Сем нагодаў, каб наведаць самы ўсходні райцэнтр Беларусі

Хоцімск размешчаны ў маляўнічым месцы, дзе працякаюць рэчкі Жадунька і Альшоўка, якія ўпадаюць у буйнейшую Бесядзь. Гэты ўсходнебеларускі райцэнтр варты таго, каб на яго патраціць цэлы дзень: агледзець архітэктуру мястэчка і музей, а таксама пакатацца на адзіным коле агляду ў Магілёўскай вобласці.

Паселішча з’яўляецца самым усходнім райцэнтрам Беларусі. Хоцімск налічвае шэсць з паловай тысяч насельніцтва. У параўнанні з старадаўнімі гарадамі Магілёўшчыны мястэчка адносна маладое, яно паўстала на мяжы XVII-XVIII стагоддзяў. Адгак свая ўтульная і непаўторная атмасфера ў Хоцімску прысутнічае.

Хоцімскі гісторыка-краязнаўчы музей

Краязнаўчы музей размясціўся ў двухпавярховым цагляным будынку, што мае сваю няпростую гісторыю. Дом быў пабудаваны заможным рамеснікам Іванам Каменевым прыкладна ў 1880-х гадах: на першым паверсе знаходзілася майстэрня па вырабе скураў і крама, а на другім — жыў сам рамеснік. Аднак з прыходам савецкай улады будынак у 1929-м быў нацыяналізаваны, а яшчэ праз тры гады ў ім размясціўся мясцовы раённы аддзел НКУС. Гэта дазволіла старому дому добра захавацца. У пасляваенны час ён выкарыстоўваўся ў якасці адміністрацыйнага будынка, у якім засядала ў тым ліку і мясцовае КДБ. 

Dvuchpaviarchovy chocimski muziej z pakručastaj historyjaj
Двухпавярховы хоцімскі музей з пакручастай гісторыяй. Крыніца: wikipedia.org

Хоцімскі гісторыка-краязнаўчы музей з’яўляецца адным з самых маладых на Магілёўшчыне і быў заснаваны толькі ў 1996 годзе, хоць знаходзіцца ў адным з самых старых будынкаў райцэнтра, якіх у мястэчку няшмат. Адной з найбольш цікавых частак экспазіцыі з’яўляецца зал «Археалогія і старадаўняя гісторыя Хоцімшчыны», у якім экспануецца калекцыя крамянёвых нуклеусаў, адшчэпаў, праколак каменнага веку. Акрамя таго можна пабачыць вырабы з бронзы I-II стагоддзя н. э. і жалеза IV-VI стагоддзяў н. э., фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, а таксама знаходкі манет з курганных могільнікаў, знойдзеных у выніку раскопак у Хоцімскім раёне. Не менш цікавымі з’яўляюцца сярэднявечная зброя і даспехі, у тым ліку і муляжы-рэканструкцыі. 

Ekspanavannie siaredniaviečnaj zbroi ŭ scienach chocimskaha muzieja
Экспанаванне сярэднявечнай зброі ў сценах хоцімскага музея. Крыніца: zviazda.by

У экспазіцыйным зале «Этнаграфія» знаходзіцца багатая калекцыя разнастайных драўляных і металічных прыладаў працы ХІХ-ХХ стагоддзяў, якая дапаўняецца зборамі ганчарнага посуду, добрай калекцыяй народнага адзення (у тым ліку жаночыя і мужчынскія строі, характэрныя для рэгіёна), вышыванымі рушнікамі, набожнікамі і ўзорным ткацтвам, драўлянымі разнымі вырабамі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў і вырабамі з лазы, лёну і бяросты. 

Ekspazicyja etnahrafii z naboram pryladaŭ pracy
Экспазіцыя этнаграфіі з наборам прыладаў працы. Крыніца: libmogilev.by

Адметны хоцімскі музей і тым, што ў яго калекцыі знаходзяцца абразы беларускай іканапіснай школы канца XIX стагоддзя. Натуральна, не кожная культурная ўстанова можа пахваліцца такім каштоўным зборам абразоў, якія даследчыкамі слаба вывучаліся. Ёсць у музеі і так званы мяшчанскі куточак, дзе прадстаўлены англійскі касцюм канца ХІХ стагоддзя. 

Pavialičany fotazdymak rynkavaj ploščy Chocimska aŭtarstva S. Blažko
Павялічаны фотаздымак рынкавай плошчы Хоцімска аўтарства С. Блажко. Крыніца: ekskursii.by

Асабліва шануюць ва ўстанове культуры калекцыю здымкаў ураджэнца Хоцімска, савецкага астранома, прафесара Маскоўскага ўніверсітэта, члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР Сяргея Блажко. Дзякуючы ягоным фотаздымкам можна ўбачыць, як выглядаў Хоцімск у дарэвалюцыйны перыяд. Адна з фатаграфій павялічана на ўсю сцяну. На ёй кірмашовая плошча з гандлёвымі радамі. Фота адлюстроўвае момант, калі гараджане пасля царкоўнай літургіі вырашылі прайсціся па гандлёвых шэрагах.

