Аляксандр Гойшык: «Заробак на мыльных бурбалках дазволіў мне праехаць вакол свету»

Падарожнік са стажам Аляксандр Гойшык распавёў «Салідарнасці» пра самую вясёлую краіну, чаму Пакістан лепшы за Балі, ці магчымыя стасункі на адлегласці і як бачыць будучыню Беларусі.
Aliaksandr Hojšyk Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

— Аляксандр, вы аб’ехалі больш за 95 краінаў, у тым ліку 51 за тры гады ў кругасветцы. Чаму? Гэта мэта, марафон ці лад жыцця? І дзе зараз ваш дом?

— Тры гады, два месяцы і адзін тыдзень. 1163 дні, калі дакладна. Гэта была мара ўсяго жыцця, і я шчаслівы, бо здолеў яе рэалізаваць — праехаць вакол света, каб паглядзець яго.

А дом пакуль даволі ўмоўны, як, здаецца, і для ўсіх беларусаў у вымушанай эміграцыі. Дом там, дзе ты цяпер, дзе твае сябры. Пакуль што хачу пабыць у Эўропе, бо збіраюся напісаць кніжку пра свае падарожжы і рабіць анлайн- і афлайн-сустрэчы з падпісчыкамі.

Aliaksandr Hojšyk

— Калі чула пра ваша жыццё, здавалася, што ў вас яно так лёгка атрымліваецца! Але кругасветка — гэта ж колькі грошай трэба мець і дзе іх узяць? Мне казалі, што вы і ў Швейцарыі працавалі, каб іх назапасіць...

— Насамрэч не так усё проста, як здаецца і гучыць. Патрэбны пэўныя навыкі. І так, плануючы падарожжа, я некалькі гадоў працаваў у Швейцарыі, наадкладаў грошы, каб дазволіць сабе вандраваць, не шукаючы падпрацовак.

— Кім, калі не сакрэт, працавалі?

— Вулічным артыстам. Рабіў шоу вялікіх мыльных бурбалак. Такі вулічны перформанс.

Aliaksandr Hojšyk

А пасля, маючы польскі пашпарт, знайшоў самую простую працу на пераўліках, інвентарызацыі. Спалучэнне гэтых прац і дало магчымасць рэалізаваць сваю мару.

— Як на вялікіх бурбалках зарабіць на кругасветку? Яшчэ і задавальненне, напэўна, атрымліваць — бо гэта ж кожны дзень дзеці і быццам свята.

— Усё залежыць ад тваіх навыкаў, умення і цярпення. Калі паступова атрымліваеш навык, вучышся, знаходзіш лепшыя месцы для гэтай працы, разумееш, як дамаўляцца з паліцыяй — у выніку гэта можа прыносіць добрыя грошы. Часам нават значна вышэй за сярэдні заробак у Польшчы ці Літве.

Але ж важна быць цярплівым і мэтанакіраваным. Трэба навучыцца гатаваць правільны раствор і разумець, што і як з ім рабіць. А па эмоцыях то дакладна так, як вы кажаце, бо большасць «кліентаў» — гэта дзеткі, якія выпраменьваюць пазітыўную энергію.

Сакрэт яшчэ і ў тым, што два гады ў Швейцарыі я бясплатна жыў праз CouchSurfing, у людзей, якія прымалі мяне праз гэты клуб гасціннасці. З імі мы таксама пазнаёміліся дзякуючы маім бурбалкам.

Таму лічу, што мая гісторыя са Швейцарыяй — гэта гісторыя пра бурбалкі, якая дала мне магчымасць праехаць вакол свету.

Aliaksandr Hojšyk

«Маё падарожжа было заўжды з беларускім акцэнтам»

— Як здарылася ваша эміграцыя, і ці былі цяжкія моманты?

— Упершыню я з’ехаў у Польшчу па самай першай праграме Каліноўскага ў 2006-м. Маю польскае грамадзянства, але лічу сябе беларусам.

Маё падарожжа вакол свету было заўжды з беларускім акцэнтам. І я веру ў тое, што мы калісьці вернемся ў Беларусь.

Мае першыя гады ў Польшчы былі цяжкімі, зараз эмігрантам значна прасцей, бо навокал столькі ўсяго ўжо беларускага: ад кавярняў да розных іншых прастор. І зноў жа кажу пра цярпенне, бо іншага выйсця няма. Вярнуцца нам пакуль няма куды.

