Надзея Касмовіч — забытая дзяячка беларускай эміграцыі і родная пляменніца Якуба Коласа

30.05.2026 Гісторыя

Родная пляменніца народнага паэта Беларусі Якуба Коласа Надзея Касмовіч (прозвішча па мужу) была палымянай патрыёткай сваёй Бацькаўшчыны, аднак вымушана да канца жыцця знаходзіцца ў эміграцыі. Выехаўшы з Беларусі ў 1944 годзе ва ўзросце 21 года, яна больш ні разу не бачылася са сваімі бацькамі.

Вяртаем з небыцця драматычную гісторыю жанчыны, якая, нягледзячы на цяжкасці лёсу, здолела  знайсці каханне і стварыць шчаслівую сям’ю ды пранесці  беларускасць праз усё жыццё.

Надзея Міцкевіч (у шлюбе Касмовіч) належала да знакамітага роду: яна была не толькі пляменніцай Якуб Колас, але і сваячкай Міхася Міцкевіча — вядомага дзеяча беларускай эміграцыі.

Сёння яе імя амаль не гучыць. Прычына — не толькі час, але і свядомая палітыка рэанімавання савецкіх наратываў і прапаганды, якая дзесяцігоддзямі дыскрэдытавала прадстаўнікоў беларускай эміграцыі. Ім гадамі накідвалі цэтлікі «калабарантаў», ставячы пад сумнеў іх любоў да Радзімы і спрабуючы выцесніць іх з нацыянальнай гісторыі.

1.png
 Родная пляменніца Якуба Коласа Надзея Касмовіч (Міцкевіч) ва ўзросце 20 гадоў. З кнігі Юрыя Туронка «Людзі СБМ».

Маладыя гады ў Беларусі

Нарадзілася Надзея Касмовіч (Міцкевіч) у 1923 годзе на хутары Смольня недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына, дзе цяпер знаходзіцца адна з мемарыяльных сядзіб музея Якуба Коласа. Надзея нарадзілася ў сям’і Язэпа (Юзіка) Міцкевіча — аднаго з братоў Якуба Коласа (Канстанціна Міцкевіча), які аматарам творчасці пісьменніка запомніўся як герой знакамітай паэмы «Новая зямля» Юзік-шаляніца. Як узгадвала пра бацькоў сама Надзея Язэпаўна, «людзі яны былі малаадукаваныя, але вельмі разумныя — гэтак званая вясковая інтэлігенцыя».

За польскім часам Надзея Язэпаўна хадзіла ў народную школу, дзе настаўнічаў яе родны дзядзька Міхась Міцкевіч — малодшы брат народнага паэта Якуба Коласа, вядомы грамадска-культурны дзеяч беларускага замежжа. Потым Надзея паехала вучыцца ў Вільню, аднак з шэрагу прычын мусіла пераехаць у Нясвіж.

У часы нямецкай акупацыі Надзея Міцкевіч працавала спачатку настаўніцай у адной з нясвіжскіх школ, а пасля стала павятовай кіраўнічкай Саюза Беларускай Моладзі. З лютага 1944 года яна праводзіла заняткі ў Краёвай школе СБМ у Фларыянаве (цяперашні Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці), а таксама ўдзельнічала ў Другім Усебеларускім кангрэсе — з’ездзе прадстаўнікоў беларускага народа, што адбыўся падчас нямецкай акупацыі, які зацвердзіў Беларускую Цэнтральную Раду пераемніцай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Надзея Касмовіч сцвярджала, што сустракалася на гэтым кангрэсе з Якубам Коласам, хоць, згодна агульнапрынятай версіі, творца знаходзіўся ў эвакуацыі ў Ташкенце і наогул заняў прасавецкую пазіцыю. Аднак, магчыма на сённяшні дзень мы проста не маем дастаткова дакументаў і сведчанняў пра гэтую сустрэчу і ў будучыні нас чакаюць неверагодныя адкрыцці.

Эміграцыйнае жыццё

Калі Надзея Міцкевіч стала актывісткай беларускага нацыянальнага руху, сябрам Саюза беларускай моладзі, эміграцыйны лёс для яе быў непазбежным. Заставацца ў краіне, на тэрыторыю якой зноўку прыйшоў савецкі лад, было дужа небяспечна, бо любая нелаяльнасць да савецкай дзяржавы і камуністычнага ладу (і адпаведна лаяльнасць нямецкай акупацыйнай уладзе) сканчвалася сур’ёзным турэмным тэрмінам, а часта проста забойствам. Людзей забівалі за тое, што яны настаўнічалі ў беларускіх школах падчас Другой сусветнай вайны, як гэта адбылося з родным братам Надзеі Міхасём Міцкевічам. Яго расстралялі за тое, што ён быў настаўнікам народнай школы падчас нямецкай акупацыі. На той час Міхасю было ўсяго толькі 24 гады.

