды выжывалі — насуперак. Адзіныя, каму мы патрэбныя — мы самі. Таму зараз самы час звярнуцца да сваёй прыроднай упартасці. Рабіць сваё далей, не спыняцца.

Тыя ж фіны, якія таксама нікому ў свеце не былі патрэбныя, выцягнулі страшную вайну з СССР акурат на ўпартасці. «Фіны ўпартыя», — са скрухай казаў Молатаў. 

Дык ці мы горшыя?

Алесь Кіркевіч, Budzma.org