Aliaksandr Hojšyk

Мы павінны дачакацца, калі яны ўсе, тыя, хто сёння робяць жудасныя рэчы, адыдуць у іншы свет. Гэта я вельмі выбіраю зараз словы.

Таму нам зараз трэба браць і рабіць. Я пабачыў шмат краінаў і сустракаў беларусаў прыблізна ў 20-ці. Ёсць дзяржавы, дзе жыць значна цяжэй, чым у Польшчы. Гэта і легалізацыя, і сацыяльнае атачэнне. Пакістан, Саудаўская Аравія, В’етнам. І ўсё адно там жывуць беларусы і беларускі, ствараюць і будуюць новае жыццё.

— Так, але ж калі хочацца дадому... Вы ж таксама да 2020-га наведвалі Беларусь?

— Так, апошні раз я выехаў з Беларусі 5 жніўня 2020-га. Быў прыблізна тры тыдні перад выбарамі.

Я тады ўжо жыў у Швейцарыі і калі аб’явілі, што ў Беларусі будуць выбары, будзе нават апазіцыйны кандыдат, думаў што, «блін, алё!». Гэта ўсё смешна, мы ўсё гэта ўжо праходзілі і тут няма нічога цікавага.

А потым пабачыў, што адбываецца, калі да мяне падыходзілі дзяўчаты і прасілі сфоткаць іх з бел-чырвона-белым сцягам. Тады і зразумеў, што нешта будзе. Як разумеў, што мірны пратэст наўрад ці будзе мець мірныя наступствы.

«Зараз мы праходзім тую самую прышчэпку на будучыню ад дыктатураў ды папулістаў»

Aliaksandr Hojšyk

— Канешне, была надзея, што штосьці з гэтага атрымаецца, але мазгамі разумеў: шанцаў у мірнага пратэсту амаль няма. Супраць 25-гадовай вытрымкі дыктатуры, якая ўвесь гэты час цэментавалася амапам, губопікамі і гэтак далей...

Тым больш, што побач ёсць мордар, які падставіць плячо, тут ужо не буду падбіраць словы.

Таму шанцу не было, як і не было ў нашага грамадства магчымасці не выступіць. І яно заявіла пра сябе: мы — краіна, мы — нацыя.

Лічу тое, што адбылося — вельмі правільна. І зараз мы праходзім тую самую прышчэпку на будучыню ад дыктатураў ды папулістаў.

Aliaksandr Hojšyk

Падчас свайго падарожжа за мяжой я сустракаў шмат беларусаў, якія жылі сваё спакойнае эмігранцкае жыццё ў Аўстраліі, Новай Зеландыі ці ў Злучаных Штатах, Бразіліі. Атрымлівалі дакументы і адукацыі, рабілі бізнес.

Усё ў іх было добра, і яны сябе слаба атаясамлялі з сучаснай Беларуссю. Ужо нават хвалілі чысціню менскіх вуліц, смачнасць сыркоў, артэзіянскую ваду Савецкага раёна. Гэта такі лакальны мем у амерыканскай суполцы беларусаў у фэйсбуку.

Але, калі яны дасягнулі пэўнага ўзроўню, падняліся над чаркай-шкваркай, ім стала цікава: што адбываецца дома? А дома раптам адбываецца сталін-гулаг, 37-ы год.

Некаторыя былі настолькі ў шоку, што ўпершыню, у размове са мной, пераходзілі на беларускую мову. Ці арганізоўвалі ў Аўстраліі беларускі кніжны клуб. Там мо суполка з сямі чалавек, але для іх зараз гэта важна.

У кагосьці нарадзілася дзіця, і яны, будучы рускамоўнымі, размаўляюць з ім па беларуску, каб яно не згубіла сувязь з домам. І я для гэтага дзіцяці першы чалавек у жыцці, апроч бацькоў, хто размаўляе з ім па беларуску. А бацькі, калі хочуць каб ён чагосьці не разумеў, размаўляюць паміж сабой па расейску.

«Тры з паловай гады мы разам. Так, на адлегласці ў цэлы акіян»

Aliaksandr Hojšyk

— Чула, што вы нават жонку ў Гватэмале знайшлі. Але як яна вас адпускае на іншы кантынент? Як могуць быць зносіны на вялікай адлегласці?

