Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны за выключную адданасць справе правоў чалавека

Другога чэрвеня вадчас Касцюшкаўскага форуму ў Гданьску старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму ўручылі Узнагароду Салідарнасці і Правоў Чалавека Еўрапейскага цэнтра салідарнасці, піша spring96.org.

Alieś Bialiacki

Гэтая ганаровая адзнака прысуджаецца асобам, якія праявілі выключную адданасць справе абароны правоў чалавека не толькі ў грамадзянскай супольнасці, але і ў такіх сферах, як культура, навука і адукацыя. Уганараванне беларускага праваабаронцы, які ўжо з’яўляецца лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, звязана з ягоным значным унёскам у здзяйсненне гістарычных зрухаў у галіне правоў чалавека. Ганаровую адзнаку старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» ўручыла дырэктарка цэнтру Магдалена Містат.

Alieś Bialiacki


Падчас сваёй прамовы праваабаронца падзякаваў за ўзнагароду:

«Гэтая ўзгагарода для мяне асабліва пачэсная, — адзначыў Алесь Бяляцкі. — Салідарнасць з усімі, чыю свабоду і годнасць спрабуюць адабраць і зняважыць, — гэта прынцып, якому я спрабую следаваць усё жыццё. Салідарнасць у абароне фундаментальных правоў чалавека, у абароне вязняў сумлення і права народу на выбар свайго незалежнага шляху. Я нясу ў душы каштоўнасці супольнай барацьбы з савецкім таталітарызмам і расейскімі імперыялізмам нашых народаў Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі. Я цвёрда ведаю: калі салідарнасць перасякае нацыянальныя межы, яе немагчыма спыніць.

Імёны папярэдніх лаўрэатаў узнагароды, стваральнікаў і натхняльнікаў польскай «Салідарнасці» ў 80-м годзе даходзілі да нас, удзельнікаў беларускага незалежнага руху, праз прыпоны савецкай цэнзуры. Польская “Салідарнасць” для нас была сведчаннем таго, што супраціўляцца злу магчыма і трэба, што гістарычная перамога надыйдзе. Стаяць у адным шэрагу з вамі — гэта і гонар, і вялікая адказнасць для мяне, бо ў маёй краіне нашая місія яшчэ не выкананая. Беларускі народ не змірыўся, гэта засведчылі беспрэцэндэнтныя падзеі 2020 году, дух якіх жыве».