Аляксандр «Роб» Казакевіч — вядомы маладзечанскі рок-музыка, прызнаны палітвязнем. На піку ўласнай металёвай кар’еры ён граў адразу ў чатырох гуртах адначасова. А праз два гады пасля падзей 2020 вымушаны быў пакінуць краіну. Паразмаўлялі з Аляксандрам пра яго станаўленне як бас-гітарыста і вакаліста, пра тое, як граць адначасова ў чатырох гуртах, ды пра тое, на які тэрмін могуць асудзіць, калі ты проста шчыры музыка і сумленны чалавек.
— Аляксандр, давай з самага пачатку. Як прыйшло захапленне музыкай, а дакладней — захапленне металам?
— Гісторыя даўняя. Калі мне было прыкладна дзесяць гадоў, я вельмі любіў улезці «туды, куды не трэба». І вось аднойчы ў шуфлядзе свайго дзядзькі (бацькавага роднага брата, якому было крыху больш за дваццаць), я знайшоў гару аўдыякасет. Праслухаў адну, другую, трэцюю — асабліва нічога не чапляла. Пакуль не натрапіў на касету з вокладкай, дзе былі намаляваныя нейкія чарапы і шкілеты. Гэта аказаўся альбом «Металікі» «Load» з пірацкай вокладкай. Вось тады нібыта маланка ўдарыла — я паслухаў васьміхвілінную кампазіцыю «Bleeding Me» з запамінальным рыфам, і зразумеў, што больш нічога слухаць не хачу.
Потым пачаў па горадзе хадзіць, шукаць касеты. У той час у Маладзечне знайсці патрэбны рэліз было нават дасведчанаму меламану праблематычна. А тут хлапчаня, у якога ні знаёмых, ні сяброў, хто б займаўся музыкай, — ні з кім не параішся, ні ў кога не спытаешся. Памятаю, нават шукаў у краме «Дзіцячы свет» касеты «Металікі». Нейкім цудам знайшоў адзін альбом — пабег да дзеда, каб ён даў дзве тысячы. Пазней ужо стаў знаходзіць на касетах іншыя альбомы, потым з’явіліся кампакт-дыскі, пачаў набываць дыскі. Памалу пачаў слухаць трэш-метал. Было гэта дзесьці на пачатку 2000-х.
— Але ж, каб аднекуль браць інфармацыю, абменьвацца меркаваннямі, павінна была быць свая тусоўка, як і ва ўсіх іншых гарадах. Як з гэтым было ў Маладзечне?
— Зразумела, у нашым горадзе была дастаткова вялікая кампанія рокераў самага рознага ўзросту. Неяк незаваўважна для самога сябе я пачаў слухаць і панк-рок, і артадаксальны хэві-метал, і класіку року. У нямалай ступені дзякуючы Сашу Бадзіну, які старэй за мяне роўна на чвэрць стагоддзя. Невядома як мы апынуліся ў адной тусоўцы. Але ж дзякуючы яго падарункам, я адкрыў для сябе і «Блэк Сабат», і Озі Озбарна, і AC/DC. А потым ён мяне яшчэ і на працу паклікаў — сказаў, што мне, маўляў, патрэбны нефармалы. Адразу я не патрапіў да яго — мне трэба было год адпрацаваць пасля вучобы. Але ж праз год ён сваё абяцанне выканаў, і мы працавалі з ім вельмі шмат гадоў.
Аляксандр Казакевіч у юнацтве
- І лагічна было б дапусціць, што такое моцнае захапленне музыкай прывяло да ўласнай творчасці. Як і калі здарыліся твае першыя выступы?