— Гэта мая дзяўчына, мы сустрэліся, калі я ў Гватэмале набыў скутар, каб праехаць усю Лацінскую Амерыку. Каб яго на сябе аформіць, па законах тамтэйшай бюракратыі мне спатрэбіліся паўтары месяцы.

За гэты час я сустрэўся з дзяўчынай з Украіны, праз суполку замежнікаў у фэйсбуку, якія жывуць у Гватэмале. У яе была аватарка з бел-чырвона-белым сцяжком.

Я ёй напісаў па беларуску, яна адказала па расейску. Але пасля пачатку вайны забылася пра гэтую мову. Пры тым, што яна з Адесы і ўсё жыццё размаўляла па расейску. Для мяне яна стала музай і маральнай падтрымкай, са мной праехала амаль увесь свет.

І вось ужо тры з паловай гады мы разам. Так, на адлегласці ў цэлы акіян. Але ж мы знаходзім магчымасць быць разам і падтрымліваць адзін аднаго.

— А што наконт медыцыны, калі вандруеш вакол свету? Бо напрыканцы падарожжа, у Гватэмале, вы, здаецца, зламалі руку.

Aliaksandr Hojšyk

— Гэта быў не пералом, а моцны вывіх. Але нават дзяржаўная медыцына ў Лацінскай Амерыцы моцна набліжаная да Злучаных Штатаў. Мне зрабілі аперацыю, цалкам бясплатна.

Калісьці ў Беларусі ламаў запясце, нават са зрушэннем. Але тады ўправілі руку, наклалі гіпс і ўсё.

«Там было падобна на Індыю, дзе цябе разглядаюць, як мяшок з грашыма»

— Вы пабачылі столькі краін! Мо дзе адчувалі сябе «як дома»?

— Не, так нідзе сябе не адчуваў. Люблю Польшчу, Уроцлаў, тут мой другі дом, дзе мне досыць камфортна, дзе пражыў шмат гадоў і ўсё ведаю.

А пра тое, каб недзе застацца, пажыць... Былі мо такія думкі ў Аўстраліі. Мне яна вельмі спадабалася. Надзвычай прыгожая прырода і цікавая краіна. Лепшыя пляжы на свеце, людзі спадабаліся.

Гэта нармалёвая і вельмі добра арганізаваная краіна. Нашы беларусы, якія мелі магчымасць там застацца, вельмі хутка атрымлівалі грамадзянства і інтэграваліся ў лакальную супольнасць.

Aliaksandr Hojšyk

Мог бы сказаць пра Аргентыну, але цяпер там новая ўлада і «мясцовы Трамп», які вельмі рэзка мяняе законы.

Хацелася пажыць і ў Гватэмале, мо нават пабудаваць нейкі бізнэс, я агулам пражыў там каля года. Разумею гэтую краіну, падабаецца яе вайб.

Гэта адзіная краіна, дзе індзейцы Майя, карэннае насельніцтва, усё яшчэ маюць сваю большасць. Там такі мікс культур, такая файная мяшанка, унікальная і вельмі цікавая.

А яшчэ хацеў бы пажыць у Тайландзе, гэта райскі рай.

— Мо была краіна, пра якую пашкадавалі што прыехалі?

— Не, такіх не было, бо любая прыгажосць — у вачах гледача. Краіны, што менш спадабаліся, гэта Інданэзія ці Парагвай.

— Балі?!

— Мо таму, што краіна мне падалася вельмі падобнай да Індыі. Асабліва Балі (усміхаецца).

Я праехаў усю Інданэзію наўкол. Але на кантрасце з Аўстраліяй, адкуль я прыляцеў, мне шмат што падавалася незразумелым.

І зусім не разумею: калі ёсць Тайланд — навошта людзі захапляюцца Балі? Я там і захварэў, і атруціўся, і на грошы разводзілі ў прыватных клініках. Было падобна на Індыю, дзе цябе разглядаюць, як мяшок з грашыма.

А вось Пакістан максімальна спадабаўся, гэта такая Індыя здаровага чалавека.

Aliaksandr Hojšyk

— Пакістан у гэтым сэнсе вельмі дзіўна гучыць. Разумею, што гэта шаблоны ў галаве, але што вас там уразіла?

— Гэта вельмі гасціннае месца, людзі занадта стараюцца, каб табе спадабалася.

