Смерць на Вялікдзень. Ці будзе Уваскрашэнне?..

Папа Фрацішак запомніўся сваімі бясконцымі заклікамі да міру. Не толькі ва Украіне, але ў Газе, у краінах Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, шмат казаў пра бедствы і няшчасці па ўсім свеце. Але — так і не стаў «Папам-міратворцам». Не быў пачуты. Цікава, чаму?

Papa Francišak z abrazom Maci Božaj Budslaŭskaj
Папа Францішак з абразом Маці Божай Будслаўскай. Фота: katolik.life

Не тое, каб пацыфізм выйшаў з моды, наадварот. Пацыфізму на словах за апошнія 70 год стала занадта шмат. Ад часоў Хрушчова, калі скрозь былі плакаты «Миру— мир!» з рознакаляровымі дзеткамі, белыя галубкі, «мирный атом»... А за шырмай: небывалая мілітарызацыя, канвеер з танкамі, атамнымі падлодкамі, ракетамі «Сатана», шахтамі, вузламі, базамі, выпрабаваннямі.

Пра мір нон-стоп кажуць Пуцін і Трамп, Гарык Сукачоў і патрыярх Кірыл. Пра мір на канцэртах пасля песні «Не стреляй» распавядае Юра Шаўчук. Навязлівы пацыфізм на словах, які не дае аніякага плёну, ані разу не супакойвае. Не дае надзеі. Ён — раздражняе.

Калі палітык ці публічная асоба кажа пра мір, выглядае, што яму наўпрост няма чаго сказаць. Гэта ў лепшым выпадку. У горшым гэта гучыць як дрэнна прыхаваны цынізм або замульванне вачэй перад агрэсіяй.

«Вы — нашчадкі вялікай Расіі...»

Рыторыка пра мір акурат і была «фішкай» Папы Францішка. Ён хадзіў да расійскага консульства ў Ватыкане, адпраўляў ва Украіну кардыналаў, уздымаў украінскі сцяг з Бучы, прымаў уцекачоў. А пасля казаў, што жорсткасць не ўласцівая расійскаму народу, размаўляў з патрыярхам Кірылам, узгадваў невядома навошта забітую дачку прапагандыста Дугіна...

Papa Francišak z ukrainskim sciaham z Bučy, 2022
Папа Францішак з украінскім сцягам з Бучы, 2022. Фота: Associated Press

Кіраўнік украінскіх грэка-католікаў Святаслаў падарыў Францішку фрагмент расійскай міны, якая знішчыла фасад царквы ў Кіеўскай вобласці. Але ўжо праз год, у 2023-м Папа звяртаўся да каталіцкай моладзі ў Санкт-Пецярбургу:

«Ніколі не забывайце сваёй спадчыны. Вы — нашчадкі вялікай Расіі: вялікай Расіі святых, правіцеляў, вялікай Расіі Пятра І, Кацярыны ІІ, той імперыі — вялікай, асвечанай, вялікай культуры ды вялікай чалавечнасці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны. Вы нашчадкі вялікай «Матушкі» Расіі, крочце наперад з гэтым...»

Дзіўна, праўда? Пад гэтымі словамі мог бы падпісацца любы дэпутат «Адзінай Расіі» ці КПРФ, Дугін ці нават сам Пуцін.

А штука ў тым, што пад словамі Панціфіка занадта часта мог падпісацца... хто заўгодна. Бо там ужо не было Дабра і Зла, чорнага і белага. Кожны мог выцягнуць сваё, пад патрэбы сітуацыі. Дык ці мелі словы наогул хоць які сэнс?

Papa Francišak z kiraŭnikom UHKC Sviataslavam
Папа Францішак з кіраўніком УГКЦ Святаславам. Фота: Vatican Media

«Колькі дывізіяў у Папы Рымскага?»

Сумна, калі бацькі перажываюць сваіх дзяцей. Падобную паралель можна прыкласці да дзяржаваў, карпарацыяў ці глабальных наддзяржаўных праектаў. Сумна назіраць, калі іх кіраўнікі перажываюць часы велічы сваіх праектаў. Бо далей іх яшчэ, вядома, паважаюць, памятаюць, нават цытуюць... Але ўжо не слухаюць.

Вельмі падобна выглядае з Ватыканам. ОК, не будзем згадваць часы, калі папы абвяшчалі крыжовыя паходы, а кіраўнікі дзяржаваў мелі стаяць у снезе на каленях, чакаючы папскага прабачэння. Гэта было надта даўно. Але нават у ХХ ст. Ватыкан уплываў на сусветную палітыку. Сталіну прыпісваюць афарызм «Колькі там дывізіяў у Папы Рымскага?». Але нават ён разумеў, што Папа не пра дывізіі, але пра аўтарытэт.

Сваю палітыку датычна Ватыкану мелі нацысты, камуністы, дэмакраты. Кожны лацінаамерыканскі сезонны дыктатар лічыўся з тым, што ж там скажа Папа. Ватыкан быў фактарам. Кожны Папа — гульцом, а не «санта-клаусам»... Зараз жа дастаткова ўзгадаць гісторыю з Чырвоным Касцёлам у Мінску, каб узважыць рэальны стан рэчаў. У адказ на абразу — нічога, зэро.

Канешне, Сабор Святога Пятра ў Рыме надалей уражвае наведнікаў. Але для большасці турыстаў (якія змянілі паломнікаў), гэта ўжо грандыёзны музей, а не маральны абсалют. Вечар працяглага дня, калі цені прадметаў яшчэ даўгія і заўважныя. Але — толькі цені.

Чаго не паспеў Папа?..

Пішуць, што ў 2025 годзе Папа Францішак меў прыехаць ва Украіну — прыняў запрашэнне. Сумны сімвалізм у тым, што Папа туды так і не даехаў. Магчыма, у галоўную пілігрымку свайго жыцця.

Бо калі недзе ў свеце яшчэ нараджаецца, прымае пакуты, а пасля ўваскрасае Збаўца — то, відаць, там.

ChramВыгляд на Архiкатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, Мінск. Фота з Фэйсбука Міхала Залескага

Алесь Кіркевіч, Budzma.org