Дзесяцігоддзе таму, начытаўшыся “Дамавікамеронаў” ды “Кантамінацый” Адама Глобуса, я натхніўся на энцыклапедыю-глобуснік творчых знаёмцаў (багемы), чые імёны нялішне ведаць у Беларусі любому прасунутаму фацэту ці дзяўчыне з інтэлектам. Тады я так лічыў – што нялішне ведаць. Першым па алфавіце ў задуманым спісе было прозвішча Адамовіч.
Экспрэс-дасье з мінулага
Адамовіч Славамір Генрыхавіч (н. 8.3.1962, ст. Унежма Анежскага р-на Архангельскай вобл.), паэт, празаік, публіцыст. Сябра Таварыства вольных літаратараў Беларусі (з 1993).
З даўняга беларускага роду Адамовічаў-Нарбутавых. Скончыў 8 класаў Будслаўскай СШ (1977), Свірскае СПТВ №17 (1979). Да вайсковай службы (1980–1982) працаваў у Казахстане, у саўгасе “Будслаўскі” Мінскай вобл. Пасля дэмабілізацыі – рабочы Маладзечанскай дыстанцыі беларускай чыгункі, станкабудаўнічага завода імя Кірава ў Мінску. У 1988 паступіў на беларускае аддзяленне філфака БДУ, у 1990 быў выключаны за канфлікт з выкладчыкам рускай літаратуры, пазней адноўлены і ў 1992 скончыў БДУ. З 1991 да 1995 працаваў карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”. Стваральнік (1994) і кіраўнік Беларускай нацыяналістычнай арганізацыі “Правы рэванш”.
Вершы, рэцэнзіі, літаратурна-крытычныя агляды, публіцыстычныя матэрыялы С. Адамовіча друкаваліся ў часопісах “Крыніца”, “Бярозка”, “Беларусь”, “Першацвет”, “Маладосць”, альманаху “Ксэракс беларускі”, газетах “ЛіМ”, “Культура”, “Наша слова”, “Настаўніцкая газета” і інш. Першы яго зборнік вершаў “Кальварыйскія клёны” выйшаў у 1990. У выдавецтве “Полацкая ляда” выдаў зборнік вершаў “Зямля Ханаан” (1993) і “Зваротныя правакацыі” (1994). У 1991 напісаў дакументальны тэкст “З жыцця грамадзяніна імперыі”, у якім паказаная дзейнасць органаў савецкай дзяржбяспекі ў часы т.зв. перабудовы. Паэзія С. Адамовіча вызначаецца публіцыстычнасцю, сарказмам, ускладненасцю формы.
З артыкула Ю. Гуменюка ў слоўніку “Беларускія пісьменнікі”, 1995 г.
Першыя асабістыя ўражанні
У 1991 годзе пайшла пагалоска, што паэт Славамір Адамовіч публічна распавёў пра сваё “сотрудничество с органами”. У той час мы знаёмыя не былі, але, прызнанне Славаміра дэманстравала, што яму не бракуе мужнасці.
Праз тры гады пра Адамовіча ізноў загаварылі. У паветры патыхала будучай дыктатурай, а ён стварыў ультранацыянальную тусоўку “Правы рэванш”. Стаць сябрам “ПР” чамусь прагнулі досыць прыстойныя людзі, але вынікі дзеяння арганізацыі аказаліся змрочнымі. “Рэваншысты” згулялі ў “траянскага каня” спачатку для карціннай галерэі Алеся Пушкіна ў Віцебску (улады адабралі галерэю ў мастака неўзабаве пасля з’езду нацыяналістаў там з Адамовічам у галоўнай ролі), а затым і для ўсяго, што звалася Беларускім Адраджэннем. Перад рэферэндумам-95 прапагандысцкі фільм быццам бы правільнага патрыёта Азаронка “Дети лжи”, з самазадаволеным Славамірам і яго камандай сярод іншых персанажаў, некалькі разоў праганялі ў вячэрнім эфіры БТ аж да дня галасавання, і, без сумневу, быць разам з такім палітычным лідарам большасці электарату не карцела.
Мінуў яшчэ год. У маі 1996-га Славаміра засадзілі за краты пасля апублікавання яго расійскамоўнага вершыка “Убей президента!”. Нямногія “змагары з рэжымам” сумняваліся, якога “президента” меў на ўвазе Адамовіч. І вершык быў ацэнены як мужны. Паэт, адседзеўшы дзесяць месяцаў, атрымаў імідж пакутніка (ці не першага паэта-пакутніка ў нашай супольнай з Расіяй дзяржаве). Цяпер на мітынгах ды творчых тусоўках ён мог чытаць і пасрэдныя вершы, нарываючыся на бурныя апладысменты.
