Гуллівая хваля эканамічнага крызісу вынесла на паверхню тлустую лушчатую тушку часопіса Filet. Візуальнае афармленне і падбор матэрыялаў, стыль напісання, нават вылічаная да міліметра таўшчыня карэньчыка і мова ў фармаце 3D – руская, беларуская і англійская – (кожны тэкст вось так проста і напісаны словамі з гэтых моваў) адразу стварылі ў мяне вобраз раптоўна ажылага дунклеастэуса.
Усе “лаўцы душ чалавечых” – і крытычныя аглядальнікі, і падаткавыя інспектары – мусяць быць удзячныя рэдактарам выдання за тую кранальную наіўнасць, з якой яны апісалі, як можна сапраўды добрую і цікавую ідэю ператварыць у безнадзейна правальную (с. 42).
Думаю, што калі б рэдактары наважыліся ажыццявіць сваю першапачатковую задуму – зрабіць модны часопіс “пра геяў і для геяў” – і падышлі б да справы з сапраўды ўласцівым ім добрым густам, увага цікаўных людзей была б шчырай і актыўнай. Гэта гарантавала б выданню хаця б мінімальная перспектывы: прынамсі, “Лямбда-форум” застаўся ў памяці народнай як адзнака тых часоў, калі ўсё яшчэ было магчыма, а здавалася, што магчыма яшчэ больш. У Filet выяўныя і пазнавальныя абрысы гей-культуры праглядаюцца спрэс, і зусім няясна, чаму гэтае добра дагледжанае і цалкам жыццяздольнае цела спрабуе прыкрыць сябе фанцікам ад чупа-чупса.
Назаўжды паверыўшы ў непераможную моц буржуазнага глянцу, рэдактары і аўтары ўсё ж вырашылі, што іх місія – “вылепліваць з адных нашых суграмадзянаў зорак, паралельна пераконваючы астатніх у тым, што разумнымі, заможнымі і прыгожымі быць лепш, чым “проста беларусамі” (с.42). Расчараванні і крыўда аўтараў у нашым жыцці такія натуральныя і безабаронныя, што сабраныя пад адной вокладкай не выглядаюць ані пагрозліва, ані раздражняльна, а толькі анекдатычна. Выказванні кшталту: “шоў-бізнэс у нас друзлы і спарахнелы” (с.10), “…беларусаў любіць цяжка. Ды ім гэта і не трэба” (с. 72), “наша “альтэрнатыва” такая ж местачковая, як і “мэйнстрым”, і ўрэшце выраз “пра кіно заўжды казаць цяжка, калі яго няма ў прынцыпе” (с.129), навялі мяне на думку, што ўсе яны належаць аднаму чалавеку, якому перабыванне ў беларускай рэчаіснасці прыносіць глыбокую траўму, што перажываецца ім у тэрмінах адсутнасці. Гэткім чынам траўмаваная, здаецца, немалая доля “творчых” беларусаў.
Штучнае запаўненне гэтай адсутнасці чужымі, здалёк прывезенымі, але вельмі прыгожымі і сапраўды цікавымі прадуктамі – без усялякай спробы пераасэнсаваць іх, зыходзячы са свайго досведу, а наадварот, спрабуючы прыціснуць гэтым чужым досведам абарыгенаў, – выяўляе бяссілле такога кшталту праектаў у выкананні сваёй першапачатковай функцы: быць “медыя”, забяспечваць адмысловую прастору для стварэння новых прадуктыўных сэнсаў. Тут дарэмнымі аказаліся прыклады лёсаў папярэднікаў кшталту “Дабермана” і “Мабільнай сувязі” і незайздроснае існаванне “Жаночага часопіса” – рэінкарнацыі “Работніцы і сялянкі”, лоск якога ратуюць толькі рэгулярныя ін’екцыі ботакса і прадказальная кар’ера палявой зоркі, чые партрэты ўпрыгожвалі не абы што, а пачкі з зефірам. Зорку немагчыма прызначыць, нават маючы ў руках усе дасягненні глабальнай культуры.
Таму Filet, прынамсі калі ён будзе прытрымлівацца той сарамлівай стратэгіі, якую абраў для пілотнага нумару, пойдзе даўно пракладзеным трактарам “Беларус” шляхам усіх нашых глянцавых выданняў. Спадзяванні заняць нішу паміж “Студэнцкай думкай”/”34” , якая цалкам улётна працуе з кожным кілабайтам моладзевай свядомасці, і часопісам pARTisan, трымаюцца на тоненькіх ножках. Больш за тое, ніколі не ўдасца дасягнуць вышыняў уплыву такога рэальна глянцавага часопіса, як “Спецназ”, які “выходзіць штомесяц і арыентаваны на шырокую мужчынскую аўдыторыю” .