У пачатку снежня ў Мядзелі адкрылі першы ў Беларусі помнік Максіму Танку.
Яшчэ летам, на дзень народзін, жонка падаравала мне поўны збор яго твораў. Атрымаўшы падарунак, я адразу ж узяўся чытаць вершы. Некаторыя мне былі ўжо добра знаёмыя, а некаторыя не.
У першым зборніку “На этапах”, які адразу ж пасля выхаду ў 1936 годзе быў канфіскаваны польскай паліцыяй, ёсць верш з цікавай назвай “Ў Рыо-дэ-Жанэйро”. У ім расказваецца пра нялёгкі жыццёвы шлях беларусаў, якія выехалі з Другой Рэчы Паспалітай у Паўднёвую Амерыку.
Сам Максім Танк добра ведаў пра эмігранцкі лёс, бо яго родны дзядзька Фадзей, які валодаў некалькімі замежнымі мовамі і паспеў пабачыць свет, таксама ў свой час выехаў у Аргентыну, дзе, перабраўшы шэраг прац, зарабіў грошаў і вярнуўся на Радзіму.
Насамрэч нічога дзіўнага ў гэтым не было. Амерыканская мара, пра якую мы шмат ведаем і чуем, была для беларусаў, якія жылі ў складзе Польшчы, цалкам рэальнай. Гэта цяпер ідэя прыехаць з пустымі кішэнямі ў чужую краіну і нягледзячы ні на што стаць заможным чалавекам выглядае фантастычна. У 30-я гады для жыхароў Другой Рэчы Паспалітай гэта была цалкам рэальная мажлівасць.
Асноўная прычына міграцыі – адсутнасць працы, беззямелле і ліберальная міграцыйная палітыка польскіх уладаў, які дазвалялі свабодны выезд, асабліва няпольскаму насельніцтву. Як вядома, заходнебеларускія землі былі адсталымі ў параўнанні з уласна польскімі тэрыторыямі. У адрозненне ад БССР, дзе фарсіраванымі метадамі, не зважаючы на вялікія ахвяры, памылкі і перагібы, праводзілася індустрыялізацыя і калектывізацыя, тут буйнога прамысловага развіцця не было. Перспектывы ў насельніцтва, асабліва ў моладзі, былі далёка не найлепшымі. Адзіным рэальным выйсцем для многіх была эміграцыя.
У адрозненне ад сваіх братоў, якія знаходзіліся ў “савецкім раі”, жыхары Заходняй Беларусі праблем з выездам не мелі: замежны пашпарт выдаваўся бясплатна, а патрэбныя паперкі афармляліся надзвычай хутка. Заставалася толькі назбіраць неабходную для выезду суму, але і з гэтым не было цяжкасцяў.
Найбольш папулярным для нашых суайчыннікаў пунктам прызначэння стала Аргентына, куды выехала ў міжваенны перыяд, па розных падліках, да 20 тысяч беларусаў. Гэтая лацінаамерыканская краіна карысталася папулярнасцю дзякуючы палітыцы аргентынскіх уладаў, якія адмысловай канвенцыяй надзялілі грамадзян Другой Рэчы Паспалітай аднолькавымі правамі з карэннымі жыхарамі. Прынамсі, у выпадку гібелі ці няшчаснага выпадку можна было атрымаць кампенсацыю.
Часцей за ўсё беларусы былі задзейнічаныя ў сельскай гаспадарцы, наёмнай працы, нафтаздабычы. Дзякуючы міждзяржаўным дамоўленасцям існавала гнуткая сістэма перасылкі грошай, карыстаючыся якой, новыя жыхары Аргентыны маглі даслаць на радзіму заробленую капейчыну.
Не заставаліся новапрыбылыя працоўныя ўбаку ад грамадска-палітычнага жыцця – як і ў Польшчы, аргентынскія беларусы традыцыйна падтрымлівалі левыя партыі і рухі. Было нават створана некалькі грамадскіх і палітычных арганізацый.