- Мне было прыкладна васямнаццаць гадоў, знаёмыя музыкі паклікалі ў мясцовы гурт спяваць. Да гэтага я граў на гітары, спачатку на акустыцы, потым на электра, і нават не думаў быць вакалістам. Але выйшла так, што і гітарысты, і басіст, і бубнач былі ўкамплектаваныя, а свабоднага вакаліста не было. Яны бачылі мяне на іншых канцэртах — я не стаяў і не піў піва па кутках, а паводзіўся досыць актыўна, таму і прапанавалі: «Паспрабуй, у цябе энергіі хапае!». Так я на пару гадоў стаў свабодным вакалістам гурта «Канфлікт». Да гэтага былі аматарскія каманды, у якіх я граў у 16–17 гадоў, але можна сказаць, што «Канфлікт» стаў першым сур’ёзным калектывам.
Першы склад «Канфлікту»
Мы пачалі ездзіць па канцэртах. Пабывалі ў Кіеве, у Смаленску, у іншых гарадах, гралі на байк-фэстах шмат разоў — у Смаргоні, ездзілі ў Баранавічы, у Вілейку. У Мінску выступалі нячаста — можа разы два. Гэта былі прыкладна 2014–2015 гады. У той жа час пачалі пісаць альбом. Тэксты былі беларускамоўныя. Ягор Монід на гітары, Сяргей «Малёк» Высоцкі на барабанах, Андрэй Савук таксама гітарыст, Макс Літвінаў граў на басе, але праз пару гадоў з’ехаў у Нарвегію. Таму мне давялося ўзяць у рукі бас-гітару. Я адчуў усю магутнасць і важкасць гэтага інструмента. Мне вельмі падабаецца граць на басе, я нават гітару крыху закінуў.
- Вядома, што ты граў не толькі ў «Канфлікце». Распавядзі пра ўдзел у іншых камандах.
- На студыі, дзе мы рэпетавалі, гралі таксама іншыя музыкі. І вось, самая «суседняя», як я жартаваў, каманда была ў складаным становішчы ад паводзінаў вакаліста — той не прыходзіў на рэпетыцыі, мог «прадынаміць» канцэрт, а потым і ўвогуле зваліўся з пятага паверху ў выніку сваіх «прыгодаў». Патрапіў у шпіталь, па прагнозах лекараў павінен быў ляжаць паўгады, але ж вельмі хутка прыйшоў да нормы. Аднак ніякія ўрокі жыцця яму на карысць не ішлі, і ён зноў пачаў падводзіць сваіх калегаў па гурце. Спачатку хлопцы прасілі мяне падмяняць вакаліста, калі ён не з’яўляўся на выступ. І так цягнулася досыць доўга — рэпетыцыя за рэпетыцыяй, канцэрт за канцэртам. Але ж наступіў момант, калі ўсім надакучыла гэта недакладнасць, і я стаў выступаць з імі на пастаяннай аснове. Гурт называўся «Prevail».
Гурт «Prevail» на канцэрце ў Мінску
З гэтым гуртом таксама паездзілі па канцэртах — у адрозненне ад «Канфлікту», часта гралі ў Мінску, наведвалі Наваполацк, Віцебск ды іншыя месцы. На байк-фэсты «Prevail» асабліва не бралі, таму што мы гралі дэз-метал, нават не трэш-метал. Усе кампазіцыі былі на ангельскай мове. Самае складанае было, калі ў адным канцэрце ўдзельнічалі і «Канфлікт», і «Prevail», асабліва калі яшчэ па раскладзе стаялі адзін за адным. Але тады я спраўляўся, хапала энергіі і на два выступы запар. Хоць было нялёгка, па шчырасці.
— Была гісторыя, калі ў Мінск прыязджаў шатландскі гурт «Эксплойтэд», і гэта натхніла маладзечанскіх панкаў на стварэнне новага бэнду. Вядома, што ты таксама спрычыніўся да той гісторыі. Можаш прыгадаць нейкія цікавыя моманты на гэтую тэму?
