Эме Залкінд 19-20 гадоў, а як шмат усяго за плячыма: далучэнне да беларускага руху, тэатральныя поспехі, праца ў эпіцэнтры палітычных падзей, складанне, як цяпер бы сказалі, маніторынгу парушэнняў правоў чалавека і базы палітычных зняволеных. Наперадзе — універсітэт, шлях да дысертацыі даўжынёю ажно ў 8 гадоў і выкладанне ў беларускай школе.
Літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч сабраў у адно рассыпаныя па архіўных дакументах і старых публікацыях фрагментарныя звесткі пра выбітную віленскую беларуску Эму Залкінд. Гэта другая частка артыкула.
Першую частку, у якой мы распавядалі пра тое, як Эма вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі і праявіла сябе як таленавітая акторка і адна з першых беларускіх перформерак, чытайце па спасылцы.
Эма Залкінд
Другая вядомая частка біяграфіі Эмы Залкінд — яе грамадская дзейнасць. Ускосныя звесткі з прэсы сведчаць, што яна наўрад ці была паланафілкай і схілялася перадусім да леварадыкальнай часткі беларускага віленскага грамадзянства.
1 чэрвеня 1926 года яна далучаецца да пратэсту супраць выгнання з беларускай гімназіі Антона Луцкевіча.
«У апошніх месяцах мінулага году і першых месяцах бягучага нас, былых вучняў Віленскае Беларускае Гімназіі, страшэнна ўзбурыў факт афіцыяльнага паходу дэфэнзыўных «беларусаў» і іхняга органу «Беларускае Слова» проціў нашага вучыцеля, дужа паважанага грамадзяніна Антона Луцкевіча, — як духовага правадыра Беларускага Адраджэньня.
Рэзультатам гэтага подлага паходу прадаўшыхся «беларусаў» было тое, што Кураторыум Віленскае Акругі забараніла грам. Антону Луцкевічу выкладаць беларускую мову ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Дзеля вышэйшага мы, б. вучні VIII i VII клясаў Віл. Бел. Гімн., пазбаўленыя вучыцеля роднае літэратуры ў нашай Гімназіі, пратэстуем:
1) Проціў дэфэнзыўнага паходу купленных «беларусаў» на нашага вучыцеля грам. Ант. Луцкевіча.
2) Проціў беспадстаўнага пазбаўленьня грамадзяніна Антона Луцкевіча выкладаць беларускую мову ў нашай Гімназіі праз Віленскі Кураторыум».
Сярод трох дзясяткаў подпісаў стаяць знаёмыя нам імя і прозвішча.
Дзе пратэст, там блізка і да кратаў (кажучы пра аўтарытарную дзяржаву). 1928 год. У Вільні пачынаецца адкрыты працэс над Б.С.Р.Г. На лаве падсудных — ледзь не ўсе беларускія дэпутаты польскага парламенту, дырэктар ВБГ Радаслаў Астроўскі, аўтар Акту 25 сакавіка 1918 года Антон Луцкевіч, актывісты з Дзісеншчыны, Наваградчыны, Палесся, Падляшша.
1000-старонкавая стэнаграма гэтага працэсу — выдатная энцыклапедыя юрыспрудэнцыі, крыніца ведаў пра польскую палітыку ў дачыненні да беларусаў, у тым ліку пра тое, як Польшча разбудоўвала сваю разгалінаваную сістэму пост-праўды вакол беларускага пытання. Сотні імёнаў, выступы дзясяткаў падсудных, бліскучыя прамовы адвакатаў.
І сведкі. Сярод іх — і наша гераіня. Дзякуючы сакратару суда, мы можам пачуць яе голас.
«Старшыня даручае запрасіць сведку Эму Залкінд.
Выклікаецца сведка Залкінд.
