24 верасня споўнілася 200 гадоў геніяльнаму паэту Цыпрыяну Камілю Норвіду (1821-1883), апошняму вялікаму рамантыку і прадвесніку мадэрнізму ў польскай літаратуры, піша на сваёй старонцы Facebook «Прастора польскай культуры».
12 кастрычніка а 18-ай гадзіне ў цыкле «Прастора польскай літаратуры» адбудзецца анлайн-прэзентацыя прымеркаванай да гэтага юбілею кнігі «Над попелам паразы — перамога!..» — найбольш поўнага на сёння выдання Норвіда па-беларуску.
Удзельнікі паразважаюць пра творчасць аўтара, які большую палову жыцця правёў у эміграцыі, памёр забытым на чужыне, але нанова «нарадзіўся» для чытачоў і зрабіўся культавым ужо ў ХХ стагоддзі^; пра мастацкія адкрыцці паэта, што надоўга апярэдзіў свой час і чытаецца сёння як адзін з самых актуальных творцаў; пра складанасці перастварэння норвідаўскай паэтыкі ў перакладзе.
У сустрэчы ўдзельнічаюць паэт і шматгадовы перакладчык норвідаўскай лірыкі Алег Мінкін, філолаг і перакладчык Лявон Баршчэўскі, а таксама выдавец Зміцер Колас. Мадэруе паэт і адзін з перакладчыкаў кнігі Андрэй Хадановіч.