Сёння ў гэта цяжка паверыць, але нейкія сто гадоў таму ў міжваеннай Беларусі быў самы сапраўдны культ Максіма Багдановіча. Шанавалі паэта «чыстай красы» і беларусы замежжа. А апантаныя літаратары лічылі за справу гонару адшукаць ягоную магілу ў Крыме. Расказваем, як гэта было.
Бюст Максіма Багдановіча, зроблены ў сярэдзіне 1920-х гадоў
Максім Багдановіч (1891–1917) пражыў вельмі кароткае, але разам з тым даволі насычанае жыццё. Праз цяжкую хваробу і заўчасную смерць ён не дажыў да сапраўды лёсавызначальных падзей для Беларусі, адпаведна закідваць яму хоць бы якія абвінавачанні было б поўным глупствам. Ніхто не ведае, на чыім баку ён быў бы ў 1917, 1918 і далейшых гадах. І вось гэты факт саслужыў яму добрую службу, бо ў міжваеннай Беларусі быў створаны самы сапраўдны культ Багдановіча.
Сітуацыя тады склалася даволі парадаксальная — пісьменнікаў старэйшага пакалення, якія былі народжаныя ў 1850-х, 1860-х ці 1870-х, папросту не было. Як не было сярод жывых і ўжо прызнаных класікаў кшталту Францішка Багушэвіча, якія нарадзіліся ў першай палове ХІХ стагоддзя — той пайшоў з жыцця ў 1900 годзе. Беларускі рух трымаўся ў асноўным на людзях, якім у сярэднім было 40–50 гадоў.
Для той беларускай моладзі, якая прыйшла ў «Маладняк», і Янка Купала, і Якуб Колас, і Цішка Гартны, і іншыя менш вядомыя пісьменнікі былі ўжо «старымі». Маладнякоўцы нават спецыяльна браліся з імі «ў рожкі» — спрачаліся, дыскутавалі, высвятлялі адносіны. Кажуць, што Змітрок Бядуля так спужаўся маладога пакалення, што папросту вырашыў далучыцца да іх. Янка Купала, які меў статус прарока, ставіўся да маладзейшых паблажліва, а вось ягоны сябар Якуб Колас — хутчэй іранічна. Так ці іначай, але моладзь прагнула сваіх герояў — блізкіх і зразумелых ёй. І на гэтую ролю ідэальна падыходзіў менавіта Максім Багдановіч — таленавіты паэт, які не пражыў і 30 гадоў, але пакінуў заўважны след у беларускай літаратуры.
Ён быў першым у нашай літаратуры, хто адкінуў традыцыі Францішка Багушэвіча і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Імаверна, на гэта паўплывала асяроддзе — Максім рос не ў беларускім асяроддзі і беларускую вёску ведаў хіба што спарадычна, праз рэдкія наезды на мацярык разам з бацькамі. У больш сталым узросце прыязджаў і самастойна, але гэта ніяк не магло сфармаваць з яго класічнага «сялянскага паэта».
Беларускую мову ён вучыў па слоўніках і пісаў не для сялян, але для гараджанаў. Праз сваё выхаванне і адукацыю ён пісаў ужо для інтэлектуалаў, якія ведалі сусветную класіку, чыталі нешта з яе і мелі сваё меркаванне на гэты конт. Месца дзеяння ягоных твораў было не толькі ў вёсцы і ў далёкай мінуўшчыне, але і ў горадзе, і краінах Еўропы, а не толькі ў Беларусі.
Максім Багдановіч амаль не хаваўся за псеўданімамі — згодна з еўрапейскай літаратурнай традыцыяй, ён прасоўваў найперш самога сябе. Ну і вядома, сваю Радзіму, а разам з ёй і сваю культуру, мову і гісторыю. Так у той час рабілі ўсе — немцы, французы, італьянцы, іспанцы і многія іншыя прадстаўнікі еўрапейскіх дзяржаваў.
Ён, як і мадэрністы таго часу, складаў вершы, як пра рэальных гістарычных асоб — нашталт Францішка Скарыны або Антоніа Сальеры. А таксама пачаў пісаць пра герояў часоў Антычнасці — Геракла і Антэя, не забываючыся і на сваіх беларускіх міфалагічных істотаў — Лесуна і Вадзяніка, а таксама сучасных яму прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.
Багдановіч узбагаціў нашую літаратуру новымі, раней абсалютна рэдкімі для беларускай літаратуры формамі, а менавіта «Санетам», «Трыялетам», «Рандо», «Актавай», «Тэрцынамі».
Ён быў адным з першых, хто пачаў перакладаць на нашую мову прызнаных класікаў еўрапейскай лістратуры — Гарацыя, Поля Верлена, Генрыха Гейне ды многіх іншых.
Разам з тым Максім Багдановіч быў адным з першых, хто адкрыта пачаў крытыкаваць пісьменнікаў-«нашаніўцаў» за нежаданне эстэтычна развівацца, чытай за аднастайнасць і беднасць тэмаў, яшчэ ў 1911 гозе. А праз некалькі гадоў, калі распачнецца так званая першая беларускай літаратурная дыскусія, ён адкрыта падтрымае свайго старэйшага калегу і ў нейкім сэнсе патрона Вацлава Ластоўскага — той абрынецца на забранзавелых літаратараў з не чуванай дагэтуль крытыкай.
Усё гэта, канешне ж, не магло не выклікаць захаплення ў маладых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў міжваеннага часу. Таму яны паставілі сабе за мэту адшукаць у Ялце магілу Максіма Багановіча, які памёр там у 1917 годзе.

