Гэтая жанчына ў пачатку сваёй кар’еры працавала ў раённай паліклініцы, а пасля стала легендай беларускай афтальмалогіі і першай жанчынай-прафесарам у Беларусі. Сярод іншага, Таццяна Бірыч выпрацавала ўнікальны для свайго часу метад узнаўлення зроку, які дазволіў праводзіць складаныя хірургічныя аперацыі на вачах. Гэта быў не адзіны навуковы прарыў у яе кар’еры — апроч таго, яна была выдатным практыкам. Напрыклад, запачаткавала кабінеты па падбору кантактных лінзаў у Мінску. Яна казала: «Чалавек мусіць бачыць».
Таццяна Бірыч. Крыніца: rsml.by
На адукацыйнай платформе «Васьміног» выйшаў навучальны курс пра дзесяць малавядомых беларускіх жанчын ХІХ-ХХ стагоддзяў. Яны зрабілі значны ўплыў на развіццё культуры, навукі і іншых сфераў дзейнасці ў Беларусі, аднак цяпер малавядомыя шырокай аўдыторыі. Разам са стваральніцай курса Лікай Юр’евай «Будзьма» распавядае пра гэтых жанчын.
Таццяна Бірыч нарадзілася 10 студзеня 1905 года ў невялікай вёсцы Лошніца Барысаўскага раёна, тут цяпер вісіць мемарыяльная шыльда ў яе гонар. Дзяўчынка з дзяцінства любіла быць сярод лекараў: ейная маці Марыя Лявонцьеўна была акушэркай. Натхнёная яе прыкладам, Таццяна таксама вырашыла стаць лекарам. Усё жыццё яна займалася тэорыяй і практыкай афтальмалогіі, хаця першапачаткова цікавілася спецыяльнасцю «вуха-горла-нос».
Таццяна Бірыч за работай. Крыніца: rsml.by
У пачатку сваёй кар’еры жанчына працавала акулісткай у раённай паліклініцы Барысава. Пазней скажуць, што ў кожным афтальмалагічным аддзяленні розных паліклінік у краіне будуць працаваць ужо яе вучні. Таццяна Васільеўна вучылася зацята — скончыла аспірантуру пры Беларускай акадэміі навук, стажыравалася ў Маскоўскім медыцынскім інстытуце, Адэскім навукова-даследчым інстытуце хвароб вачэй і стала першай беларуская жанчынай, якой было прысвоена вучонае званне прафесара.
Вайну лекарка сустрэла з двухгадовай дачкой Тамарай на руках. Пазней дзяўчынка пойдзе па слядох маці і стане прафесаркай-афтальмолагам, таленавітай мікрахірургіняй. Муж Таццяны — партыйны дзеяч Андрэй Шынкевіч — быў рэпрэсаваны ў 1938 годзе, яшчэ да нараджэння дачкі, і загінуў у высылцы. На жаль, яго рэабілітавалі толькі пасля смерці Сталіна.
Афтальмолагі Бірычы, маці і дачка. 1960-я. Крыніца: TUT.BY
Падчас Другой сусветнай вайны Таццяна Бірыч працавала ў Саратаве, была начальніцай вочнага аддзялення вайсковага шпіталя, а таксама кансультавала эвакуацыйны шпіталь.
Усю вайну яна лячыла параненых салдатаў, якія гублялі зрок праз атручванне метылавым спіртам. Каб пераадолець гэтую праблему, Таццяна Бірыч першай у свеце прымяніла метад аксігенатэрапіі — гэта такі спосаб, калі пад слізістую вочнага яблыка ўводзяць ін’екцыі кіслароду. Цікава, што спачатку яна праверыла гэты метад на сабе. Гэта дазволіла выратаваць зрок тысячам людзей, хаця цяпер гэтыя інавацыйныя на той час метады лічацца састарэлымі.
На сабе лекарка выпрабавала і лячэнне сухотаў вачэй.
Пасля вайны Таццяна Васільеўна ўладкавалася на кафедру вочных хвароб Мінскага медычнага інстытута, дзе прапрацавала 40 гадоў. Яна спрыяла таму, каб у Беларусі з’явіліся першыя пункты прафілактыкі і лячэння «лянівага вока» і касавокасці, кабінеты для падбору і вырабу кантактных лінзаў. Таксама даследавала ўздзеянне радыяцыі на чарнобыльцаў.
Таццяна Васільеўна з пацыентам. Крыніца: medvestnik.by
Таццяна Бірыч абараніла 4 доктарскія і 12 кандыдацкіх дысертацый, напісала 250 навуковых прац, 2 даведнікі для лекараў, 2 падручнікі ў галіне вочных хваробаў для сярэдняга персаналу і адзін для студэнтаў ВНУ. Ёй выдалі тры аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтвы ў СССР і восем патэнтаў на вынаходніцтвы ў Беларусі.
Яна ведала некалькі моваў, а выкладаць любіла па-беларуску, пераконвала, што так цікавей: «Як будзе па-беларуску «радужная оболочка»? Вясёлкавая абалонка. Бачыце — гэта весела».
