Андрэй Мікалаеў: “Cтвараць на карысць Беларусі”

andrej-mikalaeu

– Упершыню я задумаўся пра тое, кім я ёсць, калі надышоў час атрымліваць пашпарт. У савецкім пашпарце была графа “нацыянальнасць”. У школе казалі, што рускі ці беларус – адно і тое ж. Але я напісаў “беларус”. Так я стаў беларусам па пашпарце.

А вось упершыню я адчуў сябе беларусам, калі трапіў у савецкае войска. Там першае пытанне, у любой ваеннай частцы, было: “Адкуль родам?”. Тут слова “зёма” (зямляк) мела сэнс. Трапіў я неяк на гаўптвахту. А там начальнік варты – звер і сатана! Салдат у войску – гэта скаціна, таму з яго можна здзеквацца, пакуль не ссінее. Ну, гэты начальнік мяне і пытае: “Адкуль такі борзы?” Кажу: “З Беларусі”. А ён: “Адкуль з Беларусі?” – ”З Наваполацку”, – адказваю. Тады гэты злосны афіцаруга паглядзеў на мяне нядобра і кажа: “Ідзі спі, землячок”. З войска я прыйшоў зацятым антыкамуністам і нацыянальна арыентаваным маладым чалавекам.

Мне бацькі апавядалі пра жыццё сваякоў. У бацькавай сям’і расказвалі з пакалення ў пакаленне, як продкі “бунтавалі супраць цара”, за што і былі сасланыя за Волгу ледзь не цэлай вёскай. Яшчэ ў савецкія часы, калі я паехаў з бацькам на яго малую радзіму пад Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад), мяне ўразіла, што яго сваякі размаўляюць амаль як у нас на занятку беларускай мовы. Усе навокал “окаюць”, а яны “дзекаюць”. “Сеновал” у іх – “пуня” і “калодзеж” замест “колодца”. Значна пазней я даведаўся, што па ўсёй былой Расійскай імперыі жывуць нашчадкі сасланых паўстанцаў-беларусаў. І мой бацька – адзін з іх.

Для мяне быць беларусам – гэта ствараць на карысць Беларусі. Мала адчуваць сябе беларусам ці мець беларускае прозвішча. Васіль Быкаў з небеларускім прозвішчам праславіў Беларусь на ўвесь свет. Мала проста крычаць “Жыве Беларусь”. Трэба ісці і рабіць нешта. Што? Шукай – і знойдзеш.

Андрэй Мікалаеў, мастак з Наваполацку

Аб праекце “Як я стаў беларусам”