Увогуле, Мінск – такое месца, якое сапсаваць ужо немагчыма. Бо далей проста няма куды. Ягонае цяперашняе аблічча – само па сабе вынік доўгага, руплівага, свядомага і несвядомага псавання, да якога прыклаў руку кожны начальнік. Ці, хутчэй, не руку, а лоб. Яны так лечацца, тыя начальнікі – прыкладаючы хворыя месцы да гэтага горада: homeopathiс inferno.
Як толькі ў нейкім кутку Мінска заводзіцца нясмелы вірус гарадской гармоніі, яна бязлітасна вынішчаецца – каб не забываліся, падлы, дзе жывяце. Зрэшты, і ў такім месцы жыць бывае займальна і цікава – эклектыка стыляў, эпілепсія колераў, пірожнае эклер з салам, у Мінску можна ўсё – бо нічога яму не зробіцца, “чай, не Париж”; часам самога сябе хочацца парваць на калаж, бо неяк сорамна за ўласную цэльнасць.
Такім чынам, дзесяць рэчаў, якія псуюць сталіцу. І будуць псаваць. Інакш які гэта к чорту Мінск?
Ну вось, напрыклад, расійскія кіношнікі.
Яны выскокваюць нечакана і ў самых прыгожых месцах – як герпес. Варта апынуцца ва ўтульным зацішным двары недзе ў цэнтры ці ў сонечным скверыку ля нямога фантана – і вось яны ўжо тут як тут. П’юць каву з пластыкавых кубачкаў і сядзяць на сваіх пластыкавых крэселках, усім сваім выглядам паказваючы, як ты ім замінаеш, дзікун мясцовы, чортаў тубылец. “Харошы горад Мінск, вось бы яшчэ мінчанаў у ім не было!” – чытаецца ў іхных вачах, такіх самых пластыкавых, зусім не мінскіх вачах. І нічога не паробіш: яны маюць дазвол на карыстанне Мінскам у асабістых мэтах, а ты – не. Яны будуюць тут сваю москаўку – маленькую Маскву. Масоўка для маленькай москаўкі – вось хто такія для іх мінчукі. Серыял будзе зняты, масоўка разыдзецца, москаўка застанецца – як і адчуванне нейкай спаскуджанасці месца, абранага для здымак заезджымі “кінематаграфістамі”.
Можа, гэта яны спрычыніліся да таго, што ў гэтым горадзе столькі бяздарнай рэкламы? Сучаснаму гораду без яе нікуды – але ў тых, хто ўмее ўпісваць рэкламу ў горад, а не наадварот, Мінск вучыцца не хоча. Ды не, расійскія кіношнікі з іхнымі какошачна-ўкакошачнымі серыяламі тут ні пры чым. Гэта мы самі такія малайцы.
Нічога не скажаш, густоўнай рэкламы ў сталіцы робіцца ўсё болей – і што асабліва цешыць сэрца і напаўняе яго зласлівай радасцю, самая густоўная рэклама –беларускамоўная. Але побач з прыстойна зробленай рэкламаю трапляюцца прыклады такой пячорнай нянавісці да чалавецтва, што крыўдна робіцца за Мінск: тут жа не дэбілы жывуць. Асабліва ўражвае рэклама кока-колы і яе пазашлюбных дзяцей – так і хочацца падаць у суд за абразу эстэтычных пачуццяў, ці хаця б гонару і годнасці. Так, яна ва ўсім свеце такая – але тое, што ў гасцях выклікае смех, дома можа давесці да амоку.
Дома смех выклікае хіба сацыяльная рэклама, кароткі змест якой можна звесьці да двух словаў: сюсюсю і аяяй. Але нават сюсюсюйская і аяяйская рэклама не псуе Мінск так, як помнік Леніну на плошчы Незалежнасці.
Ленін – галоўны расійскі кіношнік у гэтым горадзе. Рэжысёр-пастаноўшчык. Прыбраць яго з наседжанага месца – значыць выцягнуць стрэмку з мінскай скуры.
