Аліна Блюміс з 20 гадоў жыве ў Нью-Ёрку, але рэагуе на беларускія падзеі мастацкімі праектамі. Яе серыя «Сінякі», інспіраваная беларускімі пратэстамі, цяпер дэманструецца на маляўнічай віле ў Варшаве, піша reform.news.
Аліна Блюміс. Фота: Blazej Pindor. Situations Gallery, NY before NADA Villa Warsaw
З 22 па 25 траўня пяцьдзясят міжнародных галерэй пакажуць свае экспазіцыі ў гістарычнай віле Гаўроньскіх. Сумесная выстава «Nada Villa Warsaw» стварае дыялог паміж разнастайнымі галерэямі і ўнікальным духам гэтага месца. Асацыяцыя нью-ёркскіх арт-дылераў Nada ў калабарацыі з польскімі партнёрамі праводзіць імпрэзу ў польскай сталіцы ўжо ў другі раз.
Мастачку беларускага паходжання Аліну Блюміс прадстаўляе амерыканская галерэя Situations. Аліна паказвае частку свайго праекта «Сінякі», у якім можна ўбачыць сляды гвалту, якія застаюцца на целах людзей пасля збіцця. Аліна называе цела дакументам сацыяльнай барацьбы і доўжыць сваю працу, каб фіксаваць гвалт і даследаваць нядаўнія і цяперашнія сацыяльныя канфлікты ў свеце.
Аліна Блюміс нарадзілася ў Мінску, закончыла каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка. У 1994 годзе пераехала ў ЗША. З 1996 па 1999 гады вучылася ў Школе візуальных мастацтваў Нью-Ёрка, у 2005 годзе праходзіла навучальны курс у італьянскай школе візуальнага мастацтва.
Reform.news паразмаўляў з мастачкай пра знакі, метады класіфікацыі, палітычную барацьбу і пошук мастацкай мовы.
Экспазіцыя выставы Аліны Блюміс «Сінякі» на «Nada Villa Warsaw». Фота: Blazej Pindor. Situations Gallery, NY before NADA Villa Warsaw
— Аліна, я памятаю вашу выставу ў Мінску, якая адбылася ў 2019 годзе ў галерэі «Ў». Яна мела назву «Узоры класіфікацыі: Крысціян, Мухамед, Лі» і выразна дэманстравала ваш творчы метад, які, калі коратка, то можна так і назваць — класіфікацыя. Вы даследавалі сусветную статыстыку, дэмаграфічныя даныя і вызначылі асноўныя характарыстыкі грамадзяніна свету. А для серыі «Аматарскае назіранне на пашпартным кантролі», вывучылі ўсе 195 пашпартоў, якія існуюць у свеце, і вычленілі птушак з гербаў краін. Як вы гэты метад выпрацавалі?
— Мяне заўсёды цікавіла мастацтва, якое рэфлексуе на сітуацыю, якая адбываецца ў свеце. Атрымаўшы мастацкую адукацыю, я пачала шукаць сваю візуальную мову. З праекта ў праект — я заўсёды працую серыямі — гэтае разуменне, гэтая мова паступова пачала праяўляецца.
У ранніх працах я шмат працавала з тэмай міграцыі. Чаму міграцыя? Таму што я сама прайшла гэта шлях, мне давялося пераадольваць моўны бар’ер, культурныя прабелы.
Мантаж выставы Аліны Блюміс у галерэі «Ў». «Узоры класіфікацыі: Крысціян, Мухамед, Лі». 2019. Фота: facebook/alina.bliumis
— Вы з‘ехалі з Беларусі з мамай, калі вам было 20 гадоў. Вы не выбіралі гэту эміграцыю ў Амерыку?