Летам 1944 года на чале групы юначак (у складзе 20 дзяўчат), з якімі працавала ў Саюзе Беларускай Моладзі, Надзея эвакуявалася спачатку ў польскі Шчэцін, а пасля ў Заходнюю Нямеччыну. Там яна нейкі час працавала ў структурах Беларускай Цэнтральнай Рады. Менавіта на эміграцыі лёс чарговы раз звёў яе з вядомым беларускім вайсковым і палітычным дзеячам Дзмітрыем Касмовічам, які на той час быў супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення ваенных спраў Беларускай Цэнтральнай Рады. Прычым, пазнаёміліся яны яшчэ падчас Другога Усебеларускага кангрэсу, а калі зноўку сустрэліся ў Нямеччыне, то хутка закахаліся ано ў аднаго. Нягледзячы на тое, што ў Касмовіча на той час была дзяўчына, дзеля Надзеі Міцкевіч ён разарваў свае адносіны, а ў канцы 1944 года ўзяў з ёй шлюб.

02_siamja-kasmoviczau.jpg
Надзея і Дзмітрый Касмовічы з сынам Юркам. 1940-я гг. Фота: livejournal Наталлі Гардзіенкі 

Калі беларускія ўцекачы пачалі масава выяжджаць з Нямеччыны ў іншыя краіны, Касмовічы не скарысталі гэтую магчымасць і засталіся ў Заходняй Нямеччыне. Горад Штутгарт стаў месцам іх сталага жыхарства. Аднак блізкасць да краінаў савецкага лагера, у тым ліку і ГДР, трымала сям’ю беларускіх патрыётаў у пастаянным напружанні. За сям’ёй Касмовічаў сачыла савецкая агентура за мяжой. Яны нават мелі ахову з ліку немцаў, каб іх не выкралі і не вывезлі ў «светлы» савецкі край ці не забілі. Прычынай таму з’яўлялася актыўная антысавецкая дзейнасць самога Касмовіча, які быў на розных пасадах у эміграцыйнай БЦР, а пасля стаўся арганізатарам і прэзідэнтам Галоўнага Штабу Беларускага вызвольнага фронту. Трэба адзначыць, што і сама Надзея пэўны час працавала разам са сваім мужам, што аўтаматычна прыцягвала да сям’і пільную ўвагу савецкай агентуры, якая актыўна змагалася з нацыянальнымі рухамі ў замежжы.

Вось што казала Надзея Касмовіч пра небяспеку ў інтэрв’ю для «Радыё Свабода» у 2005 годзе: «Перажалі, дык не дай, Божа. І ўсё на лепшае спадзяваліся. Але, дзякуй Богу, я не магу наракаць, неяк Бог яшчэ нам дапамагаў і захаваў нас. Як я толькі ў гэта паглыбляюся, дык у мяне ўся чыста карціна жыцьця паўстае перада вачыма. Зрабілі тое, што маглі, і гэта было вельмі многае. Небясьпека заўсёды была над галавою, цяпер хаця ўжо гэтага няма і стала лягчэй».

Дарэчы, дзякуючы актыўнай дзейнасці Касмовічаў, у Штутгарце з 1955 года выходзіў беларускі часопіс «Барацьба», які акурат з’яўляўся друкаваным органам Беларускага вызвольнага фронту.

На сямейных фотаздымках Надзея і Дзмітрый Касмовічы заўсёды з усмешкамі, нават у сталым веку. Сама ж Надзея Язэпаўна казала, што яны былі шчаслівай сям’ёй:

«Нашае каханне не зруйнавала ніводная цяжкасць. А колькі гэтых цяжкасцяў было ў нашым жыцці».

У сям’і нарадзілася двое дзетак: сын Юрка і дачка Раіса. Абое атрымалі добрую адукацыю.

