Анатоль Сыс: "Калі я стану гноем, тады пабачаць, ці стане мой прах культурным пластом"

25.10.2019 Асоба

Да 60-годдзя Анатоля Сыса “Дзеяслоў” друкуе адно з першых ягоных інтэрв’ю, якое ён даў журналісту газеты “Знамя юности” Алесю Ліпаю ў кастрычніку 1988 года. Інтэрв’ю павінна было выйсці напярэдадні першых “Дзядоў”, якія планавалі правесці “Тутэйшыя”, і было своеасаблівай прыхаванай абвесткай. Зразумела, у той час у такім выглядзе інтэрв’ю з’явіцца не магло. Але само жаданне зрабіць яго і паспрабаваць надрукаваць выклікае павагу да аўтараў – маладых паэтаў. Ужо няма побач з намі і Алеся Ліпая. Але развагі і думкі, выказаныя 30 гадоў таму, хвалююць нас і сёння…


Амаль што ўвесь тыраж паэтычнага зборніка Анатоля Сыса “Агмень”, выда­дзенага нядаўна ў серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць”, раскуплены за некалькі тыдняў. Для першай кнігі, асабліва беларускай, поспех небывалы за апошнія год дваццаць. Праўда, імя аўтара даволі шырока вядомае, і не толькі па публікацыях яго вершаў у газетах і часопісах. Многія ведаюць Анатоля як аднаго з арганізатараў моладзевага літаратурнага аб’яднання “Тутэйшыя” пры СП БССР. І ў гэтай ролі погаласка малюе яго як таго, хто не паважае традыцыі і некаторых літаратараў старэйшага ўзросту, якія адно толькі спявалі дыфірамбы і замоўчвалі хваробы грамадства. “Прыкарытныя” – так іх ахрысцілі “Тутэйшыя” ў сваім “Маніхвэсьце”.

72556724_459723998232476_2286510837428387840_n.jpg

Алесь Ліпай

Але чуткі – паняцце, якое аніяк не гарантуе пэўнасць. Хто ж ён, Анатоль Сыс? Пра гэта, думаецца, лепш спытаць у яго самога.

– Пакуль быў жывы мой бацька, я яго вельмі любіў, але даволі рэдка я даваў яму магчымасць гэта адчуць. Ёсць у мяне такая рыса характару – жорсткасць, якая ўжываецца з сентыментальнасцю. Бывае, калі ідуць вершы, ваяўнічыя вершы, я адчуваю адчай, адчай да слёз… Не, я плачу не па сабе, а па загубленых пакаленнях творцаў…

Каго любіць? Радзіму? Але Радзімай для мяне заўсёды быў падпіты бацька. І той час, калі ён жыў – таксама Радзіма. Каго любіць? Прэзідэнта АН БССР Івана Навуменку? За тое, што ён мяне і маіх таварышаў па “Тутэйшых” літаральна выкінуў на праезную частку сталіцы з актавай залы Акадэміі, дзе прагнулі нас пачуць. Ці не так у свой час абышліся з першым прэзідэнтам гэтай жа Акадэміі Ігнатоўскім, а таксама з Ластоўскім, з Лёсікам… У мінулым годзе – з паэтам і філосафам Алегам Бембелем. З партыі і працы – толькі за тое, што нехта ў Лондане выдаў яго філасофскае даследаванне “Роднае слова i маральна-эстэтычны прагрэс”. Але ж ён перад тым прыніжаўся, абіваючы парогі нашых выдавецтваў. Адкінулі. Разам з прадмовамі і пасляслоўямі Караткевіча, Панчанкі, Барадуліна.

sys-1.jpg

1 лістапада 1987 года, паэт Анатоль Сыс зачытвае імёны, рэпрасаваных дзеячаў культуры. Аўтар фотаздымка Алесь Суша.

Хто ж ён, Анатоль Сыс? Можа, адзін з прэтэндэнтаў быць выгнаным? Мяне пакуль не цягалі на допыты, мяне не білі рукаяткай пісталета па галаве, мяне не палохалі, здзекуючыся, Курапатамі… Таму я не асуджаю бацькоў, але і не шукаю для іх апраўдання. Майго бацьку загубіла гарэлка. Але яго пакаленне труцілі яшчэ больш жахлівымі наркотыкамі, імя якім касмапалітызм, ці прагнілы інтэрнацыяналізм, кар’ерызм, культ жывата і азадка…

Чытайце таксама: Анатоль Сыс – Распуцін беларускай літаратуры

Што загубіць мяне… нас – нашых дзяцей? Дык любіце нас такімі, якімі стварылі, дык маліцеся за нас – пісьменнікі, навукоўцы, партыйныя работнікі – калі вы сапраўды любіце Беларусь.

(…)

– Я ведаю, што вершам, якія ўвайшлі ў тваю кнігу, ужо не адзін год. Як ты цяпер, з вышыні большага майстэрства і жыццёвага досведу, да іх ставішся?

