Ні для каго не сакрэт, што Беларусь праз палітычны крызіс і шалёны гвалт з боку ўлады сутыкаецца і з крызісам гуманітарным. Колькасць тых, хто з’ехаў ад пераследу ў «бяспечнае месца» такая, што гэта ўжо называюць «чарговай хваляй беларускай эміграцыі». Людзі з’язджаюць, кідаючы амаль усё, забіраюць з сабою толькі самае дарагое. І ў пералік гэтага «самага дарагога», безумоўна, уваходзяць дзеці.
Адна з найвялікшых праблемаў — гэта ўладкаванне дзяцей на навучанне ў іншай краіне. Як правіла, гэта складана: без ведання мовы краіны перабывання, з рознымі адукацыйнымі праграмамі… Для тых, хто з’язджае з планамі «надоўга» ці «назаўжды», усё зразумела: забіраеце дакументы са школы і ўладкоўваецеся на новым месцы жыхарства, праходзіце моўныя курсы, аддаеце дзіця ў мясцовую школу… Але шмат хто спадзяецца і верыць, што ў хуткім часе ён вернецца ў новую Беларусь. І вось тут ужо — сітуацыя для развагаў.
Ці можна навучаць дзіця за мяжой, але так, як быццам ў Беларусі? У прынцыпе — можна.
То бок, калі вы прыходзіце ў школу, вы просіце перавесці дзіцё не на «хатняе навучанне», а на «індывідуальны навучальны план». І гэта насамрэч важна.
Фота: ru.publika.md
Магчымасці для атрымання індывідуальнага навучальнага плана даволі шырокія. У кодэксе сказана, што «Індывідуальны навучальны план устанаўлівае асаблівасці атрымання агульнай сярэдняй адукацыі адоранымі і таленавітымі навучэнцамі, а таксама навучэнцамі, якія па паважлівых прычынах не могуць пастаянна або часова наведваць навучальныя заняткі і (або) праходзяць ва ўстаноўленыя тэрміны атэстацыю».
Спісу «паважлівых прычынаў», як такога, няма ні ў адным дакуменце. Але традыцыйна гэта — сямейныя абставіны. Напрыклад, у няпоўнай сям'і ёсць малы, і маці ці тата не можа забіраць старэйшае дзіця са школы. Або дзіця, чые бацькі развяліся, спачатку жыве з маці ў адным горадзе, потым — з татам у іншым. Можа быць прычынай праца бацькоў, звязаная з частымі камандзіроўкамі, таму яны не могуць своечасова прыводзіць дзіця на заняткі і забіраць яго са школы. Ну і, канешне, можна проста спаслацца на слабое здароўе дзіцяці і эпідэмію COVID-19.
Заява пішацца ў адвольнай форме. Для пераходу на індывідуальны план навучання непатрэбная медычная даведка. Яна патрэбная для надомнага навучання па медыцынскіх паказаннях.
Тэарэтычна вы можаце абраць перыяд, на працягу якога вы хочаце, каб дзіця было на «індывідуальным плане», а па-факце — на хатнім навучанні. Напрыклад, чвэрць, паўгоддзе або ўвесь навучальны год. Па заканчэнні пэўнага перыяду (альбо па чвэрцях ці за паўгоддзе) вашаму дзіцяці прыйдзецца здаваць тэсты альбо іспыты, альбо сумоўе — то-бок, вучыцца прыйдзецца так ці інакш. Пры гэтым дзіця, якое перайшло на індывідуальны план навучання, застанецца вучнем канкрэтнага класа і школы. Але самае галоўнае — працягне засвойваць школьную праграму.
Рашэнне пра перавод вашага дзіця на індывідуальны навучальны план прымаецца на педсавеце і замацоўваецца дырэктарам школы. Як правіла, праблем з педсаветам не ўзнікае: пры сучаснай перагружанасці класаў настаўнікі падтрымаюць вашае імкненне палегчыць ім працу на адно дзіця. Але школа можа звярнуцца ў Рай- або ГарАНА, каб тыя вызначылі парадак атэстацыі (ён таксама дэталёва не прапісаны), могуць паглядзець на «умовы, у якіх выхоўваецца дзіця» (як яны на гэта будуць глядзець, калі дзіця за мяжою — пытанне).
Калі школа раптам адмовіць у пераводзе на індывідуальны навучальны план — патрабуйце абгрунтаванай пісьмовай адмовы. Яе можна будзе абскардзіць у тым жа Рай- або ГарАНА.
