Як справы, шаноўныя? Як настрой? Што грэе вашыя душы ў той час, пакуль батарэі адключаныя, а навіны на радзіме гэткія, што хоць ты іх не чытай наагул? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік дзеліцца ўласным сакрэтам аптымізму ды ўпершыню публічна распавядае пра самае дарагое ў сваім жыцьці.
А ў вас таксама гэтак бывае, што на адную і тую ж навіну альбо зьяву можна зірнуць па-рознаму — у залежнасьці ад настрою?
Да прыкладу, вось стала вядома, што колькасьць шкаляроў, якія навучаюцца па-беларуску, за 10 гадоў скарацілася на траціну. А за вакном — вясна, справы маюцца добра, няма на што скардзіцца.
І вось думаеш: ну нічога, маўляў, колькі ўжо нашую мову душаць-душаць — і аніяк задушыць ня могуць! Можна ж навучацца анляйн, галоўнае — каб бацькі не былі абыякавыя, тады ўсё будзе добра. Не здаваймася! Не маркоцьмася!
Як той казаў, перажылі лета гарачае — перажывем і гаўно сабачае!
Тэмпы расеізацыі Беларусі паводле вынікаў перапісу 2019/2009 гг. Чырвоны колер — пераважае расейская мова зносінаў, зялёны — беларуская. Графіка belstat.gov.by
А вось калі за вакном замест траўня — лістапад, сьпіна баліць, дый наагул справы так сабе — што тады?
Лічбы зь беларускамоўнай адукацыі жахлівыя. Працягваецца татальная расеізацыя. Мінус кожны трэці — гэтак жа ж, атрымліваецца, сёньня можна гаварыць ня толькі пра страты ў часе Другое ўсясьветнае вайны, але і пра беларускамоўную адукацыю. То-бок пра страты ў часе цяперашняе вайны супраць усяго беларускага.
Раней хоць розныя грамадзкія ініцыятывы родную мову падтрымлівалі, а зараз іх усіх альбо зачысьцілі, альбо яны гібеюць за мяжою (дарэчы, не забудзьцеся падтрымаць «Будзьма беларусамі»!) — які ж тут аптымізм можа быць? Бяда, зусім бяда!
Вось бывае ў вас гэтак? У мяне бывае. І што тады рабіць?
Будзе жыць «Будзьма беларусамі» — будзе жыць і нашая Беларусь!
Па адказ варта зьвярнуцца да мудрасьці нашага народу, які ж неяк усё-ткі перажыў стагодзьдзі асыміляцыі й захаваўся насуперак гістарычнаму лёсу й волі нашых агрэсіўных суседзяў. «Кожны сам каваль свайго шчасьця» і «Вочы баяцца, а рукі робяць» — усе ж чулі гэтыя прымаўкі, праўда?
Дык вось трэба папросту працягваць рабіць сваё, не апускаць рукі — нават калі на сэрцы камень, а надзеі зусім не відно. Рабі пільна, і будзе Вільня. Калі хоць нешта робіш — ёсьць шанец, што ўсё будзе добра. Калі нічога ня робіш — шанцаў няма наагул.
Два беларускамоўныя блогеры — тата й сын Руселікі. Фота з асабістага архіву аўтара
Раскажу вам крыху пра сваю сям’ю.
Мой сын нарадзіўся ў Польшчы. Яго першай мовай была беларуская, польскую ён вывучыў ужо самастойна, калі пайшоў у дзіцячы садок. Пры гэтым беларуская ўсьцяж застаецца яго асноўнай мовай. Мой сын мае беларускамоўных сяброў, вядзе ўласны беларускамоўны канал на YouTube, аднолькава добра піша і чытае як па-беларуску, гэтак і па-польску. Пры гэтым хадзіў у звычайны польскамоўны садок, цяпер ходзіць у польскамоўную школу. Дый на варшаўскіх вуліцах беларускую мову сустрэнеш яшчэ радзей, чым у Беларусі. Ну і ўласна на радзіме бацькоў апошні раз сын быў, калі меў тры гадочкі.
Дык як жа ж тады атрымалася выхаваць беларускамоўнага хлопца ў небеларускамоўным асяродзьдзі?
Мой адказ Амэрыкі вам не адкрые: папросту ў сям’і мы размаўляем па-беларуску. Адпаведна і жыцьцёвая беларускамоўная прастора ў нашага сына таксама ёсьць: гэта і мульты на «Кінакіпе», і аўдыёкніжкі на «Кніжным возе», і нават мае экскурсы ў цудоўны сьвет беларушчыны ў «Вытоках».
І галоўнае — наш сын разумее, што беларуская мова — гэта ня нешта абстрактнае, што мы павінны любіць і паважаць зь нейкіх там прычынаў. Беларуская мова — гэта мова, на якой размаўляюць ягоныя бацькі і ягоныя сябры (вы б чулі, як беларускамоўныя дзеці гуляюць разам у «Minecraft»!). Размаўляюць незалежна ад таго, якое сёньня надвор’е за вакном і які настрой на душы.
Вось і ўвесь адказ.
Папросту размаўляйце па-беларуску паўсюль і заўжды. Не аддавайце сваіх дзяцей на выхаваньне камусьці іншаму, самыя дзяліцеся зь імі сваімі каштоўнасьцямі. Нават калі ваш сын альбо вашая дачка ступіць за парог — туды, дзе шалеюць самыя шалёныя й самыя антыбеларускія віхуры, яны будуць цудоўна ведаць: ёсьць дом, куды заўжды можна вярнуцца і дзе ўтульна і бясьпечна.
Дом, у якім жыве Беларуская Мова.
Беларускамоўныя малюнкі Конана Руселіка над працоўным сталом яго таты. Фота з асабістага архіву аўтара
Валера Руселік, Budzma.org