Вядомы беларускі музыкант Аляксей Фралоў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст-фагатыст, музыказнаўца і дырыжор, на працягу паловы года працаваў у Кітаі, дзе з’яўляўся прафесарам Сычуаньскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У сваім артыкуле ён разважае пра глыбокія карані традыцыйнай кітайскай музыкі, светапогляд жыхароў Паднябеснай, распавядае пра ўласны мастацкі досвед сумеснай працы з кітайскім сімфанічным аркестрам і хорам.

Аляксей Фралоў
Той, хто ніколі не бываў у Кітаі, сапраўды з цяжкасцю можа ўявіць, наколькі гэтая вялікая краіна — сапраўды іншая планета! Рэч у тым, што, не пабачыўшы нешта зусім іншае, толькі людзі з вялікай фантазіяй могуць намаляваць сабе ўвесь маштаб адрозненняў: у ментальнасці і культуры, у мастацтвах і традыцыях, у вераваннях і побыце, у краявідах. Ва ўсім!
Мне зноў пашчасціла, пасля доўгага перапынку амаль у 20 гадоў (калі я быў удзельнікам дэлегацыі на Днях культуры Беларусі ў КНР), пабачыць гэтую загадкава-казачную для нас частку планеты, вялікую краіну, яе магутную і шматгранную культуру. За гэты час там адбыліся каласальныя перамены і мадэрнізацыі. Тым больш апошнім разам мне давялося трапіць туды не проста на гастролі, а ўжо на працяглы час — на працу, стаўшы галоўным дырыжорам кітайскага сімфанічнага аркестра ў агромністай правінцыі Сычуань у самым цэнтры КНР і прафесарам Сычуаньскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, непасрэдна і грунтоўна паглыбляючыся ў гэтыя фенаменальныя прасторы.
Цікава, што ў тым вельмі прэстыжным універсітэце навучаецца больш за 20 тысяч студэнтаў. Размешчаны ён адразу ў трох гарадах правінцыі — Чэнду, Цытун і ў двухмільённым Мяньяне. Нагадаю: менавіта Сычуань і яе 16-мільённая сталіца Чэнду знакамітая як сусветная сталіца пандаў. Тут знаходзяцца найвялікшыя панда-паркі, куды злятаюцца людзі рэальна з усёй планеты. Памятаю, як перад адным з вальераў у пэўны момант стаялі француз, ізраільцянін, бразілец, італьянская сям’я, дзве амерыканкі, тры аўстралійцы, вельмі шмат кітайцаў і... беларус! Аніводнае відэа з пандамі не перадае такога адчування радасці і замілавання, якое выклікае жывое назіранне за гэтымі няўклюднымі камічнымі істотамі.
А яшчэ Сычуань — адзін з найбуйнейшых і перадавых цэнтраў кітайскай навукі і прамысловасці. Пры гэтым правінцыя ў такой ступені агромністая, а яе прыродныя ландшафты настолькі разнастайныя, што знаходзіцца шмат месца для ўнікальных запаведнікаў. Там прысутнічае расліннасць практычна ўсіх кліматычных паясоў Зямлі — ад высакагорных у Гімалаях да субтрапічных і нават трапічных відаў.
Адпрацаваўшы ў Кітаі палову года і выехаўшы на зімовыя вакацыі, не чакаў, што мая дырыжорская палачка «завісне на фермаце» ў «каранавіруснай паўзе планеты». Але гэтая паўза дала час узяцца за пяро і падзяліцца сваімі ўражаннямі пра культуру Кітая, яго асобныя віды мастацтва, пачаўшы, натуральна, з музыкі.
Музычная культура Кітая — такая неабсяжная тэма, што не хопіць і многіх дысертацый, манаграфій і энцыклапедый, каб усё згадаць, прааналізаваць і ахарактарызаваць. Тым больш у кароткім артыкуле немагчыма раскрыць усе аспекты ўнікальна багатага культурнага свету маштабнай і шматнацыянальнай, а пры гэтым цэласнай краіны, аб’яднанай мноствам «унутраных апор». Таму абмяжуемся кароткім дайджэстам. Але хачу затрымаць увагу чытачоў некалькімі фактамі менавіта са старажытнай гісторыі кітайскай музыкі, каб яны адчулі ўсю яе глыбіню і своеасаблівасць.

