Даследчык і выкладчык даоскіх практык, двухразовы чэмпіён свету па тайцзыцюань, сябра Усекітайскай асацыяцыі аздараўленчага цыгун, кіраўнік праекта “Floryance. Тэхналогіі жыцця”, спецыяліст па анталагічным дэкадаванні, біядынаміцы, астэапатыі і жаночай сэксуальнасці… спіс можна працягваць. І ўсё гэта — пра Андруся Палаўчэню. Аднак з такім абазнаным ва ўсіх гэтых экзатычных справах чалавекам мы будзем гутарыць пра Беларусь і пра беларускасць, пра спадчыну і культуру.
Таму што нашай публіцы Андрусь Палаўчэня найперш вядомы як кіраўнік і музыкант магілёўскага гурта Osimira. Быў час, калі гэты калектыў сучаснай этнамузыкі з яскравымі сцэнічнымі шоў быў зоркай вялікіх фестываляў што на ўсход, што на захад ад Беларусі. Osimira былі сярод першых, хто адкрываў замежнай публіцы нашу краіну, фальклор, звычаі. Андрусь Палаўчэня ўвесь час нешта прыдумваў, нечым здзіўляў. Ды і ўсё яго жыццё — як пастаянная прыдумка, якую б навуку яшчэ вывучыць, якую цікавую справу яшчэ зрабіць, Да ўсяго пералічанага можна дадаць працу фельчарам на “хуткай дапамозе”, журналістам на тэлебачанні, парфумерам, самелье…
Пра гурт Osimira ўжо і падзабылі. Пра нястомнага Андруся Палаўчэню — таксама. Бо па сямейных абставінах ён больш за 10 гадоў таму пераехаў у Санкт-Пецярбург. Адтуль яшчэ нагадаў цудоўным альбомам беларускіх народных песень “Кола вяртанняў” ад праекта Hvarna — пласцінка выклікала шчырае захапленне ў беларускіх крытыкаў. І больш нам пачуць не давялося.
І вось нечакана гурт Osimira адраджаецца, выступіў ужо з двума канцэртамі ў Беларусі, запісвае альбом. З Андрусём Палаўчэнем мы пагутарылі пра тое, як заставацца беларусам на чужыне і як шанаваць сваю культуру.
— Ужо 11 гадоў, як вы жывяце ў Санкт-Пецярбургу. Па першым часе пасля пераезду вы яшчэ падтрымлівалі існаванне Osimira, стварылі праект Hvarna з беларускімі народнымі песнямі. Ці ўдаецца заставацца беларусам удалечыні ад Радзімы, ці ёсць нейкае беларускае жыццё ў Санкт-Пецярбургу?
— Не магу сказаць, што я цалкам інтэграваны ў Санкт-Пецярбург, атмасферу гэтага горада, бо паходжу ўсё ж з іншага культурнага асяродку і даволі выразна гэта адчуваю.
Пытанне ў тым, хто такі беларус. У кожнага сваё ўяўленне, няма нейкага стандарту — па крыві, па мове, па мысленні? Ці значыць гэта біць сябе ў грудзі “я беларус!” і насіць бел-чырвона-белыя стужачкі? Камусьці трэба, але мне такое нецікава.
Увогуле, прыналежнасць да нейкай нацыі — гэта як пупавіна. Ты нарадзіўся ў Беларусі, і гэта твая пупавіна, тваё апірышча, твая калыска. Ты можаш і далей ляжаць у калысцы і смактаць мамчыны грудзі. А можаш ісці і развівацца ў нешта большае. Гэта ж не канец, павінны быць працяг. Традыцыі — гэта тое, што захоўваецца, а чалавек мусіць развівацца. Але ад унутранай беларускасці нікуды не падзенешся. Яе асноўныя рыса, магчыма, — такі унутраны спакой, без гармонікаў, як я тут бачу, і “хоронили тещу — порвали два баяна”. Спакой, раўнавага і яшчэ пэўная інтравертнасць.
— Ці маеце вы там нейкі беларускі асяродак, падтрымліваеце стасункі з землякамі?