Сведка Эма Залкінд. — Я скончыла беларускую гімназію, пасля чаго заняла пасаду ў Цэнтральным Сакратарыяце Б.С.Р.Г., якая месцілася ў той час на вул. Віленскай. Спачатку запаўняла бланкі партыйных білетаў, потым працавала ў Праўніцкім Аддзеле Цэнтр. Сакр. Праца мая палягала ў тым, што я дапамагала сакратару, рабіла статыстыку па арыштаваных, а таксама вяла карэспандэнцыю. Для чаго рыхтавалася статыстыка арыштаваных, я не ведаю. Разам с мной працавалі Назарук, Карп, Грыцова і Блізнянскі, Крук не працаваў. Я атрымлівала плату ў памеры 3 злотых у дзень. Працавала ў Цэнтр. Сакр. ад восені 1926 г. да дня ліквідацыі апошняга. План сядзібы Цэнтр. Сакр. добра памятаю і ведаю, што там быў пасольскі пакой. У гэты пакой мог уваходзіць той, хто меў якую-небудзь справу. Якімі вязнямі цікавіўся абвін. Мятла, я не ведаю. Копій абвінаваўчага акту не бачыла. Прозвішчы вязняў запісвала дзякуючы інфармацыям, якія атрымлівала поштай і пададзеных тымі асобамі, якія прымалі пошту. У кастрычніку 1926 г. на сядзібе Цэнтр. Сакр. быў з’езд і яго ўдзельнікі пілі гарбату, якую я ім налівала. Астроўскага ведаю, ён быў падчас гэтага з’езду. Абмеркаванні на з’ездзе вяліся зранку. Падчас майго допыту ў следчага суддзі я не казала, колькі асоб прымала ўдзел у з’ездзе.
Пра інфармацыйныя справаздачы нічога не ведаю і пра іх падчас допыту ў следчага суддзі нічога не казала. Вучнёўскі гурток у беларускай гімназіі быў. Гэта была навуковая арганізацыя і палітычныя пытанні ў ёй не ўздымаліся. У беларускай гімназіі выдаваўся часопіс «Маладое жыцьцё». Пра выданне «Наперад» нічога не чула і падчас допыту ў следчага суддзі нічога пра гэта не казала.
Старшыня вызначае, што сведка Эма Залкінд паказала ў часе папярэдняга следства па гэтай справе, што ў пасольскім пакоі на сядзібе Цэнтр. Сакр. Б.С.Р.Г. адбываліся таемныя размовы.
Сведка Эма Залкінд. — Паслы часам выклікалі Акіньчыца да сябе. Абв. Мятла цікавіўся арыштаванымі, якія паходзяць з Дзісенскага павету, а Валошын тымі, якія паходзяць з Сакольскага павету. У Цэнтр. Сакр. былі спісы адміністратыўна пакараных сяброў Грамады. Падчас допыту ў следчага суддзі я не давала паказанняў, што Акіньчыц займаўся інфармацыйнымі справаздачамі.
Падпракурор просіць паказаць сведцы гімн «Ад веку мы спалі» далучаны да азначанай справы ў якасці рэчавага доказу.
Старшыня паказвае сведцы згаданы гімн.
Сведка Эма Залкінд. — Так, гэта гімн, які спяваўся ў беларускай гімназіі.
Падпракурор — Як гучала апошняя страфа гэтага гімну?
Сведка Эма Залкінд. — «Мы дружна паўстанем з касамі, з сярпамі, прагонім зямлі палачэй; ніхай нас спаткаюць палямі, лугамі грамады працоўных людзей».
Падпракурор — просіць паказаць сведцы Эме Залкінд выданне «Наперад», а таксама спіс арыштаваных, знойдзеныя падчас рэвізіі ў сядзібе Цэнтр. Сакр. БСРГ і далучаных да азначанай справы ў якасці рэчавых доказаў.
Старшыня перадае згаданыя доказы сведцы Эме Залкінд.