Цагляная забудова пачатку ХХ стагоддзя

У цэнтры Хоцімска знаходзіцца некалькі цагляных будынкаў, якія былі збудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Напэўна, самым адметным з цагляных двухпавярховых збудаванняў з’яўляецца дом па вуліцы Камсамольскай, 22. У дэкоры галоўнага фасада выкарыстаны фігурныя пілястры, руст (абліцоўка знешняга фасаду будынка ў выглядзе груба абчасанага каменю альбо яго імітацыі), а таксама геаметрычны арнамент.

Ahuĺny vyhliad cahlianaha budynka pačatku CHCH stahoddzia
 Агульны выгляд цаглянага будынка пачатку ХХ стагоддзя. Крыніца: domofoto.ru

Будынак з’яўляецца прыкладам жыллёвай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. 

Да рэвалюцыі ў гэтым доме жыў габрэйскі купец Гутнераў. У ніжняй частцы размяшчаліся складскія памяшканні, у верхняй частцы дома жылі. Гутнераў займаўся вяровачнай справай (вырабляў вяроўкі, канаты). З прыходам cавецкай улады вытворчасць была працягнута, але пасля ўсё знішчылі, і ў гэтым будынку размясцілаcя аддзяленне банка. У пачатку 1990-х гг. у будынку быў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Хоцімска, а з 2006 года будынак перададзены Дзіцячай школе мастацтваў. Цяпер у будынку размяшчаецца Дом рамёстваў. У культурнай установе багатая ткацкая калекцыя, а таксама ёсць некалькі старых кроснаў, адноўленых супрацоўнікамі. 

Дом на вуліцы Садовай, 20 таксама з’яўляецца адметным аб’ектам райцэнтра. На гэтым цагляным двухпавярховым доме можна ўбачыць нават год будаўніцтва — 1911. Будынак эклектычнай формы складаецца з дзвюх частак: першага паверха з цэглы і другога драўлянага. Архітэктурных аздабленняў будынак мае няшмат, але адметны сваім змешаным стылем. 

Dvuchpaviarchovy žyly dom z cahlianaj i draŭlianaj častkami
Двухпавярховы жылы дом з цаглянай і драўлянай часткамі. Крыніца: wikipedia.org

У пасляваенныя часы гэты двухпавярховы дом пачатку ХХ стагоддзя доўгі час быў прамтаварнай крамай. Значна пазней туды пераехала рэдакцыя мясцовай газеты «Шлях Кастрычніка». Пра гэта нагадвае жалезны двухскатны навес з каванай назвай газеты на беларускай мове.

Uvachod u budynak, jaki markiruje navies z nazvaj chocimskaj haziety «Šliach Kastryčnika»
Уваход у будынак, які маркіруе навес з назвай хоцімскай газеты «Шлях Кастрычніка». Крыніца: globustut.by

Помнік ахвярам Халакоста 

У ХІХ стагоддзі яўрэі складалі да траціны ўсяго насельніцтва мястэчка. Да 1929 года ў пасёлку была сінагога і тры малітоўныя дамы. Да 1938 года працавала школа з выкладаннем на ідыш. У 1939 годзе ў Хоцімску жыло 3,2 тысячы чалавек, з іх каля 800 яўрэйскага паходжання, што складала амаль 25% жыхароў паселішча. Падчас Другой сусветнай вайны хоцімскіх яўрэяў перасялілі ў гета.

Знішчэнне гета праходзіла ў жніўні — верасні 1942 года. Вязняў пад маркай перасялення або праверкі пашпартоў перамясцілі ў раён ільняной фабрыкі, дзе і адбыўся расстрэл. У выніку расстрэлаў загінула больш за 700 жыхароў Хоцімска яўрэйскага паходжання. Ужо ў пасляваенны час на брацкай магіле забітых яўрэяў быў усталяваны помнік (у 1947 годзе), які знаходзіцца на Ільнозаводскай вуліцы. 

Saviecki pomnik zabitym jaŭrejam Chocimska
Савецкі помнік забітым яўрэям Хоцімска. Крыніца: pomnim.online

У 2012 годзе пасля рэканструкцыі мясцовымі ўладамі быў узведзены новы памятны знак, дзе фактычна не абазначаны факт Халакоста, бо на ім размешчаны тыпова савецкі надпіс наступнага зместу: «Родителям, детям, братьям и сестрам, погибшим от рук фашистских захватчиков 4 сентября 1942 года».

Abnoŭlieny pomnik na Iĺnazavodskaj vulicy Chocimska
Абноўлены помнік на Ільназаводскай вуліцы Хоцімска. Крыніца: hotimsk.by

Яўрэйскія могілкі

У Хоцімску былі і свае яўрэйскія могілкі, якія размяшчаліся паміж ракой Жадунька і вуліцай Першамайскай. На вялікі жаль, са знікненнем яўрэйскага насельніцтва дагляду за могілкамі не было, і яны зараслі травой, а шмат якія надмагільныя пліты ў кепскім стане: пападалі і зараслі дзірваном. Тым не менш у розных частках могілак можна заўважыць адметныя каменныя жорны, на якіх выбіты надпісы на іўрыце.

