Гендарная даследчыца Алена Агарэлышава ў інтэрв’ю Филину паразважала пра тое, чаму рэжым Лукашэнкі «не заўважае» ў беларускай гісторыі жанчын.
Новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску ўпрыгожаць барэльефамі з героямі розных эпох. Гэтыя постаці беларускія ўлады абвесцілі ні больш, ні менш, як пантэонам нацыянальных герояў. Але спіс гэты выклікае мноства пытанняў.
Згадаў пра яго Аляксандр Лукашэнка на вераснёўскай сустрэчы з ідэалагічным актывам: маўляў, трэба разумець, хто герой, хто вораг, «акцэнты мусяць быць зробленыя выразна і пажадана без паўмер».
Неўзабаве ідэалагічна вывераны пантэон быў сабраны.
Барэльефаў усяго шэсць. На першым змесцяць стылізаваныя партрэты крывічаў, дрэгавічаў і радзімічаў, як іх уяўляюць скульптары, на астатніх пяці — 55 бронзавых постацяў гістарычных асоб, ад сярэднявечча да сучаснасці. Імёны гэтых асоб, праўда, не ўсе, былі названыя ў тэлевізійным эфіры.
Практычна ніякага ВКЛ, ніякай БНР, ніякага паўстання Каліноўскага — складальнікі спіса лёгкай рукой «выкрэслілі» з айчыннай гісторыі цэлыя стагоддзі і ўсе нязручныя як для Мінска, так і для Масквы імёны.
А яшчэ з паўсотні постацяў толькі 5 (пяць) жаночых: Еўфрасіння Полацкая, Рагнеда, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Вера Харужая, Стэaанія Станюта. За ўсю гісторыю.
Так ідэолагі адлюстравалі Беларусь з 1917 па 1991 год. Скрыншот тэлеканала СТБ
А як жа князёўна Анастасія Слуцкая, пра якую здымалі «першы нацыянальны блакбастар» — усё, ужо не гераіня?
Падпольшчыца Алена Мазанік, пра подзвіг якой так змат распавядалі савецкія падручнікі, ужо не легендарная? Як так?
Алена Аладава, Надзея Хадасевіч-Лежэ, Алена Кіш — не вартыя мастака Савіцкага?
Прамаўчым ужо пра Эмілію Плятэр, Палуту Бадунову, Рохлю Фрумкіну, спартсменак, дабрачынніц, медыкаў, дзяячак навукі.
Лукашэнка шматкроць называе сябе «жаночым прэзідэнтам», падкрэслівае сваё нібыта асаблівае стаўленне да жанчын, любіць прымазвацца да ўсіх перамог беларусак, напрыклад, у спорце. Але ж словы, як часта бывае, моцна разыходзяцца з рэальнасцю. Што ўхвалены ўладамі «пантэон герояў» кажа пра рэальнае стаўленне рэжыму да беларусак?
— Мы не ведаем, як ствараўся гэты пантэон, — зазначае ў гутарцы з Филином гендарная даследчыца Алена Агарэлышава. — Ці то гэта была адмысловая камісія, ці проста рандомнаму чалавеку далі заданне, якое мусіла быць зроблена яшчэ ўчора, і той уначы што ўспомніў, тое напісаў.
Другі варыянт наўрад ці, але правалы ў гісторыі відавочныя. Так, паміж Еўфрасіняй Полацкай і Цёткай ажно сем стагоддзяў — і што, за гэты час не было ніводнай жанчыны, вартай ушанавання ў пантэоне?
Алена Агарэлышава распавядае пра такую міждысцыплінарную галіну, як гендарная гісторыя — спроба паглядзець на інтэрпрэтацыю гісторыі з гендарнай перспектывы. Чаму захавалася так мала згадак пра жанчын?
Фактычна да ХХ стагоддзя не толькі ў Беларусі, а ў многіх краінах свету жанчыны былі менш бачнымі — проста таму, што пераважна займаліся прыватнай сферай, гаспадарылі, гадавалі дзяцей, пакуль хтосьці іншы атрымліваў адукацыю і ўдзельнічаў у публічным жыцці.
