Manhattan — так называецца новая творчая прастора, якую пару тыдняў таму адкрыла беларуска Яўгенія Мужава. Від са студыі сваёй чырвонай цэглай і скупой геаметрыяй невялікага індустрыяльнага будынка і сапраўды трохі нагадвае атмасферу легендарнага амерыкансага раёна. «Ну і Манхэтэн — гэта мара. Кропка ўздыху. Момант недасягальны і разам з тым рэальны», — распавядае пра назву сваёй першай у жыцці фотастудыі Жэня.
Натхнёная, нейкая зусім новая, энергічная. Чатыры месяцы таму яна ўвязалася, здаецца, у самую смелую авантуру ў сваім жыцці — і яшчэ ні разу аб гэтым не пашкадавала.
— Раней я пакутавала, а зараз кайфую. Я так доўга хацела што-небудзь зрабіць. Усім прапаноўвала: давайце, ну давайце што-небудзь прыдумаем. А потым вырашыла — а чаму я павінна кагосьці чакаць, каб штосьці пачаць? І зрабіла ўсё сама.
Яўгенія Мужава. Фота: Настасся Францкевіч
Многія ведаюць Яўгенію Мужаву па яе абстракцыях, дзе насычаны колер — і сюжэт, і філасофія, і галоўная думка. Але найперш Жэня вядомая сваімі фотаработамі. Да эміграцыі яна шмат гадоў працавала ў фэшн-індустрыі, рабіла аўтарскія выставы, здымала кампэйны для беларускіх брэндаў і друкавалася з мастацкімі праектамі ў глянцах.
У эміграцыі беларуска не перастала займацца творчасцю, хоць часамі гэта было і вельмі няпроста. Летась, напрыклад, Жэня заняла трэцяе месца ў конкурсе «Бела-чырвона-белы». Тады ў якасці падарунка яе плакат «Мы не мяса» дэманстраваўся на цэнтральных вуліцах Варшавы. Адбылася ў Польшчы і першая тут Жэніна выстава жывапісу.
Плакат «Мы не мяса» Яўгеніі Мужавай, які заняў 3-е месца ў конкурсе «Бела-чырвона-белы»
— Жэня, страшна было адкрываць тут сваю справу?
— Так а варыянтаў у мяне насамрэч няшмат. Ты або бомж, або аддаеш апошняе на сваю мару.
— Ты аддала апошняе?
— Вядома. Так што калі гэта ўсё не запрацуе, я сапраўды бомж.
270 квадратаў і пяць залаў
Студыя «Манхэтэн» знаходзіцца ў самым сэрцы варшаўскай Прагі — на вуліцы Брэсцкай. Прастору плошчай 270 квадратных метраў, якая займае цэлы паверх, Жэня абсталявала пад пяць залаў. У іх можна рабіць фотасесіі, запісваць падкасты і ствараць відэакантэнт.
— Я адразу закахалася ў гэтыя столі, у гэтыя вокны, — праводзіць Жэня экскурсію. — Мы знаходзімся на апошнім паверсе даволі высокага будынка. Вядома, гэта не манхэтэнскі хмарачос, але тым не менш столі тут 4.40. Сонца ў самым вялікім пакоі з’яўляецца прыкладна з 12 гадзін і застаецца да заходу. Проста ідэальныя ўмовы, таму што фатаграфія — гэта і ёсць маляванне святлом. Без гэтага не атрымаецца добрых кадраў.
Будынак, у якім Жэня адкрыла студыю, мае доўгую гісторыю. Яшчэ з часоў вайны тут быў тэлекамунікацыйны цэнтр, і да нядаўняга часу там працягвалі працаваць тэлефаністы.
— А зараз тут сувязісты мы. Аб’ядноўваем фатографаў, таленавітых людзей. У нас шмат месца для крэатыву, для здымак падкастаў, для нейкіх творчых і персанальных праектаў. Усё, што ў галаву прыйдзе — усё да нас.
— Жэня, а чаму вырашыла адразу замахнуцца на 270 метраў, на пяць залаў?
— На самай справе адразу хацелася зрабіць вялікі бізнес. Я ў фатаграфіі ўжо 14 гадоў, і прыйшоў час ісці крыху далей. Мяне гэта ўсё вельмі натхняе. Я нават стала па-іншаму фатаграфаваць. Натхняе гэтая студыя, гэтае месца.
Дарэчы, пра тое, што вуліца Брэсцкая — адно з самых небяспечных месцаў Варшавы, я даведалася толькі пасля таго, як арандавала гэтую прастору. Мне з кожнага праса пачалі расказваць, што тут адбываецца нешта ўнікальнае. Але насамрэч атмасфера даволі ўтульная.
Сіндром самазванца ніхто не адмяняў?
І ўсё ж Жэня прызнаецца: не без цяжкасцяў. Памяшканне вялікае, амаль усё даводзіцца рабіць самастойна. Гэта у прамым сэнсе слова праца 24 гадзіны на суткі.
Яўгенія Мужава. Фота: Настасся Францкевіч
— Жэня, а блізкія падтрымалі?
— Усе страшна радыя за мяне. Хаця перыядычна хочацца паплакацца на жыццё ў фэйсбуку. Таму што напружанне неверагоднае, пачаліся нават праблемы са сном. Вельмі хочацца падтрымкі. Так што ў гэтым сэнсе часам эксплуатую народ.
— Ты падчас нашай размовы пра студыю ўжо некалькі разоў сказала «мы», і даволі рэдка казала «я». Чаму?
— Ну таму што мне так прасцей. Быццам бы здымаю з сябе частку адказнасці. Ды і сіндром самазванца ніхто не адмяняў.
— Сіндром самазванца? У цябе? А як жа плакат, які перамог у варшаўскім конкурсе? А здымкі для французскага глянцу?