Невядома, праўда, ці зможа Мінск існаваць без гэтай стрэмкі. Часам з жахам думаеш, што ленін у цэнтры сталіцы – гэтая такая страхоўка. Што дзякуючы яму тут не адбываецца катаклізмаў. Ён – затычка, і варта вызваліць адтуліну, якую ён закрывае, як у Беларусь можа хлынуць штосьці страшнае.
Напрыклад, гісторыя. Зноў пойдзе час і запахне пераменамі. Вуліцы заліе брудны паток сучаснасці – тыя самыя вуліцы, чысцінёй якіх тут так ганарацца. Так што ленін – пытанне яшчэ і санітарна-гігіенічнае. Магчыма, Мінск і рады быў бы пазбавіцца ад свайго леніна – але яму страшна. Зручней быць цыркам, пакоем, савецкім музеем. Сапсаваным горадам, якому ўжо нічога не дапаможа, – дык чаго тут пераймацца? Цікава было б дажыць да таго моманту, калі леніна выцягнуць з зямлі і пакладуць сушыцца дзесьці за горадам. Нават больш цікава, чым дажыць да асваення Марса. Рэч у тым, што помнікі пакідаюць пасля сябе фантомныя абрысы. Гэта калі аб’екта ўжо няма – але нешта такое стаіць у паветры, дамаляванае вокам, штосьці ўяўляецца, мроіцца, замінае празрыстасці… Падман зроку, якім падаецца шмат што ў гэтым горадзе.
Хаця можна быць пэўным: на месцы леніна абавязкова будзе стаяць нехта яшчэ. Той загадкавы Рымша з народнай прымаўкі: не было б Рымшы, быў бы хто іншы. Трэба ж некім затыкаць злавесную дзірку. Мінск – гэта субмарына, якая цярпіць бедства. Ці проста – цярпіць.
Цярпіць усе гэтыя гатэльныя навабуды, раскошныя шматпавярховыя намёкі на светлую гарадскую будучыню. Толькі чакаць яе пачалі не з таго канца. Людзі, якіх лёс занясе ў нумары гэтых гатэляў, ніколі не будуць шчаслівыя. І не трэба пытацца, чаму. Мо таму, што адна бабулька так сказала – з тых, якім толькі і застаецца, што маліцца, каб я панам ніколі не быў. “Хай яно ўсё паабвальваецца!” – пракляла яна высачэзныя мінскія гатэлі, і неяк нядобра зрабілася на сэрцы. Але й праўда: навошта Мінску так шмат нешчаслівых людзей? Сваіх мала?
Зрэшты, і шчаслівыя, і нешчаслівыя людзі тут ездзяць у маршрутках. Магчыма, камусьці маршруткі падаюцца вельмі сімпатычным відам гарадскога транспарту – такія ўсе хуткія, пранырлівыя, вёрткія. Як сперматазоіды. Аднак ехаць ці не ехаць маршруткай усё часцей робіцца пытаннем культурна-палітычным. Бо ўсё больш мінскіх маршрутак уяўляюць з сябе перасоўныя ідэалагічныя пункты. Почасту маршрутка – гэта чужы трыкалор, які з невядомых прычынаў тырчыць ля лабавога шкла (даплачваюць ім за гэта ці што? – і калі так, дык хто?), кіроўца, які не разумее беларускай, плюс радыё, якое ўжо за першыя пяць хвілін паездкі здольнае давесці пасажыра да стану поўнага атупення. Нехта змагаецца, большасць маўчыць – іншыя чакаюць аўтобус.
