Анатоль Вярцінскі і Эдуард Акулін на Ляхаўшчыне


Паэты Анатоль Вярцінскі і Эдуард Акулін 5 сакавіка з творчым візітам наведалі Ляхаўшчыну, дзе сталі ўдзельнікамі свята паэзіі ў гонар вясны і жанчын. Імпрэза адбывалася ў Жарабковічскай сярэдняй школе. Тут адмыслова да прыезду сталічных гасцей быў арганізаваны раённы семінар настаўнікаў роднай мовы і літаратуры.

Сваімі ўражаннямі ад вандроўкі падзяліўся Анатоль Вярцінскі: “Заўсёды прыемна вяртацца туды, дзе цябе памятаюць і любяць. А менавіта такой мясцінай для мяне стала вёска Жарабковічы, куды я першы раз трапіў у 2000 годзе разам з тэатрам аднаго акцёра “Зніч”, які наладзіў для настаўнікаў і вучняў тутэйшай школы паказ паэтычнага спектакля паводле маіх вершаў. Сустрэча праз дзевяць гадоў не расчаравала. Наадварот, яна паказала, як важна, каб жывое паэтычнае слова сёння гучала як мага часцей і ў беларускай глыбінцы, якая мае гэткае ж права на паўнавартаснае культурнае жыццё, як і сталіца… ”

Падчас свята адбылася прэзентацыя 37 нумара часопіса “Дзеяслоў”, у якім надрукавана п’еса Анатоля Вярцінскага “Высокі госць”. Сваімі вершамі і песнямі паэты ў чарговы раз пераканалі юных і дарослых слухачоў, што паэзія – госця нябёсная.

Свята паэзіі ў Ляхавічскім краі адбылося дзякуючы падтрымцы камапаніі “Будзьма”.

Тэгі: