— Сям’я мая рускамоўная, і беларускамоўнага мэтаcкіраванага выхавання ніколі не было. Хутчэй закладаўся нейкі дух пярэчання. Калі б не ён, то, можа, жыла б сабе спакойна і не шукала б прыгодаў на сваю псіхіку. Мы жывем, задаем сабе пытанні, шукаем на іх адказы, спрачаемся з наваколлем. Быць беларусам сёння — гэта спрачацца са свам наваколлем. Такім беларусам, які цэніць сваю беларускасць, а не закінуў яе на нейкую далёкую палічку. Быць беларусам — гэта здзейсняць свае ідэі, якія, магчыма, падштурхнуць астатніх людзей да беларускасці, расказваць пра тое, якой класнай, незабыўнай ёсць нашая краіна. Вельмі шмат людзей прыходзіць да актыўнай беларускасці менавіта праз сяброў. Гэта як узаемная падтрымка.
Да пэўных рэчаў чалавек даходзіць сам, чытаючы кнігі, школьныя падручнікі. Пазней усе веды абагульняюцца ў адно цэльнае разуменне, што ты сам вырашаеш, хто ты ёсць і навошта. Маім крокам да азначанай, усвядомленай беларушчыны стаў пераезд на навучанне ў Мінск, дзе з’явіўся беларускамоўны асяродак, магчымасць перайсці на беларускую мову. У Рагачове, маім родным горадзе, гэта было б цяжка.
Жаданне быць беларускай — гэта, па-першае, маё жаданне быць сабой. Калі чалавек усведамляе, хто ён ёсць, і прызнае свае карані, гэта дапамагае раскрыцца. Запаў выраз: “Чалавек можа цалкам рэалізаваць свае рэсурсы – інтэлектуальныя, маральныя, духоўныя – толькі размаўляючы на роднай мове”. Гэта былі словы выкладчыцы. Тады, на першым курсе, я зрабіла рашучы крок да пераходу на беларускую мову. Пры тым, што навучаюся на рускай філалогіі. Група была ў шоку. Першы дзень яны пыталі, што са мной, другі дзень пасмейваліся, на трэці сказалі, што гэта ўжо не сьмешна, а цяпер прымаюць як факт.
Так атрымалася само самой, накапіліся маленькія фактары. І гэта былі не раптоўныя змены, а штодзённая праца над сабой. Наш асноўны асяродак не зусім такі, якім бы мы жадалі яго бачыць. Людзі не прымаюць актыўнай пазіцыі адносна сваёй беларускасці. Часта чую нават: “Да мы же русские!” У нас недастакова развіты нацыянальны гонар. Чалавек сам мусіць шукаць тое, што яму дае магчымасць ганарыцца сваёй самабытнай краінай, не выгаленай і прылізанай, а такой, якой яна ёсць, — шурпатай, з усімі яе хібамі і перавагамі.
Аліна Радачынская, студэнтка БДУ.
Тэгі: Рагачоў