Як герой часу Адамовіч заняў 19 чэрвеня 1997 года ў “Рыф-клубе” другое (з трох) аддзяленне канцэрта рок-каманды “Colorado beatles”, з якой тады выступаў я, і мы з ім пазнаёміліся. Ад Славаміра несла ненатуральнай сумессю самазадаволенасці і пільнага назірання за сітуацыяй. Вершы ізноў былі не найлепшага для Адамовіча гатунку, доўгі аповед пра турэмную эпапею грашыў занудствам, “закормленая” паэтам-палітыкам публіка, пляскала хутчэй ветліва, чым бурна. Але агаворка, калі, расказваючы пра сваю крымінальную справу, ён замест 13 сакавіка 1997-га назваў 13 жніўня, якое было наперадзе, аказалася прароцкай: 13.08.1997 года крымінальную справу завялі супраць мяне.
Уражанні пасля асабістай адседкі
Далейшыя нашыя сустрэчы больш за дзесяцігоддзе нязменна пакідалі адчуванне штучнасці і адсутнасці іх сэнсу. Адлегласць між намі заўжды заставалася вялікай, нягледзячы на супольныя выпівоны і агульнае ў біяграфіях. Напэўна, у нас прысутнічала ўзаемная падазронасць і немагчымасць штось зразумець ды прыняць адзін у адным. Затрыманні паэта міліцыяй пасля супольных яго з Партыяй Свабоды акцый, калі яны рабілі, на маю думку, досыць непрыгожае, я ўспрымаў як працяг самарэкламы паэта. Нажом застаўся ў памяці эпізод з турэмных успамінаў Адамовіча, калі ён прыняў дробны пачастунак ад следчага, а я ж ведаю цвёрда, што пачастункаў не бывае ні за што. Але тыя, хто прымае пачастункі следчых, хаваюць факты ад агалоскі, а паэт тыражануў на чытачоў: разумейце, як здолееце.
Хаця ў параўнанні з пазнейшым (1998-га, здаецца, года) “пачастункам” следчага лідару “Маладога Фронту” і класнаму (як высветліцца пазней) пісьменніку Паўлу Севярынцу ў выглядзе магчымасці трохдзённага бадзяння па Мінску, цыгарэты ці шакалад Адамовічу, падалося – цьфу! Падследнага Севярынца выпусцілі з турмы на пахаванне пляменніка, што не абгаворана беларускімі законамі, бо паводле іх пляменнік – не блізкі сваяк. Тых падследных, што сядзелі са мной, не пускалі нават на пахаванне маці і брата, якія блізкія сваякі і якія мелі на гэта права згодна з тымі ж законамі.
Праз шмат гадоў пасля таго эпізоду з Севярынцам да мяне дойдзе, што ад яго чакалі эміграцыі, у яе яго штурхалі – а ён застаўся!
Як здавалася мне, Славамір чамусь заўжды прагнуў выконваць ролю асобы, ад якой павінна адварочваць, і адначасова як бы не хаваў, што гэта роля, а ён насамрэч іншы; які – гэта ўжо хрэн вам раскусіць!
Падказку пра іншую сутнасць Адамовіча даваў яго абшчажны пакойчык на Сурганава. У невялічкім памяшканні буялі дзясяткі кветак. Кветкі не ловяцца на фальшывыя словы паэтаў-паказушнікаў, ім трэба большыя і лепшыя пачуцці. Кідалася ў вочы, што гэтая зеляніна большыя і лепшыя пачуцці адчувала, плаціла Славаміру ўзаемнасцю і выглядала, бадай, шчасліва.
З’явiўшыся неяк увосень на фэсце “Аршанская бiтва” Адамовiч у сямейных трусах, хаця гледачоў было няшмат, палез у халодную дняпроўскую ваду. Пасля туды ўвайшло некалькі загартаваных дзядзек. Мы не разыгрывалі “прыз генерала Карбышава”, крыху з задавальненнем акунуліся ды выйшлі расцірацца. Усе, апроч Славаміра. Паэт, у адрозненне ад астатніх, падобна, аніякага задавалення не адчуваў. Калі выйшаў з вады, яго білі дрыжыкі. Ён доўга не мог апрануцца і сказаць хоць нешта ўцямнае. Але ўвайшоў першым і выйшаў апошнім.