03_siamja-kasmoviczau.jpg
Надзея і Дзмітры Касмовічы. 1980-я гг. Фота: livejournal Наталлі Гардзіенкі 

Патрыятызм, гасціннасць і сувязь з Радзімай

Любоў да Радзімы Надзея і Дзмітрый Касмовічы пранеслі праз ўсё жыццё. Як згадвае Міхась Казлоўскі ў сваёй кнізе «Да кніжных скарбаў дакрануся...» чытырохпакаёвая кватэра Касмовічаў у Штутгарце была ўвешаная бел-чырвона-белымі сцягамі і «Пагонямі», а асобна віселі партрэты Якуба Коласа і Янкі Купалы. Тое самае адзначаў і аўтар кнігі «Паваенная эміграцыя: на скрыжаваньні лёсаў» Аляксандар Адзінец, калі у сярэдзіне 2000-х наведаўся да Надзеі Язэпаўны: «Асобнае месца ў кватэры займае постаць Якуба Коласа, сваяцкімі сувязямі з якім ганарыцца спадарыня Надзея і ганарыўся сяброўствам ейны муж».

Дзмітрый Касмовіч працаваў у міжнароднай арганізацыі UNRRA (United Nations Relief and Rehabilitation Administration), што дапамагала пацярпелым ад вайны краінам (у тым ліку і БССР) адбудоўваць мірнае жыццё, а ўцекачам — арганізаваць жыццё ў эміграцыі. Вядома, што Якуб Колас таксама быў звязаны з гэтай арганізацыяй як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і нават быў на сустрэчы з генеральным дырэктарам UNRRA — амерыканцам Лоўэлам Лавелл-Руксам. 


Запрашальны білет Якубу Коласу на прыём у гонар генеральнага дырэктара ЮНРРА Лавелл-Рукса. Фота аўтара з экспазіцыі музея Якуба Коласа

Аднак ці бачыўся калі-небудзь Дзмітрый Касмовіч з пісьменнікам Якубам Коласам? Надзея Язэпаўна расказвала, што муж сустракаўся з яе родным дзядзькам за мяжой ажно тройчы. На самой справе за межы Савецкага Саюза Якуб Колас наўрад ці выязджаў, прынамсі пра такія візіты пісьменніка на сёння невядома. А калі нават дапусціць, што Колас выязджаў за мяжу, то наўрад ці меў магчымасць выехаць далей краінаў Усходняга блоку.

касмовіч.jpg
Дмітрый Касмовіч. Фота: Фота: Фота: livejournal Наталлі Гардзіенкі 

Калі дапусціць, што сустрэча Дзмітрыя Касмовіча з Якубам Коласам магла адбыцца ва ўмоўнай Югаславіі, то яна, вядома, несла б вялікую небяспеку для абодвух. Таму альбо Надзея Касмовіч нешта наблытала, калі распавядала пра сябе журналісту Аляксандру Адзінцу, бо ёй на той час было больш за 80 гадоў, ці сапраўды мы далёка не ўсё ведаем пра магчымасці пісьменніка падтрымліваць сувязь са сваёй раднёй у эміграцыі.

Нягледзячы на тое, што Надзея Касмовіч ведала пра лёс сваіх блізкіх, з бацькамі яна так больш і не пабачылася, бо з эміграцыі ў Савецкі Саюз было прыехаць проста немагчыма. Калі Беларусь атрымала незалежнасць, Надзеі Язэпаўне было ўжо каля 70 гадоў, з якіх большую частку яна пражыла ў Нямеччыне, таму на радзіму яна ўжо больш не прыязджала. Свайго мужа яна пахавала ў красавіку 1991 года, дзеці жылі ў іншых нямецкіх гарадах, а з раднёй з Беларусі Надзея Касмовіч падтрымлівала тэлефонную сувязь.

І хоць на радзіму Надзея Язэпаўна не ездзіла, беларусы перыядычна прыязджалі да яе ў госці. Яна прымала іх вельмі гасцінна. У 1990-х гадах да яе завітаў краязнавец і аматар рэдкай кнігі Міхась Казлоўскі, за што быў узнагароджаны цэлым пакетам рэдкіх кніг пераважна беларускіх класікаў і эміграцыйных выданняў. Пазней, у сярэдзіне 2000-х журналіст Аляксандр Адзінец з сябрам былі ветліва запрошаны ў госці да Надзеі Касмовіч і, нягледзячы на дрэнны стан здароўя, перад імі быў накрыты стол і гаспадыня частавала беларускіх гасцей сваімі стравамі. Праз усё жыццё Надзея Касмовіч пранесла ў сэрцы любоў да Беларусі і з вялікай радасцю прымала ў сябе суайчыннікаў, што гэтаксама моцна любілі сваю Бацькаўшчыну.

Х. П., Budzma.org