— Як вядома, «Эксплойтэд» граюць хардкор-панк. І некалькі маладзечанскіх хлопцаў, якія хадзілі раней на ўсе нашы выступы, пасля наведвання канцэрта шатландцаў, перагаварылі з Мальком, нашым бубначом (а ён таксама быў на канцэрце і застаўся пад вялікім уражаннем) і вырашылі стварыць новы панк-гурт. Ніхто такую творчую ініцыятыву забараніць не можа.
Хлопцы пачалі граць у гаражы. Не на кропцы, не ў студыі, а менавіта ў гаражы. Я шмат разоў да іх прыходзіў — патусавацца, паслухаць, паразмаўляць. Там жа і з Мальком перасякаліся. Хлопцы гралі такі стрыт-панк з антыфашысцкай накіраванасцю ў тэкстах. Яшчэ і з трамбонам. Але не ска, а менавіта стрыт-панк. Потым басіст паехаў на працяглы час у Эстонію на працу. Я яго падмяняў нейкі час. Па вяртанні яму трэба было ўладкоўваць свае сямейныя справы. Давялося мне застацца ў якасці басіста ўжо ў трэцім гурце. Дарэчы, ён называўся Cheerio!state (менавіта так, з клічнікам у сярэдзіне; на слэнгу азначае штосьці кшталту «бывай, дзяржава»).
І тут таксама справа пайшла ў сваім кірунку. Мы ездзілі пісацца на студыю ў Гародню. Шмат канцэртаў пайгралі. Адзін з апошніх я, праўда, прапусціў — быў у турме. А хлопцы кудысьці на Фінскі заліў зматаліся — удзельнічалі там у антыфашысцкім канцэрце.
Дарэчы, з антыфашысцкім рухам у Маладзечне ўсё не тое што складана, а нават небяспечна. Справа ў тым, што футбольныя фанаты тога ж ФК «Маладзечна» прытрымліваюцца ультраправых пазіцый. Напрыклад, калі іх чалавек сто, то нас чалавек пятнаццаць. Вось такое супрацьстаянне. Тым больш, антыфашызм у краіне забаронены. У той самай краіне, якая разам з іншымі перамагла фашызм.
— Ну і пра чацвёрты гурт трэба распавесці.
— З барабаншчыкам Сяргеем «Мальком» Высоцкім і з басістам Юрам Гарадзінскім з гурта «Greensnake» мы стварылі яшчэ адзін гурт. Называўся ён Uščent (Ушчэнт). Нас усіх ужо ведалі па іншых гуртах, ва ўсіх — і ў Сяргея, і ў Юры, і ў мяне — была свая гісторыя ў музычным руху. Ад нас чакалі чагосьці новага. А мы адчувалі адказнасць і не спяшаліся выходзіць з «сырым», не абкатаным матэрыялам. Хацелі давесці да выдатнай якасці, каб паказаць наш сапраўдны прафесійны ўзровень. Працавалі над праграмай вельмі плённа.
Я не ведаю, як на ўсе выступы ў мяне хапала часу. Але адчувалася і падтрымка Сашы Бадзіна, у якога працаваў. Напрыклад, калі ехалі на канцэрт у Кіеў, ён сам яшчэ і з бусам, і з кіроўцам нам дапамог.
Аляксандр Бадзін (справа) падчас сустрэчы з маладзечанскімі музыкамі ў Варшаве напрыканцы 2022 года (злева — былы гітарыст гурта «Канфлікт», зараз варшаўскі таксіст Ягор Монід, у цэнтры Сяргей, былы менеджар гурта «Канфлікт»)
— Я так разумею, што надыходзіў ужо жнівень 2020?
— Так. Большасць з музыкаў удзельнічалі ў пратэстах, шэсцях, вялі нейкую актыўную дзейнасць. Хто апаратуру вазіў, хто транспартам займаўся, хто валанцёрыў.
— І адразу ж адчулася рэакцыя праўладнага боку, так?