Chocimskija jaŭrejskija mohilki pamiž rakoj Žaduńka i vulicaj Pieršamajskaj
Хоцімскія яўрэйскія могілкі паміж ракой Жадунька і вуліцай Першамайскай. Крыніца: shtetle.com

Пакроўская царква

Праваслаўны храм з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з рысамі класіцызму. Драўляны будынак Пакроўскай царквы быў узведзены ў канцы ў 1892 годзе як могілкавая капліца. У 1969 годзе на царкоўнай тэрыторыі былі дабудаваны алтар і прытвор са званіцай. Гэта адзін з самых усходніх праваслаўных храмаў Беларусі.

Pakroŭskaja carkva XIX stahoddzia
Пакроўская царква ХІХ стагоддзя. Крыніца: wikipedia.org

Свята-Троіцкі сабор 

Самым вядомым праваслаўным храмам і архітэктурнай перлінай Хоцімска з’яўляецца Свята-Троіцкі сабор, размешчаны па адрасе — вуліца Кірава, 24. Закладзены ў 1861 годзе ў гонар адмены прыгоннага права, ён планаваўся як паменшаная ў 10 разоў копія Храма Хрыста Збавіцеля, але атрымаўся па стылістыцы іншы храм. 

Будаўніцтва было завершана ў 1873 годзе. Храм быў названы ў гонар колішняй першай царквы Хоцімска (яшчэ за часамі Рэчы Паспалітай), гэта значыць у гонар Святой Тройцы. У 1938 годзе савецкія ўлады зачынілі сабор і разбурылі званіцу. Будынак прыстасоўвалі пад банк, школу механізацыі, збожжасховішча і Дом культуры.

Падчас вайны нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі аднавіць набажэнствы ў саборы, але ў 1943 годзе пераўтварылі храм у бастыён, які не моцна пацярпеў ад ваенных дзеянняў. У пасляваенны час будынак царквы пераўтварылі зноўку ў збожжасховішча, аднак у 1954 годзе ён быў перададзены пад Дом культуры і ў канцы 1960-х гадоў рэканструяваны.

Ahuĺny vyhliad Sviata-Troickaha sabora z vyšyni
Агульны выгляд Свята-Троіцкага сабора з вышыні. Крыніца: alarmout.livejournal.com

Сабор пабудаваны ў руска-візантыйскім стылі, што з’яўляецца сведчаннем каланіяльнай палітыкі Расійскай імперыі. 

З 2011 года пры саборы праводзіцца штогадовы нацыянальны фестываль званарства «Хоцімскія перазвоны».

Парк з атракцыёнамі і помнік княжне Хаціме 

У самым цэнтры горада акурат насупраць царквы размешчаны парк-запаведнік савецкіх электрычных атракцыёнаў. Яны паходзіць з савецкага ці постсавецкага дзяцінства вялікай часткі жыхароў Беларусі: «Сюрпрызы» ды «Космасы», а ў цэнтры класічнае кола агляду з жалезнымі кабінкамі. Атракцыёны цэнтралізавана завезены ў Хоцімск у 1985 годзе і працуюць да гэтага часу. У 2010-х гадах парк быў выкарыстаны ў натурных здымках расійскага серыяла «Чарнобыль», таму што кола агляду моцна падобна на прыпяцкае, і яно ледзь не адзінае гэтай мадэлі, якое застаецца ў працоўным стане.

Ahuĺny vyhliad centraĺnaha atrakcyjona chocimskaha parka
Агульны выгляд цэнтральнага атракцыёна хоцімскага парка. Крыніца: glubinka.by

Яшчэ адной адметнасцю Хоцімска з’яўляецца помнік княжне Хаціме, ад імя якой нібыта і пайшла назва райцэнтра. 

Гэтая скульптура з’явілася у Хоцімску ў 2018 годзе, і выбралі яе самі жыхары мястэчка. Выяву князёўны Хацімы стварыў мясцовы мастак Аляксандр Каржоў, увасобіў яго ў жыццё віцебскі скульптар Аляксандр Гвоздзікаў. 

Pomnik mifičnaj Chacimie
Помнік міфічнай Хаціме. Крыніца: zviazda.by

Размясцілася князёўна Хаціма ў цэнтральным скверы гарадскога пасёлка недалека ад цэнтральнай плошчы. Выяўлена легендарная княжна са снопам ільну, апранутай згодна з модай Сярэднявечча. Прыдумаў вобраз Хацімы вядомы паэт, які паходзіць з Хоцімшчыны — Пятро Прыходзька. У сваёй паэме «Дар княжны» ён спрабаваў паэтычным словам патлумачыць паходжанне назвы Хоцімска. Вось адкуль узялі вобраз княжны і стварылі ёй помнік. 

Нягледзячы на тое, што найменне Хоцімска можа тлумачыцца як назва антрапанімічная, што паходзіць аб імя Хоцім, тым не менш гісторыя з княжной — абсалютная выдумка, хоць і прыгожа пададзеная хоцімскім паэтам. 

Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org