Альгерд Бахарэвіч: Рыба з возера нідзе

Гэтай вёскі няма ні на адной геаграфічнай мапе.

У дзевяностыя яна канчаткова вымерла, як выміраюць дагістарычныя жывёлы: апошні раз крыкнула на ўсе грудзі студня, асеклася сякера – і ўсё, канец, агонія была доўгай, але яе ніхто не заўважыў. Бо вакол лясы і азёры, азёры і лясы, і зноў лясы, і зноў азёры, вечная рыфма ландшафтаў, гладкія, як лёзы, ясныя, бясконцыя, налітыя ў лес да краёў. Плёскат і пошум – вось і ўсё, што чуваць, калі паднясеш вуха ўсутыч да той самай мапы. На якой няма ні назвы, ні кропкі, ні дарогі – а значыць, і нас, яе часовых жыхароў, таксама ў нейкім сэнсе няма.

Затое тут ёсць інтэрнэт – штучны стымулятар геаграфіі.

Вёску… Ды не, не вёску, якая там вёска – пяць закінутых двароў – гэтае паселішча на самым беразе выцягнутага, як змяя, возера пабачыў неяк з верталёта адзін вайсковец і купіў там участак. Так праз цела вёскі зноў заструменіў ток. Тут зноў з’явіліся людзі. Напрыклад, гаспадар хаты, з якой я ўсё гэта пішу. А разам з людзьмі прыехала геаграфія (але так і не даехала аўталаўка). Зусім як некалі, калі яна, геаграфія, як вірус, як мікраарганізм, перасякала акіяны, каб засяліць сабой усю планету. Гэтая вёска таксама нагадвае планету са сваёй нязменнай арбітай. Дзякуй богу, не гатэль, а проста планету, якой мільёны гадоў і якой няма розніцы, за колькі яе можна купіць.

Гэта Захад. Бо і ў Беларусі ёсць свой Захад. Здзіраючы са сценаў старыя шпалеры, тут можна дабрацца да такіх пластоў, што адчуеш сябе вандроўнікам у часе. Перада мной цэлы стос пажоўклых нумароў газеты “Warszawski Dziennik Narodowy” за верасень 1937-га. Цана нумару “w całej Polsce 20 gr.”

Што пішуць?

У Львове адчыніўся XVII Усходні кірмаш. Крывавая бітва ў Шанхаі – у правінцыі Чагар утвораны аўтаномны ўрад. “Грозны бандыта” Каліш асуджаны ў Варшаве да васьмі гадоў вязніцы за забойства рольніка Суботы ў “багатага жыда” Кіршэнблата. У Варшаве “эпідэмія крадзяжу самаходаў”. У Бухарэсце распачаўся працэс супраць Кадрану. І вось, актуальнае: заява партыі судэцкіх немцаў. Партыя Гэнляйна абвінавачвае чэхаў у нагнятанні нездаровай атмасферы і варожым стаўленні да нямецкай супольнасці ў Чэхаславаччыне. Пра судэцкіх немцаў наогул шмат, Гэнляйн скача па газетных бачынах, спрытна абмінаючы рэкламныя аб’явы цудоўнага стаматолага Нісона Івантэра і настойлівы піяр “Персілу” (“Персіл ёсць Персіл!”)

А вось і пра нас. На Слонімшчыне асуджаны да пажыццёвага зняволення Рашкоўскі. Падчас танцулек п’яны ў зюзю сын уладальніка маёнтка, 1910 года нараджэння, праваслаўны, “паляк з нацыянальнасці”, дастаў рэвальвер і стрэліў у сабутэльніка, а калі той упаў, дабіў яго. Потым перайшоў у іншы пакой і застрэліў сябра сваёй ахвяры. “Выпіў шмат вудкі, адчуў сябе абражаным, ні да аднаго забітага, ні да другога раней ніякіх асабістых рахункаў не меў”, – так патлумачыў матывы двайнога забойства Рашкоўскі.

А на Браслаўшчыне сенсацыя. У раёне Дрывятаў з’явіўся белы глушэц. Раней лічылася, што ўсе яны вынішчаныя паляўнічымі. Гэта ўжо з іншай газеты – “Голас зямлі”. 1938-ы. Былы прэзідэнт ЗША Гувер у Польшчы з візітам. “Як жывуць у савецкай дзяржаве? – Халопы, сагнаныя да калгасаў, апынуліся на новай паншчыне. У Расеі Сталіна сялянскія бунты…”

“Радыйныя антэны над вёскай – знак культуры”, – папярэджвае адзін з загалоўкаў. Амаль тое самае, што інтэрнэт у беларускай глухмені – як знак геаграфіі.