— У Санкт-Пецярбургу жыве больш за 40 тысяч беларусаў, і, баюся, большасць не ідэнтыфікуе сябе беларусамі. Я хадзіў на мерапрыемствы мясцовых суполак, і гэта было вельмі сумнае відовішча. У нейкіх кіруюць былыя вайскоўцы, што намінальна нарадзіліся ў Беларусі. Яны нават мовы не ведаюць, не маюць адчування Беларусі як Радзімы. Так — геаграфічнае месца нараджэння. Ні мовы, ні літаратуры, ні нашых паэтаў, ні традыцый. І я болей не раблю спробаў упісацца ў гэтыя а-ля беларускія арганізацыі, хаця спачатку нават канцэрты нейкія ладзіў, мы выступалі ў музеях. Трэба прызнаць, што ў рэальнасці ніякага беларускага жыцця тут няма. Акрамя прадуктаў нічым беларусы ў Санкт-Пецярбургу пра сябе не нагадваюць. Тое зямляцтва, што ёсць, не адрозніваецца ад рускага зямляцтва.
— І як вы тады не даяце сабе забыцца?
— Для мяне беларуская мова цяпер — даволі інтымная рэч, якая грэе душу. Я з дзецьмі сваімі часам размаўляю па-беларуску, пішу вершы, нейкія нататкі. Беларус — гэта мой чалавечы код, нешта татэмнае. Таму я кнігі чытаю, гляджу альбомы Міхася Раманюка, вывучаю беларускі сімвалізм, ручнікі, паясы, выцінанкі. Паўтаруся, быць беларусам — гэта не казаць на кожным кроку, што Беларусь — цудоўная краіна і прыязджайце да нас. Гэта не знешні атрыбут.
— Увогуле, Санкт-Пецярбург мае сваю беларускую “гісторыю”, нават акрамя таго, што “там калісьці жыў і працаваў Францыск Скарына”. Часам беларусы былі нават другой па колькасці дыяспарай у гэтым горадзе, на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў там развіваліся беларуская навука, фалькларыстыка, былі беларускія партыі і выдавецтвы, там жыло нямала значных для гісторыі Беларусі персон. У Вікіпедыі пра беларусаў Санкт-Пецярбурга ёсць пра тое, што да нядаўняга часу губернатарам Ленінградскай вобласці быў беларус з Гомельшчыны і што сярод пераможцаў конкурсу “Міс Пецярбург” нямала дзяўчат беларускай нацыянальнасці.
— Так, гісторыя багатая. Да прыкладу, Мінск з Санкт-Пецярбургам нават падобныя. Яны аднолькава панурыя, нярадасныя, аднолькава нудлівыя, але пры гэтым такія абаяльна-інтэлігентна нудлівыя. Горад балоцісты, што навявае думкі пра Беларусь. І людзі таксама даволі інтравертныя. Беларускі след тут з часоў Кацярыны вельмі моцны, было многа будаўнікоў, за савецкім часам — многа мастакоў, выкладчыкаў, навукоўцаў, скульптараў, ды і проста рабочага люду. Але што з гэтага цяпер?
У мяне адчуванне, што беларусы ўвесь час шукаюць цень, каб схаваць сваю беларускасць. У адрозненне ад іншых нацыяў — армян, яўрэяў, ірландцаў ці яшчэ каго, — мы не трымаемся адно за аднаго, мы не адстойваем сваіх. Я, дарэчы, не магу сказаць, што мы асабліва спагадлівы народ, што мы такія гасцінныя і працавітыя. Для беларусаў, як і для ўсіх людзей, ёсць розніца — выжываць ці жыць. Вось калі ўжо можна проста жыць, калі не трэба шукаць, што паесці і дзе ўкрыцца ад сцюжы, беларус робіцца зусім іншым — ён пра ўсіх забываецца. Калі ўсё добра і спакойна, то беларусу ніхто і не патрэбны — сям’я, дом і хопіць, чужыя людзі не цікавяць.
Я і па сабе гэта адчуваю, дарэчы.
— Вашая жонка з Расіі, але вы кажаце, што беларуская мова ў вашай сям’і гучыць. Думаеце, дзеці будуць размаўляць па-беларуску?