— Я не хацела пераязджаць, але адаптацыя ў мяне праходзіла лёгка, а межы былі адкрытыя, і я ведала, што заўсёды змагу вярнуцца. Не было адчування, што з’язджаю назаўсёды. Аднак я закахалася ў горад, адразу адчула сябе дома, хоць я па-англійску не размаўляла. Настальгіі не было ўвогуле. Маё дзяцінства ў Мінску і жыццё ў Нью-Ёрку — дзве роўныя часткі маёй гісторыі. Я разумею гэту трагедыю, калі эміграцыя вымушаная і нельга вярнуцца, але для мяне ў той момант усё было арганічна.
— Але ў мастацтве вы ўсё ж прапрацоўвалі свой эмігранцкі досвед. Што гэта быў за праект?
— Я меркавала, што важна размаўляць пра тое, што ведаеш. Я жыла ў новай краіне, не ведаючы яе мовы. І нібы адчувала нейкую дзірку ў прасторы. У супрацы з мужам я зрабіла скульптуры слоўнікаў на розных мовах. І мы перагароджвалі імі вуліцы ці будавалі канструкцыі ў прыродзе.
Аліна і Джэф Блюмісы. Прект «Cultural tips for new americans». Фота: alinabliumis.com
— То-бок канструявалі тое, што перашкаджала рухацца?
— І што тут цікава? Тэма моўных бар’ераў. Калі мы пабудуем плот з кніг паміж двума дрэвамі, то з аднаго боку — гэта перашкаджае табе рухацца, але калі падысці збоку, то можна ісці ўздоўж, атрымліваецца дарога. Залежыць, як паглядзець на праблему. У нейкі момант няведанне мовы дае новае і нечаканае яе разуменне. Напрыклад, на многія фразы, якія чуеш кожны дзень, ты не звяртаеш увагі, але калі слухаеш іх упершыню, то ўспрымаеш па-іншаму.
Напрыклад, у мяне ёсць работа, якая называецца «Сoncrete poem» — канкрэтны верш. Гэта такі літаратурны прыём, калі словы размяшчаюцца на старонцы такім чынам, каб візуальна прадставіць тэму верша. Аднак сoncrete з англійскай мовы перакладаецца яе бетон. Таму я прачытваю гэты выраз як «Бетонны верш». І я запісвала кароткія вершы ў бетоне.
Ці напрыклад, быў праект «Культурныя парады для новых амерыканцаў», дзе я прасіла выпадковых людзей даць параду, як стаць амерыканцам.
Чаму ў мяне атрымаўся гэты праект? Бо я была новай амерыканкай, людзі чулі мой акцэнт. Праект меў шмат увасабленняў, але ўрэшце мы з мужам назбіралі драўляных сувеніраў з усяго свету, ачысцілі іх ад фарбы да дрэва і пісалі парады на кожным сувеніры — нібы на чыстым аркушы. Эміграцыя стала маёй мастацкай тэмай, бо гэта частка маёй гісторыі.
— Вернемся да знакаў і да класіфікацыі...
— У мастацтве ёсць розныя падыходы: часам мастакі глядзяць унутр сябе, а я гляджу на свет і спрабую яго, як вы сказалі...
— Сістэматызаваць, класіфікаваць, каталагізаваць, выбудаваць паслядоўнасці...
— Не, спачатку трэба знайсці асаблівы пункт гледжання, які будзе нечаканым. Напрыклад, мая серыя з пашпартамі. Мы ніколі не глядзім на дэталі нашага пашпарта, аднак знакі ўнутры іх вельмі прадуманыя, усё там мае значэнне, усё закадзіравана. Гэтыя коды заснаваныя на гісторыі краіны, на геаграфіі і эканоміцы. А мы нават не задумваемся, чаму ў пашпарце арол ці птушка дадо.
А я знайшла асаблівы візуальны падыход да нечага звычайнага і незаўважнага. А далей ідзе сістэматызацыя, класіфікацыя, для лепшага асэнсавання таго, што адбываецца.