*
На адным з мітынгаў Адамовіч зашыў сабе рот – у пратэст супраць уціску свабоды слова. Але другім слоем раптоўна прачыталася адмова паэта ад ранейшага мітынговага славаблуддзя. Маўчанне можа быць каштоўнейшым за словы, нават у раскручанага майстра іх. Калегі злосна заўважалі, што ігла была прадэзынфікаваная, а рот зашыты неакуратна…
Ды хто паўторыць?! У адрозненне ад спальвання рукапісаў…
Па-за ўражаннямі
Увесну 1999-га газета для “вечных дзяцей Беларусі” (тэрмін філосафа Валянціна Акудовіча) “Наша Ніва” цэлы нумар прысвяціла фашызму. Адзін з наймацнейшых артыкулаў, падпісаны псеўданімам, абурыў сяброў “Русского национального единства”. Пайшлі пагрозы ў адрас газеты ды пошукі аўтара. Неяк увечары ў пад’ездзе рэдакцыі два прыстойныя з выгляду немаладыя фацэты сустрэлі ды збілі Славаміра. Рэальным аўтарам артыкула быў іншы, але ён раскрыцця свайго аўтарства баяўся, таму яго і не афішаваў.
Адамовіча ж, пэўна, праз яго імідж і таленавітасць тэксту, палічылі за аўтара…
*
Нацыянальная энтузіястка і сяброўка плоймы скандальных “адраджэнцаў” Валя Якімовіч, якая жыве цяпер у Злучаных Штатах, запрасіла туды і Славаміра. Некалькі месяцаў ён прабыў у “самай дэмакратычнай дэмакратыі” і паспеў пасварыцца з безліччу беларускіх эмігрантаў, у тым ліку з самой Валяй. Затое ўладкаваўся на цяжкую будаўнічую працу і падзарабіў уласных даляраў на кватэру ў Мінску.
Па вяртанні Адамовіча са Штатаў мы сустрэліся на імпрэзе ў сядзібе БНФ. Пасля Славамір запрасіў на выпівон. Мы прашпацыравалі па раёне да майстэрні мастака, якога яшчэ трэ было чакаць ды ўгаворваць. Размова ізноў атрымлівалася штучнай, пэўна, ад падсвядомага прадчування прыкрага і бессэнсоўна доўгага яе працягу, характэрнага для большасці багемных выпівонаў. Аднак у вобліку паэта праглядалася і новае: свабодная, “нетутэйшая” манера насіць шыракаполы капялюш і штосьці кшталту стомленасці ад абавязку паводзіць сабе згодна з чаканнямі публікі. Вызваляючы і сябе, і Адамовіча ад непатрэбных, як мне падалося, свецкіх стасункаў у чужой майстэрні з яе заўважна п’яным гаспадаром ды эканомячы грошы на ненабытую гарэлку дзеля сапраўды неабходных рэчаў, я развітаўся і зваліў. Мы пабачыліся са Славамірам апошні раз на доўгія гады.
*
Неўзабаве “Наша Ніва” надрукавала бясплатную абвестку пра “няўжо ж не знойдзецца работы беларускаму паэту Адамовічу”. Яшчэ праз нейкі час пайшлі чуткі, што работу Славаміру знайшлі, але ў Нарвегіі. У пачатку 2003-га ён зладзіў развітальную вечарыну і з’ехаў. Пасля быў артыкул у “Нашай Ніве”, дзе паэт абвінавачваў калегаў-адраджэнцаў у драбнаце. Нехта пакрыўдзіўся, а сам ад’езд Адамовіча па “палітычны прытулак” ацанілі як здраду. Успаміналі нейкае інтэрв’ю, дзе Славамір, быццам абяцаў не з’язджаць, ды ягоную ролю сімвалу для тых, хто зрабіўся “свядомым беларусам” у 90-я.
Ён жа тады, магчыма, “даспеў” да таго, каб адарвацца ад драбнаватых, банальных “адраджэнскіх акцый” і прывесці ў гармонію са сваім талентам свае дзеянні…
Высновы мінулых гадоў
У характары Адамовіча ёсць зайздросныя рысы. А ўчынкі… Пад “культавага” перфомансніка Алеся Пушкіна ці эпатажна-хамскага паэта Анатоля Сыса яны выглядалі неахайна-недарэчнымі. Як спробы забіваць цвікі мікраскопам. Дзеля чаго? Хіба што нам гэтага не дадзена зразумець?!
Са сваім фанатызмам паэт напэўна мог бы “прагрызці” сабе месца на Радыё Свабода ці стаць стабільным “грантасосам” у якой NGO. Але ён зарабляў на мінскую кватэру не прысвойваннем перадвыбарных грошай у асяродку “дэмкандыдатаў”, а чорнай работай гастарбайтара ў ЗША, куды яго, у прынцыпе, запрашалі для іншага.
