Алесь Аркуш: “Мясцовы час” — раман у стылі non-fiction

Алесь Аркуш напісаў новы раман пад назвай “Мясцовы час”. Падзеі ў другім рамане пісьменніка адбываюцца на Полаччыне у канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў. Наваполацкае літаратурнае аб’яднанне «Крыніцы», рок-гурт «Мясцовы час», Таварыства Вольных Літаратараў — знакавыя культурныя з’явы Полаччыны канца ХХ ст., з  якімі аўтар быў звязаны. І гэта толькі невялікая частка таго, што апісана ў кнізе. Больш за 150 старонак тэксту чытаюцца адным махам. Прапануем вашай увазе невялічкую размову з пісьменнікам.

— «Мясцовы час» — гэта даніна часу, што ўжо прамінуў? Ці не хочаце вы вярнуцца ў пачатак 90-х гадоў ХХ стагоддзя?

— Адразу хачу адзначыць, што раман напісаны ў жанры non-fiction, гэта значыць, што ўсе яго героі і падзеі непрыдуманыя, у тым ліку і Павел Іванавіч. У пачатку твора згадваецца, што я, напісаўшы гэты раман, выконваю абавязак і абяцанне, — і гэта сапраўды так. У тым ліку і перад шматлікімі сябрамі, якіх ужо няма ў жывых. А гэта досыць вялікі спіс: Юры Гумянюк, Сяржук Цімохаў, Алесь Касцень, Васіль Храмцоў… Па вялікім рахунку, толькі я мог напісаць пра гэта поўна і дакладна. І не толькі таму, што я быў у эпіцэнтры гэтых падзеяў. Я маю вялікі архіў Таварыства Вольных Літаратараў. Перадусім гэта ліставанне сяброў ТВЛ. З гэтых лістоў можна цалкам аднавіць падзеі 20-гадовай даўніны. Таму я актыўна выкарыстоўваў лісты тэвээлаўцаў у самім тэксце рамана. Маглі б напісаць пра тыя падзеі і Вінцэсь Мудроў, і Ігар Сідарук. Але гэта была б няпоўная карціна, толькі яе кавалачак. Магчыма, яны яшчэ і напішуць штосьці сваё.

Ці хачу я вярнуцца ў пачатак 90-х? Я хачу захаваць падзеі тых гадоў як набытак — і наш асабісты, і нашай краіны, і нашай літаратуры.

З Юрыем Гуменюком. Варшава. 2012 г.

— Вашая кніга — гэта ўспаміны і ліставанне з вядомымі людзьмі: Славамірам Адамовічам, Юрыем Гуменюком, сустрэчы з Лявонам Вольскім і Янкам Брылём. Пра якія цікавыя моманты жыцця вам бы хацелася яшчэ згадаць, што не трапіла ў раман?

— Кніга мае сваю канцэпцыю і пэўнае кола пытанняў і тэмаў, якія ў ёй закранаюцца. Ясна, што ўсё, што адбывалася са мной пры канцы 80-х — у пачатку 90-х у ёй не апісана. Я наўмысна «прыглушаў» асабістыя падзеі таго часу. Я трымаўся свайго любімага памеру — невялікага рамана, які можна прачытаць адным заходам. Такі ж памер мае і мой першы раман «Палімпсест». Я імкнуўся намаляваць карціну, якая была б празаічна дакладная і ў той самы час паэтычна метафарычная і вобразная. Адна з метафар, закладзеных у раман, — трагізм лёсаў большасці яе герояў, і самы трагічны сярод іх — лёс Юрыя Гуменюка. Усё ягонае жыццё — гэта палёт з вежы яго ўяўленняў, прынцыпаў і мараў. Калі пачынаеш аналізаваць жыццё Юры, яго перакананні, яго творчыя мэты, то бачыш, што гэта была вельмі цэльная натура. Я маю каля ста лістоў, якія ён мне напісаў. Гэта ўнікальная эпісталярная спадчына. Бо ў іх Юра выказаў усе асноўныя свае жыццёвыя прынцыпы. Гэта светапоглядныя лісты. Калісьці я выдам іх асобнай кнігай.

Увогуле, «за бортам» рамана засталіся дзясяткі розных імпрэзаў, сустрэчаў, прэзентацыяў і канферэнцыяў. Не было сэнсу ўсё гэта апісваць, бо гэта не манаграфія па гісторыі ТВЛ.

На фота: падчас устаноўчага сходу Таварыства Вольных Літаратараў. 8 траўня 1993 г., Наваполацк.

Злева направа: Славамір Адамовіч, Юры Гумянюк, Алесь Аркуш, Юрась Лаўрык, Мікола Касцюкевіч, Ігар Сідарук.

— Кім для вас быў гарадзенскі паэт Юрый Гумянюк, пра якога вы згадалі і які трагічна загінуў у 2013 годзе?