Сведка Эма Залкінд. — Выдання «Наперад» у беларускай гімназіі я не бачыла. Спіс арыштаваных складзены мной уласнаручна. № каля прозвішча азначае чарговасць заявы, пададзенай заяўнікам. Адкуль паходзяць фотаздымкі абвінавачаных, не ведаю. Спіс вязняў, асуджаных у Гродзенскай турме, я не пісала.
Сведка Эма Залкінд у адказах на далейшыя пытанні бакоў засведчыла: — Дзверы ў пасольскі пакой на сядзібе Цэнтр. Сакр. былі драўляныя. Беларускую гімназію я скончыла ў 1926 г. Па-за з’ездам у кастрычніку, больш з’ездаў у Цэнтр. Сакр. не было. На кастрычніцкі з’езд прыязджалі, я так мяркую, дэлегаты гурткоў, якія, праўдападобна, атрымлівалі пэўныя запрашэнні.
Абв. Астроўскі — Як у беларускай гімназіі спявалася 4 страфа гімну «Ад веку мы спалі»?
Сведка Эма Залкінд. — Гімн «Ад веку мы спалі» складаецца з 4 строфаў. У беларускай гімназіі замест 4 страфы спявалася 1-ая, прычым словы «зладзеяў пабіць» былі замененыя на словы «навуку здабыць». Пра гурток БСРГ у беларускай гімназіі я не чула.
Сведка Эма Залкінд у адказах на пытанні бакоў засведчыла: Акіньчыца апошні раз бачыла каля 14 снежня 1926 г. на сядзібе Цэнтр. Сакр. БСРГ. Перад гэтым Акіньчыц з Вільні не выязджаў і штодня прыходзіў у Цэнтр. Сакр. Аднойчы быў на агульным сходзе цэнтральнага гуртка БСРГ у Вільні, у той час калі адбываліся выбары ў прэзідыум гэтага гуртка. Выбары адбываліся такім чынам, што выстаўляліся кандыдатуры сябры прэзідыуму абіраліся шляхам публічнага галасавання. Хто кіраваў гэтым сходам, не памятаю, магчыма, Акіньчыц, бо прамаўляў найдаўжэй. У прэзідыум былі абраныя Акіньчыц як старшыня і Крук як скарбнік. Акіньчыц пісаў інтэрпеляцыі па справе катавання ўладамі палітычных вязняў. Колькі было інтэрпеляцый, не памятаю.
Сведка Эма Залкінд вызваляецца.
Недзе ў гэтыя ж дні друкуецца ейны пераклад з ідыш (пакуль што адзіны мною знойдзены): у грамадоўскай газеце «Рэха Працы» па-беларуску з’яўляецца апавяданне «Стары працаўнік» знакамітага койданаўца Абрама Рэйзена.
Ёй 19-20 гадоў, а як шмат усяго за плячыма: далучэнне да беларускага руху, тэатральныя поспехі, праца ў эпіцэнтры палітычных падзей, штабе БСРГ, складанне, як цяпер бы сказалі, маніторынгу парушэнняў правоў чалавека і базы палітычных зняволеных. Зрэшты, наперадзе — універсітэт.
У міжваенны час вучоба ў Віленскім універсітэце была платнай і атрымаць самую магчымасць вучыцца, адпаведна, было крайне складана. Для большасці віленцаў, балазе — вельмі небагатых выпускнікоў Беларускай гімназіі — гэта былі непад’ёмныя грошы. Адна з каляжанак Эмы, Анэля Катковіч, у сваіх мемуарах успамінае, як плакала, не ведаючы, дзе дастаць грошы, каб заплаціць хаця б за першы курс.
Згубіць жа згаданую магчымасць можна было надзвычайнай лёгка, як лёгка было і «зрэзацца» на іспыце, таму і архіўныя справы стракацяць шматлікімі заявамі на пераздачы і ўрэшце «пасведчаннямі адыходу» тых, хто не здолеў прайсці шлях да канца.