— Не думаю. Я адэкватны чалавек і разумею, што няма ім з кім размаўляць, няма асяроддзя. Размаўляць толькі з татам? А дзеля чаго? Гэта рамантычна, канечне, але непрактычна. Хаця хто ведае… Знаходзячыся ў Расіі, абапірацца на тое, што ты беларус, можа, і мае сэнс. Бо ў рускіх, па нацыянальнасці рускіх, сітуацыя з нацыянальным здабыткам значна горшая за астатніх. Не кажучы пра беларусаў ці ўкраінцаў, але ўнутры Расіі тыя ж татары, башкіры, комі-пермякі і іншыя значна лепей разумеюць і захоўваюць сваё нацыянальнае, маюць сваю культуру, фальклор, сімвалізм, карані, ведаюць, хто яны і адкуль. А рускія не маюць пэўнасці ў паходжанні, яны без толькі сваёй уласнай гісторыі, адтуль і імкненне ўвесь час называць рускім усё навокал, яны вымушаныя ўвесь час шукаць, да каго прымайстравацца. На гэтым фоне твая беларуская культура, твае абрады, мова, твая сімволіка, продкі, што за табой стаяць, — гэта твая сіла. А рускі скажа, што ён рускі, а які рускі — незразумела. На гэтым фоне стан беларускай вызначанасці выглядае значна лепей.
Выцінанкі ў нас дома, калекцыя ручнікоў, паясоў, беларуская кухня, якой я захапляюся здаўна, іншыя рэчы — яны падмацоўваюць. Калі ў мяне пытаюцца, што падарыць, я кажу: ручнік. Для мяне гэта як пісьмёны, як кнігі. Мая прабабка яшчэ ўмела чытаць гэтыя сімвалы, спявала песні, чытала замовы па іх. І сама вышывала. Я ўсяму гэтаму вучуся.
— У вас быў вопыт, што вы спрабавалі навучыць нашаму фальклору расійскіх музыкантаў. Гаворка пра групу Hvarna, дзе вы працавалі над беларускімі народнымі песнямі з удзельнікамі расійскага фолк-гурта “Оберег”. Гэта лёгка далося?
— Не, даволі складана і, насамрэч, да канца не ўдалося. А мне нават даводзілася чуць, маўляў, гэта ж наш славянскі, рускі фальклор, проста з беларускім акцэнтам. Звычайная гісторыя — мы пуп свету і ўсё навокал нашае. Аднак перадаць не проста нашу мелодыю, а нешта больш глыбіннае і загадкавае было вельмі няпроста. Магу сказаць, што музыканты працавалі на мяжы сваіх магчымасцяў, і паклон ім за гэта. Але прымусіць рускага быць беларусам нерэальна, таму я і не настойваў. Тым не менш атрымалася няблага. Вакалістка Каця Елькіна моцна пастаралася правільна вымаўляць беларускія словы, і яе потым пахвалілі за адсутнасць акцэнту. З праектам Hvarna мы нямала паездзілі па Еўропе. Нас там прадстаўлялі як расійска-беларускі калектыў з беларускімі песнямі. Дарэчы, другі альбом Hvarna складаўся з марыйскіх песень, фальклору народа мары. Некалькі гадоў таму праект спыніў існаванне.
— Тэма нацыянальнай беларускай кухні цяпер і актуальная, і нават модная. А вы гэтым займаліся яшчэ да пачатку моды. Развіваеце далей сваё захапленне?
— Я насамрэч заўсёды гатую нешта смачнае з беларускай кухні. Ведаю, вывучаю, шукаю. Гатую для сям’і і для сяброў. Калісьці мы вывозілі нашыя стравы на фестывалі, паказвалі людзям, частавалі. З братам Аляксеем, які жыве ў Магілёве, нават падрыхтавалі збор старадаўніх рэцэптаў, адаптаваных пад сучаснасць. Аляксей мае адукацыю тэхнолага харчовай прамысловасці, і мы з ім дакладненька ўсю рэцэптуру прапрацавалі. Склалі розныя меню з беларускай кухні — для фестываляў, для кавярняў. У тым ліку і вегетарыянскае меню з вясёленькімі назвамі. Вельмі ўдала ў нас атрымалася, я лічу.
— Вы публікавалі сваю працу?
