Падарожжа скрозь час і колеры: ад касцёлаў да «беларускіх Мальдываў»

Беларусь можна адкрываць бясконца. Часам дастаткова збочыць з галоўнай магістралі, каб трапіць у зусім іншы свет: дзе сярэднявечныя храмы-фартэцыі суседнічаюць з радзімай рок-легендаў, а прамысловыя кар’еры ператвараюцца ў іншапланетныя азёры. Прапануем вам маршрут па Гарадзеншчыне, які злучае гісторыю, музыку і прыроду.


Спадчына Ліпнішак

Kasciol Sviatoha Kazimira ŭ Lipniškach
 Касцёл Святога Казіміра ў Ліпнішках. Фота: bel.wikipedia.org

Вандроўку прапануем пачаць з Ліпнішак — мястэчка ў Гродзенскай вобласці, на рацэ Аліта. Назва паходзіць, хутчэй за ўсё, ад прозвішча колішніх уладальнікаў. Гэтае мястэчка сустракае падарожнікаў неагатычным касцёлам Святога Казіміра, які сваімі вежамі імкнецца ўгару. 

Парафіяльны касцёл быў заснаваны тут у 1510 годзе. Напачатку гэта быў драўляны касцёл, які стаяў на ўсходнім баку рынкавага пляцу мястэчка. 

Kasciol Sviatoha Kazimira ŭ Lipniškach
 Касцёл у пачатку ХХ ст. Фота:bel.wikipedia.org

Цяперашні мураваны неагатычны касцёл паўстаў прыкладна ў 1910 годзе. Тэрыторыя касцёла на пачатку ХХ ст. абнесена бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай.

У савецкі час касцёл св. Казіміра дзейнічаў бесперапынна, але ў 1951 годзе ўлады канфіскавалі будынак плябаніі. У 1970-я гады касцёл быў залічаны да помнікаў архітэктуры.

Kasciol Sviatoha Kazimira ŭ Lipniškach
Інтэр’ер касцёла знутры. Фота: bel.wikipedia.org

На тутэйшых могілках таксама месціцца сціплы сакральны помнік гісторыі — невялічкая каплічка. Святыня выглядае як характэрнае для ХIХ ст. збудаванне — прастакутны зруб з трохграннай алтарнай часткай. 

Draŭlianaja kaplica na mohilkach u Lipniškach
Драўляная капліца на могілках у Ліпнішках. Фота: bel.wikipedia.org

У Ліпнішках захаваліся рэшткі сядзібы ХІХ ст. фундатараў тутэйшага касцёла — Вольскіх. Пабудова закінутая, але часткова закансерваваная, і выглядае прыгожа. Вылучаецца цікавай трохузроўневай вежай, верхні ярус якой убраны арачнымі вокнамі. З тыльнага боку будынка захавалася труба коміну і невялікая прыбудова з неагатычнымі дэкаратыўнымі элементамі.

Fota siadziby Voĺskich u naš čas
Фота сядзібы Вольскіх у наш час. Фота: 34mag.net

Першапачаткова комплекс меў больш будынкаў, але пасля прыходу савецкай улады сядзібу нацыяналізавалі, а гаспадарчыя пабудовы перабудавалі або знеслі. У 2017 годзе ў сядзібы праз занядбанне абрынулася частка фасаду.

Мураванка — паміж Богам і музыкай

Далей наш шлях ляжыць да Мураванкі — вёскі ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Калі вы яшчэ не бачылі царкву Раства Багародзіцы, то будзеце прыемна здзіўлены гэтым цудам абарончага дойлідства. Храм выстаяў у шматлікіх войнах, і яго магутныя муры да сёння захоўваюць дух велічнага мінулага. 