– Амаль што ўвесь “Агмень” напісаны ў 82-84 гадах у арміі. Па іроніі лёсу, менавіта 1983 годам і пазначылі першую старонку кнігі, але пасля знайшлі памылку, выправілі ўжо ад рукі тройку на васьмёрку. Гэта бачна няўзброеным вокам. Як бы там ні было, зборнік выйшаў. Пакуль мне сустрэўся толькі адзін чалавек, які сказаў, што дарма я апублікаваў раннія вершы, маўляў, на гэта ёсць пасмяротны “збор твораў”. Я так не думаю. Стаўлюся да іх, як да маленькіх дзяцей, абдзеленых толькі таму, што яны нарадзіліся раней за мае сённяшнія вершы.

009-1-665x468.jpg

Анатоль Сыс у войску

– Мне падалося, што “Агмень” нібыта распадаецца на дзве часткі. У паэмах, на мой погляд, больш недасказанасці і сімвалізму, чым яны рэзка адрозніваюцца ад вершаў, якія я, напрыклад, прымаю хутчэй, чым “Алаізу” і “Агонь-Птушку”.

– Я думаю, што ў цябе склалася памылковае меркаванне. “Алаіза” і паэма-абсурд “Агонь-Птушка” – гэта крылы кнігі. Яны вызначаюць яе тон. Яны, у нейкай ступені, – пратэст супраць жорсткасці, якую я сустрэў у арміі, а армія маіх часоў – гэта гусенічная машына, якая падмінае пад сябе ўсё і ўся… Гэтыя паэты – апагей настальгіі па Радзіме (толькі не напішы ў інтэрв’ю “настальгія”, а то ўзнікае асацыяцыя з Вазнясенскім, а яго вершы я не люблю). Скажу лепш – туга, боль, адчай і, разам з тым, разуменне іх непазбежнасці. Так, відаць, павінна быць…

– А зараз, Анатоль, некалькі пытанняў, на якія, я лічу, ты не адказаў у зборніку, задаўшы іх…

– Але прабач, паэт не павінен сваё разжоўваць. Іначай ён будзе прапаноў­ваць чытачу не вершы, а жуйку. І наогул, калі ў краіне таталітарныя парадкі, то паэтаў у ёй рэкамендуецца ізаляваць. Яны, сапраўды, вельмі любяць задаваць пытанні (у дадзеным выпадку я менш за ўсё маю на ўвазе сябе). Бывае, робяцца “нахабнымі”. І калі на гэтыя пытанні не адказвае тое, якому па штаце гэта трэба рабіць – адкажа сам народ. І так адкажа…

– І ўсё ж: “Навошта пра любоў крычаць?” – твой радок?

– Мой. Усе пачаткоўцы заяўляюць пра сябе патрыётыкай, прычым неглыбокай. Тым больш беларускі паэт – ён не можа асэнсаваць сваю Радзіму на канкрэтным адрэзку беларускай гісторыі. А паэт жа пачынаецца з таленту – як паэт.

І як чалавек – з адчування сваіх каранёў. Ён павінен урастаць у зямлю, чытачы павінны ўрастаць разам з ім. У Беларусі ж склалася такая палітычная, грамадская, культурная і моўная сітуацыя, што ў чытача няма патрэбы ісці за сваім нацыянальным паэтам накшталт Разанава, бо аніякай карысці ад гэтага яны не будуць мець. Магчыма, менавіта гэтая сітуацыя і абавязвае крычаць – шчыра, сэрцам крычаць пра любоў да Радзімы. Так, сёння патрэбныя і трыбунныя вершы, каб абуджаць у беларусах беларускае. Паглядзі – на вуліцы шум, лірыку не пачуюць.

013-1-639x1024.jpg

Малады Анатоль Сыс

– “Зямля прыгожая кветкамі, моцная дрэвамі” – якая яна табой? – задаю зноў жа тваё пытанне з “Агменя”.

– Калі я стану гноем, тады пабачаць, ці стане мой прах культурным пластом (у археалогіі так называюць пласт зямлі, у якім засталіся матэрыяльныя сведчанні культуры той ці іншай эпохі. – А.Л.). Наогул, наша сённяшняе пакаленне, як любое пакаленне Адраджэння, павінна стаць гноем для наступных. Не патрэбна цяпер патрабаваць нараджэння паэта рангу Купалы. Трэба рыхтаваць яго нараджэнне. А можа, ён ужо нарадзіўся недзе пад Чарнобылем і чытае “Буквар”, што выпраменьвае радыяцыю.

– Ці змог бы ты спаліць свае вершы, каб абагрэць дарагога табе чалавека?

– Змог бы, што я і зрабіў. Дарагі чалавек для мяне – чытач. Я і паліў свае вершы…

– Ты думаеш, ад агню непрачытаных вершаў чытачу станавілася цяплей?

– Яму стане цяплей. Я не ведаю, хто гэта сказаў, але ён сказаў, што самае лепшае полымя – полымя спаленых паэтам рукапісаў, бо яно асвятляе яго далейшы шлях.

– Анатоль, некалькі словаў пра тваю будучую кнігу.

– “Пан Лес”, так яна будзе называцца, зноў жа метафара Радзімы. Але больш глыбокая, больш духоўная, чым “Агмень”. Гэта ўжо філасофская праграма. Канечне, на маім узроўні і ўзроўні маладой беларускай паэзіі – праграма для беларуса, які хоча стаць такім, а не быць толькі тутэйшым.

Цалкам гутарку Алеся Ліпая з Анатолем Сысом чытайце ў 102-м нумары часопіса “Дзеяслоў”