— У Маладзечне бліжэй да верасня ўсё затухла. Асабіста мяне «прынялі» першы раз напрыканцы кастрычніка. Не хутка, але і не зацягнулі асабліва. Мы ўдваіх ішлі да сябра дамоў, я нёс бутэльку піва. Насустрач выйшлі два міліцыянты і настойліва сталі прапаноўваць праехаць да аддзелу за тое, што мы, нібыта, распіваем спіртные напоі. На любое пытанне ў іх быў свой такі-сякі адказ. Калі нас прывезлі ў РАУС, праз гадзіну майго сябра адпусцілі. А мяне пачалі прымушаць падпісаць паперу з прызнаннем, што падпаліў шапік «Табакеркі» каля свайго дома. Мне падаецца, што яна ўвогуле не гарэла, але, па меркаванні супрацоўнікаў, іхная папера павінна была ўсё стрываць. Яны рабілі націск, каб я сам прызнаўся. Зразумела, я адмовіўся. Праз семдзесят дзве гадзіны адпусцілі. Аднак было ўжо неспакойна. У такім падвешаным стане скончыўся год.
Напачатку наступнага года ўзнавіліся нейкія выклікі ў РАУС, тэлефонныя званкі — то нешта падпісаць, то тэлефон забраць. У сакавіку 2021 брат збіраўся ехаць працаваць у Гданьск. Я хуценька зрабіў працоўную візу, і 6 красавіка мы з братам з’ехалі амаль на паўгады. Паколькі мной ніхто не цікавіўся за гэты час, майго прозвішча не было ні ў якіх спісах, я вырашыў вярнуцца ў Маладзечна. Уладкаваўся зноў на старую працу. Але ў красавіку 2022 года да мяне ў кватэру сталі ламіцца нязваныя госці. Я не адчыняў — па нахабнай манеры я адразу зразумеў, што за персанажы да мяне прыйшлі. Не хаваючыся, яны грукалі гадзіну. Потым усё заціхла.
Прыкладна яшчэ праз паўгадзіны я адчыніў дзверы і ўбачыў накіраваныя на мяне пісталет і газавы балончык.
Карацей, мяне затрымалі. За што, спачатку не тлумачылі. Пры вобшуку крыху разграмілі хату. Праз тры месяцы я атрымаў першы прысуд — год і шэсць месяцаў хатняй «хіміі». Але пасля таго, як мяне адпусцілі з зала суда, на свабодзе я прабыў шэсць з паловай сутак. Нават яшчэ прысуд у сілу не ўступіў. За мной ізноў прыйшлі, і зноў па 369-м артыкуле — нібыта за каментары ў інтэрнэце. Хаця яны мне паказвалі тое, што я не пісаў. Я ніколі ў жыцці не пагражаў камусьці, што, маўляў, знайду і заб’ю. Тое былі не мае каментары. Я ім так і казаў, але ж каму там што дакажаш.
Пакуль не прыехаў мой адвакат, мне паказалі паўнюткі набор маіх здымкаў: і з Маладзечна, і з Мінска, пачынаючы з 2017 года, з акцый пратэсту па дармаедстве, і з Дзядоў, і з Дня Волі. Потым поўны набор па 2020 годзе — успомнілі ўсё — дзе я быў, з кім, пры якіх абставінах.
Мне сказалі: «Што ты думаеш, мы пра цябе нічога не ведаем?».
А я адказаў: «Дык я нічога ад вас не хаваю. Сам магу ўсё распавесці, адказаць на любыя пытанні. Мне хаваць няма чаго! Я не збіраюся вас баяцца».
