17 лютага 2023 года музыкі выклалі на свой YouTube-канал міні-альбом «Зямля, Агонь ды Вада», які складаецца з трох песень. 21 лютага — у Дзень Роднай мовы, музыкі апублікавалі новыя песні на музычных платформах. З гэтай нагоды budzma.org задала шэраг пытанняў фронтмэну «Дзецюкоў» Алесю Дзянісаву.
Алесь Дзянісаў, здымак з Facebook
Чаму менавіта так вырашылі назваць свой «EP-ішнік»?
Не ведаю. Назву выдумаў я. Натхненне прыходзіць нечакана. Па-шчырасці, рэдка даваў рады знаходзіць удалыя назвы. І гэтым разам я не ўпэўнены, што назва цалкам пасуе. Адбылася гульня вакол лічбы «тры»: тры песні, трое героеў, якія асацыююцца ў мяне з трыма зямнымі стыхіямі...
Вокладка новага міні-альбома
Гэтыя песні былі напісаныя і запісаныя пэўны час таму. Чаму цяпер было для вас актуальна і важна падзяліцца імі са слухачамі?
Жыццёва важна! Магло зусім нічога не захавацца! У 2020 годзе мы пачалі рыхтаваць альбом у духу нашага першага — «Гарадзенскага гармідара» (2014). Паспелі разабраць 5 песен. А далей адбыліся вядомыя жнівенскія падзеі. Потым — контррэвалюцыя. Стала цалкам зразумела, што палітычны рэжым хутка эвалюцыянуе ў бок таталітарызму. Стала ясна, што мы не паспеем зрабіць альбом у тым складзе гурта, які існаваў на той момант. Былі розныя меркаванні. Добра, што я даў рады пераканаць нашых музыкаў, каб запісаць тое, што ўжо было. Большую частку інструментаў ды вакалаў мы паспелі запісаць у Гародні. Акардэон Мікола запісаў на студыі ў Кракаве пры садзейнічанні гурта «HAŃBA». Яшчэ былі дробныя вакальныя дапрацоўкі, якія мы вырашылі ўжо ў Варшаве. У выніку, паўстала EP-шка. Дзве песні не ўвайшлі ў міні-альбом: «Лукашамабіль» ды «Вясёлы Роджэр над Котрай». Яны не пасавалі пад канцэпцыю. Выйдуць пазней: ці сінгламі, ці замуцім яшчэ адну EP-шку, пазапланавую.
Алесь Дзянісаў за запісам у студыі. Здымак з Facebook-старонкі гурта
Дзве з трох песень прысвечаны гістарычным асобам. Ці чакаць альбом, цалкам прысвечаны славутым постацям з нашай гісторыі?
У нас ужо быў цалкам гістарычны альбом — «Рэха» (2016). Таму ў перспектыве чаму не? Але сённяшняя сітуацыя ў нашым рэгіёне, у нашай краіне, падштурхоўвае звярнуць увагу на сучаснасць. Таму, думаю, што бліжэйшы матэрыял трэба чакаць у гэтым накірунку.
Чым «зачапіла» асоба Тадэвуша Рэйтана і Усяслава Чарадзея, што вырашылі прысвяціць ім песні?
У нас шмат песень, прысвечаных нейкім персанажам з беларускай гісторыі. І гэтыя героі нічым не горшыя ці лепшыя за папярэдніх. Проста да іх не даходзіла чарга. Чым зачапілі? Ну, Дзяніс Жыгавец, здаецца, добра ўсё сказаў пра іх у сваіх вершах. Навошта мне нешта тлумачыць ды дадаваць яшчэ штоьсці? Для гэтага ёсць кнігі ды інтэрнэт.
Наша задача — звярнуць увагу, пазначыць, а не чытаць гісторыка-асветніцкую лекцыю. А вы ўжо прымаеце ці не. Шукаеце далей інфармацыю ці не.
Легендарнага Усяслава Чарадзея, думаю, усе павінны памятаць з курса «Гісторыя Беларусі» за 5 клас. Дарэчы, нам вельмі прыемна зрабіць рэверанс у бок нашых шматлікіх сяброў з Полацка ды Наваполацка. Пра Рэйтана, думаю, не ўсе чулі. Магчыма, мы падштурхнулі кагосьці зацікавіцца Тадэвушам ды ягоным жыццёвым шляхам. А ірландская «Fields Of Athenry» — гэта проста прыгожая песня. А ў цудоўным творчым перакладзе Андрэя Хадановіча — «Зялёныя палі маёй зямлі» — яна цалкам набыла беларускую душу.
Літаратар Андрэй Хадановіч
Чытайце яшчэ: Топ-5 беларускіх песень ад фронтмэна гурта «Dzieciuki» Алеся Дзянісава
Апошняя песня паходзіць з Ірландыі. Ці можна сказаць, што беларусы ды ірландцы нечым падобныя? Калі так, то чым?
Усе народы ці людзі ў чымсьці падобныя.
Беларусы — цалкам еўрапейскі народ, якому трэба вырвацца з-пад уплыву імперскай «Арды», каб убачыць сябе збоку, па-іншаму. На жаль, зараз пакуль што тэндэнцыі цалкам адваротныя...
Што датычыцца падабенства з ірландцамі, то я магу выдаць набор клішэ. Яны, канешне, больш жартоўныя, але ў кожным жарце ёсць схаваны сур’ёзны сэнс. Напрыклад, любоў ірландцаў ды беларусаў да бульбы. З ірландцамі гэтая любоў адыграла трагічную ролю ў сярэдзіне XIX ст., калі з-за фітафтароза пачаўся голад. Дарэчы, тады і адбылася самая масавая хваля эміграцыі ў гісторыі Ірландыі. Чым не падабенства з Беларуссю пачатка XXI ст. ? Толькі ў іх, асноўнымі прычынамі міграцыі былі не палітычныя (хаця і яны былі), а эканамічныя. Беларусы найбольш масава з’ехалі па палітычна-эканамічным прычынам пасля 2020 года. І тут падабенства — не такое моцнае, бо ўсё ж на першым месцы — сацыяльна-палітычныя складнікі.
Што яшчэ? Любоў да дыстылятаў. У іх — віскі, у нас — самагонка, ці больш шляхетная крамбамбуля. Галоўнае — без фанатызму!
Можна ўзгадаць пастаяннае змаганне з наваламі імперый. У ірландцаў — у асноўным, з боку Брытанскай. Беларусы не жывуць на выспе, таму разнастайных навалаў, з розных бакоў, было значна больш.
Яшчэ адно — не вельмі прыемнае падабенства — ні ірландцы, ні беларусы, у массе сваёй, не размаўляюць на роднай мове. Разумеюць, у школе вывучаюць, шыльдачкі на вуліцах сустракаюцца... Але ў цэлым мова не жывая. І ў гэтым пытанні мы можам зрабіць крок насуперак падабенству. Напрыклад, у музыцы.
Усё ж ірландцы, з большага, працягваюць ствараць свае песні па-ангельску, а ў нас моцная беларускамоўная рок-хваля. Хацелася, каб яна працягвалася новымі пакаленнямі музыкаў. У розных музычных стылях і накірунках. Каб беларуская мова ў музыцы мела статус «круцяк» ды «топ».
Міні-альбом «Зямля, Агонь ды Вада» можна паслухаць тут.
АМ, budzma.org