Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні, прафесар Андрэй Вардамацкі распавёў «Салідарнасці» аб перабудовах, праз якія трэба прайсці беларусам.
Андрэй Вардамацкі
— Рэпрэсіі знізілі грамадскую актыўнасць у Беларусі да мінімальных, сімвалічных значэнняў. Як у гэтай сітуацыі зразумець, што адбываецца на самай справе: у большасці сваёй людзі змірыліся, прынялі «новы парадак» або стаіліся і чакаюць, калі праб’е «гадзіна Х»?
— Працуюць тры адаптацыйныя механізмы: псіхалагічны, маркетынгавы і спецыфічны, беларускі — няздзейсненага чакання.
Першы — стандартны. Чалавек прывыкае да ўсяго. У нейкіх сітуацыях хлеб з маслам — гэта ўжо класна. Ці проста гарбата цёплая — такое шчасце.
Дарэчы, ведаеш, які цяпер існуе ў Беларусі вобраз шчасця? «Ісці па вуліцы і не баяцца, што ў цябе правераць тэлефон». Гэта літаральны адказ, які мы атрымалі падчас нядаўняга даследавання.
Маркетынгавы механізм заключаецца ў тым, што людзі працуюць у двух-трох месцах, каб забяспечыць сабе прымальны ўзровень жыцця. Калі гэта рабочы, то днём ён працуе на станку, а ўвечары — фарбуе плот, умоўна кажучы. Калі ўладальнік бізнесу — шукае новыя рынкі, нішы, любыя рашэнні, якія дазваляюць зарабіць.
Трэці адаптацыйны механізм заключаецца ў тым, што з пачаткам вайны ўсе чакалі рэзкага пагаршэння эканамічнай сітуацыі. Але гэтага не адбылося. І таму адсутнасць негатыўнай дынамікі ўспрымаецца як уздым.
— Але і ў 2020-м годзе з эканомікай справы ішлі не так ужо дрэнна. Тым не менш здарыліся масавыя пратэсты. Тое, што Лукашэнку цяпер атрымліваецца прадаваць сябе частцы беларусаў праз эфект няздзейсненых чаканняў, не гарантуе яму ўстойлівай колькасці прыхільнікаў на хаця б сярэдняй дыстанцыі.
— Цікава тое, што суб’ектыўна людзі ў Беларусі вясной 2020-га ўспрымалі эканамічную сітуацыю як пагаршэнне. Я кажу менавіта, як успрымалі, а не пра тое, якой яна была насамрэч. Гэта пацвярджаецца данымі сацапытанняў.
— Ну так, чалавек часта прымае рашэнні, зыходзячы не з аб’ектыўных параметраў, а адштурхваючыся ад суб’ектыўных уяўленняў аб рэальнасці...
— Я завострана палемічна кажу, але ў рамках сацыяльных з’яў цалкам выразна працуе формула: «фактаў няма, ёсць толькі іх інтэрпрэтацыя». Можна сказаць: Волга ўпадае ў Каспійскае мора. А можна: э, не, гэта Каспійскае мора усмоктвае ў сябе Волгу.
Што тычыцца будучыні, прыйдзецца пераходзіць ад існавання ва ўмовах монаінтэрпрэтацыі, монаўспрыняцця свету, калі з’явы ўспрымаюцца праз нейкі лозунг: «Далоў!», «Наперад» і г.д. — да больш складанага комплекснага свету, калі не «далоў», а «вось гэтую пазіцыю трэба паменшыць». Вось тут неабходна паскорыцца, а гэты кірунак трэба проста не развіваць, ці ён павінен рухацца з меншай хуткасцю.
Патрэбны будзе пераход свядомасці да сітуацыі, калі чалавеку пастаянна трэба будзе выпрацоўваць асабісты пункт гледжання, супастаўляць яго з вялікай колькасцю іншых. Пераход ад монаінтэрпрэтацыі, да поліінтэрпрэтацыі. Ён патрабуе значных намаганняў. Трэба атрымліваць вялікую колькасць інфармацыі, вывучаць тэму, рабіць параўнання і свае ўласныя высновы.