Заява на паступленне і пакет дакументаў быў прынесены Эмай Залкінд 20 верасня 1930 года, а 6 снежня яна была залічаная на гістарычнае аддзяленне Факультэта гуманітарных ведаў Універсітэта Стэфана Баторыя, дзе і правучылася наступныя чатыры гады, да выпуску ў 1934-м.
Анкета Эмы Залкінд пры паступленні ва ўніверсітэт
Мяркуючы па дакументах, з грашыма было яўна складана. Сакратарыят Грамады і большасць беларускіх арганізацый на той момант ужо знішчаныя альбо рыхтуюцца да закрыцця. Прафесійнай акторкай Залкінд, наколькі ёсць інфармацыі, не стала, адпаведна, ад акторскай дзейнасці заробку не атрымлівала. Сітуацыю крыху прасвятляюць радкі даведкі, атрыманай 12 кастрычніка 1931 года.
«Пасведчанне аб незаможнасці. Камісарыят г. Вільні сцвярджае, што Эма Залкінд, дачка Ноаха, нар. у Вільні ў 1909 г., што жыве па вул. Навагрудскай 6, грамадзянка Польшчы, нерухомасцю не валодае, зарабляе як прыватная настаўніца 100 зл. у месяц, з чаго ўтрымлівае маці-ўдаву і брата, іншага даходу не мае. Выдадзена для адтэрміноўкі аплат акадэмічных».
Прыватныя ўрокі, рэпетытарства для многіх тагачасных віленскіх беларусаў сталі адзінай крыніцай прыбытку і ўрэшце магчымасцю набыць вышэйшую адукацыю.

Эма Залкінд — сябра Беларускага Студэнскага Саюза
У артыкулах пра Беларускі Студэнцкі Саюз Эма Залкінд згадваецца рэдка, аднак жа на фота яе можна знайсці. Напрыклад, на агульным здымку сябраў Ураду Беларускага Студэнцкага Саюза ад 1932 года. Безумоўна, абранне яе ва Урад сведчыць пра аўтарытэт, які мела Эма сярод дзясяткаў студэнтаў-беларусаў.

Урад Беларускага Студэнцкага Саюза, 1932 г., сядзяць (злева направа): Эма Залкінд, Эрвін Кашмідэр (прафесар-куратар ад універсітэта), Марыя Мілюць, Станіслаў Станкевіч. Стаяць: Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар Ільяшэвіч
Ва ўніверсітэце Эма дбайна наведвае гістарычны семінарый прафесара Станіслава Касцялкоўскага, вядомага гісторыка-гарадзенца дастаткова ліберальных, як на агульную сітуацыю, краёвых поглядаў. Вакол яго збіраюцца многія маладыя вучоныя, у тым ліку беларускага паходжання, пішуць магістарскія і доктарскія дысертацыі. Вырашае выходзіць на абарону магістарскай і Эма Залкінд. Тэма, дадзеная ёю прафесарам, — эканоміка горада Аліты (цяперашні Алітус, Літва) у XVIII ст.

Прафесар Станіслаў Касцялкоўскі — навуковы кіраўнік Эмы Залкінд
Шлях да абароны быў доўгім, ад моманту паступлення да абароны прайшло восем гадоў. Для таго, каб атрымаць магчымасць выйсці на абарону Эма Залкінд здала шэсць магістарскіх экзаменаў: па гісторыі Старажытнасці, Сярэднявечча, Новага часу і сучаснасці, метадах гістарычнага даследавання і крыніцазнаўстве ў кантэксце гісторыі Польшчы, галоўных прынцыпах філасофскіх навук і, наастачу, экзамен непасрэдна па тэме дысертацыі — паглыблены іспыт па гісторыі гарадоў з агульнай перспектывай гарадоў Польшчы. Некаторыя іспыты яўна даваліся нялёгка, асабліва, калі прымаў іх не прафесар Касцялкоўскі, таму даводзілася іх пераздаваць зноў і зноў.