Аліна Блюміс. З праекта «Сінякі». #144 (144-ты дзень пратэстаў у Грузіі). 2025
— Ваш праект «Сінякі» — гэта таксама дакументацыя, але наколькі яна сапраўды дакументальная? У аснове яго фатаграфіі?
— Пасля выбараў была жахлівая агрэсія. Я глядзела навіны, памятаеце гэтую акцыю, калі людзі падымалі майкі і паказвалі сляды збіцця. Я бачыла гэтыя збітыя целы. У нейкі момант гэтыя фатаграфіі ператварыліся для мяне ў абстрактныя выявы, і я пачала маляваць сінякі. Ёсць вядомая фраза філосафа Сільвіі Федэрычы, якая сказала, што кожныя сацыяльныя перамены пачынаюцца з цела. Разумееце, мы ўсяго дамагаемся праз сваё цела. Гэтыя сінякі могуць быць і ўнутры. Мае сінякі — метафары, таму яны такія абстрактныя. Гэта абагульненне. Гэта становіцца больш зразумелым, калі паглядзець на назвы маіх твораў. Напрыклад, «Сіняк 174». 174 краіны знаходзяцца ў нейкім ваенным канфлікце са сваімі суседзямі. Ці сіняк шэсць з паловай мільёнаў — гэта колькасць сірыйскіх бежанцаў.
Аліна Блюміс. З праекта «Сінякі». #350,000. (350 тысяч чалавек вымушаны былі пакінуць Беларусь пасля падаўлення пратэстаў). 2025
— А для Беларусі якая лічба?
— Для Беларусі іх вельмі шмат. Лічба бежанцаў з Беларусі, палітычных зняволеных. Але нядаўна я зрабіла работу, прысвечанаю пратэстам у Грузіі, яшчэ адну — Украіне. Насамрэч падзеі ў Грузіі, Беларусі і Украіне ўзаемазвязаныя.
Адна работа прысвечана Польшчы — забойству дэманстрантаў у савецкі час.
— А гэты праект не паказвае нашу слабасць? Сінякі — і што? Што ў адказ?
— Без сінякоў нічога не будзе. Мы ўсё яшчэ павінны змагацца.
— Сіняк — гэта сімвал чаго?
— Барацьбы. Гэта не сімвал пройгрышу. Мы збітыя, але не прайгралі. Гэта не пройгрыш, а частка барацьбы.
— Як вы сябе пазіцыянуеце — амерыканка беларускага паходжання? Наколькі важныя вам гэтая ідэнтыфікацыя і гэтыя сувязі?
— Амерыканскі мастак беларускага паходжання. Я сябе больш адчуваю амерыканкай, аднак тое, што я нарадзілася ў Беларусі і да дваццаці гадоў там жыла, паўплывала ў тым ліку і на маё мастацтва. Ва Усходняй Еўропе шмат факусуюцца на канцэптуальным мастацтве, бо тут усе закадзіравана, трэба ўмець чытаць паміж радкоў, не верыць усяму на слова. Гэтыя рэчы глыбока сядзяць у маёй свядомасці.
Мне падабаецца, што я знаходжуся паміж культурамі, падабаецца параўноўваць.
Аліна Блюміс. З серыі Concrete poems. Фота: alinabliumis.com
— Вы ў Мінску толькі адну выставу паспелі зрабіць? Хацелі б яшчэ паказаць там свае працы?
— Безумоўна, я б хацела прыехаць, каб убачыць Беларусь вольнай. Прыехаць туды і з выставай, і без выставы. Што адбываецца цяпер — гэта вялікая трагедыя.
У маіх «Бетонных вершах» ёсць твор пра Беларусь. Ён называецца «Іmagination nation». Слова «Nation» — гэта частка «imagination», таму што ў тым маім праекце адно слова з’яўляецца часткай іншага. І калі я кажу «Іmagination nation», адразу ўяўляю Беларусь, таму што гэта нацыя, якая, безумоўна, існуе, але рэалізаваная часткова ва ўяўленні.