Пасля канцэрта з кітайскімі салістамі
Што такое сёння музычная культура Чжоў Гуо — Цэнтральнай (сярэдзіннай) краіны, як у арыгінале перакладаецца саманазва Кітая? Яна — краіна — з’яўляецца найбольш каштоўнай для сваіх жыхароў, яна самадастатковая і таму з гонарам працягвае шматвекавыя, нават тысячагадовыя традыцыі ўласнай культуры, у тым ліку музычнай. Таму найбольш важнае для кітайцаў — сваё, роднае, кітайскае (на жаль, такая пазіцыя нязвыклая для беларусаў)! Яны вельмі шануюць сваю гісторыю, сістэматызуюць факты, упарадкоўваюць даты.
Ужо з дагістарычных часоў (перыяд культуры Яншаа — 5000 — 4000 год да н. э.) да нас дайшлі некаторыя артэфакты. Гэта розныя каменныя, касцяныя, керамічныя бразготкі, рагі (таоцзяо), акарыны (сюнь, няо сюнь) у форме яйка, рыбы або птушкі, якія можна асацыіраваць з музычна-абрадавымі (верагодна, з шаманскімі рытуаламі), прыдворна-цырыманіяльнымі і паляўнічымі патрэбамі, дзіцячымі цацкамі. У правінцыі Гансу былі знойдзены больш 20 такіх рыбак рознага памеру. Топ-адкрыццём можна лічыць 25 касцяных падоўжных флейтаў, адшуканых на адной стаянцы ў правінцыі Хэнань. Неверагодна, але яны маюць па сем ігравых адтулін, што кажа пра сяміступенны гукавы шэраг! А між тым гэта самыя старажытныя знаходкі ў Кітаі, узрост якіх вучоныя называюць у 7800 — 9000 гадоў!
Пачаткі гістарычнага перыяду Кітая, што адлічваецца з часу дзяржавы Шан (XVIII — XII ст. да н. э.), таксама ўпрыгожаны падобнымі знаходкамі. Тады краіна дасягнула росквіту бронзавага веку. Тэхналагічныя магчымасці адкрылі новую старонку музычнай культуры — росквіт металічных (бронзавых) ударных інструментаў: званоў і званочкаў, кімвалаў, гукавых пласцін і, нарэшце, бяньчжун (комплекс настроеных званоў максімальнай колькасцю да 65!). Пазней падобныя падвешаныя на раму камплекты бронзавых званоў, або камплекты старажытных кітайскіх каменных пласцін (літафоны), стануць асновай-ідэяй для многіх сучасных аркестравых ударных інструментаў клавішнага шэрагу (металафоны, ксілафоны, кампані, кампанэлі, марымбы).
Іначай кажучы, каб не Кітай — наўрад ці сучасны аркестравы свет меў бы такі разнастайны перкусійны асартымент, такі арсенал ударных інструментаў у акадэмічнай музыцы. Вяршыні росквіту бронзавыя інструменты дасягнулі ў часы дынастыі Чжоў (XI — III ст. да н. э.). У гэты ж перыяд з’яўляюцца выказванні пра музыку, фармуюцца веды пра яе і пачынае развівацца тэорыя, грунтуючыся на традыцыйных поглядах і практыках. Але выразнае значэнне музыкі, яе ўзвышаны статус, убудаваны ў канцэптуальныя канструкцыі чалавечага асэнсавання, фармулюецца ў эпоху высокай рэлігійнай філасофіі — на піку старажытнай кітайскай эпохі мысліцеляў Лао Цзы і Канфуцыя.