Мы – на Захадзе. Не на тым Захадзе, які кішыць “руссо турісто” – у пошуках еўрапейскай краіны, дзе іх няма, расчараваны беларус рызыкуе быць скінутым з высокага мысу ў Атлантыку.

Сюды, у вёску, якой няма на мапах, кажуць, таксама наязджае ўлетку адзін масквіч. Яго пакуль што ніхто не скідвае ў возера, месца хапае ўсім. Гэта ягоны маёнтак стаіць трохі далей па адзінай вуліцы, якая горда называецца Цэнтральнай. Кожная беларуская вёска, нават тая, якой няма на мапах, – гэта цэнтр. Байкі пра цэнтр Еўропы ўсім даўно абрыдлі – цэнтр Еўропы там, дзе ты адчуваеш сябе еўрапейцам. І тут, у вёсцы, якой няма на мапах, менавіта такое месца.

Тут як нідзе адчуваеш, што за лясамі на тым беразе, за балотам за хатай, за суседскім плотам, за дрывотняй, там, дзе садзіцца сонца, – не канец свету, а яго працяг. І кожная лясная дарога – дарога ў Еўропу, якая сканчаецца не на шашы, а дзесьці ў Італіі. не менш існай за славутую вёску Парыж.

Я ляжу на канапе і гартаю “Матэрыялы ХХІХ З’езда Камуністычнай партыі Беларусі”. Чытаю выступы тав. Ц. Кісялёва, Д. Цябута і іншых таварышаў. Зараз дачытаю – і яны палятуць у агонь. Вёска – тое месца, дзе можна паліць кнігі, і ніхто не назаве цябе ні нацыстам, ні цемрашалам.

Простыя рэчы, простыя словы. Напрыклад, роўмінг. Які ўключаецца на тваім тэлефоне проста ў лясным гушчары – недалёка, наступаючы проста на лісічкі, праходзіць мяжа. Калоць дровы, тапіць печ, лавіць рыбу, варыць юшку, збіраць грыбы, пісаць, чытаць, думаць. Кожны дзеяслоў робіцца падзеяй. Пахнуць зямлёй, дымам, рыбай, лесам, жыццём, смерцю. Адчуваць, як на імгненне ў табе прачынаюцца нейкія няпэўныя, страшныя сялянскія інстынкты – каб зараз жа згаснуць. Ты сам сабе нагадваеш рыбіну, у якую толькі што ўсадзіў нож і вышкраб яе – яна мусіла памерці, але хвост яшчэ раз-пораз трапечацца. Занадта шмат жыцця, занадта шмат укладзена продкамі і эвалюцыяй.

Чалавек кшталту мяне ў першы дзень пасля прыезду ў вёску пачуваецца кімсьці накшталт землямера з рамана Кафкі. Гэткі самы чужы, і гэткі самы разгублены, і ўсё трэба прыстасаваць, вызначыць, назваць, прыкласці да сябе. Не тут і не там. І лес – як Замак.

І вось у пэўны момант ты, гарадскі няўклюда, адчуваеш, што рэчы неахвотна, марудна, пакрысе, але пачынаюць цябе слухацца. Значыць, час прыспеў. І з вёскі самая пара ўцякаць. Вольнае паветра горада кліча цябе. І з ім кліча геаграфія.

З вёскай трэба асцярожна – інакш інстынкты апануюць цябе, і ты ўжо ніколі нікуды не вернешся. Зробішся возерам, лесам, небам. Зробішся рыбінай. Зробішся тым, чым мусіў зрабіцца, калі б чалавек не прыдумаў сабе геаграфію.

Гэтая вёска толькі й чакае моманту, каб вярнуцца. Падлучыцца да сістэмы ўмоўнасцяў, атрымаць імя, вярнуцца на мапы. І тады ўсё знікне. Адной планетай зробіцца меней. Але гэта ўжо праблемы астраноміі. Або астралогіі – печы ўсё роўна, што чытаць перад сном. У тую ноч, калі табе, землямеру, упершыню прысніцца з’едзеная табою рыба.

 Альгерд Бахарэвіч