Для многіх Аргентына была толькі перавалачным пунктам, з якога было прасцей дабрацца да Амерыкі – канцавога прыпынку шляху да дабрабыту. Пра аднаго з тых, хто здолеў ажыццявіць сваю амерыканскую мару, я даведаўся ў пачатку нулявых, калі разам з маці выправіўся ў адпачынак на беразе Нарачы.
На зваротным шляху мы вырашылі заехаць у вёскі, дзе прайшло матуліна дзяцінства. Мая бабуля была настаўніцай і шмат паматалася пасля вайны па Заходняй Беларусі, дзе навучала дзяцей рускай мове і літаратуры. Разам з ёй пераязджала і мая маці. І вось мы спыніліся на ноч у бацькоў матулінай сяброўкі, якія жылі ў вёсачцы на мяжы Мядзельскага і Вілейскага раёнаў. Сустракаў нас гаспадар – дзядзя Міша, як яго звала мама.
У звычайнай беларускай хаце мяне найбольш зацікавіў фотаздымак чалавека сталых гадоў, які быў апрануты ў гарнітур з гальштукам. Такія персанажы звычайна глядзяць з карцінаў у дарагіх вілах з галівудскіх фільмаў.
Я вырашыў распытаць дзядзю Мішу і даведаўся, што гэты стылёва апрануты чалавек – яго дзядзька, які ў 30-я гады выехаў з Польшчы ў Аргентыну, дзе паспеў перабраць шмат цяжкіх і не вельмі прац. Зарабіўшы свой першы капітал і крыху падняўшыся па сацыяльнай лесвіцы, малады беларус перабраўся ў Амерыку, дзе працягнуў паспяхова самарэалізоўвацца. У выніку ён зарабіў сабе на лепшае жыццё, забяспечыў дзяцей і ўнукаў. Адзінае, на што наракаў дзядзя Міша, – гэта на тое, што дзядзька дасылаў у лістах з Амерыкі даляры. Невялікія сумы – па 5-10 даляраў у кожным. “І на халеру ён іх прысылаў? – разважаў дзядзя Міша. – Мне ўвесь час праз гэтыя 5 рублёў даводзілася перціся ў горад, у банк!” Гэта было ў савецкія часы, калі курс валюты быў 1:1. Зразумела, што ў часы “пабудовы сацыялізму” ніхто нават не думаў пра магчымасць развалу Саюза, а таму даляры не збіраліся і не захоўваліся. А дарма…
Масавы выезд беларусаў у краіны Паўднёвай Амерыкі і Злучаныя Штаты – дагэтуль цёмная і маладаследваная старонка нашай гісторыі. Тым не менш гэтая тэма заслугоўвае асаблівай увагі, бо, па няпісаных законах жыцця, выязджае заўжды найбольш актыўная частка грамадства, якая не здольная рэалізавацца дома.
Хочацца верыць, што пра эміграцыю 1930-х гадоў будуць пісаць не толькі паэты, але і даследчыкі. І калі-небудзь у будучыні мы пабачым на паліцах кнігарняў густоўна аформленую манаграфію з дакументамі і фотаздымкамі, якая будзе прысвечаная амерыканскай мары беларусаў Другой Рэчы Паспалітай.
Ў РЫО-ДЭ-ЖАНЭЙРО
Ў Рыо-дэ-Жанэйро
прыйшоў параход.
Ціха спала мора,
ня спаў толькі порт.
I на чорнай гладзі,
між заснуўшых хваль,
шумам ніў далёкіх
сьціснуў сэрца жаль.
Ў Рыо-дэ-Жанэйро
ад агнёў пажар.
Там з заморскіх краяў
прывязьлі тавар:
гарнякі із шахтаў,
машыністы з гут,
ад плуга, машыны
безрабочы люд.
Ў Рыо-дэ-Жанэйро,
як задарма пот.
Чуеш сьвіст сірэны –
новы параход.
Выйшаў чорны шэраг –
на падбор тавар…
Мыў прыморскі бераг
дождж, як сьлёзы хмар.
М. Танк, 1935
Канстанцін Касяк