Андрэй Хадановіч “Каляды-транзіт”

Паэт Андрэй Хадановіч, як і штогод на Раство, прадстаўляе новы калядны верш.

о скільки конику-братику крутих чудасій на світі

Ю. Андруховіч

 

 

Колькі дзівосаў, колькі цудаў наўкола!

Трэба верыць у сьвята і пашанцуе.

Зранку званок дамафона. Хто там?

–         Сьвяты Мікола,

я да суседзяў, у іх дамафон не працуе.

 

Цісну на кнопку. Ціха. А потым грукат у дзьверы,

бо званок зламаўся ня помню калі.

–       Можна пагрэцца? Суседзяў няма ў кватэры,

а мяне ля пад’езду баршчом аблілі.

 

Толькі таго… я з аленямі. Пусьціш?

–             Пушчу.

Во будзе радасьць малой – авечкі, кароўкі…

Адчыняю. Тры дзядзькі. Адзін з каструляй баршчу,

а ў руках у “аленяў” дзьве паўлітроўкі.

 

Покуль Мікола палову каструлі выеў,

я ім казаў пра наша жыцьцё фіговае.

–       Мы тут праездам, хлопча, з падарункамі ў Кіеў,

ён іх болей чакае і заслугоўвае.

 

Скончылі пляшкі. Пайшлі па горадзе пешкі.

–       Дзякуй за пачастунак. Нясмачны боршч.

Добра, хочаш прэзэнтаў – чытай мне вершыкі,

толькі кажу адразу, пасьля ня збоч!

 

Слухаць паэзію госьць пажадаў на пленэры.

Разам прыйшлі на ганачак, пад музэй.

Я – пра калядную зорку, а ён – аб зорцы Вэнэры.

Пара сяброў і больш – у цывільным – друзей.

 

Аплядысмэнты. Уцёкі. Цягнік. Пацалункі.

Патасны верш пакрысе пераходзіць на шэпт…

Зранку вярнуўся дамоў, а там падарункі.

Факсімільны “Вянок”.  І баршчу ўкраінскі рэцэпт.

 

Сьнежань, 2013

 

* выява на галоўнай – Уладзіміра Цэслера (tsesler.com)