Памёр Эдуард Герасімовіч

Эдуарду Герасімовічу, шматгадоваму дырэктару Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, было 80 гадоў, піша «Наша Ніва».

Eduard Hierasimovič

5 ліпеня 2025 года не стала Эдуарда Іванавіча Герасімовіча — заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, чалавека, які больш за чатыры дзесяцігоддзі аддаў беларускай сцэне. Пра гэта паведаміла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Эдуард Герасімовіч нарадзіўся ў 1945 годзе ў Самарскай вобласці Расіі ў беларускай сям’і. Яго бацькі паходзілі са Слуцкага раёна, але падчас вайны маці была эвакуіравана, а бацька пайшоў на фронт. Пасля вайны сям’я некаторы час жыла ў Расіі, аднак з выхадам на пенсію бацькі вярнуліся на радзіму — у Астрашыцкі гарадок пад Мінскам. Туды пасля службы ў арміі пераехаў і Эдуард.

Працоўны шлях пачынаў з Мінскага авіяцыйнага завода, а ў вольны час ён граў у створаным ім жа самім вакальна-інструментальным ансамблі «Арфей».

Любоў да мастацтва прывяла яго ў тэатральна-мастацкі інстытут, дзе ён атрымаў спецыяльнасць «клубны работнік». Пасля заканчэння інстытута працаваў метадыстам у аддзеле культуры Мінскага райвыканкама.

У 1975 годзе Герасімовіч прыйшоў у тэатр імя Максіма Горкага на пасаду намесніка дырэктара. Праз пяць гадоў яго запрасілі ў Міністэрства культуры, дзе ён узначаліў аддзел тэатраў, але, як сам пазней казаў, «паперкі хутка надакучылі — хацелася жывой працы». Ён ненадоўга перайшоў у Купалаўскі тэатр, дзе працаваў намеснікам дырэктара, а затым вярнуўся ў Горкаўскі тэатр, ужо як дырэктар.

Менавіта пры ім тэатр атрымаў званні «акадэмічны» (1994) і «нацыянальны» (1999), стаў вядомым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

За свой унёсак у культуру Беларусі Эдуард Іванавіч быў адзначаны рознымі ўзнагародамі, у тым ліку медалём Францыска Скарыны.