Гэта цяжка. Але рух да іншага віду свядомасці — гэта істотная частка нашай беларускай будучыні.
Чалавеку важна перайсці ад стану, калі ён атрымлівае рашэнне, якое трэба рэалізаваць, да працэдурнай карціны: каб рашэнні прымаліся пасля вывучэння, абмеркавання, галасавання і г.д. Што заўсёды затратна па часе. А жыццё як бы патрабуе хуткага рашэння.
Але хуткае рашэнне — далёка не заўсёды самае аптымальнае. Таму трэба будзе перабудавацца ад імгненных рашэнняў да існавання ва ўмовах працэдур, што таксама складаны сацыяльна-псіхалагічны і светапоглядны пераход.
І, нарэшце, змена геапалітычнай арыентацыі. Расійскі ментальны напільнік працуе. Апусканне ў наратывы «рускага свету», у крамлёўскія ўяўленні, так ці інакш адбываецца ў свядомасці часткі беларусаў. З гэтага трэба будзе выскрабаць, а гэта няпросты працэс.
Уладзімір Пастухоў прыводзіў такі прыклад з гісторыі пасляваеннай Германіі. Амерыканцы вадзілі немцаў у канцэнтрацыйныя лагеры і паказвалі, якія жудасныя злачынствы там здзяйсняліся. Рэакцыя немцаў была наступная: што гэта за пачвары? Што за пачвары гэтыя амерыканцы, якія водзяць нас у такія месцы?
Іншы прыклад. Журналіст пытаецца ў грамадзяніна ФРГ: што ж гэта за рэжым такі, пры якім стаў магчымы, напрыклад, Асвенцым? Адказ: «А Гітлер пра гэта не ведаў»... У 1953 годзе адбылася размова.
Гэтыя перабудовы свядомасці, праз якія беларусам давядзецца праходзіць, — працяглы працэс, які патрабуе значных намаганняў.
— Выкажу суб’ектыўнае меркаванне: уплыў ментальнага напільніка ў вельмі значнай ступені амартызуюць незалежныя медыі.
— Калі адказваць коратка, то так. Але, будучы чалавекам — нясціпла скажу — які валодае крытычным мысленнем, я павінен вельмі старанна паставіцца да твайго меркавання, паколькі яно можа быць выклікана той простай акалічнасцю, што вы з’яўляецеся прадстаўніком гэтага цэха.
Мае ўяўленні зыходзяць зусім з іншых падстаў, якія грунтуюцца на эмпірычных даных. У гэтым выпадку — на індэксе даверу да сродках масавай інфармацыі.
Сітуацыя такая, што ў сапраўдны момант беларускія недзяржаўныя СМІ маюць такі ж індэкс даверу, як і расійскія, якія вяшчаюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Пры каласальнай розніцы ва ўмовах існавання.
Гэта выдатны вынік, поспех незалежных медыя. І гэта не мая эмацыйная ацэнка, а дадзеныя сацыялагічных даследаванняў.
— Чаго чакаць грамадству ад гэтай улады ў агляднай будучыні?
— Сацыяльны кантракт так ці інакш мяняецца. Папярэдняя яго формула выглядала прыкладна так: вы не лезеце ў палітыку ў абмен на дабрабыт, які я гарантую. Цяпер яна гучыць наступным чынам: вы не лезеце ў палітыку, а я гарантую няўцягванне Беларусі ў вайну.
Як доўга будзе працаваць гэты фактар? Залежыць ад працягласці вайны і іншых абставінаў. Але, у любым выпадку, далёка не вечна. І далей трэба будзе ці прапаноўваць новы кантракт, ці рабіць яго ў прынцыпе немагчымым.
Няма ж ніякага кантракту паміж канваірам і тым, каго канваююць.