Карацей, можа быць, прыйдзецца пабегаць. Але, калі ў вас добрыя адносіны са школай, з класным кіраўніком, з завучам, з дырэктарам — праблем, як правіла, не ўзнікае.
І яшчэ трэба ведаць: лепш падаць заяву на індывідуальны навучальны план да 31 жніўня, перад пачаткам новага навучальнага года. Але гэта — неабавязковая ўмова. На індывідуальны навучальны план можна перавесці дзіця ў любы момант.
У прынцыпе, можна навучацца па беларускай школьнай праграме і за мяжой. Канешне, наш міністр адукацыі абяцаў запуск нацыянальнай платформы для дыстанцыйнага навучання ўвесну 2020-га, увосень 2020-га, увесну 2021-га, але яе ўсё няма і няма. Абяцанага, як кажуць, тры гады чакаюць, але прыватная ініцыятыва, як заўсёды, — рухавік прагрэсу.
Фота: a1drivingschoolbradford.co.uk
Пасля ўсплёску пандэміі COVID-19 прыватныя навучальныя ўстановы пачалі распрацоўваць курсы анлайн-навучання. І ў іх, збольшага, атрымалася. Пакуль іх не вельмі багата, і на пошук «анлайн-навучанне Беларусь» збольшага выдаюцца ўніверсітэцкія курсы. Але і школы таксама ёсць.
Напрыклад, установа адукацыі «Сярэдняя школа Прайм» пазіцыянуе сабе як «першая анлайн- школа» ў Беларусі. Аж да таго, што на сайце напісана: «Неабходнасці ў пераводзе дзіцяці на індывідуальны план больш няма. Мы прымаем вучня да нас, вядзем асабістую справу, выстаўляем адзнакі і даем сапраўды якасныя і сучасныя веды».
Таксама «першай анлайн-школай у Беларусі для вучняў 5-11 класаў» называе сябе «Мужчынская гімназія для хлопчыкаў і дзяўчынак». Нягледзячы на парадаксальную назву, на сайце сцвярджаецца, што выкладанне вядзецца па зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь праграме.
Прыватная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа Стэмбрыдж» не пазіцыянуе сябе як «першая». Але адукацыя там ажыццяўляецца па нацыянальнай школьнай праграме. Наколькі можна зразумець з сайта, адукацыя вядзецца не праз звыклы нам Zoom, а праз Google classroom.
Прыватная школа SMART school прапануе анлайн-заняткі для дзяцей з 1 па 11 клас. Праграма школы таксама базуецца на дзяржаўнай праграме адукацыі і дадатковых актыўнасцях, накіраваных на творчае, тэхнічнае і інтэлектуальнае развіццё дзіцяці. Прынамсі, так пазначана на іх сайце. Абсалютна ўсе прадметы школьнай праграмы можна вывучаць дыстанцыйна.
Цікавы праект «Нешкола». Ён паўстаў з таго, што дзве маці на фоне эпідэміялагічнай абстаноўкі ў 2020-м пачалі разбірацца ў анлайн-навучанні і прыдумалі «Нешколу». І раптам да іх паваліў народ — не толькі вучні, але і настаўнікі. Заняткі вядуцца паралельна школьнай праграме — гэта значыць, Вам патрабуецца індывідуальны навучальны план. Аднак «Нешкола» працуе ў партнёрстве з вышэйпрыведзенай SMART school, і таму ёсць магчымасць проста перавесціся ў SMART.
І тут ёсць два пытанні, якія трэба высветліць у кіраўніцтва анлайн-школы. Збольшага ўсе школы маюць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Але, каб выдаваць атэстаты дзяржаўнага ўзору (9-11 класы), школа павінна мець акрэдытацыю Міністэрства адукацыі. Такую акрэдытацыю маюць далёка не ўсе, бо анлайн-адукацыя — справа адносна новая, а акрэдытацыя выдаецца, як правіла, пасля трох гадоў паспяховай працы прыватнай школы.
І другое пытанне — канешне ж, грошы. Кошты навучання часам залежаць ад абраных прадметаў, але ў асноўным складаюць ад 350 да 650 беларускіх рублёў у месяц. У сярэднім трэба арыентавацца на 500 рублёў на месяц — $200 па сённяшнім курсе. Для тых, хто з’ехаў за мяжу вымушана, гэта істотныя грошы.
Таму варта шукаць іншыя варыянты. Якія? Пра гэта — у наступным матэрыяле.
Аліна Бялова, для budzma.org