Выразка з газеты «Савецкая Беларусь» за 1927 год
У 1924 годзе на пошук магілы выправіліся 5 чалавек — Янка Купала, ягоная жонка Уладзіслава Францаўна, а таксама тры найбольш актыўныя «маладнякоўцы» — Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч і Уладзімер Дубоўка, які годам пазней стане адным з верхаводаў новапаўсталага «Узвышша». Штопраўда, Купала з жонкай ехалі ў Крым найперш для адпачынку, а маладнякоўцы шукаць магілу Багдановіча.
Згодна з успамінамі сучаснікаў, Максіма напаткаў даволі страшны і цяжкі лёс. Кожны беларускі школьнік, які мінімальна занураны ў нашую літаратуру, ведае гэтыя радкі:
У белым доме, дзе я ўміраю,
Над сінім морам, ля самай бухты,
Я не самотны: я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Ды не кожны ведае, што сыходзіў з жыцця наш малады яшчэ класік практычна ў поўнай адзіноце. Ён не хацеў нікога абцяжарваць сваімі праблемамі, нават гаспадыню кватэры, дзе жыў. З гэтым, дарэчы, Максім таксама меў праблемы, бо бралі цяжка хворых на пастой далёка не ўсе, каб не псаваць сабе рэйтынг, як цяпер сказалі б.
Апошнія гады жыцця Максіма складваліся няпроста — ён ліставаўся з бацькам, які хай сабе і быў беларусам, але не падтрымліваў захапленне сынам беларускай мовай. Штопраўда, пасля смерці Максіма Адам Ягоравіч праз некалькі гадоў перадасць у Інбелкульт ягоныя рукапісы, у тым ліку і так званы «інтымны дзённік», за што ад урада БССР атрымае пажыццёвую прэмію — згадзіцеся, даволі неблагая манетызацыя.
Асабліва калі ўлічыць, што Адам Ягоравіч так ніколі і не наведаў магілу свайго сына, перажыўшы яго на шмат гадоў. Пойдзе з жыцця вядомы фалькларыст у 1940 годзе, пасля даволі сур’ёзных выпрабаванняў — калі ў 1930-я творчасць ягонага сына прызнаюць контррэвалюцыйнай, яго пазбавяць той самай пенсіі. І ён папросіць заступніцтва не ў каго-небудзь, а ў самога Якуба Коласа, які, рызыкуючы ўласнай галавой, будзе патрабаваць і ў выніку даможацца яе аднаўлення.
Дык а што з магілай? — спытае пільны чытач і будзе мець рацыю. Яе адшукаюць у 1924 годзе маладнякоўцы ў ліку згаданых трох асобаў. А ў 1925 годзе будуць рапартаваць у адным з беларускіх выданняў пра тое, што магіла нашага песняра на брацкіх могілках у Ялце адшуканая.

Выразка з часопіса «Полымя» за 1925 год

Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце ў 1924 годзе. На ёй Анатоль Вольны, Уладзімер Дубоўка, Андрэй Александровіч
Ад таго часу на магіле стаіць прыстойны помнік, а беларускія паэты і пісьменнікі будуць лічыць за гонар пабываць там.

Уладзімір Караткевіч на магіле Максіма Багдановіча ў пасляваенны час. Здымак з кнігі Адама Мальдзіса «Жыццё i ўзнясенне Уладзiмiра Караткевiча»
Л. Г. , Budzma.org