Канцэрт гурту :B:N адбыўся 2 снежня ў мінскім клубе “Рэактар” у межах кампаніі “Будзьма!”. Арганізатарам фэсту выступіла Беларуская музычная ініцыятыва. У канцэрце таксама прынялі ўдзел маладыя гурты “Спрат” і “Абшар”, а ў якасці госця была запрошаная салістка гурту “Тарпач” Вольга Самусік.
Выступ :B:N супаў з прэзентацыяй супольнага музычнага праекту “Народны альбом”, якая праходзіла ў малой залі к/з “Мінск”, што паставіла шматлікіх мінчукоў перад складаным выбарам. Пра свой асабісты выбар “Будзьма!” гутарыла з вядомым музычным крытыкам Анатолем Мяльгуем.
“Перадусім мяне парадаваў той факт, што ў адзін дзень адбываліся дзве такія буйныя імпрэзы. Гэта сведчыць аб тым, што ў сталічнай публікі была магчымасць выбіраць, што вельмі добра. Я вырашыў паахвяраваць “Народным альбомам”. “Народны альбом” – гэта такі праект для абраных, для беларускай інтэлігенцыі, на маю думку. У той вечар я вырашыў далучыцца да маладзёвай тусоўкі і папрысутнічаць на выступе гурту :B:N” – адзначыў Анатоль Мяльгуй.
Па ягоных словах, ён даўно не атрымліваў столькі пазітыўнай энергіі і драйву, як у той вечар. “Хаця :B:N паходзіць з правінцыі (горад Бяроза), ён ёсць сапраўды вялікім гуртом па беларускіх мерках. У іх добры вакал, што цалкам мяняе гукавую карціну. Да таго ж яны і добрыя хітмэйкеры. Вялікая колькасць кліпаў робіць іх песні сапраўднымі рок-хітамі, а іх саміх – роўнымі такім моцным гуртам, як Крама ці NRM.
Акрамя :B:N на сцэне Рэактару выступалі ўжо вядомыя сталічнай публіцы гурты “Спрат” і “Абшар”. “”Абшар”, безумоўна, робяць вельмі якасную і дасціпную музыку, а ”Спрат” – увогуле зорка беларускай рок-музыкі, вялікае адкрыццё для мяне”, – паведаміў Анатоль Мяльгуй.
Фота Анатоля Мяльгуя.