— Гэта яшчэ і пытанне ракурсу, што мы вылучаем як важнае: бітвы, палітычныя рэформы, геніяў і іх геніяльныя творы. А як наконт жыцця людзей? — гаворыць даследчыца.
Атрымліваецца, што гісторыя — заўсёды пра тых, хто мае ўладу, часцей за ўсё, пра мужчын, але яшчэ пра людзей з больш прывілеяваных слаёў. Умоўна, нашмат больш вядома пра каралёў і шляхту, і толькі потым пра мяшчан і сялянства агулам, амаль без згадак пастацяў і асобаў.
За гісторыяй асобаў і сем’яў прапаную зазірнуць у архівы: за царкоўнымі і судомымі звесткамі паўстаюць чалавечыя жыцці і лёсы. Чаму б гэтым не займацца на ўроках гісторыі?
Калі казаць пра выбітных сучаснікаў і сучасніц, на думку нашай суразмоўцы, у абмеркаванні мусіць браць удзел шырокая грамадскасць. Што да стварэння пантэону гістарычных асоб, тут, натуральна, першае слова за навукоўцамі і даследчыкамі — але ў кожным разе крытэры вылучэння гэтых герояў мусяць быць празрыстымі і зразумелымі. Інакш усе гэтыя алімпы будуць суб’ектыўнымі.
— Не абавязкова вынаходзіць ровар, можна паглядзець, як спраўляліся з падобнай задачай іншыя краіны. Ёсць не адзін і не два пантэоны нацыянальных герояў, і звычайна па кожнай асобе ідзе тлумачэнне, абгрунтаванне, чаму гэты чалавек туды далучаны ці вылучаная.
Франтон Парыжскага пантэона. У Францыі апошнія 20 год пад ціскам грамадскасці ідзе фемінізацыя пантэона і далучэнне шэрагу выбітных жанчын да ліку нацыянальных герояў. Фота з адкрытых крыніц
— З ушанаваннем памяці жанчын у нас, скажам шчыра, не вельмі. Напрыклад, з тысячы мінскіх вуліц толькі 18 носяць імёны жанчын, у Гродне — 12 з амаль 800, у Гомелю — 6. Не лепш і з помнікамі. На вашу думку, каму з беларусак мусяць быць помнікі на радзіме?
— Гэта будзе вельмі суб’ектыўны спіс. Калі казаць пра мой асабісты топ-10 — яго адкрые Рагнеда. Разумею, што ўжо набіла аскому, і помнік у Заслаўі ёсць, але Рагнеда была вельмі нетыповым персанажам у сваім часе, раннім сярэднявеччы, не «вельмі добрым», але, так бы мовіць, з моцнай персаналіці. Чым працягвае многіх натхняць.
Па класіцы, таксама гэта Еўфрасіння Полацкая — дзяўчынка, якая хіба што памятаючы жыццёвы шлях прапрабабулі Рагнеды, і тое, якія складанасці могуць быць з гэтым вашым сямейным жыццём, сказала «не хачу жаніцца, а хачу вучыцца». І стала асветніцай, грамадскай дзяячкай, заснавальніцай і кіраўніцай манастыра, прасоўвала навукі, падарожнічала — гэта вельмі натхняльны шлях. (Дзеля справядлівасці — Еўфрасінні пастаўленыя ў Беларусі два помнікі, у Мінску і Полацку — Ф.).
Потым, напэўна, Саламея Русецкая, адна са знакамітых лекарак Сярэднявечча. Эмілія Плятэр, якая была не толькі адважнай ваяркай, але і была збіральніцай фальклору, вельмі добра спявала.
Каміла Марцінкевіч, каго можна назваць адной з першых беларускіх феміністак, грамадская дзяячка, якая падтрымлівала ўдзельнікаў паўстання Каліноўскага.
Алена Кіш — мастачка, якая праславіла Беларусь маляванымі дыванамі і якая да сёння, на маю думку, недастаткова ацэненая.
Наталля Арсеннева — па паходжанні не беларуска, яе бацькі з Расеі, але ў Віленскай гімназіі, відаць, панахваталася гэтай нашай беларушчыны. Словы яе верша «Магутны Божа» прапаноўваліся у якасці гімна для незалежнай Беларусі пасля распаду СССР . Мяне натхняе, што яна пражыла яскравае жыццё і паказала: беларуская справа — гэта не заўсёды мусіць быць пакута, барацьба і гараванне.