Зразумела, што гэта на пэўных кантрастах. Бо, калі ты прыязджаеш пасля Кітая, дзе 100 мільярдаў чалавек на квадратны метр, дзе не размаўляюць па ангельску і ежа надакучыла — у Пакістане амаль паўсюль чуеш даволі зносную ангельскую і частуешся смачнай ежай. Яшчэ і людзей не так шмат і амаль усе прыязныя. Асабліва калі адукаваныя.

Лукашэнка кажа, што завязе ў Беларусь 150 тысяч кваліфікаваных спецыялістаў з Пакістана. Не атрымаецца. Бо ў іх родная мова ангельская, брытанская адукацыя, яны працуюць па ўсім свеце. Я гасьцяваў у такіх у Сінгапуры.

Таму ў Беларусі наконт кваліфікаваных пакістанцаў няма ніякіх шанцаў. Але ўсё роўна шмат хто кідаецца гэта абмяркоўваць. Навошта?

Aliaksandr Hojšyk

— Мо ў Беларусь могуць завезці тых, хто застаўся пасля кваліфікаваных? І таму страшна?

— Але ж і тыя бягуць у Дубай, Аман ці Саудаўскую Аравію, якія пад бокам. Бо ёсць магчымасць патрапіць туды, дзе падобны клімат і аднолькавая культура, рэлігія. Сумняюся, што пакістанцаў можна зацягнуць у халодную і незразумелую краіну, дзе будзе моўны бар’ер, нашы ксенафобы і беларускія заробкі.

«І паліцэйскі кажа: «Уцякай. Згубіся адсюль!»

— А якая, на ваш погляд, самая пазітыўная краіна ў свеце?

— Самая тусовачная і вясёлая — Бразілія. Ім уставаць а шостай раніцы, а яны а трэцяй сядзяць з табой у бары і замаўляюць яшчэ тры піва, бо ім цікава і весела.

Але гэта мае і адваротны эфект, бо там шмат злачыннасці і не паўсюль можна хадзіць, лепш ехаць на таксі. Гэта тычыцца ўсёй Лацінскай Амерыкі, можа за выключэннем Аргентыны і Ўругвая.

Aliaksandr Hojšyk

Ну і Тайланд, бо гэта краіна, якая ніколі не была каланізавана. У іх манархія, кароль, якія заўсёды кіравалі. Гэта быў такі падзел паміж Французскай імперыяй, якой належыў Лаос, Камбоджа і В’етнам, і Брытанскай імперыяй, якой належылі Індыя, Бірма ды Малайзія. І ў Тайландзе таксама шчаслівыя людзі: яны будысты, у іх цёпла і вельмі смачна.

— Напэўна былі жудасныя моманты, калі ты адзін, а навокал чужынцы з нядобрымі намерамі. Тады што?

— Адзіны выпадак, калі мяне абрабавалі, адбыўся у Венесуэле, і гэта была паліцыя. Я пакінуў свой скутар у Багаце і паплыў у Бразільскую Амазонію. А пасля ехаў на аўтобусах у Венесуэлу, каб вярнуцца ў Калумбію.

І у выніку паліцыя Венесуэлы распранула мяне да майткоў, знайшла ў кішэні 15 даляраў. Паліцэйскі запытаў: «Мо ты хацеў б пакінуць невялікі падарунак для нацгвардыі?»

Я адказаў, што гэта апошнія грошы. І ён, з удакладненнем — «ці не разумееш, што можам з табой зрабіць?» — забірае мае 5 даляраў. І кажа: «Уцякай. Згубіся адсюль!»

Aliaksandr Hojšyk

— А што думаеце пра сённяшнюю Беларусь? Ці зможам і калі вярнуцца дадому?

— Фортка магчымасцяў бачыцца, калі ў нашай краіне не будзе падтрымкі мордара і той дыктатуры. Тады будзе магчымасць вярнуцца і аднавіць Беларусь, пабудаваць нашу лепшую будучыню.

Я б хацеў вярнуцца ў свой родны Салігорскі раён, развіваць там турызм. Мы зробім кавашопы пад зямлёй, розныя фестывалі на салігорскіх гарах, два разы на год, летам і ўзімку. Зробім пэўныя платформы на гэтых гарах, бо зараз яны часам могуць правальвацца.

Aliaksandr Hojšyk

І веру што зробім нават лепшы тэхна-рэйв фестываль, чым Бёрнінг Мэн у Невадзе. У нас ёсць куды развівацца і расці, трэба толькі браць і рабіць, пачынаючы ад сёння. Не слухаючы кепскія прагнозы і не губляючы аптымізму.