Што застанецца пасьля нас?

Уласьцівасьць кожнага пакаленьня — быць упэўненымі ў сваёй выключнасьці і ў змозе зрабіць, урэшце, тое, чаму не далі рады ўсе папярэднія пакаленьні. Патлумачыць гэта нескладана: ці шмат дурняў знойдзецца класьці жыцьцё на тое, пасьпяховага выніку чаго ты пры жыцьці не пабачыш — дый калі яшчэ й невядома дакладна, ці той пасьпяховы вынік наагул будзе? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік корпаецца ў сваіх выцьвілых ад часу ўспамінах, выцягваючы зь іх пытаньні, адказы на якія шукаць неяк страшнавата.

Я прыйшоў у беларускі рух у 1997 годзе. Мне тады было 15. Вядома ж, юнацтва — гэта, бадай, самы пазытыўны мастак, які заўжды расквечвае ўсё навокал самымі сьветлымі фарбамі. І дрэвы вышэйшыя, і трава зелянейшая — вось гэта вось усё.

Аднак прынамсі адзін успамін з тых часоў у мяне мае нейкі невыразны колер, бляклы й выцьвілы, нібы пакрыты пылам. Памятаю, на Ўправе БНФ, дзе ў нас, маладафрантоўцаў, таксама адбываліся паседжаньні, у каморцы ля сьцяны гадамі ляжалі нікому не патрэбныя кніжкі. Гэта былі самыя розныя выданьні беларускай паваеннай эміграцыі. Сіратлівыя «Змагарныя дарогі» Кастуся Акулы стаялі крывым слупком, замінаючы хадзіць, і неўпрыкмет пакрываліся пылам, адразу й не заўважным на цьвёрдай шэрай вокладцы.

Valiera-Rusielik-1999.jpgВалера Руселік на Ўправе БНФ у Гродне, 1999 г. Зьлева ў кадры —  дзьверы ў камору, дзе ляжалі кнігі

Адну з тых кніг тады я ўзяў дадому, але да канца «Змагарныя дарогі» гэтак і не дачытаў. Можа, замалады быў для гэткай літаратуры (хаця Фэнімора Купэра, Джэка Лёндана, Айзэка Азімава ды іншых тады чытаў літаральна нагбом). А можа — папросту было не цікава. Не актуальна. Дый дзе там месца для мэмуараў пра Беларускую Краёвую абарону і краіну часоў нямецка-савецкае акупацыі, калі літаральна за вакном — сапраўдны вір падзеяў! Вось жа ж тут, у пратэстах супраць рэжыму, які захапіў уладу й цягне Беларусь у расейскае балота, а таксама ў нашай новай Беларусі, якую мы, дзёрзкія зялёныя юнакі, самыя сабе прыдумляем і ствараем — вось тут была нашая ўвага. Вось гэта нам было тады актуальна, а ня нейкія там пакрытыя пылам мэмуары невядомых нам эмігрантаў.

Raman Kastusia Akuly «Zmaharnymi darohami»
Раман Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі»

Дарэчы, наконт актуальнасьці/неактуальнасьці эміграцыі маю яшчэ адзін успамін — ужо зь 2006-га. На старонках тагачаснай, яшчэ папяровай і яшчэ на тарашкевіцы, «Нашай Нівы» тады разгарнулася дыскусія вакол адвечнага беларускага пытаньня: «Што рабіць, калі нікому вакол нічога ня трэба?». Спачатку ў выданьні зьявілася публікацыя «Ратаваньне нацыі, ці Эміграцыя», аўтарка якой сьцьвярджала:

«Можна эміграваць, каб празь нейкі час пачаць свой маленькі бізнэс, пасьля зь яго зрабіць вялікі. Ці атрымаць добрую адукацыю і займацца беларускімі праблемамі навукова. Можна стварыць беларускі асяродак і займацца грамадзянскай адукацыяй беларускай моладзі, рыхтаваць беларускую эліту на эміграцыі. Карацей, ствараць інтэлектуальную і фінансавую эліту да тых часоў, калі яна спатрэбіцца беларускаму народу.

Апатыя праходзіць — раней ці пазьней. Беларускія эліты сёньня ня могуць выцягнуць з гэтага стану грамадзтва, якое гэтага не жадае. Таму час на выцягваньне таго, што выцягнуць немагчыма, лепш выкарыстаць для падрыхтоўкі таго моманту, калі грамадзтва ўсё ж вырашыць, што яно хоча зьменаў. Тады будуць патрэбны грошы й сувязі, каб падтрымаць зьмены...»

Сёньня, амаль праз 20 гадоў пасьля публікацыі гэтага тэксту — толькі ў мяне адчуваньне дэжавю?