Яшчэ адзін, зусім адрозны лёс, і постаць, вартая ўшанавання — Ларыса Геніюш. Лёс паэткі, пісьменніцы, палітыка быў цяжкі, але яе «Споведзь» — гэта надзвычай каштоўнае сведчанне часу.
Помнік Ларысе Геніюш у Зельве
Таксама дадам Палуту Бадунову, адзіную жанчыну-міністарку ў БНР, з надзвычай складаным жыццёвым шляхам.
А напрыканцы назаву, можа, крыху нечаканую асобу — Юліяну Вітан-Дубейкаўскую. Яна ўвогуле немка, але яна жыла ў Вільні на пачатку ХХ стагоддзя, дзе, як мы бачым з папярэдніх прыкладаў, беларускасць дзесьці лётала паветры.
Яе прыклад яшчэ адзін доказ, што прыналежнасць на Беларусі — гэта пра выбар і пакліканне, а не пра генэтычныя тэсты.
Юліяна сустракалася з Іванам Луцкевічам, была грамадскай дзяячкай і мастацтвазнаўцай, яна занатавала ў сваіх мемуарах увесь наш беларускі варушняк таго часу. Праз гэтыя запісы бачна, што нашыя іконы нацыянальнага руху былі яшчэ і людзьмі, асобамі са сваімі пачуццямі, слабасцямі і моцнымі рысамі.
Памяць — гэта не пра гендарныя квоты, зазначае Алена Агарэлышава. Яна пра тое, каб глядзець шырэй на тое, каго мы хацім бачыць на старонках беларускай гісторыі. І хто гэтыя «мы»? І у каго ёсць улада вырашаць, каму месца на старонках гісторыі.
— Да Другой сусветнай вайны чвэрць насельніцтва Беларусі былі габрэі, і вельмі шмат у палітычным, культурным жыцці рабілася імі. Было безліч жаночых арганізацый, дабрачынных ініцыятыў і г.д.
Як мы іх успрымаем — як прадстаўнікоў і прадстаўніц іншага этнасу, якія жылі на нашай зямлі, ці падыходзім на беларускага пантэону інклюзіўна, не зважаючы на этнас і нацыянальнасць. Тады на старонках беларускай гісторыі знойдзецца месца для прадпрымальніцы Рохлі Фрумкінай ці палітычнай актывісткі Марыі Школьнік.
— Яшчэ адзін вельмі важны пункт — каб жанчыны на старонках гісторыі разглядаліся не толькі як чужыя жонкі і родныя. Наталля Арсеннева — больш, чым жонка Францішка Кушаля. Паўліна Мядзёлка — не толькі каханка і муза Янкі Купалы, але і амбітная грамадская дзяячка. Бэла Шагал — пісьменніца і перакладчыца.
Якое дачыненне маюць асабістыя дзеннікі полькіх шляхцянак да гісторыі Беларусі? А калі гэтыя шляхцянкі жылі на тэрыторыі Беларусі і прымалі непасрэдны ўдзел у гістарычных падзеях?
— Праз дзённікі Людзвікі Ямант ці Марыі Багушэвіч мы маем магчымасць пераадкрываць для сябе выдомыя гістарычныя падзеі, — кажа даследчыца. — Напрыклад, паўстанне Каліноўскага — гэта не только пра месцы бітваў і імёны вайскоўцаў. На забеспячэнне паўстання працавала вялікая грамадская інфраструктура, у якой былі задзейнічаныя і жанчыны, якія і ызыкавалі сваім жыццём, і шмат што страцілі праз падтрымку вызвольнага руху.
У 2020 годзе, па сутнасці, адбылося тое самае: беларускі не адседжваліся па кухнях, куды жанчын упарта адпраўляе рэжым, не чакалі «пакуль неяк утрасецца», а разам рабілі гісторыю. І цяпер жаночы досвед, пераслед актывістак, сведчанні вязынак — неад’емная яе частка.