Месца дзеяньня – зялёны луг. З малых літар ці зь вялікіх, няважна. На лузе ляжаць двое – вы і яна. Яна маўчыць і жуе, напрыклад, крэкеры з цыбуляй, а вы адкашліваецеся, смаркаецеся і пачынаеце жаласьлівым голасам:
“Ёсьць на сьвеце адзін цудоўны матылёк, блакітны з чорнымі плямкамі. Ягоны вусень харчуецца выключна чабаровым сокам. Увосень мурашы цягнуць яго ў сваё жытло. Але яны ніколі не ядуць вусеня. Зусім наадварот: яны кормяць яго, каб ён выдзяляў ліпучую салодкую вадкасьць. Яны даюць яму на абед свае мурашыныя яйкі – то бок уласных нашчадкаў. І вось увесну вусень вылазіць з кукалкі ў выглядзе таго самага матылька, блакітнага з чорнымі плямкамі. Без такога сымбіёзу з мурашамі матылёк ніколі б ня здолеў ацалець. Прырода – гэта цуд, праўда? І калі дзьве жывыя істоты сустракаюцца, гэта ніколі не бывае выпадкова…”
І вось тут вам трэба паднатужыцца і пацалаваць даму свайго сэрца, што ўся абамлела ад гэтай заалягічнай драмы. Якую вы, такі прыўкрасны і красамоўны, толькі што распавялі ёй, лежачы сярод крэкераў і красак проста ў красоўках. Гэта – частка вашай стратэгіі. І зрабіць так вам раіць ня хтосьці, а сам Олівэр Кун, аўтар кніжкі “Усё, што трэба ведаць сапраўднаму мужыку” – а яму можна верыць.
Што, ваша дама яшчэ не абамлела? Яна адвярнулася і ціха лаецца матам? Яна пазяхае і зьбіраецца сыходзіць, не даеўшы нават першы пачак? Такога проста ня можа быць. Олівэр Кун не памыляецца. Ён ведае жанчын, як свае пяць пальцаў, якімі некалі настукаў гэты цудоўны дапаможнік. І за пару дзясяткаў эўра ахвотна падзеліцца досьведам з родным нямецкім чытачом, а я бясплатна падзялюся таемнай ведай зь беларускім. Крэкеры ў кошт не ўваходзяць.
Ва ўсім сьвеце штогоду выходзіць некалькі тысяч такіх кніг. Іх можна было б аб’яднаць у агульную сэрыю пад назвай “Вам, дэбілам, на заметку”. Ці то чытачу падабаецца такое стаўленьне, ці то ён і праўда ў пераважнай масе сваёй – дэбіл… Што да аўтараў, дык іх дэбіламі ніяк не назавеш. Гартаючы такія дапаможнікі, так і бачыш іхныя хітрыя ўсьмешкі. Скажам, усьмешку правялебнага айца Олівэра Куна. “Не дуры мне галаву”, — кажа ён нямецкаму мужычонку. – “Я дык ведаю, што ты ўбоства і альфа-самцом табе ніколі не зрабіцца. Але я пакажу табе, як зрабіць так, каб цябе ім палічылі ў прыстойнай кампаніі”. Проста трошкі ўпэўненасці ў сабе – і ў цябе атрымаецца. Ты ведаеш усё – а яны не. Бо пашкадавалі 20 эўра. Адно слова: дэбілы.
І праўда. Выглядаць дэбілам нікому ня хочацца. “Усё, што трэба ведаць сапраўднаму мужыку” – бясспрэчны бэстсэлер, які перавыдаецца ў Нямеччыне ўжо ня першы раз. Кожнаму прыемна, калі Ўсё можна купіць адразу і пад адной вокладкай. Некалі на такое магла прэтэндаваць толькі Біблія, але ніякая Біблія не раскажа вам, як займацца каханьнем у прыбіральні самалёта. А Олівэр Кун і тут здольны даць нам, небаракам, каштоўныя рэкамэндацыі. Ён ведае, што такое сапраўды рамантычныя стасункі, і прысьвяціў ім у сваёй кнізе цэлы разьдзел.
…Аднак ад лугу да аэрапорту – шлях няблізкі. Што, ваша дама ўсё-ткі сышла з гэтай дыстанцыі? Значыць, вы не сказалі ёй самага галоўнага:
“У цябе прыгожая пастава, ты займаешся ёгай?
Лак на тваіх пазногцях добра пасуе тваім вуснам.
Мне падабаюцца карычневыя кропачкі на тваіх зрэнках.
Твой сьмех узрушвае.
Ты так файна пахнеш.
У цябе прыгожы голас.
Ты так па-жаноцку рухаешся”.
Сем скáзаў, і яна твая. Сем скáзаў, якія варта вывучыць на памяць. Па-першае, іх значна лягчэй запомніць, чым гісторыю пра мурашоў-дзетазабойцаў, а па-другое, гэта выпадкова можа аказацца чыстай праўдай. Галоўнае, нічога не пераблытаць. Бо фразы “Ты так файна пахнеш – напэўна, займаешся ёгай?” або “Мне падабаюцца карычневыя кропачкі на тваіх вуснах” могуць мець цалкам адваротны эфэкт… Калі ж сем унівэрсальных сказаў не дапамогуць, можна пачытаць ёй гэтага, як яго – Шэксьпіра. Або Гётэ. Олівэр Кун абачліва падрыхтаваў урыўкі – ня надта доўгія, каб галава не забалела і піва не нагрэлася. “Любоў магутная як сьмерць, тра-ля-ля-ля”… І крэкер вываліцца зь яе роту, і вусны задрыжаць, і ўсё закру…
Што ж яшчэ трэба ведаць сучаснаму сапраўднаму мужыку?