Не падобна, каб Адамовіч высока цаніў і вельмі верыў у свой паэтычны талент. Іначай як патлумачыць пасля файнага зборніка “Кальварыйскія клёны” з’яўленне яго кан’юнктурнага шырспажыву сярэдзіны-канца 90-х гадоў, хвост якога цягнецца дасюль, за які, праўда, давялося пасядзець, але ад таго ён не перастаў быць шырспажывам.
Мо ў Адамовіча недахоп густу? Славамір напісаў безліч таленавітага, але чамусь часцяком яго наймацнейшыя радкі маюць забойна-брутальны, калі не сказаць тупы, бы парадыйны, працяг? Як мёд з лайном. Прычым спачатку мёд чысты, якасны, лайно дадаецца пасля. З меркаванняў “які ж трыбун, калі “чысцюля”? Ці чаму?
А мо яму бракуе веры? Калі так, то сярод багемнай мінскай тусоўкі яе наўрад ці прыдбаць, як немагчыма прыдбаць яе ў тусоўках увогуле. Перад тым як дайсці да храма, трэ пэўны час пабыць у схіме, у адзіноце, дзе няма публікі, а ёсць зорнае неба. І ці не ёсць гэтай схімай, нават пры тым, што табе плаціцца немалая (па нашых мерках) сума ў валюце, маленькая нарвежская вёска з падобным на жаночае імем?
*
Першыя вершы Славаміра з Нарвегіі, надрукаваныя “Нашай Нівай”, яшчэ маюць адбітак “паказушнага Адамовіча”. Але тое ўсё ж вершы, а не графаманія і не тэкст для рэфлекторных апладысментаў.
Наўрад ці “нарвежскі перыяд” у Славаміра – да старых гадоў. Атрымае ён калі-небудзь свой статус “уцекача” з магчымасцю больш ці менш свабодна перасоўвацца па Еўропе, а пасля, спадзяюся, вернецца ў Беларусь мудрым нацыянальным творцам. Без таннага эпатажу і лайна ў вершаваных радках. Хачу спадзявацца.
Пасля Нарвегіі
Проза, якую Славамір пачаў пісаць у Нарвегіі, мяне захапіла. Цяжка было, праўда, аддзяліць там прыгоды лірычнага героя ад уласнага аўтарскага дзённіка і на прыклад той персанаж не цягнуў. Але раман “Цана Еўропы”, які атрымаўся на выхадзе, – па-любому якасны твор.
Прафесійна якасныя і напісаныя Адамовічам за гэтае дзесяцігоддзе вершы густоўна і шматсэнсоўна выглядаюць вокладкі кніжак, у якіх яны змешчаныя.
Мы не раз паспелі паканфліктаваць са Славамірам, пасля яго знарвежскага вяртання. Паканфліктаваць ён паспеў, дарэчы, з многімі. Але я пабачыў і яго, значна цікавейшага за таго, якім бачыў у ранейшыя дзесяцігоддзі.
Яшчэ пры жыцці вечароў беларускіх танцаў у “Жар-Птушцы” сустрэў там Славаміра: лагоднага, ненапружнага ў сваёй празе заўсёды пільна назіраць за сітуацыяй.
Ён паставіў беларускамоўныя помнікі на малой радзіме не толькі ўласным бацькам, але і хроснаму, практычна пашырыўшы геаграфію беларускай мовы і беларускай памяці.
Ён абзавёўся крутым (па маіх мерках) фотаапаратам, і пэўны час было цікава назіраць, як добрасумленна і імпэтна ён засвойваў майстэрства фотаздымка. Фотаздымкі выходзілі цікавыя, але апошнім часам, падобна, захапленне яго сышло, прынамсі з шырокай публічнай прасторы.
Ён адбудаваў сабе капітальны дом побач са станцыяй “Пухавічы” і зрабіў яго ў пэўнай ступені Каўчэгам для тых, хто блізкі да яго.
Ён дысцыплінавана трымае сябе ў форме і нярэдка густоўна, з алюзіяй на шляхетнасць, апранаецца, што ўжо каштоўна ў нашым з ім узросце. Мяркую, творчыя перспектывы ў Славаміра неслабыя. Перадусім у прозе.
За выключэннем уступных, курсіўнага сярэдзіннага і апошніх абзацаў, тэкст быў падрыхтаваны аўтарам для асабістага праекта “Кароткі Глёбуснік Багемы” ў ліпені 2008 года.
Андрэй Мельнікаў