Малавядомая згадка пра Грунвальдскую бітву

У гэтым годзе спаўняецца 615 гадоў, як 15 ліпеня 1410 года аб’яднанае войска Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага сустрэлася з войскам Тэўтонскага ордэна каля вёскі Грунвальд ва Усходняй Прусіі (зараз у складзе Польшчы). Слава пра Грунвальдскую бітву разышлася па ўсёй Еўропе. Згадкі пра яе можна знайсці ў самых розных крыніцах — часам даволі нечаканых. Пра адну з такіх згадак распавядаем у артыкуле.

Грунвальдская бітва, якая стала эпафеозам Вялікай вайны 1409–1411 гадоў, скончылася бясспрэчнай перамогай польска-літоўскай кааліцыі. Войска Тэўтонскага ордэна было разбітае, вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген загінуў у баі. Магутнасць Тэўтонскага ордэна была канчаткова падарваная. Вайна скончылася ў 1411 годзе так званым Тарунскім пагадненнем, паводле якога да Польшчы і ВКЛ адышлі Добжынская і Жамойцкая землі.

Hibieĺ vialikaha mahistra Teŭtonskaha ordena ŭ Hrunvaĺdskaj bitvie
Гібель вялікага магістра Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве. Міціяцюра з «Шпіцкай хронікі» Дыбальда Шылінга-старэйшага. 1480-я гады. Фота: Bern, Burgerbibliothek, Mss.h.h.I.1

Вестка пра Грунвальдскую бітву шырока разышлася па ўсёй Еўропе. Гэтую падзею абмяркоўвалі на гарадскіх плошчах, пры каралеўскіх і княскіх дварах, у папскай курыі. Пры гэтым згадваліся імёны пераможцаў — караля польскага Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта, чый знешнепалітычны ўплыў ва Усходняй Еўропе цяпер значна пашырыўся.

Нечаканая крыніца

Часам згадкі пра Грунвальд можна знайсці ў даволі нечаканых крыніцах. Адна з іх сёння захоўваецца ў архіве кантона Люцэрн у Швейцарыі. Размова ідзе пра так званую «Гадавую кнігу», або «Некралог» (лац. Liber anniversariorum, Necrologim), цыстэрцыянскага абацтва Святога Урбана. У перыяд Сярэднявечча «гадавымі кнігамі» называліся некралогі, куды заносіліся даты смерці манахаў і мірскіх асоб, ахвяраваўшых кляштару сваю маёмасць. У «гадавых кнігах» таксама маглі фіксавацца найбольш важныя падзеі з гісторыі кляштара, сумежных з ім краёў і нават далёкіх краінаў.

Гэткага кшталту прыклад мы маем і ў нашым выпадку. На старонцы 63 «гадавой кнігі» абацтва Святога Урбана можна знайсці, акрамя іншага, наступны запіс:

«У год Пана 1410-ты ўварваўся кароль польскі, або Кракаўскі, з незлічоным мноствам палякаў, татараў, рутэнаў, а таксама іншых народаў у зямлю прускую, і сышліся з імі рыцары тэўтонскія разам з мноствам прусаў. Пасля таго як адбылася бітва, прусы паказалі спіну, шмат тысячаў [ваяроў] з таго і з гэтага боку былі забітыя. Нарэшце палякі, атрымаўшы перамогу, цягам пятнаццаці тыдняў асаждалі наймагутнейшы замак, а менавіта Марыенбург, але, не дасягнуўшы нічога, вярнуліся ў сваю зямлю не без стратаў у сваіх шэрагах».

Zapis pra Hrunvaĺdskuju bitvu z «Hadavoj knihi» abactva Sviatoha Urbana
Запіс пра Грунвальдскую бітву з «Гадавой кнігі» абацтва Святога Урбана. Фота: Luzern, Staatsarchiv, KU 626

Адкуль вядома, што размова менавіта пра Грунвальдскую бітву

Хоць месца бітвы тут не называецца, няма ніякіх сумневаў, што гаворка ідзе менавіта пра Грунвальдскую бітву. Пра гэта сведчыць указанне на «зямлю прускую» як на месца, дзе адбылася бітва, а таксама згадка пра тое, што пасля перамогі аб’яднанае польска-літоўскае войска зладзіла аблогу Марыенбурга (сёння Мальбарк у Польшчы), дзе з 1309 года размяшчалася рэзідэнцыя вялікага магістра Тэўтонскага ордэна.

Сапраўды, пасля перамогі пад Грунвальдам польскі кароль Ягайла і вялікі князь літоўскі Вітаўт рушылі да замка і пратрымалі яго ў аблозе з 26 ліпеня па 19 верасня 1410 года (то бок сем з паловай тыдняў, а не пятнаццаць, як тое запісаў цыстэрцыянскі манах). Але штурмаваць добра ўмацаваны Марыенбург яны так і не адважыліся, бо іх войскі панеслі значныя страты ў бітве, і адступілі. Таксама цікава, што галоўнай прычынай паразы Тэўтонскага ордэна на Грунвальдскім полі манастырскі пісар называе менавіта ўцёкі прусаў — то бок ваяроў, набраных тэўтонцамі з мясцовага насельніцтва ў Прусіі.

У гадавой кнізе галоўная роля ў польска-літоўскай кааліцыі адводзіцца Ягайлу, у той час як пра Вітаўта наогул нічога не гаворыцца. Разам з тым у запісе згадваюцца «рутэны», то бок праваслаўныя жыхары Вялікага Княства Літоўскага — продкі сучасных беларускаў і ўкраінцаў, а таксама «татары», якіх, як мы ведаем, было шмат у войску Вітаўта.

Такім чынам, кароткі запіс з «Гадавой кнігі» абацтва Святога Урбана ёсць важнай першакрыніцай. Ён яшчэ раз сведчыць, як шырока разышліся ў тыя часы па ўсёй Еўропе звесткі пра Грунвальдскую бітву і якую вялікую ўвагу надавалі ёй яе сучаснікі.

Таму і мы сёння павінны ганарыцца здзяйсненнямі нашых продкаў, быць вартымі іх і годна трымаць сябе ў няпростыя часы.

Я.Г., Budzma.org