Праект Buben Naruszewicz Baisan выпусціў запісаны ў 2019 годзе альбом імправізацый і вершаў. «Ён атрымаў назву «Хаўнталогія» — вучэнне пра тое, як да нас вяртаюцца здані. / Пра тое, што кожны з нас — пара секундаў, калі цемра і святло сустракаюцца на світанні. / Пра тое, што ўсё, што адбываецца — гэта заўжды вяртанне,» — піша Алесь Плотка ў вершы-рэлізе.
Трыа Buben Naruszewicz Baisan вяло актыўную дзейнасць у 2017-2019 гадах да раптоўнай смерці аднаго з удзельнікаў — вядомага імправізацыйнага гітарыста Леаніда Нарушэвіча. Былі запісаныя некалькі альбомаў музыкі з паэзіяй, у тым ліку два — з вершамі беларускага расстралянага адраджэння. Альбом быў спрадусаваны Уладам Бубенам ужо пост-мортэм, разам з паэзіяй Плоткі ў ім прысутнічаюць вакалізы Нарушэвіча. Назва альбома адсылае да тэрміна «хаўнталогія», вучэння пра вяртанне і прысутнасць зданяў у зямным жыцці чалавека.
Першы абзац прэс-рэліза мае лапідарна перадаць інфармацыю:
што? дзе? калі? І нейкая разынка, якая зачэпіць нацыю.
«Бубен Нарушэвіч і Байсан выпусцілі свой новы, апошні альбом».
Суха, не чапляе, клікаць на такое — ў аблом.
Можа быць, гульня словаў: «выпусцілі свой апошні новы альбом»?
Тыпу — новага альбома ўжо болей ніколі не будзе?
Гэта занадта складана.
Нас чытаюць звычайныя людзі.
«Пасмяротны альбом з Леанідам Нарушэвічам, у якім можна пачуць яго вакалізы».
Гэта ўжо цікава, але задоўга для прэс-рэліза.
Напішы жаўцей: «Голас з таго свету».
(саркастычна) Ага, — Бубен, Нарушэвіч і Байсан болей не будуць спыняць планету.
Запісаны ў 2019 годзе,
альбом імправізацыі і вершаў вось толькі зараз выходзіць.
Ён атрымаў назву «Хаўнталогія» —
вучэнне пра тое, як да нас вяртаюцца здані.
Пра тое, што кожны з нас — пара секундаў, калі цемра і святло сустракаюцца на світанні.
Пра тое, што ўсё, што адбываецца — гэта заўжды вяртанне.
Потым — каментар пра нешта цікавае.
Ок, я раскажу вам, як была справа.
Альбом быў заліты ў лютым,
потым пачалася нейкая трасца з дыстрыбутарам.
Нейкія кіламетры перапіскі з AI-розумам (?).
Хаця, можа, я і какетую — бо з чалавецтвам размаўляць ужо сапраўды запозна.
І вось, калі ўжо мы згубілі ўсялякую надзею, сталі думаць пра рознае іншае і шашлыкі ў маі —
«Ну, шэсць гадоў чакаў той альбом, то яшчэ шэсць гадоў пачакае» —
прыйшла вестка, што ён апублікуецца 19 красавіка.
У ноч Уваскрасення. Вось такі гістарычны факт.
У гэтым месцы — паўза, каб падумаць пра вечнае:
пра смерць аўтара, пра жыццё ў тэксце, пра жыццё ў мелодыі.
Пра дарэчнае і недарэчнае.
Далей, па законах жанру, трэба расказаць пра творчыя планы.
Але іх, па зразумелых прычынах, няма. Няма — і файна.
Магчыма, некалькі альбомаў з бэк-каталога таксама дазальюцца на Spotify і іншае,
і праект працягне існаваць у жанры «пад бокам ва Ўсявышняга».
Дзякуем тым, хто быў побач, прыходзіў на канцэрты,
запісваў, здымаў (Ягор, гэта ж ты аўтар фатаграфій на вокладцы?).
Келіх натхнення сканчаецца — я ўжо бачу донца.
Дзядзька Лёня, яшчэ раз дзякуй за час разам.
Гэта было вельмі добра, але вельмі, бляха, мала.
Ён скончыўся па фармальных крытэрах. Але мы — назаўжды нефармалы.
Таму што часу няма і, ясная справа, смерці кропка net.
Лінк на альбом — у першым каментары.
Vibes. Not. Dead.
Слухаць альбом на Spotify, Youtube music, Apple music.