Канфуцыянская сістэма ясна акрэслівае музыку як «адну з галоўных сіл, што рэгулююць парадак сусвету». Музыка — «адна з праяў Вялікага Адзінства космасу».
Ужо тады былі сур’ёзна распрацаваныя схемы сімвалічных ўзаемасувязей праяў-элементаў Космасу. Так, кожны музычны інструмент быў падпарадкаваны адной старане свету, пары года, пэўнай субстанцыі або з’яве прыроды. Напрыклад, званы (чжоўн) былі сімвалам Захаду, восені, металу і вільгаці. Шматствольная Флейта Пана (пхань-сяо, пхань-ці), наадварот, асацыіравалася з Усходам, вясной, бамбукам, гарамі.
Згадаю пра 7 ігравых адтулін у самай старажытнай простай кітайскай флейце. Дванаццаць асноўных гукаў, якімі ўжо тады аперыравалі, маглі звязвацца з 12 месяцамі і іх алегарычнымі жывёламі. Важнейшым «тэктанічным» зрухам ва ўласна кітайскай філасофска-светапогляднай канцэпцыі былі асэнсаванне і сакралізацыя лічбы 5. Менавіта ў час Чжоў з’яўляецца эпахальнае «Пяцікніжжа канфуцыянства». Ад тых пор пяцёрка канцэптуальна праяўляецца ў культуры: ад пентатонікі ў музыцы аж да пяцізоркавага дзяржаўнага сцяга КНР, дзе кожная з пяціканцовых зорак мае свой сэнс, як архаічны, так і сучасны геаграфічна-палітычны.
Цікавы факт пра гэта: калі да 70-годдзя КНР мы з аркестрам выконвалі на канцэртах іх знакаміты гімн, патрыятычны спеў «Чырвоны сцяг», я знайшоў у адным месцы рытмічную збіўку з 4/4 на 5/4 ва ўступнай фанфары, якая так цяжка давалася трубачам і якую яны раней «змазвалі». Тады настойліва прарэпеціраваў з імі гэты элемент, зразумеўшы яго не выпадковым, а свядома прамаляваным кампазітарам: вось яна — залатая пяціканцовая зорка ў партытуры!
Вельмі яркімі, сапраўды зорнымі для культуры аказаліся часы дынастыі Хань (202 г. да н. э. — 220 г. н. э.), сінхронныя еўрапейскай эпосе элінізму. Музыку таго перыяду (напэўна, паводле ўлюбёнай тады камбінацыі інструментаў) называлі «мелодыямі жалейкі (юй, пазней шэн) і цытры (сэ, раней цінь)». Больш старажытная дзесяціструнная цытра цінь зрабілася тады ўжо не адзіным прадстаўніком свайго тыпу інструментаў. Шматструнныя цытры, розных форм лютні (піпа і жуань, жуаньсянь), часта інкруставаныя перламутрам, і іншыя «дзівы» ўпрыгожвалі прыдворны побыт наступных дынастый Суй і Тан. А шматлікія сцэнкі такога побыту і ўвогуле жыцця (танцы і музіцыраванне, адпачынак і паляванне, працэсіі і вайсковыя дзеі, дзе паўсюль прысутнічае музычны элемент) адлюстраваныя ў творах мастацтваў. Увогуле ў першым тысячагоддзі нашай эры ў Кітаі налічвалі ўжо каля 300 разнастайных музычных інструментаў!.
Каб не стамляць чытачоў музыказнаўчымі падрабязнасцямі з галіны арганалогіі, распавяду яшчэ кароткую казку-легенду на тую ж тэму. Тым больш у Кітаі да сёння перамяшана старажытнае з сучасным, элементы даасізму, канфуцыянства і камунізму суіснуюць у адной прасторы і дзіўным чынам пераплятаюцца. Гэта бачым цяпер на кожным кроку. Згадаем барабан — вельмі папулярны ў глыбокай старажытнасці інструмент. Ён паўстае ў легендарным аповедзе, які назавём «Жоўты імператар і барабан»:
Легендарны продак кітайцаў — Жоўты імператар — пайшоў вайной на свайго ворага Чы-Ю, што валодаў магічнай здольнасцю лётаць. Жоўты імператар змайстраваў вялікі чарадзейны барабан, а замест палачак да яго ўзяў косці Духа грому і пачаў біць. Чы-Ю ў выніку аглух, не змог узляцець у паветра, быў злоўлены і паланёны. Такім чынам, дзякуючы чарадзейнаму барабану Жоўты імператар атрымаў поўную перамогу.