Калі я ўжо сядзеў у Жодзіна, мяне выклікалі «на кабінеты». Перада мной за сталом знаходзіліся абсалютна незнаёмыя людзі, якія не прадставіліся, не павіталіся. Яны адразу паклалі перада мной аркуш А4, дзе была фотка мёртвага Мікіты Крыўцова, вядомага нашага футбольнага фаната. Мы ў свой час з ім пазнаёміліся, калі стаялі ў шчэпцы на плошчы ў Маладзечне, ён быў праз чалавека ад мяне. Нягледзячы на тое, што мы адносіліся да супрацьлеглых маладзёвых груповак, у жніўні ўсе былі разам і побач — было не да лакальных разборак, была больш вялікая праблема і адзін вораг перад намі. І калі яны паказалі фотку, дзе Мікіта ўжо павешаны, я спытаўся: «А навошта вы мне паказваеце гэта?». Яны мне адказалі прамым тэкстам: «Ты разумееш, што можаш быць наступным, калі будзеш выпендрывацца?». Я спакойна патлумачыў, што я не «выпендрываюся», а маю свае перакананні, сваю пазіцыю, і змяняць іх не збіраюся, што б на мяне не вешалі — хоць забойства Кенэдзі.
Калі я выйшаў з залі суда другі раз, мне прысудзілі ўжо два гады хатняй «хіміі». Я не сумняваўся, што ад такога «правасуддзя» трэба бегчы. Не ведаў яшчэ, калі і як, але быў упэўнены, што буду «знікаць». Галоўнае акрэсліць праблему, і патрэбныя людзі адразу знайшлі мяне.
26 верасня 2022 года ў мяне быў суд. На наступны дзень я з’ехаў на лецішча. Рыхтаваўся, хадзіў па лесе, вучыўся арыентавацца на мясцовасці прыкладна на працягу тыдня. Потым на дзень з’ездзіў у горад, сустрэўся з сябрамі, мы яшчэ ўсе патрапілі на дзень народзінаў да агульнага сябра-меламана.
Я ўжо ведаў дату ад’езду з краіны, але нікому з сяброў нічога тады не сказаў. Мне дапамаглі перасекчы мяжу ў ноч з 4 на 5 кастрычніка. Зараз я ў статусе палітычнага ўцекача.
— А як склаўся лёс кожнага з гуртоў?
— На дадзены момант гурт «Prevail» ужо не існуе. Так атрымалася, што калі ў калектыве няма «рухавіка», няма каму стварыць ініцыятыву, усё згасае. На жаль.
З гуртом «Канфлікт» заўсёды было цяжкавата — тут, відаць, працуе вядомы закон: як вы карабель назавеце, так ён і паплыве. Памятаю, што быў момант, калі спаймаў сябе на думцы, што на працу я іду з лепшым настроем, чым на рэпу з «Канфліктам». Удзельнікі сварыліся паміж сабой вельмі моцна, як толькі да бойкі не даходзіла. Карацей, на працягу года 2018–2019 наш «карабель» узяў курс на дно.
Да сённяшняга дня сілавыя структуры цікавяцца і гуртом Cheerio!state, і канцэртамі, якія мы ладзілі. Як і належыць сапраўднаму андэграўнду, выступленні нашы праходзілі ў гаражы, там жа, дзе і рэпетавалі. Прыязджалі да нас госці з Украіны — каманда называлася «ЧОС», таксама з Латвіі — «Beltol». Народ збіраўся, а міліцыя і не ведала, дзе што адбываецца, дзе знаходзіцца гэты гараж. Яны толькі ведалі, што дзесьці хтосьці граў, а дзе дакладна, невядома. І як увогуле не даведаліся — я не ведаю!
Хлопцы з гурта чакаюць, што я вярнуся. Але ж я ім увесь час кажу: «Вы што, не разумееце, што адбываецца?». Апошнім часам, нарэшце, яны таксама сталі думаць пра ад’езд.
А з гуртом «Ушчэнт» мы не паспелі, як належыць, «раскруціцца», таму што надышоў жнівень 2020 года. Нават фотак нармалёвых на памяць не засталося.
Застаецца толькі спадзявацца, што мы ўсе яшчэ зайграем разам!
Юры Несцярэнка, budzma.org