— А гэта нічога не значыць. Ну хто ведае, што мой плакат можна было ўбачыць на вуліцах Варшавы? А вось пра здымкі для часопіса з задавальненнем раскажу, бо гэта была вельмі цікавая творчая праца. Мы рабілі нашую гісторыю ў Лошыцкім парку — зефірныя сукенкі, дымка, усё размытае. Было сонечна, горача, атрымалася вельмі прыгожа.
— Творчыя здымкі — гэта апазіцыя да камерцыйных замоў?
— Не зусім. Камерцыйныя здымкі таксама могуць быць творчымі. Але ў дадзенай сітуацыі ўся каманда працавала за ідэю. Самі прыдумалі, сабраліся, ніхто нам не рабіў замову, не плаціў.
Я заўсёды рукамі і нагамі за тое, каб рабіць такія праекты, таму што творчая задумка — гэта тое, што адрознівае вас як фатографа. Яна звяртае на вас увагу, вы становіцеся заўважнымі. А гэта патрэбна, таму што тады да фатографа прыходзяць і кліенты, і брэнды, і грошы, і ўсё, што трэба.
Пра Дробыш, Ваданосаву і жаночую прыгажосць
Шмат творчых праектаў Жэня зрабіла ўжо і ў Варшаве. Напрыклад, серыю фотапартрэтаў з вядомымі беларусамі. Нечаканым вынікам гэтай задумы стаў аўтарскі ютуб-канал — Жэня фіксавала на відэа ўвесь здымачны працэс, падчас якога яе героі адкрываліся і раскрываліся зусім па-новаму.
Актрыса Крысціна Дробыш. Фота Яўгеніі Мужавай
— Гэта ўсё Крысціна Дробыш. Справа ў тым, што калі ты робіш не камерцыйную фатаграфію, а ўмоўна, псіхалагічны партрэрт, табе трэба разгаварыць чалавека. Ён пачынае расказваць пра сябе. Пра тое, чым ён жыве. Тады і фатаграфіі атрымліваюцца іншымі. І Крысціна так разгаварылася! Я нават не чакала. Падчас фотасесіі ў нас і з’явілася ідэя запісаць інтэрв’ю.
— Фота з Кацяй Ваданосавай якія шыкоўныя былі! Ты здымала яе ў даволі няпросты момант жыцця, падчас хіміятэрапіі.
— Я ўбачыла яе ў новым вобразе і падумала, што гэта можа быць цікава. Запрасіла. Я не ставіла задачу расказаць пра яе хваробу, ні пра што ў яе не пыталася. Проста дала ёй крыху свабоды. Кася падхапіла мае эмоцыі, і таму нарадзіліся фатаграфіі, праз якія атрымалася прыадчыніць дзверцы яе ўнутранага свету.
Спявачка Кацярына Ваданосава. Фота Яўгеніі Мужавай
— А якія гарачыя фота з Надзяй Дамбкоўскай, заснавальніцай WEMAYHELP! Як у цябе гэта атрымліваецца — рабіць такую вытанчаную прыгажосць, паказваючы жаночае цела?
— Трэба густ трэніраваць. Доўга, упарта, у музеі хадзіць, на жывапіс глядзець, кніжкі правільныя чытаць. Гэта ўсё адбываецца не за адзін дзень. Стыль і густ — гэта тое, над чым бясконца трэба працаваць. Без гэтага не атрымаецца добрай фатаграфіі.
Ды і калі вывучаць яе гісторыю, то потым вельмі проста знаходзіць вобразы, позы ў моманце. Калі ў цябе ёсць гэты візуальны досвед — у цябе ёсць веды, узнікаюць асацыяцыі, прыёмы, і ты можаш іх абыграць, зрабіць нешта новае. Гэта заўсёды крута глядзіцца.
Надзя Дамбкоўская. Фота Яўгеніі Мужавай
— Сёння для цябе развіццё ў прафесіі — гэта значыць паглыбленне ў яе?
— Прывяду прыклад. Нядаўна я бачыла працы нашага беларускага дуэта Канаплёў і Лейдзік. Яны рабілі ў Нямеччыне воркшоп для акцёраў. Прапаноўвалі ім вельмі нязручныя позы, а аднаго хлопца нават засунулі ў сажалку. Гэта было так незвычайна, так прыгожа!
Навучыцца рабіць тэхнічна правільную фатаграфію — гэта адно. А дадаць крэатыву — гэта зусім іншае. Гэта тое, што будзе адрозніваць цябе ад усіх астатніх фатографаў.
Націскаць на кнопку можна навучыць і малпу, але вас можа вылучыць у гэтым шматмільярдным свеце толькі ідэя.
— Што ж, цяпер ёсць дзе гэтыя ідэі ўвасабляць! Свая студыя, свая прастора. Дарэчы, што ты адчула пасля яе святочнага адкрыцця? Што падумала, калі апошні госць зачыніў за сабой дзверы?
— Шчыра? А вось тады стала сапраўды страшна. Рэальнасць. Усе сышлі, а гэтая прастора павінна быць напоўнена галасамі. Пакуль ідзе будоўля, ты жывеш на адрэналіне, на ідэі, што робіш слушную і патрэбную справу. Але будоўля заканчваецца і пачынаецца зусім іншая праца. Часамі зусім не творчая. Тым больш, што пакуль мы рыхтаваліся, у Варшаве адкрыліся яшчэ студыі, і колькасць канкурэнтаў прыкметна вырасла. Але паглядзім. Пажадайце нам удачы!
Паліна Часноўская, budzma,org
Чытайце яшчэ:
«Пашыраем беларускі космас». Вялікая размова з Алінай Коўшык пра развіццё беларускай культуры і выклікі сучаснасці