Як у маладой мастачкі з Рагачова атрымалася пераехаць у Польшчу, наладзіць там бізнес і працаваць з найбуйнейшымі музеямі і галерэямі Варшавы? Каго хутчэй абярэ замоўца выставы, паляка ці беларуса? Чаму ў Польшчы культурнае жыццё віруе, а ў Германіі ўсё спакойна?
Алена Трафімава нарадзілася ў Рагачове. У 2006-м трапіла па абмене ў Акадэмію мастацтваў у Кракаве. На той момант Алена была студэнткай 4-га курса мастацкай акадэміі ў Мінску, але дыпломны год пакінула незавершаным, з’ехаўшы ў Польшчу.
Праз 13 гадоў Алена мае за плячыма паспяховую кар’еру дызайнера. Разам з братам яны займаюцца афармленнем і вырабам канструкцыяў для разнастайных выставаў. Сярод замоўцаў – топавыя музеі і галерэі Польшчы, але дзяўчына плануе развівацца далей і выходзіць на міжнародны рынак.
Як у яе гэта атрымалася?
“Тут усё інакш”
Тут, у Польшчы, усё інакш, чым у Беларусі. Старалася вучыць максімум з таго, што давалі. Сістэма навучання таксама іншая: на “дызайне” не вучышся канкрэтнай спецыялізацыі, але кожны семестр абіраеш кірунак і праект, над якім будзеш працаваць. Я вучыла “прасторавае праектаванне”: гэта і транспарт, і побытавыя прадметы, і інтэр’ерныя рэчы – вельмі розныя напрамкі.
“Вяртацца няма куды”
Думала, павучуся і вярнуся. Сапраўды, калі я скончыла вучобу, была прапанова працы ў Мінску. Я вельмі сур’ёзна да яе паставілася. Акурат 2011 год ішоў. Прыехала ў Беларусь, паразмаўлялі, я сказала, што яшчэ тыдзень падумаю, і назад у Польшчу. І тут на Радзіме крызіс з курсамі валют, цэнамі і г.д. Так мой “тыдзень” і цягнецца дагэтуль. Тады я зразумела, што вяртацца няма куды: у сітуацыі крызісу дызайн – мабыць, апошняе, за што нехта гатовы будзе плаціць.
Пазней я працавала ў розных напрамках на фрылансе, у фірме, якая робіць дэкарацыі для гарадоў і гандлёвых цэнтраў, таксама ў дзяржаўным этнаграфічным музеі.
“Поўнае пагружэнне ў мову”
Мовы я наогул не ведала: дагэтуль была ў Польшчы два тыдні. Мелодыку мовы адно чула. Ва ўсёй акадэміі, калі прыехала, навучалася ўсяго тры рускамоўныя студэнты. Рэшта – палякі і замежнікі па “Эразмусе”. Таму ў мяне было поўнае пагружэнне ў моўнае асяроддзе… Затое праз 2,5 месяцы я ўжо змагла распавесці пра свой праект па-польску: мяне нават зразумелі! (смяецца)
“Я нікога не ведала і мяне ніхто не ведаў”
Калі шчыра, то вельмі стрэсавала спачатку. У Мінску ў мяне было вельмі бурлівае творчае жыццё: падзеі, выставы, фэсты… А ў Польшчы ўсё спынілася! Я нікога не ведала, мяне ніхто не ведаў. Не ведала, дзе і што адбываецца, куды падацца. Зразумела, што патрэбен быў час.
Мантра “Як паехаць у Беларусь”
Тады, у далёкім 2006-м, мяне тут успрымалі як нейкую экзотыку. Падчас размоваў часцяком згадвалі, што ў некага дзед альбо прадзед паходзіць з Беларусі, распавядалі пра нейкія вёсачкі і мястэчкі, пра якія я сама не чула. Казалі, што ў Беларусі не былі ніколі, але хочуць паехаць: я тлумачыла, што гэта нястрашна, можна зрабіць візу і г.д. У мяне нават мантра была завучаная: “Як паехаць у Беларусь” (смяецца).
