Палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут уганараваны прэміяй польскага Newsweek

Польскі Newsweek назваў беларускага журналіста Анджэя Пачобута «Фігурай дзесяцігоддзя», піша «Салідарнасць».


pacobut.jpg
Анджэй Пачобут

«Выдатны журналіст, калега, чалавек, які мацнейшы за сталь. Анджэй не змог забраць узнагароду, таму што сядзіць у турме ўжо 1075 дзён. Ён выжыве. Вось пабачыце! Ён яшчэ напіша тэкст пра падзенне Лукашэнкі», — адзначыў журналіст выдання Яцэк Паўліцкі

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Гродне. За артыкул аб нападзе СССР на Польшчу ў верасні 1939-га яго абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». 

У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у СМІ назваў агрэсіяй нападзенне СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя таго, яму паставілі ў віну заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў Польскага антыкамуністычнага падполля ў Гродзенскай вобласці.

Анджэя Пачобута прыгаварылі да васьмі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Журналіст адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. 

З пачатку адбывання тэрміну ў Анджэя Пачобута не было ні спатканняў, ні перадач. Апошнія паўгода ён правёў у памяшканнях камернага тыпу. Так палітзняволенага пакаралі за адмову ад працы, якую нельга выканаць. У Анджэя сур’ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым палітвязня змясцілі ў карцар.