Дык вось, неўзабаве ў «Нашай Ніве» тады зьявіўся аб’ёмісты і куды больш рэзкі адказ адказ — «Бяз вас»:

«З досьведу Цэнтральнай Эўропы ХХ стагодзьдзя і з нашага найноўшага досьведу зразумела — Беларусь можна зрабіць свабоднай толькі знутры Беларусі.

Усе гэтыя фразы аб «захаваньні эліты», бо сам народ «жадае замбавацца», — гэта толькі фігавы лісток, што прыкрывае простае апраўданьне ўласнай баязьлівасьці, ці псыхалягічнай стомленасьці, ці няздольнасьці пэўнай часткі маладых па-іншаму змагацца ва ўмовах відавочнай перавагі сілаў рэжыму (і на працягу невядома колькіх гадоў!), а таксама нежаданьня ўпускаць тыя мажлівасьці, што дала папярэдняя праца ў руху. Гэтыя людзі згубіліся недзе ў расколіне паміж сваім імкненьнем добра жыць і сваімі ідэаламі, адстойваць якія штодня цяжка. [...]

Панове былыя маладыя лідэры, а цяпер добраахвотныя эмігранты! Калі на сёньня вы прайгралі і ня можаце ўладкавацца ў цяперашняй Беларусі — гэта бяда, якая з кожным з нас можа здарыцца. Едзьце, вас ніхто не трымае і не асуджае! Аднак ня трэба недарэчных апраўданьняў пра ратаваньне гонару нацыі ў эміграцыі.

Мы — ня першая і не апошняя старонка тысячагадовай гісторыі Беларусі. Не на нас яна пачалася і ня ў нас заключана. І таму ня трэба замыкаць увесь шматвяковы супраціў на асобах няспраўджаных лідэраў.

Эліта — заўжды з нацыяй, прымае яе беды, трагедыі і яе посьпехі як свае асабістыя. У лепшым выпадку вы цяпер — толькі элемэнт у вялікім мэханізьме змаганьня. Гэта ваша плата за той дабрабыт, які атрымоўваеце там замест непазьбежных праблемаў ад супрацьстаяньня рэжыму тут.

Яшчэ адно дэжавю, праўда?

Памятаю, тое сьцьверджаньне-вырак «Бяз вас» тады моцна рэзанула па сэрцы, пакрыўдзіла. Апублікаваны гэты тэкст быў 24 сакавіка 2006 года — як раз-ткі тады, калі ўначы ў цэнтры Менску толькі-толькі была разагнаная амапаўцамі Плошча Каліноўскага. Ня ведаю, ці быў аўтар «Бяз вас» сярод абаронцаў намётавага мястэчка, а вось я быў. Прыехаў тады зь Вільні, дзе навучаўся быў у ЭГУ, у Менск — яшчэ напярэдадні выбараў. Затым яшчэ некалькі месяцаў заставаўся ў Горадні, спрабуючы акрыяць пасьля сьцюдзёных дзён і начэй на менскай Плошчы. Дый у маім родным горадзе тады як раз разгортвалася «бульдозэрная рэканструкцыя», якой мы зь сябрамі чынілі супраціў — ад напісаньня асьветніцкіх матэрыялаў да кіданьня пад экскаватары, каб спыніць руйнаваньне старажытных падмуркаў. Карацей, было крыху не да навучаньня. І тут — «бяз вас»... Крыўдна было, вядома ж.

Valiera Rusielik
Валера Руселік — на другім пляне ў цэнтры, у коле варты намётавага мястэчка, недзе 20-23 сакавіка 2006 г, Плошча Каліноўскага, Менск). Фота зь першай старонкі 13-га нумара «Нашай Нівы» — наступнага пасьля нумару, дзе быў апублікаваны артыкул «Бяз вас»

Сёньня, назіраючы за ўсімі гэтымі цяперашнімі сваркамі, звадамі і крытыканствам, якія, па-сутнасьці, адбываюцца на пустым месцы і адно атручваюць нашую грамаду, робяць нас слабейшымі, я раз-пораз вяртаюся ў думках амаль на трыццаць гадоў назад — у цесную камору гарадзенскай Управы БНФ да зваленых ля сьцяны нікому непатрэбных шэрых «Змагарных дарогаў». І задаюся пытаньнямі, на якія страшнавата шукаць адказы.

Ці актуальныя мы яшчэ для Беларусі, якая, безумоўна, пражыве і бяз нас? Ці не ператварыліся яшчэ ў стосы неактуальных і нікому на Радзіме непатрэбных эміграцыйных выданьняў? Што застанецца пасьля нас акрамя пылу ўсіх гэтых сварак, разборак і скандалаў?

Як думаеце?

Валера Руселік, Budzma.org