Carkva Rastva Baharodzicy ŭ Muravancy
Царква Раства Багародзіцы ў Мураванцы. Фота: bel.wikipedia.org

Збудаваная ў 20-30-х гадах ХVI стагоддзя на сродкі віленскага падканюшага Шымко Мацкевіча, царква арганічна спалучае ў сабе готыку і рэнесанс. Амаль квадратная ў плане, пакрытая высокім дахам, царква завершана паўкруглым алтаром. Па кутах уздымаюцца чатыры цыліндрычныя абарончыя вежы, усярэдзіне якіх размяшчаліся вітыя ўсходы. Яны выводзілі да памяшкання пад дахам, дзе знаходзілася баявая галерэя. Па ўсім перыметры храма і ў вежах былі ўладкаваныя байніцы, а ў падзямеллі царквы — склад для зброі, боепрыпасаў і культавых каштоўнасцяў. 

Царква ў Мураванцы — адзін з найвыдатнейшых помнікаў абарончага храмабудаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. Падобная да Свята-Міхайлаўскай царквы ў Сынкавічах, яна мае больш дасканалую структуру. Храм неаднойчы змяняўся, асабліва ў час капітальных рамонтаў у 1822 і 1871–1872 гг. Зніклі некаторыя характэрныя дэталі, якія стваралі непаўторны каларыт царквы-фартэцыі. Аказалася замураванай частка байніц на галоўным і бакавых фасадах, зніклі байніцы з усходняга боку.

Carkva Rastva Baharodzicy ŭ Muravancy
Царква з розных ракурсаў. Фота: vedaj.by

Былі зробленыя новыя карнізы, пабудаваны прытвор. На вонкавых сценах з’явілася тынкоўка. Аднак, нягледзячы на істотныя змены, першапачатковы выгляд храма збольшага захаваўся.

У час Другой сусветнай вайны царква была пашкоджаная, у канцы 1940 — пачатку 1950-х гг. у храма былі адрамантаваныя сцены, скляпенні і дах.

Carkva Rastva Baharodzicy ŭ Muravancy
Галоўны алтар. Фота: planetabelarus.by

Старыя Васілішкі. Радзіма Чэслава Немана

Пасля суровай прыгажосці Мураванкі накіроўваемся ў Старыя Васілішкі на Шчучыншчыне. 

Staryja Vasiliški
Старыя Васілішкі. Фота: bel.wikipedia.org

Гэтае месца — культавае для кожнага аматара беларускіх і польскіх музычных калектываў другой паловы ХХ ст. Тут нарадзіўся і вырас легендарны Чэслаў Немэн (Выджыцкі) — славуты музыка і творца, адзін з найвядомейшых выканаўцаў Польшчы ў ХХ стагоддзі.

Музей Чэслава Немана адкрыўся ў Старых Васілішках у 2010 годзе. Ён адкрыты ў доме, у якім Чэслаў Выджыцкі пражыў да 19 гадоў да пераезду ў Польшчу, дзе і пачалася яго музычная кар’ера. 

Dom-muziej Česlava Niemana
Дом-музей Чэслава Немана. Фота: bel.wikipedia.org

Новая хваля прызнання прыйшла да Чэслава Немана ўжо пасля ягонай смерці ў 2004 годзе. Многія прыхільнікі выканаўцы прызнаюць, што не адразу ацанілі яго ў поўнай ступені. У пачатку 2000-х у Старыя Васілішкі сталі масава прыязджаць турысты, каб паглядзець, дзе вырас Неман. Дом, пабудаваны дзедам музыканта, тады пуставаў. Цяпер у тутэйшым музеі сабраныя разнастайныя матэрыялы, звязаныя з творчасцю Чэслава, узноўлена абстаноўка, пры якой тут жыў будучны музыка. Клуб-музей Чэслава Немэна працуе з 10.00 да 19.00 (выходныя — панядзелак, аўторак).

Асноўнай архітэктурнай славутасцю вёскі Старыя Васілішкі ёсць касцёл Святых Пятра і Паўла, які быў пабудаваны тут у 1903 годзе. Храм узвышаецца над навакольнымі будынкамі і бачны здалёк. 