Руская і ўкраінская мова на вуліцах
Цяпер шмат што змянілася. На вуліцах вельмі часта чую рускую альбо ўкраінскую мову. Калі палякам кажу, што жыву тут ужо 13 гадоў, тыя ставяцца з большым разуменнем, маўляў, і свая ўжо нібыта, прыехала не тыдзень таму на заробкі. Так, адчуваецца нейкая насцярожанасць і незадаволенасць у мясцовых да прыезджых, якія працуюць на Uber ці нейкіх фізічных працах, праўда.
“Замоўца глядзіць на досвед, а не на паходжанне”
У Польшчы, у адрозненне ад Беларусі, безліч дызайнерскіх студыяў, створаных групай сяброў (2-3 чалавекі). Яны праектуюць выставы, інтэр’еры, нешта для прамысловасці – сфера вельмі развітая. Замоўца найперш глядзіць на твой досвед і прадукт, а не на паходжанне. У мяне, напрыклад, шмат досведу ў праектаванні этнаграфічных выставаў, ведаю касцюм і рэгіёны, таму калі будзе выбар паміж мною і палякам, які ў гэтым не разбіраецца, найхутчэй абяруць мяне.
“Беларусы ў Польшчу, палякі ў Лондан”
Вялізны плюс нашага часу ў тым, што можна некуды паехаць, павучыцца, пажыць, паглядзець. Калі не можаш прафесійна рэалізавацца ў Беларусі, не можаш там быць фінансава свабодным – едзеш, напрыклад, у Польшчу. Палякі таксама едуць: у Штаты, у Лондан. Нехта ў Скандынавію на будоўлю, камусьці прапанавалі круты кантракт альбо лабараторыю ў навуковым цэнтры, нехта выйграў стыпендыю. Гэта ж добра!
Павел Шаўцоў: “Зацыкленасць заходнікаў на кар’еры – гэта міф”
“У Германіі ці Аўстрыі мне было б сумнавата”
Мне падабаецца рэалізоўвацца тут, бо сфера культуры ў Польшчы – бурлівая і дынамічная. Тут можна разлічваць на свой крэатыў ды ідэі. Скажам, у Германіі ці Аўстрыі ўсё ўжо больш стабільна, прапісана і выверана: мне сумнавата. У высокаразвітых краінах выстава можа планавацца за 2-3 гады. Але за гэты час ідэі могуць проста састарэць і ты сам як творца не будзеш рады такой выставе: праз 3 гады зрабіў бы яе па-іншаму. Лепш зрабіць нешта і пайсці далей, каб развівацца і выдумляць новае.
“У брата досвед канструявання, у мяне – ідэі”
Наша фірма, якой мы займаемся разам з братам, цяпер фармуецца. У яго ёсць досвед канструявання (нешта зварыць альбо выстругаць), у мяне – ідэі. Мы спалучаем свае кампетэнцыі і працуем удваіх. Але ў залежнасці ад праекта супрацоўнічаем і з іншымі людзьмі: дызайнерамі, партнёрскімі фірмамі. Гэта цэлая сістэма, асабліва калі нешта складанае трэба зрабіць у кароткі тэрмін.
“Нам цікавы ўсходні рынак”
На рынку мы не так даўно: паўтара-два гады недзе. Але маем ужо сваю майстэрню, абсталяванне, сайт, добры пакет замоўцаў. Цяпер працуем для буйных музеяў Варшавы, але плануем пашырацца і на іншыя гарады, таксама і за мяжу. Нам цікавы, напрыклад, усходні рынак, і веданне рускай мовы ў дадзенай сітуацыі – плюс.
650 метраў выставы, прысвечанай старой біжутэрыі
Нашы профільныя замоўцы – музеі і цэнтры культуры. Перыядычна нешта робім для бізнесу. Мэбля, вітрыны, дэкарацыі, офісныя інтэр’еры – каму што трэба. Напрыклад, цяпер працуем над выставай, якая будзе тры месяцы праходзіць на Рынку Старога горада ў Музеі Варшавы. Гэта будзе 650 метраў экспазіцыі, прысвечанай біжутэрыі, якая некалі выпускалася ў польскай сталіцы. Дакументы, іканаграфія, арыгінальныя рэчы – усё будзе. Адкрыццё зусім хутка – 15 траўня.