Вы разумееце: у гэтым паданні выразна прачытваецца векавое стаўленне кітайцаў да ўдарных інструментаў як да магічных, містычных, як да «інструментаў сілы». Гэтае ж мы назіраем у пэўным сэнсе і ў XXI стагоддзі, калі як турысты зазіраем у кожны даоскі або будысцкі манастыр, а там ідзе служба — абавязкова з «перкусійным» суправаджэннем манахаў.
Музычныя, асабліва ўдарныя, інструменты — важныя ўдзельнікі ў выкананні і нават стварэнні розных рытуалаў. Паводле канфуцыянскага канона, рытуал мае сваім вытокам «вялікае адзінства», якое, дзелячыся, стварае неба і зямлю, суадносіцца з порамі года. Выкананне рытуалаў — аснова чалавечага жыцця, яны настаўляюць у вернасці і адданасці, удасканальваюць у любові, даюць праявіцца пачуццям людзей. Гэты пастулат мы часткова бачым нават у сучасным кітайскім грамадстве, у яго арганізаванасці і дысцыпліне.
Шматлікія ўдарныя інструменты суправаджаюць традыцыйныя святочныя працэсіі з драконамі, змеямі ды іншай сімволікай на кітайскі Новы год. Тыя працэсіі цяпер нібы страцілі сваю духоўную актуальнасць, ператварыўшыся ў яркую дэкарацыю, а разам з імі дэкаратыўна-забаўляльнай быццам стала і адпаведная музыка. Але гэта толькі знешне, на першы погляд. Насамрэч, магчыма, гэтыя міфічныя істоты да сёння займаюць месцы ў сэрцах людзей, як кажуць, на генетычным узроўні.
У міфалогіі Кітая дракон займае цэнтральнае месца. Легенды сцвярджаюць, што яго дыханне, сон і абуджэнне вызначаюць дзень і ноч, з’явы надвор’я. «Драконы прадстаўляюць нябесную і зямную ўладу, мудрасць і сілу, абараняюць ад злых духаў, што хочуць сапсаваць святы або нашкодзіць чалавеку», — кажуць балады. Магчыма, старажытныя людзі малявалі агнядышныя вобразы з магутных дыназаўраў, каласальныя парэшткі якіх знаходзілі ўжо ў даўнія часы на тэрыторыі Паднябеснай. Дарэчы, нам разам з аркестрам пашчасціла пабываць падчас унутрыкітайскіх гастроляў у адным з найбуйнейшых у свеце музеі дыназаўраў — у горадзе Цзыгун.
Аркестр на адпачынку ў парку дыназаўраў горада Цзыгун
Яшчэ адным знакавым вобразам у кітайскай культуры ёсць змей (часам паяднаны з вобразам дракона). Яго можна сустрэць паўсюль — у гістарычным жывапісе і ў дэкарацыях рэальнага жыцця, ёсць змеі паветраныя і вадзяныя, нават агароджы паркаў, палацаў і манастыроў бягуць звілістай чырвонай кафлянай змейкай, нагадваючы правобраз і «абараняючы двор ад злых сіл». Вялікі змей — візуальны вобраз найважнейшага светапогляднага паняцця для кітайскай філасофіі, культуры і рэлігійнага жыцця — Дао («Шлях»). Гэта найвышэйшы стан быцця, і «нябесная воля», і вечная дзея, і з’ява, і прычына жыцця, а ў сучаснай навуковай інтэрпрэтацыі — «цёмная матэрыя Сусвету», якую цяпер шукаюць астрафізікі.