Kasciol Piatra i Paŭla
Касцёл Пятра і Паўла. Фота: bel.wikipedia.org

Касцёл быў узведзены на добраахвотныя сродкі парафіян, імёны якіх выбіты на вапнавых блоках цокаля. У савецкі час на загад мясцовага начальства імёны ахвярадаўцаў былі замазаныя цэментам. Архітэктурная кампазіцыя храма падпарадкавана строгай вертыкальнай скіраванасці. Галоўны фасад вылучаюць стральчатыя, запоўненыя арнаментальнымі мудрагелістымі пераплётамі праёмы, і акно-ружа ў цэнтры. Унутраны інтэр’ер храма таксама ўражвае: галоўны, 2 кулісныя і 2 бакавыя драўляныя алтары, амбон, лавы для вернікаў выкананы ў вытанчаных формах готыкі. 

Kasciol Piatra i Paŭla
 Інтэр’ер касцёла. Фота: bel.wikipedia.org

Унутры касцёла захаваліся ўнікальныя штучныя пячоры, створаныя ў левым нефе храма. Касцёл на дадзены момант цалкам адрэстаўраваны, мае статус архітэктурнага помніка. 

Doška ŭ pamiać Česlava Niemana ŭ kasciolie
Дошка ў памяць Чэслава Немана ў касцёле. Фота: bel.wikipedia.org

Праз раку і мост — да бірузовай мары

Праехаўшы праз горад Масты, абавязкова спыніцеся каля знакамітага падвяснога моста праз Нёман. Знакаміты 193-метровы пешаходны падвясны мост праз Нёман — найдаўжэйшы ў Беларусі!

Piešy most u Mastach
Пешы мост у Мастах. Фота: planetabelarus.by

Мясцовыя легенды абвяшчаюць, што горад атрымаў сваю назву праз шмат драўляных мастоў, якія будаваліся тут з XV стагоддзя на шляху паміж Вільняй і Кракавам і ўвесь час разбураліся паводкамі. Пешаходны мост быў пабудаваны ў 1972 годзе, а пазней маштабна рэканструяваны: на ім абнавілі насціл, умацавалі сталёвыя трасы, дадалі шкляныя элементы і эфектную начную падсветку. Прагулка па ім — гэта невялікі адрэналін і цудоўныя краявіды на шырокую раку. 

Раней мост часта звалі «танцовым», бо падчас моладзевых гулянняў ад крокаў ён пачынаў хадзіць ходырам. У сучасным горадзе канструкцыя больш устойлівая, аднак лёгкае калыханне і адрэналін застаюцца галоўным атракцыёнам для турыстаў.

Блакітная краса ля Краснасельска

Фінал нашага падарожжа — краснасельскія крэйдавыя кар’еры. Калі вы ўпершыню бачыце ваду колеру аквамарыну ў аправе белых крэйдавых схілаў, цяжка паверыць, што вы ў Беларусі, а не на нейкім далёкім курорце. Гэтае месца нагадвае пра тое, што прырода заўсёды можа здзівіць, калі даць ёй магчымасць пераўтварыць прамысловыя шрамы на зямлі ў нешта неймаверна прыгожае.

Krejdavyja karjery
Крэйдавыя кар’еры. Фота: bel.wikipedia.org

Распрацоўка першага кар’ера паблізу Краснасельскага пачалася ў 1914 г. прадпрыемствам Краснасельскбудматэрыялы. У наступны час здабыча крэйды пашыралася, аднак цяпер большая частка кар’ераў не выкарыстоўваецца. Дзякуючы солі калію, вада ў іх набыла прыгожае бірузовае адценне. 

У 2023 годзе каля аднаго з кар’ераў была ўсталяваная назіральная пляцоўка. «Краснасельскбудматэрыялы» аказвае паслугі правядзення экскурсій паблізу крэйдавых кар’ераў. І гэтая ініцыятыва небеспадстаўная: да кар’ераў едзе багата турыстаў, каб убачыць блакітную красу на ўласныя вочы.

Ю.К., Budzma.org