“Куратар не зразумела, што адбылося, а мы ўжо ўсё вырашылі!”
Не так даўно ў нас была невялікая выстава з коннай скульптурай Пілсудскага. Там яшчэ аказаліся малюнкі, але ў апошні момант мы дазналіся, што іх нельга выстаўляць пры такой колькасці святла. Заўтра адкрыццё! Глядзім, да якой працуе крама з плёнкамі, бяжым, купляем, клеім… не тое! Шукаем спецыяльную плёнку – змяняем… Рашэнне праблемы заняло 4 гадзіны. Куратар выставы была ў шоку: яна наогул не зразумела, што адбылося, а мы ўжо ўсё вырашылі!
“Ёсць 5 ці 6 кампаніяў, якія… прыдумляюць малюнкі для шкарпэтак!”
За 13 гадоў Польшча прайшла вялікі шлях да краіны, камфортнай для жыцця, сям’і, бізнесу. Калі ў 2006-м я апынулася ў Кракаве, то сама сябе перапытала: “Што на што я памяняла?..” Цяпер жа адчыняюцца фірмы, стартуюць праекты, усё віруе і круціцца. Некаторыя хутка раскруціліся і, напрыклад, прыдумляюць моднае адзенне для Еўропы і ЗША.
Адзін з паказальных прыкладаў: 5 ці 6 кампаніяў, якія прыдумляюць малюнкі для шкарпэтак. Яны не займаюцца вытворчасцю, адно дызайнам і рэалізацыяй. А вырабам займаецца польская фабрыка, то бок гэта яшчэ і падтрымка мясцовай прамысловасці! І такіх прыкладаў вельмі шмат!
“Людзі гэтага хочуць, бо ездзяць за мяжу”
Калі прыязджаю ў Беларусь, то мне гэтага не хапае: дынамікі! Людзі гэтага хочуць, падарожнічаюць, вышукваюць цікавае адзенне, рэчы, мэблю, безліч групаў ад малых фірмаў, якія прадаюць свой тавар у інтэрнэце. А я не бачу гэтага ў Беларусі, на жаль.
Затое бачу паламаныя дзесятак разоў дзіцячыя пляцоўкі, якія падфарбоўваюць новай фарбай па іржы: там ужо і металу няма, здаецца, на фарбе ўсё трымаецца… Сумна, бо адначасова бачу шмат крутых беларусаў, самастойных і крэатыўных, здольных рабіць свой унёсак, але, на жаль, гэтага не адбываецца.
“Не ведаю, ці ўзялася б я за бізнес у Беларусі”
Беларусі трэба больш адкрытасці, спрошчаныя падаткі і падатковыя ільготы для тых, хто пачынае бізнес, бязвіз для еўрапейцаў ці хаця б таннейшыя візы. Трэба, каб кожны мог паспрабаваць сябе ў бізнесе і не баяўся памыліцца. Шмат у каго не атрымаецца, шмат хто здасца, але ў некага атрымаецца абавязкова! І бізнес не мае быць нечым страшным, бо часам складаецца ўражанне, што ў Беларусі ісці ў бізнес – нешта суворае, звышцяжкае, як на вайну. І тут патрэбныя перамены, каб зрынуць гэты стэрэатып. Я, напрыклад, не ведаю, ці ўзялася б за бізнес у Беларусі.
“Пра этнаграфію ведаю больш за палякаў”
За 13 гадоў я вельмі асвоілася ў Польшчы. Ментальна гэтая краіна мне вельмі падыходзіць. Я ўсё больш дазнаюся пра польскую культуру, традыцыі, рэгіёны. Напрыклад, у плане этнаграфіі, упэўненая, ведаю больш за сярэднестатыстычнага паляка, бо шмат працавала з гэтым матэрыялам. З Беларуссю я б хацела супрацоўнічаць у сваёй прафесійнай сферы: прыязджаць ці рабіць дыстанцыйныя праекты.
Мой дом? Варшава. Адназначна. Не хапае толькі лазні (смяецца). Класічная простая вясковая лазня – такога няма, на жаль. Усюды свае недахопы.
Алесь Кіркевіч
Фота: Franek Mazur