Таццяна Васільеўна распавядае пра працу — верагодна, студэнтам. Крыніца: rsml.by
Аднойчы яе вельмі хваліў іншы прафесар і нават даслаў ёй тэлеграму, у якой віншаваў з дасягненнямі. Аднак усе звароты ў ім былі ў мужчынскім родзе. Тады лекарка адправіла яму паштоўку, дзе напісала ўсяго два словы: Таццяна Бірыч.
Адзін з яе вучняў узгадваў:
«Яна ніколі нікога не пакрыўдзіла, ніколі ні на каго не насварылася, ніколі нікога не абгаварыла. Калі нешта ёй не падабалася, нешта было не так, яна на гэта ўказвала мякка і далікатна, пасля яе «ўшчуванняў» не рабілася ні сорамна, ні няёмка, а хацелася тут жа адразу ўсё выправіць і рухацца далей. І што б ні гаварыла, гэта ўсё былі фразы, якія ператвараліся ў цытаты, а часам і ў лозунгі. Калі Таццяна Васільеўна так сказала, значыць, так і павінна быць. Мы былі рады таму, што яна ў нас ёсць».
Кніжка Таццяны Бірыч з яе аўтографам. Крыніца: warmuseum.by
Апроч вывучэння тэорыі, вядома, Таццяна Васільеўна шмат практыкавала.
Яна ўпершыню ў краіне ўжыла пры хірургічным лячэнні катаракты імплантацыю штучнага крышталіка, укараніла новыя спосабы лячэння адслоек сятчаткі і шмат якіх іншых захворванняў вачэй.
Таццяна Васільеўна працавала ў трэцяй гарадской клінічнай бальніцы, на шостым корпусе якой цяпер можна знайсці мемарыяльную шыльду ў яе гонар. У архівах захаваліся лісты падзякі, якія пісалі ёй пацыенты. Адзін з іх дзякуе лекарцы, якая «адкрыла яму зрок», іншы — распавядае, як звярнуўся да лекаркі амаль аслеплы, а праз месяц ужо мог добра бачыць. Яшчэ адзін ліст скарае сваёй шчырасцю:
«Да апошніх дзён сваіх, пакуль будзе біцца маё сэрца, я буду памятаць пра Вас як пра нястомнага змаганца за кожны адсотак зроку чалавецтва».
Ліст ад пацыента. Крыніца: medvestnik.by
Лекарка мела і кіраўніцкі талент. Яшчэ пасля вайны яна дапамагала прывесці бальніцу ў парадак. Захаваўся ліст, які яна пісала падчас рэканструкцыі бальніцы. У ім бачна, наколькі скрупулёзна яна падыходзіла не толькі да сваіх прафесійных абавязкаў, але і да рамонту клінікі, ведаючы шмат тэхнічных падрабязнасцяў.
(арыгінал ліста напісаны на рускай мове, таму прыводзім яго без перакладу):
«Почему на чердаке не собирают вытяжную вентиляцию и не устраивают шахты? Для того, чтобы установить оборудование приточной станции, строители должны выстроить камеры и шахты. Почему выстроили вытяжную вентиляцию операционного блока не по проекту? Пусть теперь подумают насчет пульта управления приточной вентиляцией, это должно быть установлено в предоперационной. Чтобы насосы на водопроводе включались и выключались автоматически. Чтобы оборудование устанавливалось с таким расчетом, чтобы не чувствовались шумы и дрожания здания».
У Белдзяржархіве нават захавалася відэа, на якім Таццяна Васільеўна працуе — яму больш за 50 гадоў! Паглядзіце, як апісваюць яе працу тагачасныя журналісты ў выпуску кіначасопіса за сакавік 1951 г. (відэа Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў).
Калегі спадарыні Таццяны ўзгадвалі, што на працоўных пяціхвілінках пасля абмеркавання праблем аддзялення і кафедры лекарка ладзіла і «сямейныя» пяціхвілінкі. Падчас іх усе абменьваліся навінамі пра свае сем’і, дзяліліся радасцямі і праблемамі. Усе ўзгадваюць Таццяну Васільеўну як душэўную жанчыну, якая вельмі любіла тэатр.
Інструменты Таццяны Васільеўны. Крыніца: medvestnik.by
Яна была сяброўкай Міжнароднай арганізацыі дзеля перадухілення слепаты ў свеце і Еўрапейскага таварыства афтальмолагаў. У 1997 годзе Амерыканскі біяграфічны інстытут ЗША і Англіі намінаваў яе на званне «Жанчына года». Таксама імя Таццяны Бірыч ёсць сярод ганаровых грамадзянак Мінска — у гэтым спісе імёны ўсяго толькі чатырох жанчын. Яе імем названая вуліца ў Барысаве.
Дом, дзе Таццяна Васільеўна жыла з дачкой (Мінск, перасячэнне вуліц Карла Маркса і Камсамольскай). Крыніца: TUT.BY
Таццяна Васільеўна памерла ў 1993 годзе, яна пахаваная на Усходніх могілках у Мінску. З помніка на нас дагэтуль глядзіць жанчына са строгім, але добрым позіркам, якая вярнула зрок сотням людзей.
Гісторыю Таццяны Бірыч ды іншых выбітных беларусак можна паслухаць на Spotify.
Ліка Юр’ева, Budzma.org