Урэшце ў 1938-м Эма Залкінд становіцца «магістаркай філасофіі ў галіне гісторыі», як тады гучала гэта ў дыпломе. Дысертацыйная праца ейная сёння захоўваецца ў Літоўскім цэнтральным дзяржаўным архіве, і чытаецца цікава.
Магістарскі дыплом Эмы Залкінд
Аўтарка, як падкрэслівае ў сваім станоўчым водгуку прафесар Касцялкоўскі, нароўні з працай у архіве, карыстаецца ледзь не ўсімі наяўнымі друкаванымі крыніцамі, дзе згадваецца Аліта. Апрача таго, стварае пайменны спіс усіх жыхароў-габрэяў з пазначэннямі адрасоў, дзе стаялі іх дамы. Робіць спісы ўраднікаў і ўладароў Аліты, вызначае аб’ём і характар сплочаных жыхарамі падаткаў.
Да канца польскага панавання ў Вільні заставаўся год. Звесткамі пра тое, як правяла гэты год Эма Залкінд, я, на жаль, не валодаю. Але ў 1939-м, калі Барыс Кіт пасля ўключэння Вільні ў склад Літвы перавозіць у Наваградак львіную долю навучэнцаў і абсталявання Віленскай беларускай гімназіі, ён запрашае ў настаўніцы і Эму Залкінд.

Наваградская беларуская гімназія, 1939 год. Каля дошкі — дырэктар Барыс Кіт. Фота: nashaziamlia.org
Аднакласнік Эмы Леанід Галяк у сваіх эміграцыйных успамінах кіне пра яе лаканічнае «пры саветах была вельмі актыўнай актывісткай». Што маецца на ўвеце, у чым гэта праяўлялася, ці было так насамрэч? З гэтым яшчэ трэба разбірацца.
Адзіны дакумент з тых часоў, які мне ўдалося знайсці, — спіс настаўнікаў і вучняў 1-й Наваградскай беларускай гімназіі, рэкамендаваных камсамольска-партыйнай групай да паездкі на ялінку ў г. Пушкін Ленінградскай вобласці 22 снежня 1939 г. Эма Залкінд, «з працоўнай інтэлігенцыі», там другім нумарам, але першым — Аляксандр Орса, выкладчык-беларус, будучы дырэктар Беларускай гімназіі ў Рэгенсбургу, заснавальнік БАЗА, БІНІМ і міністр асветы ва ўрадзе БНР. Таму сам факт гэтай паездкі мала што значыць. Захоўваецца дакумент у базе арганізацыі «Яд Вашэм».
Дакумент з «Яд Вашэм»
З прыходам немцаў, відавочна, страцілі ўсялякае значэнне самавызначэнне Эмы Залкінд як беларускі, удзел у беларускім тэатры, у беларускай палітыцы, выкладанне ў беларускай школе. Вычарпальна і ашчадна на словы паведамляе пра апошнія дні нашай гераіні картатэка Адольфа Клімовіча:
«ІІ сусветная вайна і пэрыод нямецкай окупацыі застала Эмму З. у Вільні. Ратуючыся ад зразумелай для яе небяспекі, яна ўцякла з Вільні ў Наваградак; беларусы колькі маглі ратавалі яе. Выпадак аднак яе выдаў (яна мела выразныя сэміцкія рысы твару) і Эмма З. згінула ахвярай гітлераўскага нацызму».
Каротка пацвярджае тое, што Эма стала ахвярай Халакосту, і мемуарыст Галяк. На жаль, абедзве крыніцы не падаюць нават прыкладнай даты смерці Эмы Залкінд. Магчыма, якія-кольвечы звесткі можна знайсці ў дакументах часоў нямецкай акупацыі Наваградчыны. Пошукі трэба працягваць.
Ціхан Чарнякевіч, Budzma.org