Прыйшоў верасень, пачаўся навучальны год. І новыя захады дзяржаўных ідэолагаў наконт адукацыі. Пра гэта разважае ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org Лявон Вольскі. Іранічна і з пазітыўнымі высновамі, як напраўду ўмее знаны музыка, які таксама быў школьнікам.
У верасьні, у верасьні хапае ўсім турбот.
Дзятва ў школу ў верасьні сьпяшаецца штогод.
Так апісваў гэты верасьнёўскі час калісьці мой бацька. Некалі даўно, за савецкім часам, у верасьні сьпяшаўся ў школу і я. Школа была простая, без аніякіх прыставак «спэц» ды ўхілаў. Простая савецкая школа. Звычайная. З усімі належнымі акцябратамі (нічога адэкватнага ад слова «кастрычнік» у савецкай улады стварыць не атрымалася, таму пакінулі трасяначных «акцябратаў»), піянэрамі і камсамольцамі. З усімі гэтымі гальштукамі-значыкамі-лінейкамі. Зь дзядулем Леніным і піянэрамі-героямі. З садыстам-«трудавіком», які круціў дзецям вушы за адсутнасьць халату ці спазьненьне на занятак.
Ня ведаю, чаму, але гэтае «да барацьбы за справу камуністычнай партыі будзь гатовы!» ніколі не ўспрымалася як нешта, да чаго сапраўды трэба быць гатовым. Як нешта з сапраўднага жыцьця. Гэта было часткай жыцьця школьнага — лінейка, палітінфармацыя, «будзь гатовы-заўжды гатовы», піянэрскі салют... Набор рытуальных словаў і жэстаў. Па-за школаю нікому не прыходзіла ў галаву насіць піянэрскі гальштук ці камсамольскі значык. Гэта было рытуальнае школьнае адзеньне — сіні сьпінжак-нагавіцы і гэтыя гальштукі-значыкі.
Тое самае і з постацьцю вярхоўнага правадыра. На палітінфармацыі чыталі «Малую зямлю» (падчас чытаньня кожны займаўся сваёй справай, галоўнае — каб было ціха), а дома сьмяяліся: «бровы чорныя, густыя, прамовы доўгія, пустыя». Ня ведаю нікога з маіх аднагодкаў, хто б тады напраўду захапляўся Брэжневым ці кімсьці іншым з імпэрскага кіроўнага апарату. Хаця іхныя партрэты дружна несьлі дэманстранты на 1 мая ці то 7 лістапада, і ў газэтах увесь час мільгалі гэтыя старыя азызлыя твары партыйных босаў.
І ўся размаітая «наглядная агітацыя» на сьценах ды дахах дамоў, на плошчах і парканах — «Міру — мір!», «Не — гонцы ўзбраеньняў!», «Мы прыйдзем да перамогі камуністычнай працы» — успрымалася як проста звыклае тло для існаваньня. Як дрэвы, ліхтары, восеньскае лісьце, сьнег. Ніхто ня ўдумваўся ў сэнс гэтых словаў — «гонка ўзбраеньняў» ці «камуністычная праца». Іх пастаянна паўтаралі па радыё-тэлевізіі, у газэтах, яны віселі на сьценах дамоў і ўрэшце страцілі сэнс, ператварыліся ў нішто.
І мы, дзеці, выдатна адрозьнівалі рэальнае савецкае жыцьцё і гэтае паказушнае — дзе стаханаўцы, пяцігодка ў тры гады і ўсё звыш пляну.
Даруйце мне гэтую бясконцую прадмову! Вы ж ужо зразумелі: я пра тое, што ў цяперашніх ідэолягаў няма ніякіх шанцаў выгадаваць монстраў з мутантамі зь сёньняшніх шкаляроў. Няхай сабе піянэры-бээрэсэмаўцы, няхай прапагандысцкая апрацоўка, чырвона-зялёны культ і апяваньне вайны зь перамогаю! Паверце мне, за савецкім часам ідэалягічная апрацоўка была ў сто разоў магутнейшая, нароўні з рэлігіяй. А ўсё адно дзеці майго пакаленьня не ўспрымалі гэта ўсур’ёз. Што ўжо казаць пра сёньняшнія бездапаможныя канструкцыі «на Захадзе ўсё кепска, а ў нас — выдатна». На гэты ж Захад можна зьезьдзіць і ўвачавідкі ва ўсім пераканацца. І ўсе гэтыя хісткія канструкцыі адразу рассыпаюцца ўшчэнт.
Таму няхай дзеці ідуць у школу. Пажадана ў беларускамоўную — гэта ўжо хоць нейкая, а абарона ад «рускага сьвету». Няхай вывучаюць там дакладныя навукі, а гуманітарным — мове, літаратуры, гісторыі яны й самі выдатна навучацца. Дайце ў патрэбны момант ім кнігі Караткевіча, Быкава, Арлова, Хадановіча, Бахарэвіча, і ўсё будзе добра.
Шкада, безумоўна, гэтых дырэктараў-завучаў, якія зрабіліся злачынцамі, настаўнікаў, якія потым будуць мармытаць: «А дзе мне было падзецца, мне ж загадалі», шкада, што школа — гэта ня толькі адукацыя, але й агітацыя ды прапаганда, і ў будучыні цяперашніх настаўнікаў давядзецца атэстоўваць і перападрыхтоўваць, а некаторых — звальняць без права займацца пэдагагічнай дзейнасьцю, але гэта ўсё заўтра. Сёньня мы маем тое, што маем, і нашая задача — «выжыць сярод гэтай сьмяротнай любові».
Ведаеце, адкуль гэтая цытата?
Зь днём ведаў вас!