У кнізе Куна сем разьдзелаў. Першы – неабходны мінімум ведаў пра гэты fucking сьвет. Самыя дарагія, глыбокія, высокія, мокрыя, даўгія і г.д. Сем цудаў сьвету і дзень вынаходніцтва аўтамабіля. Тут можна даведацца напраўду займальныя факты. Напрыклад, тое, што ў Францыі на дзьвярах прыбіральні напісана “Mesdames“ і “Messieurs“, а ў ЗША: “Ladies“ i „Gentelmen“. Шэсьць палкаводцаў-гомасэксуалаў: Ахілес, Аляксандр, Юлій Цэзар, Рычард Львінае Сэрца, Фрыдрых, Лоўрэнс Аравійскі. Сем самых вядомых забойцаў (традыцыйнай арыентацыі). Шэсьць самых знакамітых махляроў. Вайсковыя перамогі і ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі за мір. Знакі адрозьненьня бундэсвэру. Фазы псыхааналізу паводле Фройда. Што азначае LOL і загадкавы знак :). “Ікеа” дае пісьмовым сталам і офісным крэслам мужчынскія імёны, а тканінам – жаночыя. “Неверагодныя факты, пра якія можна пагаварыць на любой вечарынцы”: самая моцная цягліца чалавека знаходзіцца на ягоным азадку. Я дык ня ведаў.
Наогул, гэта кніжка для тых, хто хоча зрабіць уражаньне. Пусьціць пыл у вочы такім самым небаракам. Бо згодна з Олівэрам Кунам, гэткім і мусіць быць мужчына – умець тлуміць галаву і пускаць пыл у вочы. І дзейнічаць, пакуль кампанія – жаночая ці мужынская, неістотна – не разабралася, што да чаго.
Астатнія разьдзелы кнігі прысьвечаны ня менш вызначальным рэчам. Добрым паводзінам – як адрозьніць віно ад вінца, як завязваць гальштук і па які бок жанчыны хадзіць, калі ў самалёце ў вас усё атрымалася. Дачыненьням з сынам (у сапраўдных мужыкоў дачок не бывае). Ежы і напоям, модзе, працы і прыгодам. І – той самы энтамалягічны, матылькова-мурашыны разьдзел: жанчыны. Ён ня ўключаны ў “Прыгоды”, хаця мог бы. Відаць, таму, што часам ад жанчын бываюць дзеці. Прыкра, але факт.
Жанчына, паводле Куна – тая самая рэч, як віно, гальштук і офіснае крэсла. Рэч, у якой, хочаш ты ці не, трэба неяк разгледзець матылька. Інструкцыя па карыстаньні раптарам прыкладаецца. Са зьмешчанай ў ёй інфармацыяй няблага было б азнаёміцца нашым прыхільнікам непарушных каштоўнасьцяў. Тым, хто, дарма што па Эўропах ніколі ня езьдзіў, апанаваны сьвяшчэнным жахам, што гэтай беднай Эўропе канец і яна канчаткова сталася раем для геяў і фэміністак. Олівэр Кун запэўнівае іх: вам, дарагія мае, можна і надалей спаць спакойна. Ані не прайдут! Пругкая дупа, пляскаты жывот і джэнтльмэнскі набор банальнасьцяў, як і раней, вызначаюць сэнс быцьця. Прынамсі, для такіх прымітыўных стварэньняў, якія могуць аддацца ў прыбіральні самалёта за казку пра мурашыныя яйкі.
Міжволі думаеш пра тое, як выглядаў бы наш айчынны аналяг кунавай кніжкі. Зроблены з акцэнтам на спрадвечнае, традыцыйнае, нацыянальнае. З цытатамі з клясыкаў: а я мужык, дурны мужык. І я хачу ведаць Усё і Адразу.
…Гартаючы такія дапаможнікі, што нямецкія, што расейскія, пачуваешся як пасьля апэрацыі на мозгу. А іхнае чытаньне і ёсьць у пэўным сэнсе хірургічнай апэрацыяй. Актам усярэдненьня чалавека. Усярэднены чалавек патрабуе усярэдненага сьвету. І тут ужо Олівэр Кун мусіць сысьці са сцэны. Ён сваю справу зрабіў. Трэба трымацца сярэдзіны і ня збочваць – і тады людзі да цябе пацягнуцца. Шмат ведаць шкодна для здароўя. Дастаткова прачытаць кніжку пра Ўсё.
Гэта ня проста кніга, гэта – ваш добры сябра, перасьцерагае анатацыя да кунавага сачыненьня. Здаецца, сытуацыя значна драматычнейшая. Гэтая кніга вядзе чытача па ўсярэдненым сьвеце, як Вэргілій вядзе паэта па пекле. Праўда, тут толькі адно кола – у якім няўдалыя альфа-самцы асуджаныя паўтараць бяз паўзаў і пярэдыху:
“Лак на тваіх пазногцях добра пасуе тваім вуснам. Прырода – гэта цуд. Самая моцная цягліца – на азадку. Любоў магутная, як сьмерць. Бо я мужык, дурны мужык”.
Яна, гэтая кніга, зычыць чытачу толькі шчасьця, простага мужчынскага шчасьця. Як бутэлька гарэлкі. Але бутэлька гарэлкі калі-небудзь робіцца пустой, а кніжка Олівэра Куна здольная толькі напаўняць. Прагных – ведамі, сьвет – пашлякамі і ідыётамі, а цябе – нянавісьцю да людзей, кніг, а заадно і таго, што атрымліваецца ў выніку іх сумнага сымбіёзу.
Альгерд Бахарэвіч