— Юра Гумянюк для мяне быў найбліжэйшым паплечнікам па стварэнні Таварыства Вольных Літаратараў. Калі б яго не было або калі б я з ім не пазнаёміўся, то, напэўна, нашай літаратурнай суполкі не існавала б. Прынамсі такой, якой яна паўстала ў 1993 годзе. З Юравых лістоў, якія я цытую ў рамане, бачна, як актыўна ён «штурхаў» гэтую ідэю — стварэнне арганізацыі, альтэрнатыўнай тагачаснаму Саюза пісьменнікаў. Практычна гэта была мэта яго жыцця. І мы шмат што стварылі першымі ў Беларусі. А наш часопіс «Калосьсе» стаў першым недзяржаўным літаратурным часопісам за ўсе гады найноўшай гісторыі Беларусі. У ХХ стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Беларусі раней за «Калосьсе» выдаваліся толькі дзяржаўныя літаратурныя часопісы.

Экалагічны мітынг у Наваполацку, 1987 год. Алесь Аркуш, Сяржук Сокалаў-Воюш, невядомы

— Літаратурнае жыццё сярэдзіны 90-х віравала па розных гарадах і вёсках Беларусі. Што было самым запамінальным і што б вы змянілі ў той час, гледзячы з 2014 года?

— У тым і фокус, што нічога мяняць я б не стаў. Атрымалася і так усё як найлепш. Як любіў паўтараць Юра Гумянюк, мы гэта зрабілі нягледзячы ні на што! Іншая рэч, што на сённяшні розум я б імкнуўся выдаваць больш кніг. Мы неяк доўга вялі перамовы пра выданне кнігі арыгінальнага паэта з Гарадзеншчыны Андрэя Пяткевіча. Ён быў няпросты чалавек, дакладней, меў няпросты характар. У нейкі момант ён мяне так раззлаваў, што я кінуў усе гэтыя перамовы і не выдаў яго кнігі. Неўзабаве ён памёр, а ўсе яго рукапісы спаліў бацька. І ад Андрэя Пяткевіча засталося тое, што ён паспеў надрукаваць у розных перыёдыках, і рукапісы, якія захоўваліся ў ягоных сяброў, перадусім у Юры Гуменюка і Юрася Пацюпы. Дзе цяпер той Андрэеў сшытак, які захоўваўся ў Гуменюка, я не ведаю. Надзея на Юрася Пацюпу — толькі ён цяпер можа ўкласці найбольш поўную кнігу Андрэя Пяткевіча.

Падчас заснавання Каменя ТВЛ. Полацк, 8.05.2003

— ТВЛ цяпер — гэта хто? Адзін Алесь Аркуш? І чым Таварыства цяпер займаецца?

— ТВЛ — гэта праект 90-х гадоў. Таварыства выканала сваю місію і засталося ў гісторыі. Іншая рэч, што ў ТВЛ былі доўгатэрміновыя праекты, якія мы не можам кінуць. Напрыклад, тэвээлаўская літаратурная прэмія «Гліняны Вялес». Штогод мы адзначаем ёй найлепшую мастацкую кнігу года. І чаму толькі адзін Аркуш застаўся ад тэвээлаўцаў? Гэта і Вінцэсь Мудроў, і Ігар Сідарук, і Славамір Адамовіч, і Сяргей Шыдлоўскі, і іншыя. Цяпер для нас важна акумуляваць літаратурную спадчыну Таварыства і выдаць яе ў фармаце кніг. У нашых найбліжэйшых планах — недзе 15 кніг. Ужо, дзякуючы «Гарадзенскай бібліятэцы», пабачыў свет поўны збор вершаў Юрыя Гуменюка «Назаві мяне геніем». Выйшла кніга апавяданняў Вінцэся Мудрова «Багун». У выдавецтве «Галіяфы» заснаваная серыя «Бібліятэка ТВЛ», у якой выйшаў мой раман «Палімпсест». У гэтай серыі рыхтуецца да друку кніга эсэістыкі Юрыя Гуменюка «Краіна няздзейсненых мараў». Падрыхтаваная да друку і ляжыць у выдавецтве кніга прозы Ігара Сідарука «Выкраданне вепрука». Падрыхтаваныя да друку яшчэ два зборнікі апавяданняў Вінцэся Мудрова. Чакае свайго часу мой зборнік выбранай паэзіі. Кнігу эсэістыкі часоў ТВЛ укладае Сяргей Шыдлоўскі. Мы думаем пра кнігу Алены Ніякоўскай, нашага асноўнага тэарэтыка, аўтара прац па пострамантызме. На жаль, мы абсалютна не маем сродкаў на выданне гэтых кніг. Таму з’явяцца яны, відавочна, не так хутка.

 

Размаўляў Андрэй Мялешка.

Фота з асабістага архіва Алеся Аркуша