Спачатку рэгіянальныя, міфы і легенды Кітая дзякуючы піктаграфічнаму пісьму пераадольвалі моўныя бар’еры і рабіліся ўсеагульнымі для краіны, нацыятворчымі элементамі і багатай тэмай для чалавечых фантазій і творчасці, у тым ліку музычнай.
«Кітайская грамата гэтая ваша кітайская музыка», — скажа нехта, паслухаўшы традыцыйныя творы ў выкананні традыцыйных калектываў. Але калі пачынаеш прыслухоўвацца да інтанацый гэтага космасу, да іх заканамернасцей, спалучэнняў, то пачынаеш бачыць не толькі навізну і неверагодную арыгінальнасць гучання, але і хараство музычнай тканіны. Некалі вось так, паступова мне пачынаў адкрывацца кітайскі музычны космас праз неверагодна таленавітае, вытанчанае сачыненне выдатнага беларускага кампазітара Віктара Капыцько, калі яшчэ ў юнацтве выконвалі яго з нашым ансамблем і запісвалі на аўдыя! Паверце, гэта былі не лёгкія стылізатарскія (хоць, безумоўна, геніяльныя) «азіяцкія карціны» знакамітых опер Пучыні, а складанейшая, мудрагелістая інтанацыйная работа. І тым не менш — паіграўшы, прыслухаўшыся, мы тады вельмі ацанілі твор Капыцько «Сюцай з Ішуя».
Выкажу бясспрэчную думку: тое, чаго не ведаеш, што не спазнана табой, часам не цікавае, бо не зразумелае. Але паверце, нават такія складаныя рэчы, як традыцыйная кітайская опера, гэты самабытны яркі жанр, знаходзіць шлях і да заходняй публікі, калі толькі ўважліва да яе прыслухоўвацца і прызадумвацца.
Мяркую, што такую самую выснову зрабілі і беларускія меламаны, і мае калегі па тэатры, якія свядома прыйшлі на раскошную пастаноўку Пекінскай оперы ў Вялікім тэатры Беларусі ў мінулым сезоне. Тыя гастролі адбылася дзякуючы амбасадзе КНР у Беларусі. Вось і ў правінцыі Сычуань, куды прывёў мяне пазней прафесійны лёс, ёсць свая «Сычуаньская опера», таксама славутая, падобная да пекінскай, але і своеасаблівая. Вядома, іх адрозненні змогуць пачуць і вытлумачыць толькі вузкія спецыялісты ў гэтым жанры. І я з нястомнай цікавасцю некалькі разоў бачыў тое відовішча — яркае да стракатасці, сапранава-каларатурнае — аж да немагчыма высокіх нот, якія здаваліся і танклявасцю таксама, але прытым у ім было багата эстэтычнага тэатральна-музычнага хараства! Традыцыя там жыве! Жыве не дажываючы, штучна, не выглядаючы «нафталінам». Бо дзяржава мэтанакіравана і актыўна падмацоўвае інтарэс у народзе да свайго і найперш шануе сваё.
Пры гэтым кітайцы, скіраваныя ў будучыню, разумеюць, што ў глабальным свеце трэба глабалізаваць і ўласныя веды, і таму ўкладаюць велізарныя сродкі, каб пазнаць іншы — астатні — свет вакол «Цэнтральнай краіны», аж па край свету. Асабліва павучыцца ў высокаразвітых і агульнапрызнаных краін-лідараў цывілізацыйных працэсаў (тэхналагічных, эканамічных, адукацыйных, культурных), куды прыязджаюць кітайскія студэнты. На гэтыя сродкі запрашаюцца і замежныя спецыялісты, каб з энтузіязмам дзяліцца сваімі ведамі і вопытам, сакрэтамі і алгарытмамі, ідэямі развіцця. Такая мудрая стратэгічная палітыка — надзейная гарантыя распаўсюджанай ідэі: «За Кітаем — будучыня».