Сцягі ў Мінску – наогул праблема. Сцягі і розныя “транспаранты”, гэтыя пахавальныя вянкі, скрадзеныя ў мінулай эпохі. Горад абвешваецца імі з галавы да ног, як вар’яты часоў перабудовы абвешваліся значкамі. Сцягі ўсіх колераў вясёлкі. Часам здаецца, што ў Мінску мае адбыцца сусветны з’езд прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Праўда, Мінск робіць выгляд, што не ведае, што гэта такое. Мінск так захутваецца ў сцягі, дзяржаўныя і проста флажкі, быццам хоча, каб яго не пазналі. Але твар усё роўна відаць, і на гэтым твары напісанае недаўменне: што вы ад нас хочаце? Падумаеш, сцяжкі. Звычайная марская сігналізацыя.
Мінск – гэта яшчэ і пагрозлівыя абвесткі ў грамадскім транспарце, якіх не пачуеш нідзе, апрача беларускай сталіцы. Усе гэтыя: “Невыкананне правілаў бяспекі…” і “Праезд без аплаты з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем!” імгненна ствараюць у салоне нездаровую і таталітарную атмасферу, адчуваючы якую, хочацца выцягнуць рукі па швах або закласці іх за галаву. Апошнім часам Мінск дажыў нарэшце да таго, што абвесткі ў метро пачалі дубляваць па-ангельску – варты пераймання прыклад, які добра было б распаўсюдзіць і на іншыя віды транспарту. Але можна толькі здагадвацца, колькі жаху выкліча ў іншаземных гасцей абвестка кшталту гэткай:
“Dear passengers! Only originals of the certificates can serve as a ground for the travel privileges in public city transport, established by law!”
Мінск доўга змагаўся супраць шапікаў на сваіх вуліцах. Ён вынішчаў іх так, як прыхільнікі Мао – вераб’ёў. Шапікі зніклі. Замест іх з’явіліся вялікія часовыя аднапавярховыя будынкі з падручных і танных матэрыялаў, зробленыя так, каб нагадваць пра марнасць усяго існага. І прадаецца ў іх усё марнае, без чаго існаваць немагчыма: гародніна, садавіна, мяса, кветкі, батарэйкі… Дзякуючы ім Мінск усё больш нагадвае вялікі харчовы рынак дзесьці ў правінцыі. Рынак, на якім выпадкова апынуліся касцёлы і цэрквы, дом ураду і палац мастацтва, Асмалоўка і Грушаўка, плошча Перамогі і помнік Якубу Коласу. Гэтыя міні-рынкі пад дахам плодзяцца і множацца – і паступова пачынаюць вызначаць аблічча сталіцы. Не пабачыўшы іх цягам дня, можна зняверыцца і змарнець – настолькі важнае месца яны займаюць у гарадской архітэктуры. Такое адчуванне, што ў горад паціху вяртаюцца баракі – самы страшны мінскі сон, з якога выйшла не адно пакаленне мінчукоў.
Ды і гандаль з машынаў – амаль у цэнтры горада – ніхто не адмяняў. Таксама архітэктура. На колах. Застылая музыка тут мусіць мець конскую сілу.
Мінскія двары даўно ператварыліся ў аўтастаянкі. А мінскія аўтастаянкі – у феадальныя ўладанні, абнесеныя калючым дротам. Чамусьці ніхто не падумаў, што гэты горад будзе расці далей, што яго можна будзе псаваць яшчэ доўга-доўга, і за гэта нічога не будзе. Двор-аўтастаянка – гэта амаль як фабрыка-кухня або хата-чытальня. То бок сучасна, зручна і эканомна.
Дзевяць рэчаў названыя. Засталося назваць апошнюю, галоўную, але тут доўга думаць не трэба. Самая вялікая праблема Мінска – гэта зласліўцы. Якім усё не так і ўсё не тое, якія не могуць проста любіць родны горад за тое, што ён – родны. Ці хаця б мець павагу да яго сталічнага статусу. Зласлівец ніколі не напіша: “Мой родны Мінск, табой я ганаруся і слаўлю твой шчаслівы светлы лёс!” Такіх высылаць трэба – калі не за 101-ы, дык за 9-ы кіламетр. Але і там ужо даўно ён – Мінск.