— Не, мабыць, няма ў мяне такой патрэбы. Навошта фіксавацца на нечым, сёння гэта, заўтра іншае. Я ў жыцці многа зрабіў такіх кулінарных паказаў, шоў. Каб гэта адраджаць, патрэбная зацікаўленасць іншых людзей. А калі ўжо час рабіць нешта новае, дык што трымацца за старое? Мая сям’я і сябры і так радыя.
— У вашым выпадку беларускія народныя традыцыі ніяк не супярэчаць розным усходнім практыкам. Што было першым, што было спачатку?
— Калі мне было 12, гэта значыць 30 гадоў таму, я заняўся сабою, я б так сказаў. Заняўся свядомым чытаннем кніг, практыкамі развіцця чалавека. У мяне заўсёды была прага да медыцыны, да народных традыцый, да магіі. Заняўся цыгун, і пайшло-паехала.
А жаданне рабіць вось такую музыку ў мяне з’явілася, калі я пачуў групу Dead can dance. І тады ўжо былі “Палац”, “Крыві”, больш новы праект Юрыя Выдронка “Юр’я”. Я да гэтых музыкантаў і цяпер стаўлюся з вялікай пашанай. У групе “Акруга вольнага мастацтва” ў 1998-м мы пачалі граць нешта кшталту фолк-року, тады я пачаў вывучаць беларускую культуру ўжо спецыяльна. А ўсведамленне сябе беларусам прыйшло недзе гадоў у 16. У савецкай школе, якую я прайшоў, нам увесь час даказвалі, што першасная руская мова.
Адным з пераломных момантаў была мая размова з дзедам Палаўчэнем са Старых Дарог, які прайшоў фінскую вайну, Другую сусветную. А я запісваў на дыктафон сваіх бабуль і дзядуль, распытваў, як жылі раней. І вось падчас адной з нашых апошніх размоваў перад яго адыходам ён мне сказаў: “Запомні, унук: мы беларусы. Не рускія”. І растлумачыў, чаму.
І я тады пачаў задумвацца.
— Вы маеце мноства розных адукацый пачынаючы яшчэ ад медвучылішча, недзе каля 20 розных дыпломаў. Ці можна сказаць, што нейкая праца цяпер галоўная?
— Галоўнае, што я жыву. Займаюся сям’ёй, дзецьмі і жыццём. А так — у мяне цяпер ёсць школа Floryance, школа аднаўлення і развіцця чалавека, тэхналогіі жыцця. Тое, што я напрацаваў за 30 гадоў у розных сферах — работы з целам, з духам, — гэта мой метад, па якім я дапамагаю людзям. Цяпер у нас з жонкай ёсць і новы прафесійны занятак — парфумерны брэнд. Мы робім нязвыклую парфумерыю. Гэта натуральная касметыка без кроплі сінтэтыкі. У мяне ёсць і школа жаночай адукацыі, я езджу з ёй па гарадах і краінах, вяду рэтрыты, семінары, курсы. Індывідуальна займаюся цыгун і тайцзыцюань. Важу ў асаблівыя вандроўкі групы людзей. У мяне многа медыцынскіх ведаў што з заходняй, што з усходняй медыцыны. А яшчэ ў мяне ёсць кшталту хобі — я самелье, займаюся віном, кавай і вадой. Праводжу дэгустацыі, важу гурмэ-туры. І ўсё гэта гарманічна жыве ў маёй прасторы.
— І на фоне такой актыўнай дзейнасці вы вырашылі аднавіць гурт Osimira.
— З братам Аляксеем Палаўчэнем цяпер будзем рабіць крыху па-іншаму. Нам хочацца граць, нам падабаецца граць без прыкідак на тое, каб абавязкова быць папулярнымі і вярнуць былую славу. З’явіліся магчымасці ў мяне прыязджаць у Беларусь рэпеціраваць. Робім новы матэрыял, перапрацоўваем стары. Мне падаецца, што ўсё неяк больш асэнсавана атрымліваецца, такая ўолд-м’юзік без абмежаванняў. Склад трохі памяняўся, інструменты новыя дадаліся — цымбалы, труба, клавішы, калімба. У нас няма задачы заваёўваць музычны алімп. Запішам новы альбом і будзем раз-пораз выступаць на нейкіх якасных цікавых фестывалях. Пакуль так.
Надзея Кудрэйка