Сучасная кітайская музычная культура часта выглядае глыбокім сінтэзам традыцыйных для «Цэнтральнай краіны» сваіх жанраў і форм існавання з многімі ўдалымі спробамі асвоіць сусветны (наперш заходні, еўрапейска-амерыканскі) тып музычнай культуры і яе праявы. Актыўна вядзецца навучанне на еўрапейскіх музычных інструментах у культуры ВНУ. Такім чынам у гэтай парадыгме з’явіліся і актыўна развіваюцца сімфанічныя аркестры, цікавасць публікі да канцэртаў, а ў кампазітараў ёсць інтарэс да працы над творамі ў еўрапейскіх традыцыях з кітайскім каларытам і тэматыкай. Так, напрыклад, прыехаўшы ў Кітай непасрэдна напярэдадні 70-годдзя КНР, я за лічаныя дні мусіў асвоіць для сябе і падрыхтаваць з нашым аркестрам вялікую праграму кітайскіх патрыятычных песень. У іх аснове — еўрапейскі сімфанізм, кітайскія інтанацыі і лады, зразумела, патрыятычная тэматыка, якую на роднай мове спевакі даносяць слухацкім масам. Калегі-дырыжоры могуць спытаць: а як адсачыць усе павароты «руладаў салістаў», пакуль нічога не разумеючы ў мове. А вось толькі дзякуючы еўрапейскім прынцыпам натазапісу і кампазіцыі гэтых твораў. Ну а рэшта ўжо — дзякуючы прафесійнай інтуіцыі.
Асабіста для мяне праца ў Кітаі — гэта новае пазнанне свету, новыя ўражанні і адкрыцці. Для аркестра і тамтэйшай культуры — кантакт з маімі прафесійнымі ведамі і вопытам, густам і бачаннем. Мы зрабілі шмат рэпетыцыйнай працы, падрыхтавалі нямала праграм кітайскай музыкі і сусветнай класікі — у шырокім значэнні тэрміна. Сярод прыемнасцей, што ў адным з найважнейшых маштабных сімфанічных канцэртаў, сканструяваных паводле прынцыпу геаграфічнага падарожжа, мы выканалі геніяльную ўверцюру «Казка» Станіслава Манюшкі, заснаваную на беларускім музычным матэрыяле і апавяданнях «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага. Як і па ўсім свеце, дзе бываю, раблю канцэрты-лекцыі — з разгорнутым асветніцкім канферансам. Тады акурат выдалася добрая магчымасць не толькі годна прадставіць нашу краіну як дырыжору, але і падрабязна распавесці кітайскай публіцы і рэгіянальнай адміністрацыі пра Манюшку, пра Беларусь і Польшчу, пра нашу супольную гісторыю, добрасуседства і культурныя вяршыні.

Афіша араторыі «Мроі пра Дунхуан»
А найважнейшае маё ўласна кітайскае дасягненне — выкананне грандыёзнай і вельмі прыгожай араторыі «Мроі пра Дунхуан» аўтарства Джэн Бін для салістаў, хору і сімфанічнага аркестра, прысвечанай легендарнаму шаўковаму шляху і слыннаму гораду-цэнтру на яго дарозе. Задача здавалася амаль неверагоднай: праца не толькі з сімфанічным аркестрам, але і з маладзёжным хорам, які спявае па-кітайску! Увесь рэпетыцыйны працэс ляжаў на мне, ішоў без удзелу хормайстра, аднак хор быў вельмі чуйны, уважлівы і праявіў вялікія сімпатыі. Канцэртны вынік аказаўся бліскучы, гэта заўважалася на шчаслівых тварах харавікоў і аркестрантаў, авацыях публікі, кампліментах і высокіх ацэнках кіраўніцтва правінцыі Сычуань. І я шчаслівы, што прынёс кітайскім артыстам і публіцы многія хвіліны радасці.
Аляксей Фралоў, часопіс «Мастацтва» №6-2020
Фота аўтара і з ягонага архіва
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!