Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Як сын Гедыміна Любарт стаў княжыць на Галіцка-Валынскай Русі? Чаму на гэтыя землі прэтэндаваў польскі кароль Казімір ІІІ? Якім чынам ён спрабаваў уцягнуць у палітычную інтрыгу Папу Рымскага? Навошта Альгерд і Кейстут імітавалі паміж сабой канфлікт падчас змагання за землі Валыні і Галіччыны? Чаму ў вайну ўцягнулася Венгерскае каралеўства? На чыім баку была вайсковая перавага падчас супрацьстаяння?
На гэтыя пытанні адказвае гісторык Алесь Краўцэвіч на сваім ютуб-канале.
Пасля забойства апошняга самастойнага ўладара Галіцка-Валынскай Русі Юры-Баляслава мясцовыя баяры запрасілі на валынскае княжанне сына Гедыміна Любарта, у праваслаўі Дзмітрыя. Калі ў 1344 г. памёр кіраўнік Галіччыны баярын Дзмітро Дзедзька, Любарт далучыў да сваіх уладанняў яшчэ і Галіччыну — аб’яднаў дзяржаву.
Аднак не збіраўся адступацца іншы сур’ёзны прэтэндэнт на галіцка-валынскую спадчыну — польскі кароль Казімір ІІІ. Свае прэтэнзіі ён абгрунтоўваў сваяцтвам з Юры-Баляславам, які нібыта перадаў яму правы на Галіччыну і Валынь (праўда, адпаведнага дакумента Казімір так і не паказаў).
Польскі кароль збіраў грошы на вайну, рыхтаваў войска ды чакаў зручнага моманту. І такі момант прыйшоў у 1348 г. пасля сур’ёзнай паразы ліцвінскага войска ў бітве з крыжакамі каля ракі Стрэве.
Глядзіце па тэме: Як тэўтонскае войска разбіла ліцвінаў на рацэ Стрэве?
Альгерд з Кейстутам заняліся аднаўленнем сваіх дружынаў (справа не аднаго года) і не маглі аказаць Любарту сур’ёзнай падтрымкі.
Казімір ІІІ праводзіў грунтоўную дыпламатычную падрыхтоўку да будучай вайны. Забяспечыў тыл, менавіта — замірыўся з чэшскім каралём і адначасова распачаў хітрую дыпламатычную аперацыю з мэтай унесці разлад/раскол у ліцвінскі дуумвірат. А менавіта намовіў Папу Клімента IV прапанаваць каралеўскую карону Кейстуту Гедымінавічу — кіраўніку заходняй палітыкі ВКЛ, асобна ад Альгерда, натуральна пры ўмове каталіцкага хрышчэння. Папа актыўна ўключыўся ў справу, высылаў лісты-булы: абяцаў Кейстуту каралеўскую карону, а польскаму архіепіскапу загадаў рыхтаваць хрышчэнне ліцвіна. Кейстут, са свайго боку, рэагаваў на дзіва прыхільна, не адмаўляўся, даваў зразумець, што не супраць як хрышчэння, так і каранацыі.
А што ў гэты час Альгерд? Ён не мог не ведаць пра гэтую справу і выдатна разумеў, што спакушэнне брата каралеўскай каронай пагражае самому існаванню ягонай дзяржавы. Няпэўныя паводзіны Кейстута, а таксама пазнейшыя з канца XV ст. цьмяныя згадкі пра нейкую «нязгоду» паміж ім і Альгердам абудзілі фантазію некаторых сучасных гісторыкаў. Паляк Людвік Калянкоўскі нават заклікаў скончыць з «прыдуманай ідыліяй» у адносінах між дуумвірамі; украінец Фелікс Шабульда невядома адкуль вывеў, што Кейстут нават захапіў быў Альгерда ў палон, каб прымусіць саступіць.
Тым не менш далейшыя падзеі паказалі, што браты адно імітавалі канфлікт між сабой, а насамрэч дакладна ўзгаднялі ўсе свае дзеянні. Ім трэба быў час для таго, каб аправіцца пасля паразы над Стрэве. Дуумвіры зацягвалі перамовы, вялі нетаропкае ліставанне з Папам, вельмі павольнае ва ўмовах сярэднявечнай дарожнай камунікацыі.
Польскі кароль Казімір ІІІ, нездарма названы Вялікім, разгадаў тактыку дуумвіраў і распачаў вайну, не чакаючы, пакуль вырашыцца справа з хрышчэннем і каранацыяй Кейстута. Ліцвіны аказаліся не гатовыя да такога павароту і былі заспетыя знянацку.
У кароткай ваеннай кампаніі, праведзенай паміж вераснем і снежнем 1349 г., польскія войскі дасягнулі небывалага поспеху. Яны занялі не толькі Галіччыну, але і амаль усю Валынь, за выключэннем Луцка, які ўтрымаў Любарт Гедымінавіч. Акрамя таго, палякі захапілі ладную частку ўладанняў самога Кейстута: Падляшша і Берасцейшчыну.
Польскі кароль разумеў, што сам такую здабычу не ўтрымае, таму 4 красавіка 1350 г. заключыў паразуменне з венгерскім каралём Людовікам, а менавіта, калі Казімір не пакіне нашчадкаў, то ўсё Польскае каралеўства разам за здабытай Руссю адыдзе да Венгрыі. Так у змаганне за Галіччыну і Валынь увязаўся яшчэ адзін гулец — Венгерскае каралеўства.
Апасенні польскага караля наконт Літвы мелі пад сабой падставу: ліцвіны сабралі сілы і ў 1350 г. між траўнем і жніўнем магутным націскам вярнулі Берасце, Уладзімір-Валынскі, Белз і іншыя замкі. Адначасова ліцвінскія аддзелы атакавалі ўласна польскія землі — Лукаўскую, Сандомірскую, Радамскую. Аказалася, што ў палявых сутычках ліцвінскія баяры, загартаваныя ў г. зв. рэйдавай вайне з ордэнскімі рыцарамі, пастаянна білі палякаў, на што наракаў польскі храніст, маўляў, колькі разоў не сутыкаліся палякі з ліцвінамі, заўсёды былі пераможанымі.
Аднак на наступны 1351 г. да Казіміра падаспела венгерская дапамога на чале з самым каралём Людовікам Анжуйскім. Шаля вагаў у вайне зноў схілілася на польскі бок.